Вы тут

Блізкае, таму дарагое


Не ведаю, як каму, а мне крыху не па сабе, калі ў друку чытаю ці па радыё чую сцвярджэнні тыпу: паэт (называецца населены пункт) выдаў новую кнігу. Ці празаік (зноў указваецца адрасная прыналежнасць) сустрэўся з чытачамі. Тыя, хто гэта піша ці паведамляе, забываюць, што паэт ці празаік, як і прадстаўнік іншай творчай прафесіі, можа быць (ці не быць) паэтам, празаікам і г. д. незалежна ад месца пражывання. Іншая справа, што можна ўказаць, дзе ён жыве.


Не прымаю і таго, калі двухмоўны творца ўносіць удакладненні ў сваё імя, у залежнасці ад таго, якой мовай карыстаецца. Грашыць гэтым і паэт Хведар Гурыновіч, які таксама піша і па-беларуску, і па-руску. Чамусьці ў другім выпадку адразу ператвараецца ў Фёдара.

Магчыма, і сам Хведар Хведаравіч, і некаторыя чытачы ўспрымуць гэта звычайнай прыдзіркай… Што ж — вольнаму воля, у кожнага сваё меркаванне. У адным, не сумняваюся, са мной пагодзяцца тыя, хто добра ведае паэзію Хведара Гурыновіча. Ён — не салігорскі паэт, а нарадзіўся ў вёсцы Крывічы цяперашняга Салігорскага раёна, жыве ў горадзе Салігорску. Паэт жа беларускі і адзін з найбольш таленавітых прадстаўнікоў пакалення, да якога належыць.

Пакаленне гэтае ўжо размяняла свой восьмы дзясятак. Выдаў Хведар Хведаравіч 30 кніг прозы і паэзіі, з іх 7 адрасавана юным чытачам. Яшчэ адно нельга не адзначыць, перш чым перайсці да гаворкі пра яго новую кнігу «Самое дорогое». Кіраўніцтва адкрытых акцыянерных таварыстваў «Беларуськалій» і «Трэст “Шахтаспецбуд”» неабыякавае да літаратуры, таму і аказала падтрымку ў яе выданні. Ды як было не аказаць, калі амаль 30 гадоў аўтар працаваў у рэдакцыі газеты «Калійшчык Беларусі», прайшоўшы шлях ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара.

Апраўдана, што кніга адкрываецца вершамі шахцёрскай тэматыкі. На шчасце, яны не з’яўляюцца адпрацоўкай спонсарскай падтрымкі, як і творамі «рабочай паэзіі», якой раней надавалася такая вялікая ўвага. Гэта — паўнавартасная мастацкая літаратура. З той розніцай, што ў дадзеным выпадку мае канкрэтную прывязку. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова верша «Полёт». Ён, палёт гэты, своеасаблівы: «И в шахту спуск — как будто бы полёт, // Не в облака полёт — в земные недра, // и вот уже спускаются в забой // Машин тяжелых славные пилоты».

Вобразная насычанасць радкоў ідзе ад аўтарскай назіральнасці, ад добрага ведання паэтам жыцця тых, пра каго ён піша. І сам неаднойчы спускаўся пад зямлю. Без ведання жыцця шахцёраў наўрад ці з’явіўся б і такі праўдзівы верш, як «В забое». Небяспечная праца пакаральнікаў зямных недраў перадаецца праз мускульную напружанасць радка:

 

С тяжелым шнеком на стальных плечах,

Чуть-чуть дрожа, вгрызается комбайн

Зубками, словно иклами кабан,

В загадочную в свете фонаря

Породу, что мерцает, как заря.

 

Беларускае слова «иклы» (у зносцы тлумачыцца, што ў перакладзе гэта «клыки») у моўнай тканіне верша таксама невыпадковае. Хведар Гурыновіч яшчэ і заўзяты паляўнічы. Аднак ён не з тых, хто толькі «забівае», а з тых, хто па-сапраўднаму любіць прыроду. У пэўнай ступені гэта сведчанне той складанасці жыцця, што закладзена ў прыродзе. Не нам уносіць у гэта карэктывы. Наша задача іншая — разумна да ўсяго ставіцца. Гурыновіч-паляўнічы, як і ўсе, хто любіць гэты занятак, азартны. А Гурыновіч-паэт (на тое і паэт) не страчвае пачуцця спачування, жалю. Найлепшае сведчанне гэтаму — верш «Совенок»:

Он сидел под сосной,

                    желторотый глупыш,—

Весь в пуху, словно шар одуванчика,

И была смоляная, тягучая тишь,

Окружавшая птицу, обманчива.

 

Насельнікі лесу прыглядаюцца да бездапаможнага немаўляці. Не з цікаўнасці, а жадаючы пажывіцца: «Стрекотали сороки, в птенце разглядев // Дармовое и сытное лакомство», «Муравьи были тоже не против того, // Чтоб с беспомощной птицей разделаться». Сонцу ж падалося, што гэта звычайная цацка, «безделица».

Ён і сапраўды нагадваў цацку. «Миловидный, хотя недоверчивый», прыціскаўся «кургузым хвостишком к стволу, // Распустив непослушые крылышки».

Толькі чалавек чэрствы, пазбаўлены спагады пасля ўсяго гэтага застанецца безуважным, пакіне бедалагу на пагібель. Гэта ж страшна, калі наўкола прыгажосць, але праз пэўны час часцінка яе можа загінуць. Хай сабе і маленькая, а з-за гэтага яшчэ больш шкада. Бо з малога вырастае вялікае. Не, ні ў якім разе нельга спыніць гэты «рост». Адбылося тое, што і павінна адбыцца:

 

Всё вокруг хорошело, светилось, цвело,

И сквозь хвою, на солнце сквозящую,

Я полез на сосну, где чернело дупло,

Чтоб вернуть лесу сердце щемящее.

 

Вершы «Глухарь», «Лось», «Волчица» і іншыя — таксама своеасаблівая песня прыродзе, у якой праступаюць элегічныя ноткі, але гэта і трывога паэта, які, як і ўсе мы, для каго любоў да ўсяго жывога — не пустыя словы.

А верш «Маленькие тайны» няблага прачытаць многім. Ён — таксама тое, што дапамагае душой не ачарсцвець: «На ветке вербы ремеза кошёлка, // Криница, просветленная до дна»; «И ящерка, загнувшая скобою // Коричневый хвостишко откидной», «И дровосек з длиннющими усами — // Чтоб было вам понятней — жук-усач».

Нямала ў Хведара Гурыновіча і твораў, у якіх роздум нашага сучасніка, яго пачуцці, радасці і сумненні перадаюцца праз сузіранне блізкіх сэрцу пейзажаў, звыклых змен, як на працягу дня, так і розных паравін года. Чытаеш іх і самому чуйней становіцца на сэрцы. Усё гэта да болю знаёмае, неаднойчы прапушчанае праз душу, але разам з тым новае. Знешне някідкія выяўленчыя мазкі, сцішаная танальнасць, але гэтага дастаткова, каб, напрыклад, верш «Вечереет» загучаў:

 

День ушёл.

Хлебным духом тянет

От созревших уже полей.

Над ручьем комариный танец

Всё настырней и все смелей.

 

Остывающий воздух чуток.

Робко звезды в воде встают.

Вечереет, и учат утки

Первогодков летать в строю.

 

Перагортваючы апошнюю старонку кнігі, прыгадаў радкі нашай слыннай паэтэсы Еўдакіі Лось:

 

У кожным імгненні паэзія ёсць,

У кожным здзяйсненні яе прыгажосць.

У кожнай істоце — яе хада,

У кожнай бядоце — яе бяда.

 

Што гэта сапраўды так, Хведар Гурыновіч чарговы раз засведчыў сваімі творамі. Яны, на першы погляд, пра добра знаёмае. Ды і пра тое, аб чым паэтамі шмат сказана. Да гэтых матываў неаднойчы звяртаўся і аўтар «Самого дорогого».

А таму і звяртаўся, што ўсё яно яму і блізка, і дорага. Выклікае жаданне зноў брацца за пяро, каб сказаць недаказанае раней. Каб у знаёмым знайсці новае, раней не заўважанае. Што і не дзіўна, бо, як правільна і зазначыла Еўдакія Лось, «у кожным імгненні паэзія ёсць».

Праўда, напрошваецца і невялікае, але важнае ўдакладненне. Яе трэба не толькі адшукаць: адкрыўшы, па-сапраўднаму перадаць. А гэта ўжо залежыць ад майстэрства паэта і яго патрабавальнасці. Калі ж яна адсутнічае, то з’яўляюцца творы «правільныя», але такія, якія нічога новага не даюць. Як верш «Неперспективные деревни». Хто толькі з болем не сузіраў іх. Хто б з паэтаў ні прысвячаў ім твораў. Бяда адна: часцей нічога новага не прамаўляецца.

На шчасце, у кнізе «Самое дорогое» пераважае адборнае, шчодрае паэтычнае зерне.

Глеб КУНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.