Вы тут

Памяці лепельскага краязнаўца


На 86-м годзе пайшоў з жыцця лепельскі настаўнік і апантаны лепельскі краязнаўца Ілля Юльянавіч ЯНУШ (нарадзіўся ў жніўні 1936 года; пакінуў гэты свет 11 кастрычніка 2021 года). Памёр беларускі краязнаўца... Апошнія гады жыцця ён хварэў, адчуваў сябе не лепшым чынам, мякка кажучы. 


Нарадзіўся ў вёсцы Галінава Дзісенскага павета. У 1955 годзе скончыў Глыбоцкае педагагічнае вучылішча. Працаваў настаўнікам ў Міёрскім раёне. У 1964 годзе завочна закончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў інспектарам аддзела адукацыі райвыканкама. Затым — намеснікам дырэктара школы. У 1982 годзе перасяліўся ў Лепель і пачаў працаваць навуковым супрацоўнікам Лепелськага краязнаўчага музея. Адзін з укладальнікаў гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Лепельскі раён». Ініцыятар усталявання ў гарадскім парку мемарыяльнага камня ў гонар першай згадкі ў летапісах горада Лепеля (1439 год). 

Быў час, калі мы актыўна ліставаліся з Іллём Юльянавічам. Вось што ён пісаў 30 красавіка 2007 года: «На радасць, помнік Лепелю ў Цэнтральным парку ўжо ўсталяваны. І на ім мастак высякае надпіс...» Спадар Януш падрабязна расказваў пра свае краязнаўчыя зацікаўленні, пра тое, што яшчэ збіраўся зрабіць. Пісаў пра лепельскіх краязнаўцаў — паважліва, акрэсліваючы канкрэтныя заслугі кожнага ў збіранні звестак лепельскай гісторыі. У 2005 г. краязнаўца выступіў у раённай газеце «Лепельскі край» з цыклам артыкулаў, у якіх падаў фізічна-геаграфічнае апісанне мясцовасці ваколіц Лепеля. Рубрыка ў васьмі публікацый на працягу ліпеня — верасня была адзіная: «Лепелязнаўства». 10 верасня 2005 г. Ілля Юльянавіч напісаў мне: «У артыкуле „Крыніца пазнання“ („Лепельскі край“ за 25 чэрвеня 2004 г. ) я прапаную лепельскім краязнаўцам аб’яднаць адшуканыя імі звесткі па гісторыі, этнаграфіі і інш. з маімі, каб стварыць для навучэнцаў школ курс „Лепелязнаўства“...» 

Будзем спадзявацца, што зробленае Іллём Янушам у галіне лепельскага, віцебскага, беларускага краязнаўства не застанецца па-за ўвагай нашчадкаў, не застанецца найперш па-за ўвагай вучняў і настаўнікаў Лепельшчыны. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?