Вы тут

Этнограф Нікіфароўскі любіў казкі бабкі Насты і родную Віцебшчыну


Ёсць людзі, якія робяць самі сябе, «выбіваюцца ў людзі», дзякуючы свайму таленту, унутранай волі, самадысцыпліне і мэтанакіраванасці. Мікалай Нікіфароўскі (1845–1910) не толькі падняўся з нізоў, а прысвяціў набытыя самаадукацыяй веды для асветы народа, вывучэнню яго багатай культуры.


Сын беднага непісьменнага панамара з вёскі Вымна Віцебскай губерні з дзяцінства імкнуўся да вучобы. Марай хлопчыка было стаць граматным, вучыўся ў святароў мясцовай царквы, а пасля і ў нейкага манаха, дзячка, у панскай школе — словам, карыстаўся любой магчымасцю вучыцца. На ўразлівую дзіцячую душу вельмі паўплывалі показкі яго бабкі Насты пра нячысцікаў. Звычайна падобныя показкі насілі выхаваўчую мэту, перасцярэгчы дзіця ад залішняй цікаўнасці, каб не лезла ў шкоду. Своеасаблівае табу, парушэнне якога прынясе пакаранне. Успрымаючы сур’ёзна ўсіх гэтых нячысцікаў — чарцей, ведзьмаў, мерцвякоў, хлопчык уяўляў іх і вобразна. Так у яго душы абудзілася цікавасць да паэтычнага свету народных павер’яў.

Падчас вучобы ў Віцебскім духоўным вучылішчы Мікалай выглядаў нейкім дзіваком, калі не дзікуном са сваёй народнай эстэтыкай. Натуральная сялянская сумленнасць і сціпласць настроіла супраць яго вучняў. Жаданне сцвердзіць сябе, дамагчыся павагі, быць лепшым дапамагала Мікалаю пераадолець шмат цяжкасцяў: сум па вёсцы і бацькам, «крыўду, лупцоўку і біццё ўсіх відаў, празмерную працу, прамую галадоўку, відовішча самых амаральных паводзін амаль беспрытульных таварышаў-пеўчых». Пасля сканчэння ў 1861 годзе вучылішча Нікіфароўскага, як аднаго з лепшых вучняў, накіроўваюць на вучобу ў Віцебскую духоўную семінарыю. Гарадское жыццё не ператварыла Нікіфароўскага ў гараджаніна. Паездкі да бацькоў на вёску абуджалі ў душы дзіцячыя ўражанні, як ён згадваў, «уваскрасала часам сваімі вачыма бачанае і знаёмае, пры дапамозе і матчынай памяці асвяжалася пазабыванае; тое ж самае ўтваралася і ў розных раз’ездах ці паходах па навакольных мясцінах то з бацькам, то з маткай, мне зноў удавалася бачыць вясковыя ігрышчы, хрэсьбіны, вяселлі, пахаванні, розныя работы, даводзілася дзе-нідзе начаваць і ў курнай хатцы, на цёплых ляжанках, на „гары“, у сенях пад полагам, мыцца і парыцца з „панамі-баярамі“, есці за агульным прастадушна прапанаваным сталом, разам з гаспадарскай сям’ёй.

Тое, што я не разумеў з вясковага жыцця, маці дапамагала зразумець сваімі тлумачэннямі ці здабывала іх з надзейных крыніц. Але і асабістае веданне ёю гэтага жыцця было вялікім і ўсёабдымным: яна нарадзілася, выхоўвалася, жыла і памерла ў вёсцы. Вось дзе тая найкаштоўнейшая крыніца, з якой я чэрпаў свае этнаграфічныя паданні». 

Красамоўнае прызнанне! Ні семінарская асвета, ні чытанне разумных кніг не далі Нікіфароўскаму разумення народнага жыцця, толькі жывая повязь з ім праз бацькоў.

Ён яшчэ цьмяна прадчуваў свой жыццёвы выбар і збіраў матэрыялы па народным жыцці і творчасці, жадаючы, як будучы святар, прысвяціць сябе барацьбе з забабонамі і вераваннямі, лічачы іх праявамі невуцтва і язычніцтва. Каштоўнасць народнай творчасці малады Нікіфароўскі зразумеў пасля знаёмства з вядомым этнографам Паўлам Шэйнам, які прыехаў у Віцебск на працу ў мужчынскай гімназіі. З гэтага часу Нікіфароўскі становіцца актыўным карэспандэнтам Шэйна і амаль 20 гадоў бескарысліва збірае для яго этнаграфічны і фальклорны матэрыял. Напрыклад, для славутага зборніка Шэйна «Беларускія песні» Нікіфароўскі напісаў артыкулы аб калядах, валачобніках, свяце Юр’я, пахавальных і памінальных абрадах, даслаў песні, казкі і народныя апавяданні. Значны быў унёсак Нікіфароўскага і ў фундаментальную працу Шэйна «Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю». 

Чаму так сталася, чаму доўгія гады Мікалай Нікіфароўскі працаваў на Шэйна? Ці з-за сваёй сялянскай сціпласці, а то і нясмеласці? Ці не адчуваў творчых сілаў для самастойнай працы? Пэўна, паўплывалі і сямейныя нястачы (смерць малалетняга сына, хвароба і зноў жа, смерць жонкі падкасілі яго), занятасць сваімі прамымі абавязкамі — выкладаннем, бо з-за маленькага заробку даводзілася падпрацоўваць настаўнікам і ў іншых навучальных установах. Магчыма, варта пагадзіцца з першым біёграфам Нікіфароўскага Уладзімірам Стукалічам, які пісаў аб ім «вельмі доўга зусім не клапаціўся пра асабістую славу і марыў толькі аб тым, каб тое, што ён сабраў аб сваёй роднай Беларусі, убачыла свет». 

Тым не менш, Нікіфароўскі распрацаваў сваю методыку падачы этнаграфічнага і фальклорнага матэрыялу, які выкарыстаў у сваіх даследаваннях. Магчыма, ён яшчэ доўга збіраўся б, каб яго калегі-этнографы не пераканалі заняцца самастойнай працай і нарэшце самаму выкарыстаць свой матэрыял.

Расстанне з Шэйнам адбылося балюча. Шэйн не жадаў пазбавіцца такога плённага збіральніка матэрыялаў для сваіх зборнікаў, не ўхваляў яго памкненне да самастойнасці. Частку матэрыялаў Нікіфароўскага так і не вярнуў. Але і запасаў, і новага матэрыялу хапіла, каб Мікалай Нікіфароўскі напісаў шэраг этнаграфічных нарысаў пад агульнай назвай «Очерки Витебской Белоруссии», якія з 1898 па 1899 гады друкаваліся ў акадэмічным часопісе «Этнографическое обозрение». «Сваю ўвагу і сваю багатую назіральнасць М. Я. Нікіфароўскі засяродзіў, галоўным чынам, на апісанні існуючых у нядаўні яшчэ час, у пэўнай меры захаваных і цяпер асаблівасцяў сямейнага і грамадскага жыцця, нораваў, звычаяў і павер’яў віцебскага беларуса, што знікаюць і змяняюцца пад ціскам новых умоў жыцця», — адзначыў асаблівасць працы Нікіфароўскага Стукаліч.

За дваццацігадовы навуковы перыяд (1890–1910 гады) Мікалай Нікіфароўскі выдаў і падрыхтаваў да друку каля 20 прац па этнаграфіі, фальклоры і гісторыі роднай яму Віцебшчыны. Так ужо сталася, што ён усё жыццё пераважна пражыў у Віцебску (за рэдкім выключэннем кароткачасовай працы ў Свіслачы і Маладзечне). Але яго працы на «Віцебскай Беларусі» мелі безумоўна агульнабеларускі характар, бо не толькі дапаўнялі маштабную карціну народнага жыцця беларусаў, але і адкрывалі ўласцівыя ім бытавыя і культурныя рысы. Гэта датычыцца такіх прац Нікіфароўскага, як «Простанародныя прыкметы і павер’і, забабонныя абрады і звычаі, легендарныя паданні аб асобах і мясцінах» (1897), «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку. Этнаграфічныя звесткі» (1895), а таксама фальклорныя зборнікі «Простанародныя загадкі» (1898), «Беларускія песні-частушкі» (1911), «Паўпрыказкі і паўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі» (1911–1928). Асабліва каштоўнае сёння даследаванне Нікіфароўскага «Нячысцікі. Звод простанародных у Віцебскай Беларусі казанняў аб нячыстай сіле» (1907). Нікіфароўскі не толькі расказаў пра ўсю тую «нечысць», што атачала беларуса і рабіла яму шкоду, як даўнія забабоны, якія трэба выкараняць асветай, але і раскрыў маляўнічы, паэтычны свет народных уяўленняў. Па сутнасці ён зафіксаваў дахрысціянскі пантэон духаў і бажкоў даўняй Беларусі. Цяпер да гэтага пантэона любяць звяртацца мастакі і паэты ў пошуках адметных паэтычных вобразаў.

Талент дапытлівага даследчыка праявіўся ў Нікіфароўскага і ў вывучэнні гісторыі Віцебшчыны. Яго багатая памяць сягала амаль у паўстагадовае мінулае ў мемуарах «Старонкі з нядаўняй старыны горада Віцебска (1899)» — каштоўная крыніца для даследчыкаў і аматараў гісторыі горада ХІХ стагоддзя. І такая зусім своеасаблівая праца Нікіфароўскага «Ганчарныя тэракоты Віцебска» (1897). Практычна з гісторыяй Нікіфароўскі быў звязаны ўдзелам у камітэце Віцебскага сховішча старажытнасцяў (царкоўна-археалагічным музеі), адкуль, прынамсі, паходзіць шэраг шэдэўраў беларускага іканапісу, такіх як Латагольскія абразы. Разам з Дзмітрыем Даўгялам ён складае каталог і апісанне ўсіх старажытных рэчаў сховішча.

Вось так вясковы хлопчык «выбіўся ў людзі» і стаў не проста сціплым настаўнікам падрыхтоўчага класа гімназіі ці настаўніцкай семінарыі, але адкрыў свету «Віцебскую Беларусь»!

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.