Вы тут

Генерал-маёр Шкірэнка: Маладыя людзі ўсё часцей застаюцца ў арміі на кантрактнай аснове


Сёння пачалася адпраўка новага папаўнення ва Узброеныя Сілы і іншыя воінскія фарміраванні. Гэтай восенню прызыўнікі крыху раней, чым звычайна, пераапрануцца ў ваенную форму, прыступяць да вывучэння воінскага статута і пройдуць курс маладога байца.


Як ажыццяўляюцца мерапрыемствы прызыву падчас пандэміі, на якія прэферэнцыі, рэалізаваныя пры падтрымцы Прэзідэнта, могуць разлічваць тыя, хто адслужыў у войску, а таксама чаму сёння як ніколі важна аддаць доўг Радзіме, расказвае начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Аляксандр ШКІРЭНКА.

— Аляксандр Іванавіч, з чым звязана тое, што маладыя людзі сёлета ідуць у армію на два-тры тыдні раней, чым гэта было ў апошнія гады?

— Мерапрыемствы прызыву, як заўсёды, пачаліся пасля апублікавання Указа Прэзідэнта. Сёлета гэта адбылося ў жніўні, як і ў апошнія гады. Аднак адпраўку ва Узброеныя Сілы мы сапраўды пачалі раней. Калі ў мінулыя гады гэта была сярэдзіна лістапада, то цяпер у армію маладыя людзі пайшлі ўжо з учарашняга дня. Гэта зроблена з мэтай павышэння баявой падрыхтоўкі войскаў. На ранейшым этапе маладыя байцы пройдуць пачатковую ваенную падрыхтоўку і ўжо з новага навучальнага года (у арміі ён пачынаецца 1 снежня. — удакл. аўт.), паўнавартасна ўступіўшы ў рады Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў, пачнуць займацца па поўнай праграме. Адпаведна, што і на дэмабілізацыю яны пойдуць раней. Маладыя людзі адслужаць роўна паўтара года, хто мае вышэйшую адукацыю — год: ні больш не менш.

— Як праводзіцца прызыўная кампанія падчас чацвёртай хвалі каранавіруснай інфекцыі?

— Эпідэмічныя мерапрыемствы ажыццяўляюцца яшчэ на стадыі ваенкаматаў. Больш паглыбленае медыцынскае абследаванне прызыўнікоў крыху зацягваецца ў сувязі з загружанасцю медыцынскіх устаноў. Пасля прыбыцця ў воінскія часці каранцін для новага папаўнення не прадугледжаны: маладыя людзі ў любым выпадку на працягу месяца будуць знаходзіцца адасоблена. Вядома, працягнуцца эпідэмічныя мерапрыемствы, вайскоўцам прапануюць вакцынавацца. Ніхто нікога прымушаць не будзе: прышчапіцца можна будзе па ўласным жаданні. Гэта ўжо не першы прызыў ва ўмовах пандэміі. Мы робім усё дзеля таго, каб піка захваральнасці ў арміі не адбылося.

— Ці прадугледжана спыніць або абмежаваць наведванні вайскоўцаў роднымі?

— Да прыняцця прысягі сустрэчы з блізкімі традыцыйна забароненыя. Далейшае рашэнне па наведванні будзе прынята зыходзячы з абстаноўкі, якая на той час складзецца ў краіне. Першая прысяга ва ўмовах пандэміі прайшла без прысутнасці родных вайскоўцаў, але мы максімальна інфармавалі іх сем'і: вяліся прамыя трансляцыі з месцаў прысягі, выкладваліся ў інтэрнэце відэа. Вясной прысяга праходзіла ўжо ў звычайным фармаце. З папраўкай на масачны рэжым.

— Пераходзячы ад часовых да больш глабальных праблем... Яшчэ некалькі гадоў таму ў армію ішлі дзеці 1990-х. Адпаведна, улічваючы нізкую нараджальнасць у канцы мінулага стагоддзя, адчуваўся недахоп прызыўнікоў. Ці змянілася сітуацыя, калі сталі прызывацца маладыя людзі, якія з'явіліся на свет ужо ў новым стагоддзі?

— Кардынальна сітуацыя не памянялася. Мы па-ранейшаму знаходзімся на самым дне дэмаграфічнай ямы. Паступова падымацца ўверх пачнём прыкладна толькі ў 2025 годзе. Дэмаграфічная абстаноўка таго часу не толькі адбіваецца на колькасных паказчыках у арміі. Яна яскрава праглядаецца і падчас уступнай кампаніі ў ВНУ, калі жадаючых вучыцца з кожным годам становіцца ўсё менш. Для нас гэта не з'яўляецца вялікай праблемай: дастатковая колькасць прызыўнікоў ідзе на службу па кантракце. Застаюцца ў войску і тыя, хто пасля заканчэння тэрміновай службы ўжо павінен звальняцца. Больш чым 30 % пасад сяржантаў сёння ўкамплектавана ваеннаслужачымі па кантракце.

— Гэта таксама своеасаблівае ноў-хау, калі вы прапаноўваеце прызыўнікам замест тэрміновай службы адразу ісці ў войска на кантрактнай аснове...

— У свой час тыя, хто ішоў на службу ў міліцыю або ў МНС, вызваляліся ад тэрміновай службы ў войску. Атрымлівалася, што ў гэтым плане Узброеныя Сілы заставаліся абдзеленыя. Таму было прынята рашэнне прапанаваць прызыўнікам замест тэрміновай службы адразу служыць па кантракце, але два гады. Гэтыя змяненні ў заканадаўства былі ўнесены яшчэ ў 2014 годзе, але актыўна такой прывілеяй маладыя людзі не карысталіся. Цяпер многія зацікаўленыя застацца ў арміі прафесійна. Некаторыя нават перажываюць, што ў сувязі са сваім станам здароўя або маральна-дзелавымі якасцямі непрыдатныя для кантрактнай службы. Аднаго жадання мала. Ёсць воінскія часці, дзе конкурс на адно месца складае пяць чалавек.

— А як спрацавала новаўвядзенне мінулай прызыўной кампаніі, калі вы прапанавалі студэнтам-аграрыям «закрыць» сваё пытанне з арміяй падчас летніх канікулаў? Ці з ахвотай будучыя спецыялісты сельскагаспадарчага профілю карыстаюцца такой магчымасцю?

— Першы этап службы ў войску гэтым летам ужо прайшлі 50 студэнтаў аграрных ВНУ. Гэтую практыку мы будзем працягваць. Чалавек, які мэтанакіравана рыхтуецца да работы ў сельскай гаспадарцы, павінен там пэўны час і адпрацаваць. Калі ж мы яго пасля заканчэння ВНУ або сярэдняй спецыяльнай установы адразу адпраўляем у армію, то праз год-паўтара, як правіла, у сельскай гаспадарцы спецыяліст ужо будзе незапатрабаваны.

— На працягу многіх гадоў атрыманне адукацыі з'яўляецца самым папулярным відам адтэрміноўкі...

— Сапраўды, гэта звыш 80 % ад усіх адтэрміновак. Цяпер малады чалавек прызыўнога ўзросту адтэрміноўку на атрыманне адукацыі можна выкарыстаць аднакратна. Гэта звязана з тым, што многія людзі карысталіся магчымасцямі адукацыі, каб проста не служыць у арміі. Адна ступень адукацыі, другая, трэцяя — і маладому чалавеку спаўнялася 27 гадоў, па дасягненні якіх у армію не прызываюць. А калі і заставаўся яшчэ нейкі час, то гэта таксама не было яму на карысць: пасля 25 гадоў мужчынам цяжка ісці ў армію. У 18 гадоў, калі арганізм фарміруецца, армейскае асяроддзе іх толькі загартоўвае. У такім узросце лягчэй адаптавацца да службы. І чым раней малады чалавек выканае свой доўг перад Радзімай, тым больш упэўнена ён зможа планаваць сваё далейшае жыццё. Выключэннем з'яўляюцца будучыя ўрачы. Раней, атрымаўшы дыплом, выпускнік медыцынскіх ВНУ прызываўся ў армію. А ўрачом ён стане толькі тады, калі на працягу года пройдзе інтэрнатуру. Атрымлівалася, калі мы яго прызывалі ў армію, чалавек траціў сваю кваліфікацыю. Цяпер гэтыя людзі вызваляюцца ад службы ў войску. Гэта для нас некрытычна. Усе медыкі падчас свайго навучання праходзяць ваенна-медыцынскую падрыхтоўку і выпускаюцца лейтэнантамі медыцынскай службы запасу.

— Не сакрэт, што нямала маладых людзей з'ехала з краіны. Большасць з іх не выканала свой абавязак перад Радзімай. Што іх чакае пасля вяртання ў Беларусь?

— Калі людзі з'ехалі для пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь афіцыйна (гэта значыць атрымалі пашпарт серыі РР), яны здымаюцца з воінскага ўліку і ніякіх пытанняў у нас да іх не ўзнікае. Тыя, хто знаходзіцца ў іншых краінах неафіцыйна, адпаведна, ухіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву. Заканадаўствам прадугледжана, што калі чалавек з якіх-небудзь прычын не з'яўляецца ў ваенкамат і яго не могуць адшукаць на тэрыторыі нашай краіны, ён уносіцца ў базу даных на абмежаванне права выезду. Гэта азначае, што як толькі малады чалавек вяртаецца ў Беларусь, назад ён ужо не выедзе. Акрамя таго, распачынаецца крымінальная справа за ўхіленне ад воінскай службы. Адметны факт: у большасці выпадкаў маладыя людзі, якія не хочуць служыць, з'яўляюцца непрыдатнымі па стане здароўя.

— У свой час шырокі рэзананс выклікала прыняцце закона «Аб альтэрнатыўнай службе». Ці запатрабаваны такі від службы ў маладых людзей?

— За вясенні прызыў на альтэрнатыўную службу па ўсёй краіне былі накіраваны 10 чалавек. Як правіла, гэта тыя людзі, якія не могуць выконваць воінскі абавязак паводле рэлігійных перакананняў. Аднак шмат прыкладаў і таго, калі маладыя людзі адмаўляюцца ад альтэрнатыўнай службы і ідуць служыць ва Узброеныя Сілы. Ёсць у нас катэгорыя людзей, якая ваенную прысягу не прымае. У той жа час яны вельмі добрасумленна выконваюць свае абавязацельствы.

— Прыярытэтам у прызыўнікоў на працягу многіх гадоў карысталіся сілы спецыяльных аперацый, паветрана-дэсантныя войскі, разведка. Ці не змяніліся ў маладых людзей перавагі?

— Прызыўнік — малады чалавек, у якога ў душы вельмі шмат рамантыкі. А яна, на іх думку, характэрная менавіта для пералічаных воінскіх падраздзяленняў. На дадзены момант вялікім попытам у прызыўнікоў карыстаецца «айці-рота». Аднак туды можа трапіць не кожны: патрэбна падыходзіць па здароўі, мець адпаведную адукацыю і вопыт работы. Выбіраем толькі найлепшых! Калі ў спецназ ідуць больш фізічна моцныя хлопцы, то ў «айці-роту» — «галавастыя».

— Цяпер для тых, хто адслужыў у арміі, дзейнічае шмат прывілей...

— І адна з іх — захаванне рабочага месца: чалавека, які звольніўся, абавязаны ўзяць на тое ж месца, з якога ён сыходзіў на ваенную службу. Гэта і пазаконкурснае залічэнне пры паступленні ў Ваенную акадэмію і шэраг грамадзянскіх навучальных устаноў пры сярэднім бале атэстата «шэсць» і больш, і бясплатныя курсы для падрыхтоўкі да паступлення ў ВНУ, і першачарговае выдзяленне інтэрната падчас навучання. Калі чалавек выплачвае крэдыт, то на перыяд службы ў войску выплаты прыпыняюцца. Іншае пытанне — не заўсёды маладыя людзі, якія адслужылі ў войску, ведаюць свае правы.

— А ці правільна гэта — служыць Айчыне за бонусы?

— Чалавек, які выконвае свой канстытуцыйны абавязак, павінен нешта атрымаць узамен. Тыя, хто ў армію не пайшоў, працуюць, зарабляюць грошы, атрымліваюць пэўныя льготы. Вайсковая служба мае свае абмежаванні, таму пэўная кампенсацыя павінна быць. Вельмі востра стала пытанне, калі паднялі страхавы стаж. Многія абураліся: чаму тэрміновая служба ў яго не залічваецца? Некалькі гадоў таму мы аднавілі справядлівасць, і цяпер час, праведзены ў арміі, абавязкова залічыцца пры налічэнні пенсіі ў будучыні.

— З бягучага навучальнага года ва ўсіх школах краіны з'явіліся спецыялісты, адказныя за ваенна-патрыятычнае выхаванне. У большасці гэта афіцэры запасу...

— Дадзенае пытанне доўга прасоўвала Міністэрства абароны. Я асабіста шмат ездзіў па ваенкаматах і школах. І, на мой погляд, было няправільна, што дапрызыўную падрыхтоўку ў некаторых з іх вялі жанчыны, якія ў арміі не служылі. Цяпер усё памянялася. Акцэнт — на выхаванні патрыётаў. І самая вялікая карысць у гэтым — ад энтузіястаў сваёй справы.

— Пасля трагічнай гісторыі ў Печах, якая адбылася некалькі гадоў таму, ці трымаюцца на кантролі нестатутныя адносіны ў арміі?

— Яны і раней кантраляваліся. Цяпер у тым ліку. Печы сёння — як піянерскі лагер. Салдаты, якія там пабывалі, просяцца застацца ў вайсковай часці на службу па кантракце. У бацькоў няма падстаў для хваляванняў. Тым больш, у тых жа Печах маладыя людзі атрымліваюць спецыяльнасць, якая потым можа спатрэбіцца ім і ў далейшым жыцці.

— Сітуацыя ў свеце вымушае яшчэ раз гаварыць пра тое, наколькі важна сёння ўмець абараняць Айчыну. І калі некаторыя маладыя людзі ў гэтым яшчэ сумняваюцца, то відавочна, што бацькі толькі за тое, каб іх дзеці адслужылі ў войску...

— Справа яшчэ і ў тым, што памянялася пакаленне. Яшчэ гадоў пяць таму ў армію, як правіла, ішлі дзеці, чые бацькі ў арміі не служылі. Быў развал Савецкага Саюза, скарачалась колькаснасць Узброеных Сіл... Цяпер ідуць дзеці таго пакалення бацькоў, якія ў свой час выканалі абавязак перад Радзімай. Ва ўсе часы было важна адслужыць у войску. Кожны мужчына павінен умець трымаць у руках зброю, абараніць пры неабходнасці хоць бы свой дом, сваю сям'ю. А калі ён будзе здольны на гэта, то і за Радзіму не страшна.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: БелТА

Загаловак у газеце: «Ва ўсе часы было важна адслужыць у войску»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.