Вы тут

Сексолаг пра далікатную мужчынскую праблему і ролю жанчыны


Ужо даўно выкрыты міфы, што праблемы з патэнцыяй бываюць толькі ў мужчын старэйшага ўзросту. Сёння ўрачы ўсё часцей бачаць на прыёме маладых пацыентаў. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на эрэктыльныя парушэнні скардзіцца кожны дзясяты мужчына ва ўзросце 21—29 гадоў, у 30—35 гадоў — кожны пяты, у 40—70 гадоў — амаль кожны другі. Такія маштабы праблемы на сёння, а па прагнозах экспертаў у найбліжэйшыя 25 гадоў гэтыя лічбы могуць падвоіцца. Пра тое, з чым звязаны гэтыя праблемы, асабліва ў маладых мужчын, і наколькі важна з імі спраўляцца своечасова, «Звяздзе» расказаў сексолаг Максім ПАДАЛЯК.


Фота: pixabay.com

— Максім Віктаравіч, што такое эрэктыльная дысфункцыя? Як яна сябе праяўляе?

— Гэта збіральны тэрмін, і калі расшыфроўваць яго даслоўна, гэта парушэнне функцыі ў выглядзе страты ці зніжэння эрэкцыі. Раней гэта называлася зніжэннем патэнцыі ці імпатэнцыяй, яшчэ называюць палавым бяссіллем. Можа праяўляцца як да пачатку палавога акта, калі мужчына ў цэлым не можа яго завяршыць, так і падчас, калі ў мужчыны змяншаецца эрэкцыя. Або гэта можа быць няпоўнае напружанне палавога члена, з-за чаго палавы акт ускладнены ці становіцца немагчымым.

— У якім узросце гэта здараецца?

— Ёсць фізіялагічнае праяўленне дысфункцыі ў мужчын, калі з-за ўзросту зніжаецца ўзровень гармонаў, які рэгулюе палавое жаданне, адпаведна зніжаецца палавая актыўнасць. У некаторых гэта наступае толькі пасля 70, у кагосьці — пасля 50, тут усё індывідуальна. Шмат выпадкаў, калі мужчына захоўвае сваю функцыю на працягу усяго жыцця.

Аднак сярод нашых пацыентаў нямала і маладых фізічна здаровых мужчын 20—30 гадоў. Род іх заняткаў цяпер распаўсюджаны — работа за камп'ютарам. З аднаго боку, гэта сядзячы лад жыцця, з-за чаго парушаецца кровазварот органаў таза, у тым ліку і палавых. З іншага — гэта трывогі, страхі, стрэсы, характэрныя для маладых людзей, якія імкнуцца да поспеху і заробку грошай, шмат часу надаюць рабоце. У іх такія праблемы ўзнікаюць часта. Тут асноўная прычына — не ўзрост і нават не наяўнасць саматычных хвароб. Хоць і яны адыгрываюць немалую ролю: цукровы дыябет, розныя сардэчна-сасудзістыя хваробы, гарманальныя парушэнні таксама прыводзяць да зніжэння патэнцыі. Аднак у дадзеным выпадку на першы план выходзяць псіхалагічныя праблемы. Гэтыя маладыя людзі па сваіх асабовых якасцях дастаткова трывожныя і надумлівыя. І, аднойчы зведаўшы няўдачу ў інтымных адносінах, яны на ёй фіксуюцца.

Уплываюць і розныя фільмы для дарослых, дзе мужчыны добра праяўляюць свае магчымасці, але ніхто не ўлічвае, што часцей за ўсё акцёры прымаюць спецыяльныя прэпараты. І ў галаве ёсць пэўны ідэал, такі малады чалавек адчувае сябе моцным і энергічным, ускладае на сябе шмат спадзяванняў, ідэалізуе сваю сексуальнасць, а на справе так не атрымліваецца. Гэта выклікае ў яго трывогу, бо трывожна-надумлівыя асобы баяцца ацэнкі з боку жанчыны. І вельмі на гэтым зацыкліваюцца. Кожны раз гэтыя перажыванні дубліруюцца, і такія мужчыны дастаткова часта адчуваюць палавое бяссілле. У выніку звяртаюцца па дапамогу. Прыходзіць у такім выпадку трэба да сексолага — спецыяліста, які працуе з псіхалагічным фактарам.

— Якую ролю ў гэтым адыгрывае партнёрша? Ці можа жанчына быць прычынай палавога бяссілля?

— Жанчына — не, прычынай могуць быць адносіны мужчыны і жанчыны. Канфлікты і нежаданне жанчыны інтымных адносін або прыніжэнне мужчынскай годнасці ўзмоцняць праблему. Тут патрэбны добрыя, роўныя адносіны, пабудаваныя на ўзаемаразуменні і даверы, а сёння гэта не так часта сустракаецца. Інтым у пары з'яўляецца, калі яшчэ не выбудаваны даверлівыя адносіны, як правіла, праз некалькі тыдняў ці месяцаў. Я ўжо не кажу пра выпадковыя сувязі, якія часта здараюцца пад уплывам алкагольнага ап'янення, калі мужчына адчувае сябе разняволеным, лягчэй выбудоўвае камунікацыю, адчувае энергію, але пры гэтым палавая здольнасць з-за алкаголю зніжаецца.

Жанчына можа садзейнічаць паляпшэнню палавога жыцця мужчыны, нават проста праявіўшы разуменне. Бо, як я адзначаў, у мужчыны гэта можа адбывацца з-за стрэсаў, якія ён адчувае на рабоце. Часам я рэкамендую пацыентам паспрабаваць спачатку наладзіць адчувальны кантакт без абавязацельстваў працягу: абдымкі, пацалункі, дакрананні, што знімае трывогі і напружанне, чалавек фіксуецца на адчуваннях, адчувае партнёра. Гэта напалову вырашае праблему, калі для мужчыны не стаіць задача абавязкова паказаць сябе малайцом. На такім узроўні таксама ўзнікаюць розныя прыемныя адчуванні, пры гэтым мужчына расслабляецца, і яго функцыя аднаўляецца. І ён будзе больш разняволена адчуваць сябе падчас палавога акта.

— А калі гэта не дапаможа?

— Ёсць два найбольш распаўсюджаныя метады лячэння псіхалагічных праблем —медыкаментозны і псіхатэрапеўтычны. Медыкаментозны дазваляе зняць трывогі і страхі. І на гэтым фоне ў мужчыны можа аднавіцца функцыя. А для замацавання выніку праводзіцца псіхатэрапія, каб чалавек усвядоміў прычыны сваіх трывог, прапрацаваў іх, трансфармаваў і выпрацаваў больш пазітыўныя ўстаноўкі, каб такая сітуацыя ў будучыні не паўтаралася. І каб гэта не выклікала трывог, нават калі ён адчувае зніжэнне эрэктыльнай функцыі.

У прынцыпе для мужчыны нармальна, калі пасля 30 гадоў эрэкцыя зніжаецца. У адным рэжыме яна захоўваецца толькі ў падлеткаў пры іх гіперсексуальнасці. У мужчын больш старэйшага ўзросту, безумоўна, будзе зніжэнне, і з-за сваёй трывожнасці некаторыя бурна на гэта рэагуюць. Таму псіхатэрапія накіравана на тое, каб змяніць стаўленне да гэтай праблемы.

— Трывожнае жыццё ў стрэсе, здаецца, адмыслова культывуецца некаторымі работадаўцамі...

— Трывожныя, надумлівыя людзі найбольш выгадныя ў сучаснай эканоміцы. У заходніх краінах нездарма вельмі папулярная групавая псіхатэрапія, у кожнага ёсць свой асабісты псіхатэрапеўт. Менеджары сярэдняга звяна ці кіруючы састаў адмыслова набіраюць такіх людзей: адказных, здольных за ўсё перажываць, засяроджаных на поспеху, у тым ліку фінансавым. Гэта такі склад асобы, але ён распаўсюджваецца не толькі на работу, але і на іншыя сферы жыцця. Сярод маладых людзей сучаснага пакалення гэта вельмі частая з'ява.

— Калі мы ўжо закранулі медыкаментознае лячэнне, то што вы думаеце наконт такіх прэпаратаў, як «Віягра»? Ці варта імі карыстацца?

— У аптэчнай сетцы шмат яе аналагаў. Прычым часта мужчыны не звязваюць тыя прэпараты, якія прымаюць, з ёй, хоць гэта, па сутнасці, тое ж самае, маўляў, я яшчэ не настолькі дрэнны, каб яе прымаць. Асноўнае паказанне для прыёму гэтых прэпаратаў — пагаршэнне патэнцыі, звязанае з парушэннем кровазвароту. Таму прымяняюцца яны дастаткова шырока, але не заўсёды апраўдана, прычым не столькі з-за негатыўных пабочных эфектаў, колькі псіхалагічных.

Такі прэпарат, нават калі мужчына нічым не хварэе, паляпшае патэнцыю. І ўзнікае псіхалагічная сувязь, што толькі гэтыя таблеткі дапамагаюць. І мужчына пачынае іх прымаць пастаянна. На самай справе ў яго арганізме няма такіх парушэнняў, якія б патрабавалі прыёму прэпаратаў. Хутчэй яны дзейнічаюць як плацэба: мужчына адчувае трывогу і здымае яе таблеткай. І працягвае прымаць на працягу жыцця, пакуль праблема не становіцца істотнай і прэпарат не перастае дзейнічаць з-за з'яўлення іншых хвароб ці з-за таго, што трывога ўзяла верх. Насамрэч прэпарат і не патрэбен быў — дастаткова было ліквідаваць трывожны фактар.

— Колькі часу патрэбна, каб пазбавіцца трывогі?

— Медыкаментознае лячэнне пры дапамозе антыдэпрэсантаў доўжыцца ў сярэднім месяц-два. На псіхатэрапію людзі рэагуюць па-рознаму. Некаторыя маладыя людзі адразу кажуць, што скептычна да яе ставяцца. Часта з псіхалагічных методык на тэлеканалах робяць шоу, што, канешне, зніжае давер. Безумоўна, важная матывацыя — наколькі чалавек настроены выконваць рэкамендацыі ўрача. Часта прыходзяць маладыя людзі, якія хочуць, каб праблема вырашалася імгненна чароўнай таблеткай. Урач дае рэкамендацыі, праз тыдзень пацыент кажа «не дзейнічае» і бяжыць да іншага ўрача. Той прызначае сваё лячэнне, праз тыдзень яно зноў «не працуе», і пацыент аказваецца ў трэцяга доктара, і так па коле. Таму важна разумець: калі хочаце атрымаць вынік, трэба набрацца цярпення. Праблема нарадзілася не ўчора, і справіцца з ёй за кароткі час не атрымаецца. Для адных патрэбен месяц, для іншых — некалькі месяцаў.

— Ці могуць быць праблемы з інтымнымі адносінамі ў жанчын?

— Адна з іх — зніжэнне палавога жадання пасля родаў, вельмі распаўсюджаная з'ява. Мы прызвычаіліся ставіцца да сексу як да псіхалагічнага феномену. І забываем, што гэта адна з нашых асноўных біялагічных функцый. Чалавек так устроены, што ён мусіць пакінуць патомства. Прычым гэта датычыцца не толькі чалавека, але і іншых жывых істот. Гэта функцыя выпрацавана эвалюцыйна і ўшыта ў арганізм чалавека. І таму мужчына пры ўзнікненні праблем у палавым жыцці так рэагуе, бо адчувае сваю нікчэмнасць, і гэта яго моцна бянтэжыць.

Для жанчыны задача крыху іншая — нарадзіць і вырасціць дзяцей. Нельга, канешне, сказаць, што толькі жанчына іх гадуе, але тое, што жанчына корміць дзіця, — адна з яе асноўных задач. Што адбываецца падчас нараджэння і груднога кармлення? Для прыроды жанчына на гэты час мусіць быць выключана з палавога працэсу. І як дзейнічае арганізм у гэтай сітуацыі? Ёсць гармон пралактын, які вылучаецца гіпофізам. Пасля родаў колькасць яго павышаецца, ён стымулюе выдзяленне груднога малака. Пры гэтым зніжаецца выпрацоўка тэстастэрону, які з'яўляецца асноўным рэгулятарам палавога жадання — яно, адпаведна, зніжаецца.

— Што ў такім выпадку рабіць і ці трэба нешта рабіць?

— У ідэале не трэба. Важна спакойна выканаць сваё прызначэнне, пасля грудное кармленне скончыцца, знізіцца пралактын, і павысіцца тэстастэрон, адновіцца палавое жаданне. Але жанчына жыве з партнёрам, у якога няма такіх праблем. І ён не вельмі разумее, што адбываецца, і хоча працягу інтымных адносін — каб усё было як і раней. Часам жанчына і сама з-за гэтага сумуе: здаецца, што ўсё страчана, бо яна перастае адчуваць палавое жаданне і атрымліваць задавальненне. З іншага боку, страшна, што мужчына згубіць да яе цікавасць, бо яна не рэагуе на яго сексуальную прадпрымальнасць. Што рабіць у такім выпадку? Найперш рэкамендуецца не ўступаць у інтымныя адносіны месяц-два пасля родаў, як раяць урачы-гінеколагі. На такі выпадак ёсць рэкамендацыі пазбягаць палавога акта з пранікненнем, замяняць яго іншымі формамі.

Пасля гэтага тэрміну, нягледзячы на тое, што ў жанчыны недастаткова палавога жадання, некаторыя аднаўляюць інтымнае жыццё, каб падтрымаць партнёрскія адносіны і не даць мужу збегчы. На мой погляд, гэта не зусім правільна, і ў нас гэта адбываецца з-за недахопу інфармаванасці і ўзаемаразумення. Як бы там ні было, для інтымных адносінаў пасля родаў жанчына павінна быць падрыхтаваная — напрыклад, прымяняць лубрыканты, інакш палавы акт будзе балючы. Для жанчыны гэта даволі траўматычна, узмацняе трывогу і страх. Каб папярэдзіць такія сітуацыі, патрабуецца больш доўгая прэлюдыя, мужчына павінен удзяляць больш увагі, праяўляць сваю дабрыню, разуменне і цярплівасць. Можна выкарыстоўваць лубрыканты, мяняць позы — тут мужчына павінен іграць на карысць жанчыны.

— Ці можа зніжацца палавое жаданне ў жанчын з узростам?

— Як вядома, жанчына перажывае клімакс. Ён суправаджаецца змяненнем гарманальнага фону, палавое жаданне можа таксама знізіцца, але функцыя ў жанчыны ўсё роўна не знікае. Можа зніжацца эластычнасць палавых органаў і ўвільгатненне, але для гэтага таксама існуюць дапаможныя сродкі. Калі жанчына не хоча інтымных адносін, тут важна дамовіцца з партнёрам. Бо ў адваротным выпадку гэта будзе выглядаць як гвалт: кожны раз жанчына будзе ісці на ўступкі і перажываць непрыемныя адчуванні. Тут таксама важны ўзровень даверу і ўзаемаразумення паміж мужам і жонкай і ўменне дамаўляцца.


Каранавірус можа выклікаць эрэктыльную дысфункцыю

Пасля перанесенага COVІD-19 рызыка эрэктыльнай дысфункцыі можа павялічвацца ў 5,6 раза, паведамляе расійскі тэлеканал РБК.

Гэта праблема можа датычыцца як людзей старэйшага ўзросту, так і маладых. Уролагі кажуць, што дакладна сцвярджаць наконт пагаршэння патэнцыі пакуль нельга, аднак тое, што каранавірусная інфекцыя абвастрае ў мужчын хранічныя хваробы, у прыватнасці хранічны прастатыт, — факт. А на фоне яго абвастрэння зніжаецца лібіда.

Эксперты сцвярджаюць, што на патэнцыю ўплываюць розныя фактары: ад стрэсу да агульнага стану арганізма і самаадчування. Каранавірусная інфекцыя — вельмі цяжкая хвароба. А сексуальная функцыя ў мужчын можа быць рэалізавана толькі пры поўным здароўі. Гэта ж не дыхальная ці стрававальная функцыі, якія неабходны для выжывання, і яна працуе, калі ў парадку ўсё астатняе.

У маі вучоныя з Маямі высветлілі, што каранавірус захоўваецца ў тканках мужчынскага палавога органа доўгі час. Дзіўнага тут нічога няма, бо гэты вірус знаходзілі ў розных частках цела тых, хто перанёс COVІD-19. У тых, хто раней перахварэў, была дысфункцыя эндатэлію, які рэгулюе тонус сасудаў. Каранавірус выклікае запаленне эндатэлію — тканкі, якая высцілае кравяныя і лімфатычныя сасуды. Запаленне можа выклікаць закупорку крывяносных сасудаў, што прыводзіць да зніжэння прытоку крыві да палавога органа, а як вынік — эрэктыльная дысфункцыя.

Між тым расійскія вучоныя лічаць, што для пацвярджэння залежнасці ад COVІD-19 эрэктыльнай дысфункцыі неабходна правесці больш маштабныя даследаванні.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Маю жаданне, але не маю магчымасці...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

У адказе за гістарычную памяць

У адказе за гістарычную памяць

«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны».

Грамадства

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Бібліятэк, што функцыянуюць не ў цэнтральных сядзібах, не ў аграгарадках, а ў значна меншых населеных пунктах, ужо амаль не засталося.

Грамадства

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

Найлепшым спосабам прафілактыкі з'яўляецца прышчэпка ад COVІD-19.