Вы тут

Майстры мастацкага тэкстылю з пяці краін прадставілі работы ў галерэі Шчамялёва


Міжнародная выстава сучаснага мастацтва тэкстылю і мікс-медыя Here, There and Everywhere («Тут, там і паўсюль») адкрылася ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д.Шчамялёва, перадае БелТА.


«Я разумею, як складана ва ўмовах пандэміі зрабіць міжнародную выставу, але ў куратара экспазіцыі Хрысціны Высоцкай усё атрымалася, — сказала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч. — Гэта ўжо не першы яе праект. Я бачу, як гараць вочы мастачкі, бачу яе жаданне паказаць, што тэкстыль сёння даволі сучаснае мастацтва. Прадстаўленая экспазіцыя разбівае наша традыцыйнае ўяўленне аб тэкстылі як аб нечым дэкаратыўным і дэманструе яго ў якасці добрай, яркай і цікавай мастацкай з’явы».

Выстава паказвае актуальную карціну сучаснага этапу развіцця мастацтва тэкстылю з розных куткоў зямлі. Акрамя таго, экспазіцыя транслірюе новы погляд на старадаўнія традыцыі мастацтва тэкстылю, яго пераасэнсаванне ў іншых напрамках мастацтва і змешаных тэхніках.

Паводле слоў мастацтвазнаўцы Ларысы Фінкельштэйн, наведвальнікам праекта прапанавалі сапраўдныя тэкстыльныя скульптуры. «Вядома, куратар выставы тут саліруе, але яна сабрала выдатны аркестр, які разам з ёю стварыў вялікі тэкстыльны сімфанізм. Звярніце ўвагу на разнастайныя манеры, прафесійныя школы і ментальнасці. Тут прадстаўлены вялікі геаграфічны роскід мастакоў. Выстава разнастайная, але ў той жа час суцэльная. Можна ўбачыць сур’ёзнае разуменне формы аўтараў, пошук колеру ў тэкстылі, цікавае асваенне і разуменне прасторы», — дадала мастацтвазнавец.

У экспазіцыі прадставілі больш за 100 работ. Іх аўтары — мастак Судзе Дадрас (Іран, ЗША), Мануэль Вандл (Аўстрыя), Стэфан Secretspaces (Германія), Рахул Шарма (Індыя, Нідэрланды) і Хрысціна Высоцкая (Беларусь). У сваіх творах майстры звязваюць розныя ідэйна-сэнсавыя і фармальна-пластычныя падыходы. Кожны аўтар па-свойму даследуе магчымасці тэкстылю не толькі з дапамогай тэхнікі і матэрыялу, але і як асаблівую філасофію і светапогляд.

Як адзначыла старшыня секцыі мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў Вольга Раднікіна, раней мы маглі сачыць за сусветным развіццём тэкстылю толькі праз камп’ютар, а цяпер гэта можна рабіць у рэчаіснасці. «Гэта вельмі значная падзея. Даўно ў нас не было такога эксперыментальнага энергетычнага абмену, і дзякуючы экспазіцыі мы можам паглядзець на вопыт сур’ёзных мастакоў, ацаніць яго і нават натхніцца», — дадала яна.

Аўтар ідэі і куратар выставы Хрысціна Высоцкая расказала, што ідэя зрабіць выставу з’явілася год таму. «Акрамя таго, што я мастак, які працуе ў тэкстыльнай скульптуры, цяпер я заканчваю аспірантуру, таму апошнія тры гады грунтоўна вывучала стан мастацкага тэкстылю не толькі ў нашым рэгіёне, але і ў свеце, і гэта моцна паўплывала на мяне. Ідэя тэкстыльнай філасофіі — напрамак, які цяпер актыўна развіваецца. Тэкстыль ужо не проста матэрыял або тэхніка, а жыццёвая філасофія. Мне хочацца прыўнесці ў мастацтва Беларусі новыя хвалі. Пакуль што ў нас тры залы і пяць мастакоў, але выстава называецца „Тут, там і паўсюль“, таму хочацца паказаць, якія мы, якія мастакі ў іншых краінах, якія каштоўнасці мы нясём. У кожнага з нас свой унутраны свет, эстэтыка і бэкграўнд, і кожны хоча прадставіць сваё пасланне», — растлумачыла куратар.

На адкрыццё выставы прыехаў аўстрыйскі мастак Мануэль Вандл і адзначыў, што для яго вялікі гонар паказаць свае работы беларускай публіцы.

Гледачы змогуць наведаць сустрэчы з удзельнікамі праекта і экскурсіі. Іх мэта — паказаць унікальнае бачанне мастацтва тэкстылю, непаўторны стыль і дух творчасці кожнага майстра.

Праект будзе працаваць да 28 лістапада.

Прэв’ю: «Мінск-Навіны»

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».