Вы тут

Уладзіслаў Хандогій: Самае галоўнае — заставацца індывідуальным


Сёлета ён стаў уладальнікам першага месца на прэстыжным Міжнародным конкурсе рускай фартэпіяннай музыкі ў Сан-Рэма. У яго 19 гадоў гэта не першая перамога, за плячыма беларускага творцы — шэраг розных, не менш значных міжнародных музычных спаборніцтваў. Малады чалавек з'яўляецца пераможцам V Міжнароднага конкурсу юнацкага выканаўчага мастацтва імя Р. Свірыдава ў Санкт-Пецярбургу, ІІ Міжнароднага конкурсу юных піяністаў Astana Pіano Passіon, лаўрэатам ІІ Міжнароднага конкурсу маладых піяністаў Grand pіano Сompetіtіon у Маскве, уладальнікам першай прэміі XV Міжнароднага тэлевізійнага конкурсу юных музыкантаў «Шчаўкунок» і Міжнароднага конкурсу піяністаў Ferrol pіano competіtіon у Іспаніі. Уладзіслаў Хандогій — фіналіст Х Міжнароднага конкурсу юных піяністаў імя Джыны Бахаўэр у Солт-Лэйк-Сіці, а таксама стыпендыят фонду «Новыя імёны». У музыканта ёсць свой дыск, які запісаны на фірме «Мелодыя» ў Маскве. Творчы графік піяніста даволі шчыльны: праекты ў Маскоўскай філармоніі, выступленні ў гарадах Расіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Швейцарыі і другіх краін. Аднак спецыяльна для нас Уладзіслаў знайшоў час у сваім творчым графіку, каб пагутарыць пра ўдзел у нядаўнім конкурсе, расказаць пра тое, каму насамрэч ён удзячны за перамогу і чым здзівіў яго італьянскі Сан-Рэма.


— Уладзіслаў, адкуль у вас любоў да музыкі?

— У мяне бацькі музыканты: маці Таццяна Міхайлаўна працуе ў аркестры пры філармоніі, бацька Пётр Пятровіч — у музычнай школе, раней таксама быў у аркестры. Ёсць старэйшы брат Аляксей, які займаўся на фартэпіяна, хадзіў у музычную школу. Мне вельмі падабалася, калі ён іграў на піяніна, я яго слухаў і пасля пачынаў падбіраць мелодыі, якія чуў. Бацькі ўсё гэта заўважылі і ў сем гадоў адвялі мяне ў музычную школу.

Мне, вядома, падабалася, але я доўга сядзець за піяніна не мог. Гэта было дастаткова цяжка, і бацькі нават часта мяне прымушалі, бо мне, вядома ж, хацелася пайсці пагуляць у футбол з сябрамі замест таго, каб займацца. Плюс яшчэ была школа. А ўвогуле ўсведамленне сябе як музыканта прыйшло, калі я пачаў ездзіць на конкурсы, канцэрты і г. д. Але не адразу гэта адчуванне з'явілася, спачатку, як казаў, займацца мяне прымушалі (смяецца).

— Раскажыце, дзе цяпер вучыцеся?

— У Маскве — на другім курсе Маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага. У свой час я скончыў Рэспубліканскую гімназію-каледж у Мінску, пасля два гады вучыўся ў Цэнтральнай музычнай школе пры кансерваторыі.

— Як праходзіла падрыхтоўка да конкурсу ў Сан-Рэма?

— Ведаеце, гэта заўсёды цяжкі занятак, і трэба шмат часу аддаваць на засваенне праграмы, на работу над ёй. Вельмі цяжка нават у псіхалагічным плане, таму што трэба маральна рыхтавацца да ўсіх хваляванняў, да таго, каб сябе кантраляваць, упэўнена адчуваць на сцэне.

— З якіх этапаў ён складаўся?

— З трох тураў. На першым я выконваў фантазію Скрабіна сі мінор, чатыры эцюды Пракоф'ева з другога опуса, у другім туры — Баха храматычную фантазію і фугу, а таксама шостую санату Пракоф'ева. У трэцім туры — другі канцэрт Рахманінава.

— І што было самым складаным?

— Працавала высакакласнае журы, многіх я ведаў па папярэдніх конкурсах і канцэртах, якія яны часта даюць. Увогуле, склад удзельнікаў быў вельмі моцны, таму даводзілася нялёгка.

Існуе шмат крытэрыяў, па якіх ацэньваюцца выступленні. Трэба іграць чыста, эмацыянальна, тое, што хацеў паказаць кампазітар. Важна перадаць усе адценні, дынаміку. Мне здаецца, той, хто лепш за ўсё гэта зрабіў, варты ўзнагароды. Яшчэ важны індывідуальнасць, гук, стыль выканання — гэта ўсё агулам, напэўна, журы і ацэньвае.

— На што плануеце патраціць выйграныя грошы?

— Мяне ўзнагародзілі прызам за найлепшае выкананне твора Аляксандра Скрабіна, атрымаў 500 еўра, а перамога ў конкурсе прынесла мне шэсць тысяч еўра. Увогуле, усе грошы, якія я выйграваў, ідуць на новыя конкурсы, паездкі, гэта ўсё інвестуецца ў музыку, запісы... Ну і, натуральна, нешта яшчэ адкладаю, іншымі словамі, абы-куды не трачу (смяецца).

— Уладзіслаў, чым запомніўся Сан-Рэма?

— У Сан-Рэма я быў упершыню, гэта вельмі незвычайны горад. Нягледзячы на тое што ён маленькі, жыццё ў ім кіпіць, і пры гэтым адчуваеш сябе там спакойна. Побач з маім гатэлем было мора, пяць хвілін прайсці — і ты ўжо на пляжы. Там вельмі прыгожа, цудоўнае надвор'е, добрыя людзі, такія ўсе спакойныя, спагадлівыя.

— Творчасць якіх вядомых піяністаў вас натхняе?

— У мяне ёсць шэраг любімых выканаўцаў, якіх падабаецца слухаць альбо ў якіх чэрпаю пэўныя веды, эмацыянальны стан у музыцы. У прынцыпе, лічу, быць падобным на кагосьці ў нашай прафесіі, напэўна, не вельмі добра. Таму што калі некага імкнуцца скапіраваць, гэта, мне здаецца, крыху ненатуральна. Самае галоўнае, мяркую, — трэба заставацца індывідуальным, старацца знаходзіць сваё, самому імкнуцца нечага дабіцца, а не капіраваць. Выканаўцы, якія мне падабаюцца, — гэта Мурай Перая, Ван Кліберн, амерыканец, які перамог на самым першым конкурсе Чайкоўскага; Рыхтэр, Гілельс. Аднак не магу сказаць, што мне падабаецца ўсё, што яны іграюць. Натхняюць такія сучасныя музыканты, як Данііл Трыфанаў, Рыгор Сакалоў. Насамрэч у маіх фаварытах шмат піяністаў, якія свайго роду эталоны ў выкананні пэўных твораў.

— Каму ўдзячны за поспех у конкурсе?

— Перш за ўсё сваім бацькам, бо без іх, пэўна, нічога не адбылося б. Я таго не дасягнуў бы, што сёння маю. Яны самыя галоўныя ў маім жыцці настаўнікі. Натуральна, мае ўсе педагогі, якія былі побач: і ў музычнай школе — Ірына Валянцінаўна Самахавец, і Ірына Юр'еўна Семяняка, з якой займаўся вельмі доўга ў Рэспубліканскім музычным каледжы ў Мінску, і мой педагог на дадзены момант, прафесар Наталля Уладзіміраўна Труль. Усе яны паўплывалі на маё жыццё, і ўсе мае сябры.

— Піяніна — інструмент стацыянарны. Як на конкурсах і выязных канцэртах адаптуецеся да новага?

— Мы не хвалюемся наконт гэтага. У асноўным трапляюцца вельмі добрыя інструменты. Калі, напрыклад, выступленні ў Амерыцы, Італіі, Францыі, Германіі, натуральна, што там будзе заўсёды цудоўны інструмент, бо гэта імідж конкурсу, яго статус. Без гэтага ніяк, па-іншаму немагчыма. А калі выступленне дзесьці ў маленькім гарадку, дык там, вядома, можа быць cціплы інструмент, але не думаю, што гэта праблема.

— Як адпачываеце ў вольны час?

— Вельмі люблю гуляць у футбол, вядома, калі ёсць час, ды, на жаль, яго ўвогуле няма. А калі выпадае магчымасць, заўсёды стараюся пабегаць з хлопцамі. Люблю чытаць кнігі, аднак гэта таксама не атрымліваецца рабіць, таму што, зноў-такі, я кожны дзень з інструментам, часу ні на што іншае ўвогуле не хапае. Чытаю Дастаеўскага, мне вельмі падабаюцца «Бесы», «Злачынства і пакаранне», «Ідыёт». На самай справе захапляюся творамі шмат якіх аўтараў — тым жа Тургеневым, вельмі люблю Булгакава, увогуле ў асноўным рускую класіку, з замежнай літаратуры апошняе, што чытаў — Джэка Лондана.

— Падзяліцеся сваімі планамі...

— Ужо рыхтуюся да новых мерапрыемстваў. Быў запіс на чарговы конкурс — у Італіі, зноў жа, потым прыеду на конкурс у Мінск, які плануецца 1 снежня. Мне трэба будзе рабіць запісы на два буйныя мерапрыемствы: адно — у Амерыцы, другое — у Іспаніі. Карацей, жыццё кіпіць!

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва музыканта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?