Вы тут

Студэнт на гранд-фінале конкурсу «Сібірскі куцюр'е» атрымаў намінацыю


Студэнт трэцяга курса і паралельна супрацоўнік кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Мікіта Захарчук у Новасібірску на гранд-фінале ХХVІ Міжнароднага конкурсу «Сібірскі куцюр'е» ўдастоены звання «Найлепшы ў крэатыўнасці рашэння вобраза». Ён таксама стаў уладальнікам сімвалічнай ўзнагароды конкурсу — «Срэбнага гузіка».


Дарэчы, больш чым чвэрць стагоддзя беларусы не маглі атрымаць права ўзяць удзел у фінішы гэтага грандыёзнага свята моды. Прадстаўнік ВДТУ ў «сталіцы Сібіры» падчас майстар-класа «Беларускі касцюм. Уплыў народных матываў на fashіon-індустрыю» распавёў пра тэндэнцыі нашай моды і раскрыў тэму народных матываў у аўтарскай калекцыі. З ім пагутарыў карэспандэнт «Звязды».

Марыў стаць мадэльерам з гадоў

Да поспеху ў Сібіры Мікіта Захарчук перамог на XXX Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе «Млын моды». За калекцыю жаночага адзення Sweet Look («Салодкі вобраз») яму ўручылі дыплом ІІ ступені. На «Сібірскім куцюр'е» за гэта ж атрымаў «Срэбны гузік».

— У праекце бралі ўдзел прадстаўнікі сібірскіх рэгіёнаў, а таксама сталіцы Расіі, Казахстана і... Бразіліі. Сярод іх — як вопытныя дызайнеры, так і студэнты, — удакладняе Мікіта.

Ён лічыць, што перамог, бо не проста паказаў калекцыю, якая вельмі спадабалася членам журы, публіцы, журналістам, а прадэманстраваў fashіon-перформанс.

— Я прадумаў усё да дробязяў: ад асвятлення, калі будуць выходзіць манекеншчыцы, да відэараду і музыкі. Такое, безумоўна, заўсёды выйграе ў параўнанні з проста паказам, — тлумачыць Мікіта.

Ён сам сшыў усё, што дэманстравалася. Навучыўся шыць ва ўніверсітэце. Сказаў, што, калі стала атрымлівацца, аж да слёз радасці — такой была яго рэакцыя.

Падчас яго шоу ў Сібіры мясцовая спявачка выконвала песню «Бяжы» на беларускай мове. Музычны твор добра дапоўніў прэзентацыю з Беларусі.

Сам ён таксама здзіўляў уласным вобразам.

— Хадзіў у кашулі, якая задам наперад, плюс — манікюр, — усе здзіўляліся такой смеласці. А для мяне гэта... Як растлумачыць? Проста так зручна і захацелася. І ў Беларусі я перыядычна бачу тую ж «нестандартную» кашулю на хлопцах, дзяўчатах. У гэтым сэнсе беларуская моладзь у параўнанні з расіянамі больш смелая — у сэнсе выбару адзення, — лічыць дызайнер.

Ён вырашыў стаць мадэльерам яшчэ ў шэсць гадоў. Родам з Пінска. Там скончыў сярэднюю школу, займаўся ў мастацкай. Бацькі вельмі далёкія ад мастацтваў, нават ад сферы лёгкай прамысловасці. У віцебскі ўніверсітэт паступіў таму, што даведаўся: менавіта тут самы круты дызайнерскі факультэт.

— У Беларусі невялікі выбар у гэтай         сферы. У Гродне — крыху іншы кірунак, у Мінску вучаць на дызайнераў сцэнічных касцюмаў... А вось на дызайнера лёгкай прамысловасці вучаць толькі тут, — разважае малады чалавек.

Старэйшага сына бацькі бачаць рэдка, бо ён вельмі заняты: вучоба, праца, творчасць, падпрацоўкі. Як вавёрка ў коле. Свае планы запісвае ў папяровы, а не электроны нататнік. Сябры яго празвалі «Чалавек-нататнік».

Калі яны спяць?

Гаварыць з гэтым хлопцам цікава і складана адначасова. Мы пачалі спрачацца, калі размова зайшла пра ўнісекс у рэчах. Ён сказаў, што гэта нармальна і даўно ўжо прыкмета часу. Маё няведанне таго, што ружовы першапачаткова быў колерам мужчынскім, выклікала абурэнне суразмоўцы. Разам з тым Мікіта ўражвае сціпласцю і прастатой.

Ён атрымлівае павышаную стыпендыю, зарплату супрацоўніка, але жыве ў інтэрнацкім пакоі з двума хлопцамі.

— Я ў першую чаргу студэнт, мне 19. Хачу студэнцкага жыцця, — сказаў Мікіта.

Не ўтойвае, што з многімі знаёмымі равеснікамі згубіў стасункі. Некаторых сам перастаў успрымаць як блізкіх. Лічыць, лепш мець два-тры чалавекі, з якімі хочацца бавіць час, быць на сувязі, чым шмат, але чужых па духу, інтарэсах, прынцыпах... Прызнаўся, што не абыходзіцца без зайздрасці да яго поспехаў. Хаця ён усяго дабіваецца сам, не мае багатых мецэнатаў, карысных знаёмстваў.

Як паспявае вучыцца і працаваць у такім вар'яцкім тэмпе — я так і не зразумеў.

На кафедру працаваць прыходзіць а 6 або 7 гадзіне раніцы, сыходзіць позна вечарам. Калі працаваў над стварэннем калекцыі, сыходзіў у інтэрнат пасля гадзіны ночы.

Нагрузкі на факультэце вытрымліваюць самыя матываваныя. Дарэчы, Мікіта лічыць, што дызайн — не мастацтва, а ўменне зрабіць нейкі прадмет такім, каб яго купілі: ад адзення да, напрыклад, праса. Сказаў, што ў яго групе, дзе ён стараста, на сёння пятнаццаць чалавек, а было 21 — прыкладна траціна не пацягнулі.

— У інтэрнаце ў вокнах пакояў, дзе жывуць будучыя дызайнеры, святло часта гарыць і па начах, — дзеліцца ён назіраннямі.

Адкуль мода пайшла...

Напэўна, многія задаваліся пытаннямі: чаму нешта сёлета да сезона абавязкова трэба купіць, каб быць у трэндзе? Чаму перыядычна ўзнікае модна на рэтра? Памятаецца, як раптам стала папулярным мілітары, потым —- мяккае і рамантычнае, а пасля — штаны, падобныя на мяшок?.. Хто дыктуе, што нам насіць?

Мадэльер сказаў, што ў яго сярод зорак у свеце моды няма аўтарытэтаў. І на гэты раз пагадзіўся са мной. Я пажартаваў, што хачу насіць гумавыя боты ў горадзе, бо мне так зручна. Мікіта падказаў, што, калі абутак упрыгожыць малюнкам або арнаментам, гэта будзе супер.

— Галоўнае, у гэтым я ўпэўнены, каб тое, што на вас, падкрэслівала індывідуальнасць. І так пра ўсіх. Наконт таго, што па тэлебачанні, у часопісах нешта аб'яўляецца модным, думаю, лепш было б шчыра канстатаваць: так лічыць мадэльер, гэта раіць папулярны жаночы часопіс... — дзеліцца ён думкамі.

На пытанне, ці не будзе ў наступную нашу сустрэчу ў цыліндры, Мікіта адказаў, што гэта залежыць ад настрою. Насіў бы і камбінезон рабочага, ды толькі не можа неабходнага колеру знайсці.

Студэнт вельмі цёпла распавёў пра сваіх выкладчыкаў. Вось яны і ёсць для яго аўтарытэты. У прыватнасці, вядомы мастак Васіль Васільеў.

— Гэты чалавек, упэўнены, не думае пра тое, як прадаць свой твор, а дзеліцца са светам сваім успрыманнем яго. А яшчэ вельмі паважаю кіраўніцу майго конкурснага праекта Людмілу Папкоўскую, настаўніц Таццяну Нагавіцыну і Віялету Някрасаву. Дацэнта кафедры дызайну і моды Людмілу Тараканаву лічу маёй універсітэцкай мамай, — пералічвае Мікіта.

Прызнаўся, што пры паступленні ў выкладчыкаў былі сумненні: ці не памыліўся адрасам? Але яго ўпартасць, талент, працавітасць прывялі да паспеху ў конкурсах. Дарэчы, калекцыю, якую паказаў у Сібіры, ужо раскупілі. Цяпер прадумвае, якой будзе наступная.

Ён удзячны бацькам, што назвалі Мікітам.

— Не ўяўляю сябе з іншым імем. Мікіта мае старажытнагрэчаскае паходжанне, звязана са словам «мікітэс» — у перакладзе «пераможца», — тлумачыць ён.

З Віцебска з'язджаць не збіраецца, яму падабаецца ВДТУ, плануе тут выкладаць і займацца творчасцю.

Мы зноў можам з ім паспрачацца: наўрад ці вядомаму мадэльеру будзе зручна працаваць у правінцыйным горадзе. Але Мікіта са мной не пагодзіцца і прывядзе прыклады, калі знакамітасці пераязджалі ў глыбінку, заставаліся там, адкуль пачыналі кар'еру.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота з асабістага архіва Мікіты Захарчука

Загаловак у газеце: Модна... падкрэсліваць сваю індывідуальнасць!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.