Вы тут

Каранацыя слоў і сэнсаў


«Жывое слова»... Як толькі прачытаў назву кніжнай серыі выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», адразу на памяць прыйшла радыёперадача, якую некалькі дзесяцігоддзяў вёў на Беларускім радыё пісьменнік і радыёжурналіст Уладзімір Міхайлавіч ЮРЭВІЧ. Выключная па насычанасці любоўю да беларускага слова перадача! А колькі там разглядалася лістоў ад школьнікаў Беларусі. Тых школьнікаў, якія спрабавалі свае сілы ў мастацкім слове, пісалі празаічныя эцюды, апавяданні, пісалі вершы. Уладзімір Юрэвіч быў дарадцам, чуйным да творчасці хлопцаў і дзяўчат суразмоўцам. 


І вось «Жывое слова» — творчы праект кніжнага выдавецтва. Акрамя друкаванага тэкста кніга дорыць магчымасць праслухаць праз дапоўненую рэальнасць гэты ж тэкст. У выпадку з новай кнігай лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра ЛІПСКАГА «Каранацыя душы», дзе сабраны споведзі вядомага пісьменніка, існуе магчымасць і праслухаць эсэістычныя развагі Уладзіміра Сцяпанавіча ў выкананні самога аўтара, а таксама — артыстаў Беларусі Валерыя АНІСЕНКІ, Леаніда УЛАШЧАНКІ, Марыі ЗАХАРЭВІЧ, Вольгі ЗДЗЯРСКАЙ, журналістаў Міколы СУПРАНОВІЧА, Ларысы КУЧАРАВАЙ. З вышыні гадоў, жыццёвага і творчага вопыту пісьменнік выводзіць сваю душу на шчырую каранацыю перад чытачамі. Такая даверлівая адкрытасць прымушае задумацца пра асабістае жыццё ў сучасным грамадстве. 

Першы раздзел зборніка споведзяў — «Баюся — не баюся». Чаго ж не баіцца аўтар? «Не баюся сабак-гаўкалаў... Не баюся маланкавай навальніцы... Не баюся праўдзівых слоў...Не баюся ночы... Не баюся адзін хадзіць па лесе... Не баюся абжорства... Не баюся адзіноты... Не баюся начальства высокага... Не баюся вытыркнуць нос на марозе... Не баюся баяцца». Так, ёсць з’явы, дзеі, якіх пісьменнік баіцца — страціць надзею («Надзея — мой і твой зямны компас»), страціць нектар зямнога раю («Нектар шукаюць, здабываюць рупныя пчолкі...»), пакрыўдзіць малога («... нават адна слязінка дзіцяці здольная ўскалыхнуць увесь свет»)... Пра што іншыя споведзі — гэта патлумачваюць назвы раздзелаў: «Спадзяюся — не спадзяюся», «Хачу — не хачу», «Веру — не веру», «Магу — не магу», «Умею — не ўмею», «Берагу — не берагу», «Сябрую — не сябрую», «Чакаю — не чакаю», «Маўчу — не маўчу», «Прашу — не прашу», «Сплю — не сплю», «Чытаю — не чытаю», «Люблю — не люблю», «Кахаю? — Кахаю!». 

Напрыканцы выдання чытаем тлумачэнне і да кнігі, і да серыі: «Ідэя стварэння серыі „Жывое слова“ з’явілася пасля выхаду кніг Яронімаса ЛАУЦЮСА „Благослови себя“ і Уладзіміра Ліпскага „Памілуй і ўзвысь“. Глыбіня думкі і выкшталцоная лірычнасць, што аб’ядноўвае творы гэтых пісьменнікаў, імгенна адгукнуліся ў сэрцах чытачоў. Спазнаць сябе — ці не самае складанае ў чалавечым жыцці. Дастукацца да свайго сэрца — яшчэ складаней. Кнігі серыі дапамогуць чытачам убачыць новыя грані навакольнага свету праз люстэрка сваёй душы. Мудрасць, народжаная сэрцам, увасобілася ў жывым слове аўтараў і набыла непаўторнае гучанне ў вуснах найлепшых беларускіх артыстаў». 

У серыі, як пазначана ў выхадных дадзеных, ёсць заснавальнікі: Уладзімір Ліпскі, Мікола Супрановіч, Ларыса Кучарава. Творцы вядомыя і аўтарытэтныя, творцы, да чытацкага густу якіх існуе давер. Мастак кнігі Уладзіміра Ліпскага «Каранацыя душы» — Лізавета СУБАЧ. Наклад выдання — 1000 экзэмпляраў. 

Сяргей ШЫЧКО 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

У адказе за гістарычную памяць

У адказе за гістарычную памяць

«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны».

Грамадства

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Бібліятэк, што функцыянуюць ў маленькіх населеных пунктах, ужо амаль не засталося.

Грамадства

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

Найлепшым спосабам прафілактыкі з'яўляецца прышчэпка ад COVІD-19.