Вы тут

Дзяўчына з Масквы стварае копіі нашых грузавікоў


Прыводзіць той ці іншы механізм да ладу, вяртаць жыццё старой рэчы і захапляцца зусім недзявочымі цацкамі Даша БУРДЗІНА пачала яшчэ ў дзяцінстве. Для дзяўчыны-тэхнара з Масквы такое баўленне часу — цікавая справа. Шэсць гадоў таму суразмоўніца ўсур'ёз пачала захапляцца мадэляваннем. Цяпер у калекцыі нашай гераіні, акрамя шматлікіх мадэляў машын, а гэта больш за 200 экзэмпляраў, зробленых у маштабе 1:35, 1:43 і 1:72, ёсць і прадстаўнікі беларускай аўтавытворчасці. Па словах Дашы, падчас збірання МАЗаў у яе з'явілася моцнае жаданне наведаць нашу краіну, убачыць знакамітыя прамысловыя гіганты — МАЗ, БелАЗ, МТЗ і асабліва МЗКЦ, які вырабляе ўнікальныя шасі для цяжкіх армейскіх установак.


Мадэлізм у жыцці Дашы пачаўся з танкаў. Толькі потым у працэсе вывучэння тэхнікі дзяўчына даведалася, што разнавіднасцяў баявых машын — вялікае мноства.

— Я даўно бачыла ў крамах наборы для зборкі, і аднойчы дзеля цікавасці захацелася набыць адзін на спробу. Купіла, аднак у наборы не было ні клею, ні фарбаў, ні інструмента. Пачала шукаць інфармацыю ў інтэрнэце і зразумела, што гэта цэлая індустрыя, падобная да мастацтва, дзе шмат розных тэхнік і кірункаў, свае маштабы... Гэты вялізны асобны сусвет мяне зацягнуў. І хоць прыцягальнасць да танкаў застаецца моцнай і цяпер новым захапленнем для мяне сталі аўтамабілі, у большасці — рэтра.

Наша гераіня ўпэўнена называе сябе прафесійным блогерам. Спецыяльнасць аўтаматызатара вытворчасцяў у машынабудаванні, набытую ў Маскоўскім дзяржаўным індустрыяльным ўніверсітэце, на жаль, Дашы не ўдалося прымяніць. Пасля заканчэння вучобы дзяўчына павінна была працаваць на ЗіЛе і праектаваць для яго аўтаматызаваныя вытворчыя лініі, аднак пасля трэцяга курса стала зразумела, што завод хутка закрыецца.

— Так, калісьці мне хацелася працаваць на рэальнай вытворчасці. На жаль, калі я паступала ва ўніверсітэт, які рыхтаваў спецыялістаў для ЗіЛа, не ведала ўсю карціну таго, што адбывалася на прадпрыемстве, — тады яно пачало разбурацца. Аднак усё роўна мне ўдалося там пашчыраваць, я працавала на адным з прадпрыемстваў Раскосмасу.

Цяпер у штодзённым графіку дзяўчыны мадэлізм займае каля трох гадзін. Звычайна за работу яна любіць садзіцца ўвечары, калі нішто не перашкаджае і можна засяродзіцца на справе. Час выканання залежыць ад складанасці канкрэтнай мадэлі: адна можа быць больш складанай у зборцы, але лёгкай у афарбоўцы і наадварот.

У сярэднім над адной копіяй тэхнікі ў мініяцюры дзяўчына працуе каля трох тыдняў.

Яшчэ адна любімая тэматыка суразмоўніцы — савецкія аўтамабілі, у асноўным ЗіЛы і КАМАЗы, таксама ў партфоліа майстрыхі ёсць некалькі копій грузавікоў Мінскага аўтазавода. Увогуле, калекцыя беларускага аўтапрама ў Дашы складаецца з цэлай серыі машын на базе МАЗ-200: дзвюх мадэляў МАЗ-200 — гэта аўтагудранатар, і другой, шыкоўнай мадэлі, з пажарнай устаноўкай і рухавіком ад самалёта МіГ-15. Ёсць самазвал МАЗ-5551, гэта была першая мадэль МАЗа, якую стварыла майстар. Ёсць два аўтацягнікі з цягачоў МАЗ-6422 і МАЗ-5432 з прычэпамі МАЗ-9506-30 і МАЗ-93971 адпаведна, бартавы грузавік МАЗ-6303. Ёй падабаюцца кар'ерныя самазвалы МАЗа, бо гэтыя экзэмпляры ў любой калекцыі выглядаюць выйгрышна. Таксама Даша мае дзве сучасныя копіі МАЗаў-цягачоў, самазвала і бартавога грузавіка. У планах дзяўчыны — сабраць што-небудзь з сямейства МАЗ-543. Па яе словах, гэта брутальныя машыны, ні на што не падобныя, а таксама яна марыць дадаць у шэраг сваіх «жалезных коней» прадстаўнікоў іншых аўтазаводаў Беларусі.

— Мяне прываблівае дызайн старых аўто смеласцю і вытанчанасцю формаў, мае любімцы — ЗІЛ-130 і МАЗ-200, у форме іх кабін знаходжу нешта чалавечае. Мяне захапляе больш сам працэс работы з мадэллю, чым іх калекцыяніраванне, у якім, лічу, няма межаў.

Акрамя мадэлізму, Дар'і падабаецца роспіс на шкле. Гэта дапамагае ў яе хобі: некаторыя прыёмы выкарыстоўваюцца ў стварэнні копій аўтамабіляў. Напрыклад, для роспісу празрыстых дэталяў, накшталт сірэн пажарных машын альбо фар ці стоп-сігналаў.

Як ні дзіўна, сама дзяўчына не кіруе аўто, хоць пасведчанне кіроўцы мае. А для таго, каб стварыць сапраўдныя прататыпы машын, якія ездзяць кожны дзень на вуліцы, майстар назірае за аўто ў самых што ні ёсць рэальных умовах. Фатаграфуе тыя месцы, якія найбольш цікавяць, напрыклад, сколы на кабіне альбо дзе больш за ўсё збіраецца пыл, з'яўляецца ржа. Потым імкнецца паўтарыць усё ў дэталях на мадэлі.

— Працэс састарвання копій машын называецца везерынгам — тэхніка нанясення слядоў уздзеяння надвор'я і знешніх фактараў. У першую чаргу я вывучаю выгляд машыны, афарбоўку, як псуецца фарба ў працэсе эксплуатацыі, як кладзецца бруд.

У кватэры нашай суразмоўніцы машынкі захоўваюцца ў пластыкавых боксах адзін на адным. Таму калекцыя ў кватэры выглядае дастаткова кампактна. Да таго ж, дзякуючы блогу, Даша супрацоўнічае з рознымі спецыялізаванымі крамамі зборных мадэляў, якія дасылаюць наборы, таму гэтае хобі амаль не патрабуе грошай. У профі ёсць мара адкрыць сваю краму-клуб стэндавага мадэлізму ў Маскве, а ў лепшым выпадку — арганізаваць вытворчасць маштабных мадэляў і стаць паўнавартасным вытворцам.

— Выстаўкі праводзіць не планую, бо мой YouTube-канал, па сутнасці, і ёсць выстаўка мадэляў і ўбачыць яе можа кожны ахвотны ў любы час!

Цяпер у дзяўчыны каля 23 тысяч падпісчыкаў, YouTube падарыў ёй вялікую колькасць сяброў, якія заўсёды падказваюць, як палепшыць работы, дзеляцца досведам, калі-нікалі хваляць. Дзякуючы ім, яе ўменні ў мадэлізме значна палепшыліся.

Надзея ЗУЕВА

Фота з уласнага архіва гераіні

Загаловак у газеце: «Маштабная» любоў да беларускага аўтапрама

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?