Вы тут

Беларускія баксёры пачынаюць новы алімпійскі цыкл


Беларусы выступяць на чэмпіянаце свету па боксе, які стартуе 25 кастрычніка ў Бялградзе. Гонар краіны будуць абараняць шэсць спартсменаў. На рынг у сталіцы Сербіі выйдуць Яўген Кармільчык (48 кг), Дзяніс Салоцкіх (51 кг), Артур Туніеў (60 кг), Кірыл Самадураў (75 кг), Аляксей Алфёраў (80 кг) і Уладзіслаў Смяглікоў (92 кг). 


Выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі бокса Дзяніс Сабалеўскі адзанчае, што на планетарнае першынства едуць маладыя, але вопытныя спартсмены. Яўген Кармільчык — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы да 22 гадоў, Аляксей Алфёраў на гэтым жа турніры заваяваў «бронзу». Уладзіслаў Смяглікаў на Алімпійскіх гульнях у Токіа стаў пятым. Па словах Дзяніса Сабалеўскага, да Алімпіяды ў Парыжы ён падыдзе ў росквіце сіл. 

Не выступіць у Бялградзе Дзмітрый Асанаў. На чэмпіянаце свету сярод ваенаслужачых баксёр атрымаў траўму. «Дзмітрый заявіў, што ён пачынае сваю падрыхтоўку да прафесійнага боксу, 2022 год ён плануе прысвяціць гэтаму. А ў 2023 годзе ён будзе прымаць рашэнне, ці варта яму змагацца за алімпійскія ліцэнзіі. Пакуль ён узяў такую своеасаблівую паўзу ў алімпійскім боксе. Але мы заўсёды ў першую чаргу глядзім на здароўе спартсмена і цяпер Дзмітрый займаецца здароўем», — расказвае Дзяніс Сабалеўскі. 

Для беларускіх баксёраў чэмпіянат свету стане першым турнірам у новым алімпійскім цыкле. «Так як алімпіяда ўжо прайшла, мы пачалі сваю падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Мы азіраемся на Токіо з пункту гледжання аналізу і работы над памылкамі. Нам не ўдалося выканаць нашу галоўную задачу — заваяваць медалі і мы пачынаем новы алімпійскі цыкл» — падкрэслівае выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі боксу. 

За ўзнагароды сусветнага форуму будуць змагацца 650 спартсменаў са 105 краін. І гэта рэкорд турніру, які праводзіцца з 1974 году. У жніўні гэтага году Міжнародная федэрацыя боксу прыняла рашэнне аб павелічэнне колькасці вагавых катэгорый. У Бялградзе гэтае рашэнне будзе рэалізавана на практыцы. Таксама ўпершыню ў гісторыі чэмпіянату свету будзе разыграны прызавы фонд 2,6 мільёнаў долараў. Чэмпіёнам свету будзе выплачана па $ 100 тыс. Сярэбраныя медалісты стануць багацей на $ 50 тыс. За бронзу належыць $ 25 тыс.

«Канкурэнцыя будзе велізарная, велізарнае прадстаўніцтва і велізарны вопыт для маладых хлопцаў. Адпаведна будзем чакаць, будзем падтрымліваць. Спартсмены гатовыя, трэнерскі штаб зрабіў усё магчымае. І будзем чакаць добрых навінаў з рынга», — падкрэсліў Дзяніс Сабалеўскі. 

Папярэднія баі запланаваныя на 25 кастрычніка — 2 лістапада. Паўфіналы пройдуць 4 лістапада. Вырашальныя паядынкі — 5 і 6 лістапада. 

Нагадаем, што першапачаткова планетарны форум ў 2021 годзе, меў адбыцца ў Нью-Дэлі (Індыя), аднак старт быў перанесены па прычыне невыканання арганізатарамі сваіх абавязацельстваў. Індыйскі бок не аплаціла неабходны ў такіх выпадках ўзнос, і AIBA спыніла кантракт.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».