Вы тут

Рыхтуем вінаград да зімы


У другой палове восені ў вінаградніку неабходна правесці некалькі вельмі важных працэдур: апрацаваць лазу ад хвароб і шкоднікаў, падкарміць яе, правесці перадзімовы паліў і абрэзаць. Але спачатку варта навесці ў вінаградніку парадак. У першую чаргу прыбраць з-пад вінаграду ўсё апалае лісце. На ім могуць знаходзіцца споры розных хвароб, і гэта стане крыніцай заражэння вінаградных лоз.


Фота: pixabay.com

Вільгацезарадны паліў

Багаты восеньскі паліў асабліва важны ў тым выпадку, калі восень была сухая.

Вільгацезарадны паліў дапамагае засцерагчы вінаградную лазу ад вымярзання зімой: насычаны вільгаццю куст лягчэй пераносіць неспрыяльныя ўмовы і менш пакутуе ад зімовых маразоў. Прыступаць да гэтага мерапрыемства варта тады, калі лісце з вінаграда ўжо апала і тэмпература паветра не паднімаецца вышэй адзнакі 10 ?С.

На кожны дарослы куст патрабуецца 5-10 вёдраў вады. Ваду льюць непасрэдна пад куст ці ў канаўкі, выкапаныя на адлегласці каля 1 м ад штамба, бо большасць каранёў вінаграда, якія ўсмоктваюць, знаходзіцца менавіта на такім аддаленні. Праз некалькі дзён пасля паліву рыхляць глебу вакол кустоў, каб забяспечыць доступ паветра да каранёў.

Апрацоўка ад хвароб

У канцы сезона, пасля лістападу, неабходна апрацаваць вінаград хімічнымі прэпаратамі для засцярогі ад хвароб, асабліва калі вы выявілі на кустах сляды захворванняў. Найбольш папулярнымі сродкамі, якія ўжываюцца для такой мэты, з'яўляюцца медны і жалезны купарвас.

Медны купарвас засцеражэ вінаграднік ад несапраўднай мучністай расы. Неабходна растварыць 200 г меднага купарвасу ў 1 л гарачай вады (45-50 °С) і змяшаць да поўнага растварэння крышталікаў. Пасля гэтага даліць халоднай вады да 10 л і апырскаць атрыманым растворам кусты.

Яшчэ адно грознае захворванне вінаграду — мучністая раса. Для барацьбы з ім апрацоўваюць парасткі і зямлю каля куста жалезным купарвасам. У якасці прафілактычнай меры выкарыстоўваюць 3 %-ны раствор прэпарату, калі ваш вінаград хварэў — 5 %-ны.

Апрацоўку вінаграднай лазы 5 %-м растворам жалезнага купарвасу можна праводзіць толькі пасля таго, як пупышкі вінаграду закрыюцца. У адваротным выпадку апрацоўка можа прывесці да апёку.

Жалезны купарвас выкарыстоўваецца для засцярогі і ад іншых захворванняў вінаграду.

Падкормка

Дарослыя кусты вінаграду (прыкладна з 3-га года жыцця) маюць патрэбу ў пастаянных падкормках. За час вегетацыйнага перыяду магутная і даволі разгалінаваная каранёвая сістэма вінаграду паглынае з глебы вялікую колькасць пажыўных рэчываў. Калі іх аб'ём не аднавіць, то вінаградная лаза пачне горш развівацца і з кожным годам будзе даваць усё больш бедныя ўраджаі.

Напярэдадні зімы вінаграднай лазе асабліва патрэбныя калій і фосфар. Пры дастатковай колькасці калію вінаградныя кусты лягчэй пераносяць зімовыя маразы. Фосфар дапамагае вінаграднай лазе хутчэй выспець і падрыхтавацца да перыяду спакою.

Для падкормкі вінаграду бяруць сернакіслы калій (20-25 г) і суперфасфат (25 г) і разводзяць іх у 10 л вады. Атрыманым растворам паліваюць ??глебу ў прыствольных кругах. Некаторыя вінаградары, каб не абпаліць карані расліны, укопваюць у зямлю вакол куста трубкі і заліваюць угнаенні ў іх.

Можна выкарыстоўваць у якасці восеньскай падкормкі і драўняны попел. Яго альбо дадаюць у глебу пры перакопванні, альбо разводзяць у вадзе (300 г попелу на 10 л вады) і паліваюць атрыманым растворам глебу.

Абрэзка

Праводзяць яе пасля замаразкаў, калі ўся лістота з куста апала. Занадта ранняя абрэзка можа нашкодзіць вінаграднай лазе, бо карані і галінкі не паспеюць стварыць запас пажыўных рэчываў і лаза зімой вымерзне. Акрамя таго, пасля лістападу добра відаць усе хворыя, а таксама выспелыя і невыспелыя парасткі. Позняя абрэзка таксама не рэкамендуецца, бо пры нізкіх тэмпературах парасткі становяцца далікатнымі і іх лёгка пашкодзіць.

Пры абразанні вінаграднай лазы пакідаюць толькі выспелыя (адзеравянелыя) часткі парасткаў. Калі на іх больш за 12 пупышак, кароцяць іх, пакінуўшы 8-12 пупышак. Абрэзаную лазу прыгінаюць да зямлі.

Укрыванне

Хаваць вінаград трэба толькі пасля таго, як тэмпература паветра апусціцца ніжэй за нуль і будзе стабільна знаходзіцца на адзнацы не вышэй як -5 °С. Пасля наступлення маразоў даюць лазе пастаяць некалькі дзён і толькі пасля таго робяць сховішча.

На прыгнутую пасля абрэзкі лазу накідваюць яловыя лапкі, салому або сухое лісце пластом каля 30-40 см. Зверху прыкрываюць усё спанбондам і замацоўваюць яго, каб вятры не разнеслі «хованку». З тарца пакідаюць невялікую адтуліну, каб лаза не прэла.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.