Вы тут

Як матылькі на агонь


Ну, гэта ўжо нават і не смешна, і не горка, застаецца толькі здзіўляцца ды няёмкасць адчуваць. Яшчэ адна ахвяра перапіскі з «генералам» засвяцілася ў міліцэйскіх зводках. Праўда, раней найбольш так званыя палкоўнікі арміі ЗША аблапошвалі нашых наіўных жанчын. Час ідзе, павышаюцца стаўкі і званні. А кабеты мараць пра шчасце і сядзяць у сацсетках. У казках прынц прыязджаў на белым кані, нашым «прынцы» пішуць. Адной проста ў Дзень усіх закаханых электронны ліст прыслаў генерал арміі Сірыі. І пайшла перапіска па ўзрастаючым градусе кахання.


Паглядзеўшы на гэтую інфармацыю праваахоўных органаў, першая думка была: «Няўжо яна нідзе не чытала пра падобныя рэчы і прафесійных махляроў?» Але ж віртуальныя прайдзісветы ўмеюць знаходзіць тых, хто не чытае і думаць асабліва не ўмее, а значыць, праглыне ўсялякую лухту. Накшталт таго, што жанчыне з Беларусі, каб запрасіць у госці сірыйскага вайскоўца, трэба пісаць просьбу аб яго адпачынку у ААН. Пры чым тут ААН? У кожнага генерала ў любой арміі ёсць сваё кіраўніцтва, якому і пішуць заяву ці, па-армейску, рапарт аб водпуску. Ды вось наша 55-гадовая гераіня пісала рапарты нібыта ў ААН і аплачвала ўсе выдаткі будучага падарожжа генерала. Як высветлілася, на аплату крэдыты брала. Набрала на 12 тысяч рублёў, ды перавяла, як той казаў, чорту лысаму. А потым заяву ў міліцыю панесла. Толькі дзе ты яго знойдзеш цяпер. А вось крэдыты застануцца. Падумалася, каб столькі грошай яна патраціла на адпачынак у санаторыях, на ўласныя падарожжы, глядзіш, і знайшла б рэальнага адзінокага чалавека.

Што тут зробіш: вераць нашы жанчыны тэлевізійным героям, інтэрнэтным суразмоўнікам, да слёз вераць, да забыцця. Вось вам гісторыя з нядаўняй камандзіроўкі. Яна ў міліцэйскія зводкі не трапіць, бо гераіня нікому не пойдзе скардзіцца, лічыць, што сама вінаватая. Не без падстаў лічыць. Гэта адносна маладая жанчына з вёскі, мае свой дом, сякую-такую гаспадарку. Сёння ў сельскай мясцовасці знайсці добрую работу няпроста, а ёй пашанцавала, яна ўладкаваная на паспяховым прадпрыемстве. Заўсёды была ў пашане ў кіраўніцтва, бо працаўніца, якіх пашукаць. А пасля работы, як высветлілася, «завісала» ў сеціве. Вось і пазнаёмілася з адным расійскім каўбоем. Праўда, ён на той час сядзеў у турме. Сядзеў, трэба думаць, з камфортам, калі па інтэрнэце перапісваўся з дамай сэрца. Абяцаў, вядома, горы залатыя, дом з сажалкай і лебядзямі. Не, гэта не віртуальны, а цалкам рэальны індывідуум. Яна верыла ў шчымлівую гісторыю, напісаную невядома кім: чалавек жа добры, спагадлівы, хоць ты яго да раны прыкладай, сеў, можна сказаць, ні за што. Яна падтрымлівала ўсяляк, дачакалася заканчэння тэрміну, у госці запрасіла. Ён і прыехаў, пабыў крышку, а потым стаў клікаць за сабой. Сказаў, што на будоўлі ў Расіі зарабляе вялікія грошы ў параўнанні з яе капейкамі.

Звольнілася з работы, прадала што-кольвечы з гаспадаркі, сабрала чамадан, згадзілася на рай у шалашы, паехала. Расказвала дырэктар прадпрыемства: «Я рашыла хоць з месяц на Валіна месца нікога не браць, адчувала, што гэтак будзе... І што вы думаеце, праз месяц заходзіць яна ў кабінет з выглядам такім, нібы ў сабакі вочы толькі пазычыла, топчацца ў парозе, а потым пытае, ці вазьму яе назад на работу. Я нават распытваць нічога не стала, бачыла, што ў яе на душы робіцца, сказала, каб выходзіла з панядзелка на сваё месца.

Потым ужо дяўчаты расказалі, як той мядовы месяц яна правяла. Замест работы на высокааплатнай будоўлі яе абраннік гуляў на ўсе яе адпускныя, а калі яны скончыліся, пабіў яе моцна. Як дабіралася дадому амаль без грошай, прадавала рэчы на вакзалах, каб купіць вады з піражком, гэта асобная гісторыя, галоўнае — прыехала, жывая і адносна здаровая, цяпер працуе».

Магу дадаць, што з дырэктарам небарацы пашанцавала. Проста Таццяна Пятроўна ўмее разумець і спачуваць жанчынам, асабліва тым, якія, паводле яе вызначэння, «сядзяць у ютубах ды тупеюць». І нельга з ёй не пагадзіцца. Калі чалавек, мякка кажучы, мала добрых кніг прачытаў, не ўмее крытычна ацаніць інфармацыю, ён безабаронны перад рознымі маніпулятарамі. Асобныя ж жанчыны, каму ў рэальным жыцці не хапіла цяпла, увагі, рамантычных адносін, гатовыя ляцець, як тыя матылькі на агонь, на добрае слова, вытанчаны камплімент, нічым не падмацаваныя абяцанні. Што з гэтымі матылькамі бывае, добра вядома.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com 

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.