Вы тут

Класіка сусветнага кіно — у праекце Cіnemascope


Класіка сусветнага кіно — у праекце Cіnemascope, які ў межах кінаклуба «Анталогія» арганізоўвае паказы ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура. Аматары кіно маглі сачыць за развіццём праекта з 2009 года, Cіnemascope як прыватная ініцыятыва ад пачатку ставіў задачу знаёміць аўдыторыю з артхауснымі фільмамі, выдатнымі рэжысёрамі мінулага і сучаснасці, і гэтая скіраванасць захоўваецца.


«Анталогія» ад Cіnemascope прапануе знаёмстсва з вялікімі рэжысёрамі свету і дапаможа тым, каго цікавіць кіно, лепш разбірацца ў гэтым відзе мастацтва. Ну а кінагурманы ацэняць падбор стужак і імёнаў, каб яшчэ раз перажыць моманты дзіўных сустрэч, якія паўплывалі на фарміраванне іх поглядаў не толькі на мастацтва, але і на жыццё.

Праект стартуе 22 кастрычніка паказам стужкі 1948 года «Вяроўка» — гэта першы каляровы фільм майстра псіхалагічнага трылера Альфрэда Хічкока, без уяўлення пра работы якога немагчыма наогул разумець гэты жанр. Усяго праект прадставіць 7 фільмаў, паказы якіх скончацца толькі ў снежні. Яле што гэта за стужкі?

Фільм «Голая выспа» японскага рэжысёра Канэта Сіндо (паказ запланаваны на 29 кастрычніка) у 1961 годзе быў адзначаны Вялікім прызам Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю. На гэтым фестывалі наогул любілі Сіндо, і ўжо ў ХХІ стагоддзі ў Маскве з'явіўся нават помнік японскаму рэжысёру.

Класік аўтарскага кіно Мікеланджэла Антаніёні неаднаразова быў трыумфатарам Канскага кінафестывалю. Напрыклад, фільм «Прыгода» (глядзім 5 лістапада) быў адзначаны ў 1960 годзе спецпрызам журы. Гэта адна са стужак з так званай трылогіі адчуджэння, пасля якой да рэжысёра прыйшла сусветная слава.

Што значыць стаць асобай у кінематографе, мог бы расказаць амерыканскі акцёр і рэжысёр Джон Касавеціс, які здымаў сваё незалежнае кіно на грошы, заробленыя ў Галівудзе. І меў рацыю! Фільм «Твары», зняты ў 1968 годзе, быў намініраваны на «Оскар» адразу ў трох намінацыях. Ужо ў той час рэжысёр адчуваў праблему распаду інстытута сям'і, пра што апавядае фільм, — а хіба цяпер гэта не актуальна?

Кіно, дзе віруюць пачуцці, не мае тэрміну даўніны. Так і фільмы Франсуа Труфо, аднаго з яркіх прадстаўнікоў французскай «новай хвалі». Напрыклад, фільм «Жуль і Джым» выйшаў у 1961 годзе, але будзе зразумелы гледачам ХХІ стагоддзя (паказ 3 снежня).

Зусім іншая сістэма адносінаў — у фільме «Выканаўца зароку» (10 снежня) бразільскага рэжысёра Анселму Дуартэ. Фільм 1962 года быў адзначаны «Залатой пальмавай галінкай» на Канскім кінафестывалі, атрымаў шэраг прызоў на іншых, у тым ліку намінацыю на «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове. Такое кіно ўваходзіць у гісторыю чалавецтва, таму што ўзнімае вечныя тэмы: што ёсць вера, як яна ўплывае на чалавека?

Ну і як жа такая падборка без Федэрыка Феліні? Яго фільм «Амакорд», зняты ў 1973-м, быў адзначаны прэміяй «Оскар». Але для Феліні, які выступіў тут яшчэ і як сцэнарыст, гэта фільм-успамін пра італьянскі горад, дзе ён рос у 30-я гады ХХ стагоддзя, калі складаныя для чалавецтва часы былі наперадзе... 17 снежня кожны можа адчуць той час, згадаць горад свайго дзяцінства і яго атмасферу.

Наогул, усе фільмы нібыта пра нас — без спаслыкі на месца і час. Хіба што сучасная атмасфера паказаў будзе адметная абавязковым маскавым рэжымам. Але атмасфера саміх фільмаў захаваецца: кіно дэманструецца на мове арыгінала з субцітрамі і з выкарыстаннем бесправадных слухавак. Глядзіце добрае кіно, яно дапамагае зразумець жыццё.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?