Вы тут

Атрыбуты часу і прадказанне дажджу


Пад вокладкай кнігі Аляксея Якімовіча «Пан», што нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь», аб’яднаны дэтэктыўна-містычная аповесць з аднайменнай назвай і нізка вострасюжэтных дэтэктыўных апавяданняў на маральна-этычныя тэмы.


Аповесць выступае цэнтральным творам ва ўсёй кнізе. «Героі аповесці, якія прыехалі адпачываць у санаторый, сустракаюцца ў лесе з Панам — міфічным гаспадаром лясоў, палёў і статкаў з казлінымі нагамі, рагамі і барадой. Гэты твор аб каханні, вернасці і здрадзе», — чытаем у анатацыі. З першых радкоў зачароўвае мова аўтара — жывая і багатая, дзякуючы якой акунаешся ў свет твора з большай цікавасцю. А вось багатых апісанняў і разваг тут няма, увесь сюжэт — у дынаміцы. Аднак раскрываецца сюжэт лаканічна, без марудлівасці.

Крыху засмуціла падборка герояў з іх дастаткова стэрэатыпным апісаннем. Напрыклад, бізнесмен Юрый Іванавіч «невысокі, таўставаты, чымсьці падобны на дубовую бочачку», на шыі яго «вісеў тоўсты залаты ланцужок, на пальцах ззялі дарагія залатыя пярсцёнкі». Ці, напрыклад, Вікуля — «апранутая ў блакітныя нагавіцы і ружовую кофтачку, яе доўгія далікатныя, наманікюраныя пальцы ўпрыгожвалі дарагія залатыя пярсцёнкі». Тыповы бізнесмен і яго жонка. Падобныя атрыбуты ў апісанні вобразаў сустракаюцца і далей: мерседэс, долары, алкаголь, карты, беспакаранасць. Здаецца, аўтар інтэграваў у сучаснасць вобразы з цяжкіх дзевяностых. Аднак выйшла гэта не вельмі ўдала, як нам бачыцца. Падобнага роду стэрэатыпізацыя герояў прыводзіць да таго, што чытачом яны ўспрымаюцца штучна.

Вельмі парадавала ў творах іх насычанасць фальклорнымі матывамі.  Шматлікія песні, прымаўкі, прыказкі, згаданыя ў творах, сведчаць пра грунтоўнае веданне аўтарам беларускага фальклору. Такім чынам А. Якімовіч не толькі робіць чытанне цікавым, але і далучае чытача да вытокаў літаратуры.

Аповесць складаецца з 29 частак, кожнай з іх аўтар даў пэўную назву. Напрыклад, «Сутычка», «Абавязкова выстраліць», «Заплаці за маўчанне» і пад. З аднаго боку, такое сэнсавае драбленне палягчае чытанне, а з іншага — прытупляе цікавасць, бо чытачу загадзя паведамляецца, пра што пойдзе гаворка.

Акрамя аповесці, выданне змяшчае сем дэтэктыўных апавяданняў. Некаторыя вострасюжэтныя, разгалінаваныя і дынамічныя, некаторыя — больш простыя і прадказальныя. Аднак усе творы ўзнімаюць аднолькава важныя маральна-этычныя тэмы. Нельга апавяданні назваць дэтэктывамі ў поўным сэнсе гэтага слова, хутчэй — дэтэктыўнымі замалёўкамі, дзе інтрыга доўга не вытрымліваецца, абставіны хутка высвятляюцца, а загадка разгадваецца. У чытача няма часу, каб падумаць, развязка адбываецца імкліва. Але ўсё ж такі ўзнятыя аўтарам тэмы даюць багатую глебу для роздуму.

Апавяданне «Крыж Міхала Валовіча» поўнае неспадзяванак. Тут і каханне, і помста, і здрада, і маральны выбар, раскрыццё характараў. Але пасля застаюцца пытанні: пакаранне ці апраўданне, збавенне ад віны ці пакута на ўсё жыццё. Цікавая дэталь — крыж, які кагосьці загубіў, а кагосьці выратаваў. Дарэчы, А. Якімовіч прыгадваў асобу Міхаіла Валовіча раней: герой твора, як і аўтар, ураджэнец маёнтка Парэчча Слонімскага павета, — пісьменнік услаўляе памяць пра знанага земляка.

Не менш захапляльны сюжэт мае апавяданне «Лімонка»: сюжэтная лінія закручана так, што да апошняга моманту не разумееш, хто ўсё ж такі забойца і ў чым можа быць вінаваты чалавек, што яго забіваюць… Звычайная выпадковасць ператварае прадуманае забойства ў спантаннае: чалавек вырашае адабраць жыццё ў іншага з-за грошай. Зноў атрыбут дзевяностых.

Аўтар добра папрацаваў над сімвалічнасцю сваіх твораў. Сімвалы звычайна з’яўляюцца ў пачатку. Так, у аповесці «Пан», калі герой вагаўся, ці з’яўляцца яму перад людзьмі, «у глыбіні лесу трывожна азвалася птушка», а потым з’явілася божая кароўка. «Добрая божая кароўка!.. Цяпло ты адчула, вылезла са шчыліны, на вясеннім сонейку грэешся, — сказаў Пан і асцярожна, двума пальцамі, зняў божае стварэнне са ствала, пасадзіў на далонь і прагаварыў: божая кароўка, што заўтра будзе — дождж ці пагода? Пень ці калода? Пагода — ляці. Дожджык — сядзі! Божая кароўка нерухома сядзела на далоні». Гэта было прадказанне дажджу — небяспечнасці і трывогі.

Вельмі шчымліва апісаў А. Якімовіч забойства ката: «Якімец адпусціў сетку. Яна ўпала на цэментаваную падлогу. З парванага пакета пацякло малако, утварыўшы белую калюжынку каля абгарэлага Чарныша». Разлітае белае малако каля чорнага мёртвага вугольчыка — сімвал бездапаможнасці і беспакаранасці. Дарэчы, каты ў творах А. Якімовіча сустраюцца часта. Напэўна, таму, што праз стаўленне да братоў нашых меншых выразна раскрываецца характар героя.

Кніга Аляксея Якімовіча «Пан» — гэта перапляценне рэальнага і фантастычнага, містычнага. Сюжэты твораў непадобныя і інтрыгоўныя. Аўтар пакідае нагоду не толькі для роздуму над учынкамі герояў, але і для самааналізу.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?