У любога чалавека надыходзіць той момант у жыцці, калі з раніцы адчуваецца недамаганне, стомленасць, нават не зрабіўшы найменшых высілкаў у працы. І ў галаве круціцца: «Усё, больш не магу, няма ніякіх сіл» . Гэта здараецца, бо ў людзей ёсць адна небяспечная звычка — мы любім аддаваць апошняе. У энергетычным сэнсе — цалкам аддаваць сябе працы, просьбам і праблемам іншых. Асабліва жанчыны імкнуцца з усіх сіл дапамагаць, забываючы пра сябе: пра свае жаданні і патрэбы. І ў гэтым выпадку мы застаемся цалкам спустошаныя. Каб быць паспяховым, iнiцыятыўным, чалавеку патрэбна энергiя. Гэта ключавы фактар для дасягнення поспеху, моцнага здароўя i дабрабыту. Калі праблема заключаецца толькi ў вашым псіхалагічным стане, вы можаце самі справіцца з гэтым дыскамфортам. Для гэтага неабходна зусім няшмат.
Статыстыка: ад сіндрому хранічнай стомленасці ў свеце пакутуюць каля 17 мільёнаў чалавек. Паводле ацэнак спецыялістаў, яшчэ ў столькіх жа захворванне не дыягнаставана.
Сімптомы — пастаянны заняпад сіл, галаўныя болі, бяссонніца, апатыя і дрымотнасць. Такім чынам арганізм вам паведамляе, што сілы на зыходзе, папярэджвае, каб вы канчаткова не згарэлі ад напружання.
Вось некалькі яркіх сімптомаў, што вы губляеце свае сілы:
1. Вас усё раздражняе. Раздражняльнасць — гэта назапашаны дыскамфорт. Раздражняльнасць можа адчуваць кожны чалавек. І гэта далёка не заўсёды — нагода для трывогі. Турбавацца варта, калі гэта перашкаджае нармальнаму жыццю: абцяжарвае працу, псуе зносіны з блізкімі людзьмі, пазбаўляе радасці. Гэта значыць, што вам занадта доўга было непрыемна, але вы цярпелi, стрымлiвалi пачуццё незадаволенасці. І вось арганізм праз гнеў паведамляе вам, што пара змяніць сітуацыю — заявіць пра свае патрэбы, паставіць сябе на 1-е месца.
Факт: Ваш псіхалагічны і фізічны стан напрамую залежыць ад вашага распарадку дня, звычак, харчавання, фізічнай нагрузкі i ўзроўню стрэсу.
2. Вы хварэеце. Мабыць, гэта магчымасць арганізма данесцi, што сапраўды пара спыніцца і зрабіць перапынак. Менавіта праз фізічнае недамаганне: галаўны боль, галавакружэнне, слабасць і прастуды, цела інфармуе, што сілы сканчаюцца. У выпадку з псіхасаматычнымі захворваннямі, неабходна лячыць не цела, а прычыну, якая выклікала захворванне цела. А прычына знаходзіцца ў галаве — і пакуль чалавек не пазбавіцца, напрыклад, ад падвышанай трывогі, не навучыцца спраўляцца з яе праявай, да таго часу будзе працягвацца недамаганне. Таму пры любым непрыемным адчуваннi варта адразу ж паклапаціцца пра сябе.
3. Лянота. Калі вам здаецца, што вас проста адолела лянота, але раней такога ніколі не было, то справа тут зусім не ў ляноце. Псіхолагі лічаць, што лянота — ахоўная рэакцыя арганізма ад ператамлення. Іншая ж справа, калі не хочацца зусiм нічога.
Факт: Увосень і ўвесну пры авітамінозе чалавек стамляецца хутчэй. Таму дазваляйце сабе часцей адпачываць — і вашы сілы адновяцца.
Галоўнае зразумець: што робіць вас слабым, высільвае? Паназірайце за сабой. Магчыма, гэта?
Важна: Энергія часцей за ўсё траціцца марна там, дзе чалавек не адчувае задавальнення і радасці.
«Энергія не можа з’явіцца з пустаты і ў пустэчу знікнуць» — абвяшчае закон захавання энергіі. Яе можна чэрпаць з самых розных крыніц, а арганізм здольны ўбіраць у сябе ўсё самае лепшае, што дае нам навакольнае асяроддзе.
Абавязкова:
1. Піце больш вады! Адчулі сябе стомленым? Магчыма, уся справа ў той самай дэгідратацыі. Выпіце шклянку вадзіцы, каб зняць дрымотнасць і вярнуць бадзёрасць. Вада дапамагае мозгу працаваць больш актыўна, яна здольная снізіць галаўны боль. Даросламу чалавеку трэба выпіваць 2 літры вады на дзень. Бо абязводжванне пазбаўляе энергіі, зніжае пільнасць, працаздольнасць і канцэнтрацыю.
Здаровы сон — гэта даўгалецце, прыгажосць і здароўе.
2. Імкніцеся класціся спаць да 23 гадзін. Тут усё проста. Лепш высыпаецеся — менш стамляецеся. Здаровы сон — падаўжае жыццё і з’яўляецца прафілактыкай многіх захворванняў. Паколькі менавіта падчас сну аднаўляюцца фізічныя і эмацыйныя сілы, наладжваецца здароўе і супакойваецца нервовая сістэма. Без паўнавартаснага адпачынку мы хутка стамляемся і не ў стане працаваць на поўную моц. Людзі, якія кладуцца пазней за дзве гадзіны ночы, нярэдка адчуваюць сябе разбітымі і нявыспанымі, нягледзячы на тое, што спалі не менш сямі гадзін. Таму лепш высыпаюцца і адчуваюць сябе тыя, хто засынае да 23 гадзін. Гэта дае сілы і дазваляе дамагацца эфектыўных вынікаў у любой дзейнасці.
3. Займацеся любімай справай — гэта лепшы спосаб стаць напоўненым чалавекам. Працуе 100%. Бо занятак па душы рэалізоўвае вас, напаўняе пазітывам, натхняе на дасягненне новых перамог. Свае эмацыйныя батарэі зараджаць трэба две гадзіны на дзень — роўна столькі займайцеся тым, што прыносіць задавальненне.
4. Правільнае харчаванне. Вугляводы — гэта крыніца энергіі для нашага цела. Дадайце павольных вугляводаў у першай палове дня. Сутачная норма — 45-65%. Гэта залог выдатнага самаадчування, моцнага імунiтэту, лёгкасці і бадзёрасці. На думку навукоўцаў, перамагчы стомленасць можна, калі дадаваць у рацыён прадукты, багатыя на вітаміны групы В і магній. Магній рэгулюе практычна ўсе працэсы вытворчасці і спажывання энергіі ў арганізме.
5. Часцей бывайце на вуліцы. Пешыя прагулкі на свежым паветры вельмі карысныя пры дрэнным настроі, моцных стрэсах, стомленасці. Яны вельмі бадзёраць, умацоўваюць імунітэт, паляпшаюць памяць і ўвагу, зніжаюць рызыку развіцця дэпрэсіі. Калі рэгулярна гуляць, то неабходнасць у энергетычных напоях знікне. Бо энергія чалавека ва ўмовах чыстага прыемнага паху прыроды і прыгожага выгляду павышаецца на 90%. І ўсё таму, што ў прыродзе шмат энергіі і чалавек зараджаецца (напаўняецца) ад яе.
6. Знiжайце час з гаджетамi. Пасядзеўшы пару гадзін у iнтэрнэце, вы ўжо заўважалі, што ваш настрой ужо не такi бадзёры, хоць і не так моцна напружваліся. І гэта няхітра, бо працяглая фіксацыя погляду на камп’ютарных маніторах і тэлефонных дысплеях, гэта велізарная нагрузка для цягліц, хрыбетніка і псіхікі. І асабліва для вачэй. Адмоўцеся ад гаджетаў за гадзіну да сну. Так мелатанін будзе выпрацоўвацца лепш, і вам удасца хутчэй заснуць і аднавіць сілы.
Навукоўцамі даказана: чым больш чалавек рухаецца, тым больш у яго энергіі. Бо рух — гэта жыццё!
7. Займайцеся спортам. Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя нагадваюць, што каля 25% дарослага насельніцтва планеты і 80% падлеткаў вядуць маларухомы лад жыцця, што ўплывае на здароўе і працягласць жыцця. Любая фізічная актыўнасць, нават шпацыр хуткім крокам здыме напружанне і надасць зарад бадзёрасцi. Акрамя таго, гэта добры спосаб пазбавіцца ад стрэсу, бо падчас заняткаў зніжаецца ўзровень картізолу ў крыві (гармон стрэсу).
Каб проста функцыянаваць, чалавеку трэба есцi, піць і спаць. А каб адчуваць паўнату жыцця, неабходна іншае паліва — драйв, азарт, энтузіязм і натхненне. Сакрэт энергічных і задаволеных людзей — у высокім узроўні энергіі. Таму выпрацоўвайце звычку радавацца нават дробным дасягненням. Чалавеку патрэбны гэтыя хвіліны, каб абуджаць і падтрымліваць простую радасць ад простых рэчаў. Пражывайце сваё жыццё так, як хочацца менавіта вам! І тады кожны ваш дзень будзе шчаслiвым i бадзёрым.
Калі ўсё ж такі нічога не дапамагае і вы адчуваеце сябе дрэнна, то неабходна звярнуцца да спецыяліста.
Алена ШАЎЧЭНКА
Фота: pexels.com
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.