Вы тут

Што вядома аб беларускіх продках Дастаеўскага


Што мы ведаем аб продках Фёдара Міхайлавіча? Ганна Рыгораўна Дастаеўская напісала ў 1897 годзе свяшчэнніку ў сяло Дастоева на Берасцейшчыне: «Мой нябожчык муж Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі шмат разоў гаварыў мне, што ягоны род паходзіць у (гістарычнай) Літве ад пінскага маршалка Дастаеўскага, абранага ў сейм у 1598 г. Пётр Дастаеўскі і ягоныя нашчадкі жылі ў Дастоеве». Ганна Рыгораўна прасіла даслаць ёй звесткі аб продках Дастаеўскага, якія захаваліся ў царкоўных кнігах. Мы не ведаем, ці атрымала Ганна Рыгораўна якія-небудзь звесткі з Дастоева...


Ужо ў наш час беларускі літаратуразнавец Сямён Букчын правёў архіўныя росшукі інфармацыі аб продках Дастаеўскага, у тым ліку ім былі даследаваны Літоўская метрыка, пісцовая кніга Пінскага староства, акты Віленскай археаграфічнай камісіі.

Першай з датаваных дакументаў была грамата, выдадзеная 6 кастрычніка 1506 года пінскім князем Фёдарам Іванавічам Яраславічам роданачальніку Дастаеўскіх Данілу Іванавічу Ірцішчаву на валоданне сялом Дастоевым паміж рэкамі Пінай і Ясельдай: «А дали есмо тому нашему боярину тое именье со всем с тым, што из старины к тем дворищом прислухало, с землями пашными и з бортными, и з их ловы, и з реками, и з луги, и з сеножатьми, и з езы, и з озёры и со всех тых земель входы. А волен тот боярин наш в том своём именьи, в данине нашей двор собе поселити, и пашню вчинити, и млыны сыпати... А людям его подводы не давати, а ни в облаву не ходити, и ни повозу не визити. А дали есмо тое именье тому нашему боярину вечно и непорушно, ему и его жоне, и их детем, и их счадком».

Такім чынам, нашчадкі Данілы Ірцішчава з гэтага часу назаўсёды становяцца Дастаеўскімі. Ягонаму сыну, Сямёну Данілавічу Дастаеўскаму, у сувязі з жаніцьбай «пацвярджальную грамату» выдае каралева Бона. Фёдара Іванавіча Дастаеўскага, «земяніна Пінскай харугвы», называе сваім «упаўнаважаным прыяцелем» Андрэй Курбскі, які збег з Масквы ў Літву.

Брат Фёдара, Стэфан, атрымлівае ад караля Стэфана Баторыя прывілей на мінскі Узнясенскі праваслаўны манастыр: «...и того монастыра со всим спокойне ужывати, аж до живота своего». Але валодаў Стэфан ім нядоўга: мітрапаліт кіеўскі Ілья і кашталян мінскі Ян Глябовіч паскардзіліся каралю, што Дастаеўскі, з'яўляючыся чалавекам свецкім і «да таго ж закону не грэчаскага», даходамі карыстаецца, а аб кіраванні манастыром не клапоціцца: «Только дей для пожитку своего тот монастыр держит, а фала божья никгды в нём водле закону греческого полнена не бывает».

Прадстаўнік чацвёртага пакалення роду Пётр Дастаеўскі — маршалак Пінскага павета і член Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта яго згадвала ў пісьме Ганна Дастаеўская. «Па сваім становішчы, — пісаў гісторык Кірпоцін, — павятовыя маршалкі стаялі высока, іх далейшым павышэннем з'яўлялася сенатарскае крэсла, яны былі галоўнымі правадырамі дваранскага апалчэння свайго павета і іншы раз разбіралі справы, якія падлягалі дворнаму каралеўскаму суду».

Дарэчы, сесіі Галоўнага трыбунала праходзілі раз на год у самым старажытным і моцным замку Вялікага Княства Літоўскага — Наваградскім.

Стэфан Дастаеўскі падпісваўся па-беларуску, Пётр — па-польску...

Пражываць і растрачваць маёмасць продкаў пачаў Бенедыкт Пятровіч Дастаеўскі. У другой палове XVІІ стагоддзя на Дастоеве ўжо была пазыка ў восем тысяч злотых. Маёнтак сына Бенедыкта Рамана — Востраў — быў разрабаваны. Дарэчы, у Пушкінскім доме Акадэміі навук Расіі захоўваецца старажытнае Евангелле, якое яму належала.

З XVІІ стагоддзя сярод продкаў Фёдара Дастаеўскага адзначаюцца асобы духоўнага звання, найбольш вядомы з іх іераманах Кіева-Пячэрскай лаўры Акіндзій Дастаеўскі. Трэба сказаць, менавіта ў XVІІ стагоддзі выявілася моцнае ўнутранае супраціўленне рэлігійнай Брэсцкай уніі 1596 года, па якой ушчамляліся правы праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Многія нашчадкі беларускай і ўкраінскай шляхты ішлі ў служыцелі праваслаўя.

У XVІІІ стагоддзі продкі Фёдара Дастаеўскага жылі пераважна на Украіне, прадзед пісьменніка быў свяшчэннікам у Брацлаве на Падоллі. Можна сказаць, што Дастаеўскія ў XVІІ — XVІІІ стагоддзях прайшлі той жа шлях, што і пераважная большасць засцянковай шляхты ВКЛ — здрабненне, страта маёнткаў, правоў і багацця. Заставалася толькі памяць аб былой велічы, аб гордых продках, якія адным голасам маглі заблакіраваць любое рашэнне сейма.

Алесь КАЖАДУБ

Загаловак у газеце: Родам ад Данілы Ірцішчава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».