Вы тут

Пераканаліся, што медыцынскія маскі сталі часткай паўсядзённага жыцця і без прымусу


Пахаладала, і ковід зноў стаў навіной нумар адзін у сродках масавай інфармацыі, на навінавых парталах і адной з абавязковых тэм у любой размове. З раніцы сучасны гараджанін звыкла ўдакладняе ў інтэрнэце інфармацыю аб узроўні захворвання ў сваёй краіне і новых штамах каранавіруса адразу пасля таго, як даведваецца аб надвор'і на сёння. Наяўнасць маскі, выходзячы з дома, мы цяпер правяраем разам з тым, ці не забыліся на ключы і мабільны тэлефон. Як гэта ўплывае на наша светаўспрыманне?


Эпідэміёлагі не стамляюцца паўтараць аб важнасці выкарыстання індывідуальных сродкаў аховы ў месцах масавага збору людзей. Але калі часова абстрагавацца ад эпідэміялагічнага аспекту і зірнуць на маскі як на частку нашай штодзённасці, медыкі і псіхолагі кажуць як пра плюсы, так і пра мінусы неабходнасці хаваць палову твару. Галоўным плюсам рэгулярнага нашэння масак лор-урачы называюць фарміраванне звычкі дыхаць носам. Ротавае дыханне правакуе рост захворванняў на пнеўманіі (у тым ліку не звязанымі з ковідам): пры дыханні праз рот у лёгкія трапляюць пыл, вялікая колькасць вірусаў і бактэрый, насавое ж дыханне фільтруе паветра, і яно ўваходзіць у лёгкія больш чыстым.

Нарколагі плюсам называюць досыць частую адмову ад курэння як вынік нашэння масак (пах тытунёвага «перагару», пасяляючыся ў «анучы» на твары, адчуваецца самім курцом востра і непрыемна). А псіхолагі кажуць аб больш рацыянальным выкарыстанні працоўнага часу (людзі ў масках менш адцягваюцца на староннія размовы і флірт). Ну, а галоўны мінус неабходнасці закрываць твар — псіхалагічнае дыстанцыраванне людзей як вынік фізічнага вытрымлівання сацыяльнай дыстанцыі.

«Карона» і каралевы

Мода, як неад'емная частка жыцця, гнутка зрэагавала на «выклікі часу». Маскі сталі ўрадлівай глебай для моднага крэатыву. На подыумах сродкі індывідуальнай аховы ў апошнія гады ператварыліся ў паўнавартасны аксесуар, спосаб прыцягнуць увагу, расставіць акцэнты і падкрэсліць прыгажосць вачэй. Практычна на ўсіх тыднях моды апошніх гадоў, як і ў хроніках стрытстайла, ахоўныя маскі сталі галоўнымі героямі. Так, Fendі выпусціў калекцыю брэндзіраваных масак, кожная з якіх каштуе 190 долараў. Модныя аглядальнікі пішуць, што калекцыя разляцелася як гарачыя піражкі, а «зоркі», што набылі аксесуар, адзначаюць, што здароўе не купіш, а таму трэба сябе абараняць. Marіne Serre, чые ўборы выбіраюць Беёнсэ і Кейт Бланшэт, упрыгожыла ўласную калекцыю масак прынтам «гусіная лапка» і сваёй фірмовай выявай месяца. Дызайн масак распрацаваў і знакаміты брэнд Chanel, як і спецыяльную падарункавую ўпакоўку для іх. Уласнае бачанне маскі прапануюць сёння не толькі модныя дамы, але і музеі. Што ні кажы, гэта — выдатная магчымасць несці мастацтва ў масы. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі не застаўся ўбаку ад сусветнай тэндэнцыі і выпусціў калекцыю ахоўных масак з фрагментамі карцін канца XІX — пачатку XX стагоддзяў. У калекцыю ўвайшло пяць масак, на якіх можна пазнаць кавалачкі палотнаў Ільі Машкова («Жаночы партрэт», 1908 і «Нацюрморт з дынямі і гарбузамі», 1915), Язэпа Драздовіча («Астран-абсерваторыя з квадрантам на кальцы Сатурна», 1931), Даніэля Сегерса («Мадонна ў кветках», ХІХ ст.). Пятым стаў фрагмент японскага пояса обі з усходняй калекцыі музея. У стварэнні ўнікальных масак удзельнічаў вядомы беларускі дызайнер Лёша Лімонаў. Прадаюць такія маскі ў сувенірнай краме музея (трапіць туды можна без білета) па 20 рублёў за экзэмпляр. Нядорага, калі ўлічыць, што гэтая маска можа стаць не толькі стыльным аксесуарам, але і арт-аб'ектам, непаўторнай памяццю аб 20-х гадах ХХІ стагоддзя — магчыма, вы яшчэ будзеце паказваць яе ўнукам.

Зрэшты, маскі як модны аксесуар можна купіць і ў масмаркеце — ёсць вельмі мілыя: і яркія, і ў пастэльнай гаме. І з бліскаўкамі, калі вам такое падабаецца. А калі хочаце вылучыцца — пашукайце ў інтэрнэце маскі хэнд-мэйд: прапаноў маса. Як і вучэбных відэа на выпадак, калі вам захочацца адчуць сябе дызайнерам.

Маскі, дарэчы, не адмяняюць макіяж — акцэнт на вочы для славянак хутчэй плюс, чым мінус. Генетычна склалася так, што большасць дзяўчат і жанчын класічнай беларускай знешнасці не можа пахваліцца высокімі скуламі а-ля Анжэліна Джолі. А вось яркія, прыгожага разрэзу вочы з пышнымі вейкамі — як правіла, моцны бок нашай знешнасці. Акрамя таго, правільна падабраная па колеры маска нейтралізуе бледнасць скуры (усё ж такі сонца ў нашых шыротах не хапае) лепш, чым любыя румяны. І надзейна схавае авал твару, які злёгку паплыў, ва ўзроставых паннаў. А яшчэ — знівеліруе так званую няроўнасць усмешак. Некаму ад прыроды дасталіся прыгожыя, роўныя, белыя зубы, а камусьці не так пашанцавала. Ну, а маскі ўраўноўваюць і такім чынам павышаюць самаацэнку.

Дарэчы, ва ўвазе дызайнераў і модных стылістаў да масак няма нічога дзіўнага. Псіхолагі кажуць, што маска дадае ў вобраз элемент таямнічасці, свайго роду разыначку. І робіць чалавека больш расслабленым і непасрэдным у зносінах — яна стварае «экран» паміж вамі і суразмоўцам, зніжае ўзровень трывожнасці і дадае ўнутранага спакою.

«Людзі навучыліся сябе берагчы»

Пасля нарады ў Палацы незалежнасці, падчас якой Прэзідэнт катэгарычна падкрэсліў, што прымусу да нашэння масак і вакцынацыі ні ў якім разе быць не павінна, абавязковы маскавы рэжым у аб'ектах гандлю і грамадскім транспарце быў адменены. «Маскавых» рэйдаў эпідэміёлагаў па грамадскіх месцах больш не будзе: вырашана, што важнасць клопату пра сваё здароўе кожны павінен усведамляць сам. А медыкі не прымушаюць, але настойліва рэкамендуюць вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю і насіць сродкі індывідуальнай аховы ў грамадскім транспарце, крамах, буйных гандлёвых цэнтрах, на вакзалах і іншых аб'ектах з масавым знаходжаннем людзей. Мы вырашылі праверыць, наколькі свядома нашы суграмадзяне ставяцца да гэтых рэкамендацый.

У гандлёва-забаўляльным цэнтры «Green Cіty» на Каменнай Горцы шматлюдна ў будні і выхадныя. Абсалютная большасць наведвальнікаў у масках, прычым надзетыя яны правільна, не пад носам і не на падбародку. На сёння людзі разумеюць і сур'ёзнасць эпідэміялагічнай сітуацыі, і асабістую адказнасць: перад сабой, сваёй сям'ёй і перад грамадствам у цэлым, адзначаюць сталічныя эпідэміёлагі. Дарэчы, маскі ў грамадскіх месцах рэкамендуюць насіць найперш дарослым. Што датычыцца дзяцей, наяўнасць або адсутнасць гэтага сродку індывідуальнай аховы — на вырашэнне бацькоў. Зрэшты, ужо гадоў з васьмі-дзевяці маска на твары практычна кожнага ўбачанага намі ў ГЗЦ дзіцяці.

У будынку забаўляльнага цэнтра аб неабходнасці насіць маску плакаты нагадваюць літаральна на кожным кроку. На ўваходзе ў прадуктовы гіпермаркет ветлівы ахоўнік карэктна прапануе надзець сродак індывідуальнай аховы «бязмаскавым « наведвальнікам.

— Зразумела, маскі ахоўваюць, прычым не толькі ад COVІD-19, але і ў цэлым ад сезонных інфекцый, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, — кажа загадчыца аддзела імунапрафілактыкі ДУ «Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна г. Мінска» Наталля Нядзведзь. — Маска патрэбна ў першую чаргу здароваму чалавеку — прадухіліць заражэнне, не дазволіўшы вам удыхнуць паветра з мікраскапічнымі часціцамі сліны хворага. Гэта адна з мер, якія дазваляюць знізіць верагоднасць захварэць. А наогул, усё трэба рабіць у комплексе — і ўсім разам. Дэвізам сённяшняга дня варта лічыць прынцып «Я абаронены, калі іншыя абаронены». Акрамя выкарыстання маскі ў грамадскіх месцах, вытрымлівання сацыяльнай дыстанцыі і дэзынфекцыі рук, важная вакцынацыя ад COVІD-19. Так, ні адна вакцына не дае стапрацэнтнай аховы: пацверджаная эфектыўнасць расійскага «Спадарожніка V» — 92 %, кітайскай вакцыны — каля 80 %. Але тыя, хто цяпер знаходзіцца ў бальніцах, 99 % — непрышчэпленыя. І яшчэ адна падстава на карысць прышчэпкі: галоўнае прызначэнне вакцынацыі — папярэджанне цяжкіх наступстваў COVІD-19, якія могуць нагадваць аб перанесеным захворванні не адзін год пасля выздараўлення.

Кіраўніцтва гандлёвых аб'ектаў зацікаўлена ў захаванні маскавага рэжыму кожным з работнікаў, адзначае суразмоўца. А работнікі, у сваю чаргу, таксама зацікаўлены ў тым, каб пакупнікі былі ў правільна надзетых сродках індывідуальнай аховы, бо гэта абараняе і прадаўца, і пакупніка.

— Усе супрацоўнікі нашай крамы носяць маскі, — кажа загадчыца гіпермаркета Green Вольга Борыс. — Мы выконваем маскавы рэжым даўно — з першых дзён з'яўлення каранавіруса. Раней касіры насілі ў абавязковым парадку ахоўны экран, цяпер мы пакінулі гэтую меру на меркаванне кожнага супрацоўніка. На ўваходзе дзяжурыць прадстаўнік службы бяспекі, які просіць надзець маску наведвальнікаў, якія ўваходзяць у краму без яе. У гандлёвай зале размешчаны ёмістасці з дэзсродкамі, і большасць пакупнікоў апрацоўваюць рукі пры ўваходзе ў краму, а таксама пры выхадзе з яе. За касавай лінейкай таксама ўстаноўлены дэзсродкі для пакупнікоў. Акрамя таго, на ўваходзе для ўсіх ахвотных ёсць пальчаткі.

Вольга Мікалаеўна пацвярджае нашы назіранні: у асноўным сёння людзі прыходзяць у крамы ў масках. Адсутнасць гэтага сродка індывідуальнай аховы цяперашняй восенню — рэдкае выключэнне.

— Улетку «бязмаскавых» наведвальнікаў было больш. Але мы на ўваходзе, у гандлёвай зале, на касах стараліся нагадваць аб сродках аховы. Бывала, пакупнікоў гэта раздражняла. Але цяпер нарэшце нашы людзі навучыліся сябе берагчы. Кожны разумее адказнасць — за ўласнае здароўе і здароўе тых, хто знаходзіцца побач.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Асабістая адказнасць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.