Вы тут

Эпідэміёлагі аб прафілактыцы і тым, што дапаможа спыніць каранавірус


Пандэмія ў многім змяніла наша жыццё. Паўсядзённымі атрыбутамі сталі маскі і сацыяльная дыстанцыя, прышчэпкі і ўвага да здароўя — не толькі свайго і сваіх блізкіх, але нават калег і незнаёмых людзей, якія побач. Шмат увагі ўдзяляецца лячэнню і прафілактыцы СОVІD-19 на самым высокім дзяржаўным узроўні. Пры гэтым работа эпідэміёлагаў часта для абывацеля застаецца незаўважнай. Ці правяраюць цяпер знаходжанне на самаізаляцыі і як выяўляюць кантактных асоб? Што робіцца, каб хвароба не распаўсюджвалася ў працоўных калектывах і грамадскіх месцах? Пра гэта і іншае мы пагаварылі з урачамі-эпідэміёлагамі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя — загадчыкам аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Таццянай ЗАГОРСКАЙ і загадчыкам аддзялення імунапрафілактыкі Марынай КАЧКАН.


Фота: БелТА

— Якія прафілактычныя мерапрыемствы цяпер праводзяцца, каб спыніць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі?

Т. Загорская: — Ацэнка ўзроўню перадачы інфекцыі з'яўляецца ключом да разумення агульнай сітуацыі з СОVІD-19 і, такім чынам, прыняцця важных рашэнняў у адказ і адаптацыі супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Санітарна-проціэпідэмічныя мерапрыемствы праводзяцца комплексна, і іх можна падзяліць на некалькі груп. Найперш гэта эпіднагляд, які ўключае лабараторнае тэсціраванне, выяўленне кантактных асоб, ізаляцыю хворых. Важным этапам з'яўляецца падтрыманне бяспечнай дыстанцыі, напрыклад, абмежаванне колькасці і патокаў людзей пры наведванні масавых мерапрыемстваў, захаванне дыстанцыі ў грамадскіх і працоўным месцах. Па-ранейшаму патрэбны кантроль за станам памяшканняў, каб своечасова праводзілася прыбіранне з дэзсродкамі, эфектыўнымі ў адносінах да вірусаў, апрацоўка кантактных паверхняў, дэзынфекцыя, вентыляцыя.

Важнае месца займае вакцынацыя, якая ажыццяўляецца для фарміравання папуляцыйнага імунітэту, папярэджання захворвання і распаўсюджвання інфекцыі СОVІD-19. Пасля вакцынацыі выпрацоўваюцца антыцелы супраць віруса, што спрыяе прадухіленню захворвання, а таксама папярэджанню развіцця цяжкіх і ўскладненых формаў інфекцыі. Неабходныя і меры індывідуальнай аховы, напрыклад, захаванне бяспечнай дыстанцыі, пазбяганне месцаў масавага збірання, гігіена рук, рэспіраторны этыкет, падтрыманне чысціні рук і паверхняў і, вядома ж, клопат аб сваім здароўі. У выпадку недамагання важна неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу. Пры наведванні аб'ектаў і арганізацый рэкамендуецца выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання — маскі і рэспіратары.

Агучаны мной комплекс мер вядомы дастаткова даўно. Аднак самая галоўная задача сёння для кожнага — няўхільна яго выконваць! Кожнаму з нас добра было б заўсёды памятаць пра сваіх блізкіх, пра людзей, якім вы дарагія. Наша нездароўе можа скончыцца вельмі сумна і для нас саміх, і для тых, з кім мы побач. Сёння нельга прагназаваць, як цяжка будзе працякаць у чалавека хвароба, нават калі ён добра фізічна падрыхтаваны і абсалютна здаровы. Мы не ўсё пра сябе ведаем. Таму рызыкаваць сваім здароўем, мяркуючы, што «ў мяне ўсё абыдзецца», сёння недапушчальна.

— Наколькі адказна на прадпрыемствах і ў арганізацыях падыходзяць да выканання пералічаных эпідпатрабаванняў?

Т. Загорская: — Спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы на мінулым тыдні пракантралявалі 1118 сацыяльна значных аб'ектаў, з іх у 42 працэнтах выяўляліся парушэнні патрабаванняў дзейнага санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства. Найчасцей парушэнні сустракаюцца ў грамадскім харчаванні і гандлі. Кантроль, безумоўна,прыносіць свой плён: на прадпрыемствах колькасць парушэнняў зменшылася на 18,4 %.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўстановам сацыяльнага абслугоўвання з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых. Не застаюцца без кантролю і ўстановы адукацыі.

— Даводзіцца чуць, што цяпер кантакты не выяўляюць, а калі і выяўляюць, то іх не тэсціруюць, самаізаляцыю ніхто не правярае...

Т. Загорская: — Адсочванне кантактаў з'яўляецца актуальным і важным інструментам эпіднагляду, накіраваным на лакалізацыю інфекцыі СОVІD-19. Гэты працэс дазваляе выявіць, ацаніць стан і прыняць неабходныя меры ў адносінах да асоб, якія кантактавалі з крыніцай інфекцыі, для прафілактыкі яе далейшага распаўсюджвання.

Эпідэміёлагі сумесна са спецыялістамі лячэбнага звяна на пастаяннай аснове праводзяць работу па выяўленні кантактных асоб, што дазваляе перапыніць ланцужок перадачы інфекцыі.

Кантактныя асобы першага ўзроўню падлягаюць самаізаляцыі на працягу сямі дзён з выкананнем неабходных патрабаванняў, прадугледжаных санітарна-эпідэмічным заканадаўствам. Самаізаляцыя кантралюецца спецыялістамі органаў дзяржаўнага санітарнага нагляду.

Лабараторнае даследаванне на інфекцыю СОVІD-19 асоб з ліку кантактаў першага ўзроўню ажыццяўляецца ў выпадку з'яўлення сімптомаў вострай рэспіраторнай інфекцыі.

— Каму трэба рэвакцынавацца і праз які час пасля курсу вакцынацыі гэта можна зрабіць?

М. Качкан: — У адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі Міністэрства аховы здароўя, рэвакцынацыя праводзіцца не раней чым праз шэсць месяцаў пасля закончанага курса вакцынацыі. У першую чаргу, паўторная (бусцерная) доза рэкамендавана людзям з аслабленым імунітэтам, асобам, старэйшым за 60 гадоў, пацыентам, якія прымаюць імунасупрэсіўную тэрапію, знаходзяцца на гемадыялізе, медыцынскім работнікам, работнікам стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання.

— Мінская вобласць, дарэчы, яшчэ нядаўна была сярод лідараў па вакцынацыі ў краіне...

М. Качкан: — На тэрыторыі Мінскай вобласці першай прышчэпкай супраць СОVІD-19 ахоплена 27 працэнтаў насельніцтва, з іх дзвюма дозамі — 18 працэнтаў. У Крупскім, Нясвіжскім, Старадарожскім і Стаўбцоўскім раёнах прышчэпкі атрымалі больш як 30 працэнтаў. А вось жыхары Барысаўскага, Любанскага, Мінскага і Мядзельскага раёнаў не спяшаюцца з вакцынацыяй, у іх прышчэплена менш за 25 % насельніцтва.

— Аднак прышчэпка ўсё роўна не дае 100 % гарантыі?

М. Качкан: — Трэба разумець, што не існуе вакцын супраць каранавіруснай інфекцыі са 100 % эфектыўнасці. І нават для тых, у каго выпрацаваўся імунітэт, прышчэпка не дае поўнай аховы ад заражэння. Аднак адназначна можна казаць пра тое, што вакцынацыя на 100% абараняе ад цяжкага ходу хваробы і смяротнага зыходу.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Добра было б памятаць пра здароўе сваіх блізкіх»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».