Вы тут

Прыгоды ката Смура. Ці варта стрыгчы гадаванцаў?


Кот Смур трапіў у сям'ю Бедневых з лёгкай рукі іх ужо дарослай дачкі. Сама дзяўчына ўжо з'ехала ад бацькоў, а вось коцік застаўся...


Для Вольгі Бедневай догляд ката быў у навінку. Смур — даўгашэрсны кот, і гэта, скажам так, прыносіла некаторыя нязручнасці, а менавіта неабходнасць дадатковай прыборкі поўсці па хаце. Вольга вычэсвала гадаванца сама, пакуль не ўбачыла ў інтэрнэце вясёлыя фота стрыжаных катоў. Ёй так спадабалася гэтая ідэя, што стала шукаць салон, каб даведацца, ці не будзе шкодная яму стрыжка. Так Смур стаў катом, у якога ёсць свой асабісты грумер — майстар Наталля, якая працуе ў адным са сталічных зоасалонаў.

Грумер — спецыяліст па доглядзе хатніх жывёл. Некаторыя лічаць, што стрыгчы ката — гэта нейкае буржуазнае дзівацтва. Але на самай справе цырульнікі сабак і катоў выконваюць цэлы комплекс важных гігіенічных і эстэтычных працэдур па доглядзе жывёл.

Па-першае, грумеры сочаць за здароўем поўсці жывёл: расчэсваюць іх з дапамогай спецыяльных інструментаў і пры неабходнасці выдаляюць каўтуны. Па-другое, грумеры мыюць жывёл спецыяльнымі гіпаалергеннымі шампунямі і кандыцыянерамі. Пры гэтым сумяшчаюць гэтую працэдуру з масажам. І, канешне, грумеры стрыгуць гадаванцаў, падбіраючы індывідуальную стрыжку для кожнай пароды катоў ці сабак.

У Смура таксама ёсць свая каронная стрыжка — пад ільва. Стрыгуць яго нячаста — адзін раз на 7-8 месяцаў. Кот выглядае трошкі разгубленым, калі Вольга дастае яго са спецыяльнага кошыка. Але, як толькі трапляе на спецыяльны грумерскі стол, спрабуе даць адтуль драпа. Грумер Наталля добра ведае звычкі свайго «кліента» і тут жа вельмі далікатна, але пры гэтым настойліва ўтрымлівае яго на стале і пачынае пагладжваць.

— Катам больш камфортна, калі іх вычэсваюць, а не стрыгуць, — кажа Наталля, якая працуе грумерам у зоасалоне ўжо шэсць гадоў. — Стрыжка для іх — заўсёды стрэс. Але часам гэтай працэдуры не пазбегнуць. Так, напрыклад, да нас прыходзяць гаспадары катоў, у якіх выявілася алергія на поўсць, але яны не гатовыя расстацца са сваім гадаванцам і таму прыходзяць да нас па дапамогу. У выніку яны ў нас бываюць раз на 3-4 месяцы. Гэтак жа да нас прыводзяць катоў, схільных да забіцця страўнікаў поўсцю. Каты вельмі ахайныя жывёлы. Яны ўвесь час вылізваюць сябе і ў працэсе з'ядаюць нейкую колькасць поўсці. Часта з'едзеныя такім чынам валасінкі выходзяць натуральным шляхам і не дастаўляюць гадаванцам непрыемнасцяў. Але калі кот пухнаты, то могуць узнікнуць праблемы. Калі ў страўніку кошкі поўсці будзе зашмат, то яна можа забіць страўнік, і тады спатрэбіцца аперацыя. Каб пазбегнуць гэтага, ветэрынары рэкамендуюць скарыстацца паслугамі грумера.

Смур не мае такіх праблем. Але яго гаспадыня лічыць, што яму вельмі падабаецца быць стрыжаным. Ён становіцца вельмі ласкавы, стараецца прытуліцца да людзей і гучна мурчыць. Скура яго становіцца навобмацак мяккай, аксамітай. І, вядома, поўсці потым яшчэ доўга ў хаце няма. У руках Наталлі Смур ужо супакоіўся. Да грумерскага стала падышла памочніца майстра і таксама стала гладзіць яго. У гэты час грумер дастала спецыяльны прыбор для стрыжкі. Машынка загудзела, і кот устрапянуўся, але Наталля супакоіла яго і пачала стрыгчы спінку. Ён не супраціўляўся і хутка стаў губляць у аб'ёме. Праз некалькі хвілін прыбор заціх, і майстар ўзяла ў рукі кіпцярэзку.

— Кіпцюры стрыгуць катам, каб яны не псавалі мэблю і рэчы ў доме, — тлумачыць грумер. — У нашым салоне гэта працэдура каштуе 5 рублёў. Таксама грумеры могуць пачысціць гадаванцам і вушкі з дапамогай медыцынскіх раствораў. Наша мэта — палепшыць агульны стан гадаванца і зрабіць яму ўсе неабходныя гігіенічныя працэдуры. Самастойна справіцца з комплексам у хатніх умовах многім людзям складана. Аднак бывае, што я вымушана адмаўляцца працаваць з некаторымі жывёламі. Так здараецца, калі гадаванец агрэсіўна сябе паводзіць. Агрэсія ў жывёл здараецца з-за стрэсу ці з-за захворвання. Калі нам не ўдаецца супакоіць «кліента», то дзеля бяспекі мы накіроўваем яго на падобныя працэдуры ў ветэрынарную клініку. Там катоў могуць пастрыгчы пад наркозам. Бывае, што ў катоў поўсць збіваецца ў каўтуны, і калі іх шмат, то стрыжка будзе балючай. У такіх выпадках лепей таксама ісці ў ветклініку. Каўтуны нельга пакідаць на скуры жывёл, бо пад яна не дыхае, а пры адсутнасці вентыляцыі ўзнікаюць ўчасткі з пачырваненнем і раздражненнем. Можа з'явіцца экзэма, нагнаенне і дэрматыт.

Спецыяліст лічыць, што ўсіх катоў трэба своечасова вычэсваць, тады такой непрыемнасці, як каўтуны, можна пазбегнуць.

Наталля спрытна мяняе кіпцярэзку на нажніцы і састрыгае пучкі поўсці ў падушачак на лапках Смура. Цяпер кот не будзе разносіць напаўняльнік для кацінага туалета па доме. Смур зусім расслабіўся. Але раптам зноў пачынае гудзець машынка — грумер узялася стрыгчы пуза. Кату не вельмі падабаецца, калі справа даходзіць да стрыжкі пад лапкамі. Ён супраціўляецца, але з дапамогай памочніцы зафіксаваны і не можа збегчы. Наталля робіць сваю справу вельмі хутка, каб хутчэй вызваліць «нявольніка». Нарэшце стрыжка скончылася. Смур азіраецца ў пошукаках знаёмых твараў. Вольга бярэ свайко ката на рукі. Той туліцца да гаспадыні.

— Вусы лічыць не будзе? — смяецца Наталля. — З вас трыццаць рублёў.

Мне падаецца, што Смуру холадна, але Вольга запэўнівае, што ён хутчэй паводзіць сябе так ад стрэсу, а дома хутка супакоіцца. Нягледзячы на тое, што кот рэгулярна наведвае асабістага цырульніка, для яго гэта не любімы занятак. Ён больш любіць мурчаць у кампаніі сваіх родных дамачадцаў. Наталля ж збіраецца рабіць перапынак 15—20 хвілін — такое ў яе правіла, бо перад тым, як заняцца іншым кліентам, трэба мець эмацыянальныя сілы, каб жывёла падчас маніпуляцый адчувала, што майстар спакойны і не зробіць яму нічога дрэннага.

Праз рукі грумера праходзіць 7-8 жывёл за дзень. Але перад летам і восенню колькасць тых, хто хоча пастрыгчы сваіх гадаванцаў, павялічваецца з-за сезоннай лінькі, бо ў гэты перыяд поўсць гадаванцаў літаральна разлятаецца па хаце. Але спецыялісты не раяць без асаблівай неабходнасці стрыгчы катоў, асабліва караткашэрсных. Шарсцянае покрыва кошкі выконвае функцыю тэрмарэгуляцыі, абараняючы арганізм жывёлы ад негатыўнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Лепей проста рэгулярна мыць і вычэсваць сваіх гадаванцаў, тады яны будуць выглядаць дагледжанымі і пры гэтым поўсці у доме будзе значна менш.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Журналіст ўзначаліла прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у нашай краіне.

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі.