Вы тут

«Іж ён мне айцу свайму жаласці і прыкрасці вялікія чыніў»


Усім вядомая прымаўка, што яблык ад яблыні далёка не коціцца... Але далёка не заўсёды ў гісторыі спраўджваецца, што якая хатка, такі і тын, які бацька, такі і сын. І нярэдка ў гісторыі яблыкі так далёка адкочваліся ад яблыні, што здаецца, быццам упалі з іншага дрэва... Пасля смерці мецэнатаў закрываліся навучальныя ўстановы, іншым канфесіям перадаваліся храмы, прадаваліся і прайграваліся ў карты палацы... А што датычыцца архіваў, тут увогуле на Беларусі бяда! Здаралася, калі спадчыннік, знаходзячы творы на «мужыцкай гаворцы», адмыслова іх нішчыў, каб не псаваць рэпутацыю продка. Паперы Францішка Багушэвіча перад вобыскам былі схаваныя ў слоік, закапаныя на агародзе — і цалкам сатлелі. Яшчэ фалькларыст Міхал Федароўскі наракаў, што «злачынцы-ўнукі не перанялі ад сваіх дзядоў іх паважлівага стаўлення да старажытных дакументаў».

Давайце ж успомнім некаторыя гісторыі пра няўдалых спадчыннікаў.


Ільінічы: згасанне з-за сквапнасці

Самы вядомы з Ільінічаў, Юры, быў чалавекам надзвычай амбітным. Збіраў пасады — ён і намеснік лідскі, і намеснік ковенскі, і намеснік берасцейскі, і да таго ж маршалак дворны. І для ўмацавання роду пачаў узводзіць Мірскі замак. Магутны, не горшы за каралеўскія, з пяццю вежамі, якія сімвалізуюць яго і чатырох сыноў. Усе свае сродкі ўкладаў у будаўніцтва, яшчэ і запазычыўся... Кажуць, нават прыўлашчыў «10 тысяч залатых вугорскіх чырвоных» памерлага падскарбія Аўрама Езафовіча Рабічковіча.

Вядома, Юрый марыў, як нашчадкі працягнуць ягоную справу, уладары Мірскага замка стануць паважанымі і ўплывовымі... Вось толькі чацвёра сыноў так сапсавалі адносіны з бацькам, выявілі сябе гулякамі, гульцамі і буяшамі, што ён у запавеце забараніў ім уступаць у валоданне спадчынай, пакуль не расплоцяцца з даўгамі. Старэйшага ўвогуле пазбавіў спадчыны, «иж он мне отцю своему жалости и прикрости великие чинил». Варта было памерці Юрыю, сыны ўзяліся біцца за спадчыну. Мікалай Ільініч, які ў летапісы ўвайшоў як страшэнны марнатраўца, не дачакаўся канца дзяльбы, памёр. Станіслаў, які ўступіў у валоданне Мірскім замкам, быў праз чатыры гады атручаны падчас банкету. Яго брат Фелікс Шчасны, якому дастаўся замак, знайшоў вінаватага — атручвальніцу-прыслугу, якую і спалілі на вогнішчы як вядзьмарку... Сустракала звесткі, што старэйшы брат Іван, абдзелены спадчынай, тады дамогся права на яе частку... За ўсімі разборкамі браты забыліся... пахаваць бацьку. Давялося ўмяшацца каралю, каб Юрыя нарэшце годна пахавалі.

І што атрымалася ў выніку? Сын Фелікса Шчаснага Юрый, хоць і атрымаў графскі тытул з-за таго, што валодаў замкам, памёр бяздзетным, замак адпісаў свайму апекуну, Радзівілу Сіротку. Род згас.

Астрожскія: разлад з-за веравызнання

Колькі паспеў стварыць за сваё жыццё Канстанцін Астрожскі, сын знакамітага ваеннага дзеяча Канстанціна Астрожскага, цяжка асэнсаваць. Канстанцін, унук беларускай амазонкі Анастасіі Слуцкай, абараняў ідэю незалежнасці беларускіх і ўкраінскіх земляў, права іх жыхароў на захаванне сваёй веры. Стварыў ва ўкраінскім уладанні праваслаўную Астрожскую акадэмію і друкарню пры ёй. Там шчыравалі Мялецій Сматрыцкі, Стэфан Зізаній, Андрэй Рымша, Лявонцій Карпоівч, Пятро Мсціславец і Іван Фёдараў. У Астрогу выдаваліся школьныя падручнікі, а яшчэ ў 1581 годзе была надрукаваная першая ва Усходняй Еўропе поўная Біблія. Будаваў праваслаўныя храмы і кляштары, арганізоўваў супраць уніі Брэсцкі памесны сабор, з-за чаго пасварыўся з каралём Жыгімонтам. Пражыў доўга, да васьмідзесяці гадоў, памёр у Тураве, пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры, сёння кананізаваны. Пры гэтым рэлігійным фанатыкам не быў. Жонка яго, Соф'я Тарноўская, каталічка. Але, безумоўна, князь, пакідаючы спадчыннікам велізарныя багацці — кажуць, пры жыцці яго маёмасць была ў тры разы большай за маёмасць караля, — спадзяваўся, што яны працягнуць яго справу. Але два сыны сталі каталікамі. Малодшы сын Аляксандр, які захоўваў веру бацькі, быў атручаны слугою ў трыццаць два гады. А дачка Аляксандра, Ганна-Алаіза, вырасла зацятай каталічкаю. Калі ў Астрозе быў заснаваны езуіцкі калегіюм, Ганна-Алаіза перастала фінансаваць Астрожскую акадэмію. А ў 1636 годзе канчаткова яе закрыла. І нават запрасіла ксяндза, каб правёў каталіцкі абрад хрышчэння над астанкамі яе бацькі, кажуць, уласнаручна абмыла яго косці ў святой вадзе.

Цяпінскія: разлад з-за кепскіх характараў

«Народу майму раблю паслугу з убогае сваёй маёмасці, на якой і пры якой (жыву) у маёнтку. Хоць ён ужо і не надта вялікі з-за выдаткаў, і асабліва (выдаткаў) на здабыванне ў розных і няблізкіх месцах старадаўніх кніг. Акрамя таго, яшчэ ў мінулыя гады пераадольваў я цяжкія дарогі з-за друку і спадарожных яму патрэб, і, амаль усё пачынаючы зноў, ува многім і дагэтуль так працягваецца, бо я не італьянец, не немец, не доктар або які-небудзь (чалавек) з асяроддзя паноў», — пісаў беларускі асветнік Васіль Цяпінскі ў прадмове да выдрукаванай ім ва ўласнай друкарні кнігі — Евангелля. А яшчэ заклікаў, каб навучанне ў школах вялося не на польскай ці лацінскай, а на роднай мове беларусаў, выказваўся наконт выхавання дзетак...

А вось з уласнымі не ўсё атрымалася гладка.

Увогуле, сямейка была гарачая. Хоць звесткі фрагментарныя, часта пераблытаныя. Але высветлена, што ў Васіля Цяпінскага быў стрыечны брат — цёзка Васіль і варагавалі яны так, што сыны аднаго з іх забілі свайго дзядзьку Васіля. Даследчыкі мяркуюць, што забіты быў менавіта асветнік. Потым забойцы напалі на сыноў забітага, калі тыя ехалі ў Полацк у гродскі суд. Дарэчы, і бацькі абодвух Васілёў, родныя браты Мацей і Мікалай, варагавалі, засталіся дакументы, што яны судзіліся «за абразу». І сыны забітага Васіля Цяпінскага, Абрам і Табіяш, ніяк не маглі падзяліць маёнтак Цяпіна. Табіяш выгнаў брата з маёнтка. Дамовіліся, што выплаціць грашовую кампенсацыю — не выплаціў. Абрам падаў у суд. Калі ў Цяпіна прыехаў суддзя Баўтрамей Банкоўскі аднавіць справядлівасць, Табіяш яго выгнаў таксама. Быў асуджаны на баніцыю — выгнанне, але нікуды не паехаў. Зразумела, гаворкі пра тое, каб працягнуць асветніцкую справу бацькі, нават не ішло.

Пуслоўскія: страты з-за людаманіі

Валоданне замкам альбо шыкоўным палацам — гэта не толькі раскоша... Але і права на атрыманне тытула. Прынамсі, Пуслоўскія, якія займелі Косаўскі палац, настойліва дамагаліся графскага звання. Трэба ж узнагародзіць сябе за высілкі! Войцех Пуслоўскі, якому дасталася Косава ад Флемінгаў, будаваў дарогі, шматлікія мануфактуры, вінакурні, млыны... Сын яго, Вандалін, быў гэткі ж прадпрымальны: дзякуючы яму з'явілася на Палессі першая фабрыка з паравым рухавіком. І палац пры ім разбудаваўся неверагодна, гаспадар нават запрасіў з Варшавы вядомага архітэктара Францішка Яшчальда. Палац мусіў быць у рыцарскім стылі. Дванаццаць вежаў па колькасці месяцаў, шкляная падлога, пад якой плавалі рыбы — відаць, па ўзоры Нясвіжскага палаца Пане Каханку. І нават, падобна Пане Каханку, Вандалін соллю ўлетку дарогу пасыпаў, каб жонка Ядвіга магла на санях праехацца.

А вось сын Вандаліна, Леанард, які ўспадчынніў палац, хоць і быў, кажуць, «непераўзыдзеным публіцыстам», то-бок, язык добра падвешаны, меў загану, якая згубіла не адзін арыстакратычны род. А менавіта быў людаманам — зацятым гульцом. Ну і выпівохам таксама лічыўся хвацкім. Вядомы цэлы шэраг судовых працэсаў з прычыны фінансавых спрэчак паміж ім і вядомым калекцыянерам Ігнаціем Корвін-Мілеўскім. Маёмасць, набытая Вандалінам, патроху растрачвалася. Урэшце дайшла чарга і да Косаўскага палаца. Па адных звестках, палац выставіў на продаж яшчэ Вандалін, каб расплаціцца з даўгамі сына. Па другіх — Леон прайграў Косава ў карты, па трэціх — «сарваўся ў Монтэ-Карла», то-бок, прайграўся ў казіно і прадаў Косава за 700 тысяч рублёў расійскаму князю Аляксандраву.

Леон памёр у 1894 годзе ва ўзросце 42 гадоў. Косаўскі палац пераходзіў з рук у рукі і занепадаў.

Песлякі: парушэнне запавету з-за цынізму

Усім вядома беларуская святыня — абраз Маці Божай Барунскай. Ён належаў ігумену базыльянскага полацкага кляштара Іазафату Бражыцу, а той падарыў абраз сваяку, пабожнаму шляхціцу Мікалаю Песляку. Песляк дзеля атрыманай святыні ў 1692 годзе заснаваў у сваіх уладаннях, у Барунах, базыльянскі кляштар і перадаў туды абраз. Паводле легенды, яму ў сне з'явілася сама Маці Божая, каб паказаць адпаведнае месца. Пясляк аддаў базыльянам ва ўтрыманне Баруны разам з жыхарамі, будынкамі ды зямлёю. У запавеце загадаў спадчыннікам пабудаваць замест узведзенага ім драўлянага каменны храм з вялікім алтаром, дзе праводзіць «рымскае і грэчаскае набажэнствы» са спевамі і музыкай.

Знайшла, аднак, звесткі, што ў 1702 годзе ў Літоўскім трыбунале разбіралася непрыемная справа, якая тычылася нашчадкаў Мікалая Песляка, Яна — яго старэйшага сына, а таксама Пятра, Васіля і Якава Песлякоў (не ведаю ступені сваяцтва, магчыма, малодшыя сыны). Ян Пясляк, згодна з запаветам бацькі, мусіў прыняць манаскі сан і завяршыць будаўніцтва каменнага храма.

Але быццам бы Песлякі грошы, сабраныя дзеля прыкрасы цудатворнага абраза (а ахвяравалі шмат), трацілі на свае п'янкі. Забіралі сабе ўвогуле ўсё, што мусіла аддавацца на ўзвядзенне каменнага храма, нават збівалі мніхаў, якія іх ушчувалі. У Баруны наведаўся мітрапаліт Леон Заленскі, але дарэмна. Урэшце п'янага Яна ўдалося ўзяць у ланцугі і адправіць на трыбунал. Нашчадкі пабожнага Мікалая Песляка абвінавачваліся ў тым, што нанеслі базыльянам урон у 300 тысяч злотых. Паводзіны Яна можна зразумець: Баруны, каб не воля бацькі, належалі б яму, а не базыльянскім мніхам. Не ведаю, наколькі гэтая гісторыя праўдзівая. У тым жа 1702 годзе, калі набліжалася шведскае войска, мніхі перадалі абраз на захаванне гетману Міхалу Вішнявецкаму ў Валожын. Але ў часы бескаралеўя ўсё магло здарыцца...

Суд пазбавіў Песлякоў права апякунства кляштара, але і спаганяць грошай з іх не сталі. У 1707-м каменны храм на месцы драўлянага быў узведзены. Руйнаваўся, аднаўляўся... Але цешыць вока і дасюль, і абраз Маці Божай Барунскай па-ранейшаму там, хоць знаўцы вядуць спрэчкі, арыгінал гэта ці копія...

Няхай жа добрыя справы бацькоў і дзядоў ніколі не рушацца з-за нядбайства нашчадкаў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.