Вы тут

Брэсцкі і Гродзенскі драмтэатры абмяняюцца гастролямі


Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы і Гродзенскі абласны драматычны тэатр абмяняюцца гастролямі, паведаміла намеснік генеральнага дырэктара БАТД па інфармацыі і арганізацыі гледача Кацярына Казберовіч БелТА.


Акцёры гродзенскага тэатра прадставяць сёння брэсцкай публіцы адну з апошніх сваіх пастановак — камедыю «Жаніцьба». Прэм’ера спектакля паводле аднайменнай п’есы Мікалая Гогаля адбылася ў ліпені. Рэжысёр Сяргей Яскевіч прапанаваў сваё прачытанне класічнага твора, які не старэе, з арыгінальнай сцэнаграфіяй і харэаграфіяй. «Жаніцьба» — адна з першых рускіх бытавых камедый. У сатырычнай па сваім характары п’есе высмейваюцца недарэчнасць і абсурднасць некаторых сацыяльных з’яў, крывадушнасць і безадказнасць, шлюб як камерцыйная ўгода.

Гастролі ў адказ трупы БАТД у Гродне запланаваны на 26 лістапада. Брэстаўчане таксама прывязуць класіку — драматычную камедыю «Нявольніцы». Спектакль паставіў маскоўскі рэжысёр Ягор Равінскі, які перанёс дзеянне малавядомай п’есы Аляксандра Астроўскага ў другую палову XX стагоддзя. Спектакль — неаднаразовы ўдзельнік фестываляў. У тым ліку ў 2019 годзе «Нявольніц» двойчы паказвалі расійскаму гледачу — на XXI тэатральным фестывалі краін СНД і Балтыі «Сустрэчы ў Расіі» у Санкт-Пецярбургу і I фестывалі Міжнароднага тэатральнага фестывальнага Саюза «Тэатр. Тэрыторыя яднання» ва Уладзіміры.

«Па дамоўленасці паміж нашымі тэатрамі мы рэгулярна абменьваемся гастролямі з гродзенскімі калегамі. Стараемся знаёміць гледачоў са сваімі лепшымі пастаноўкамі. Летась яны прывозілі да нас спектакль „Грошы як дождж“. Мы ў сваю чаргу — камедыю-буф „Мяшчанскае вяселле“. Паказ прайшоў з аншлагам. Спадзяюсь, і сёлета наш творчы абмен будзе мець поспех у гледача», — сказала Кацярына Казберовіч.

Прэв'ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?