Вы тут

З правам перапіскі, або Як матылькі становяцца гарпіямі


«Лісты ў нікуды, лісты з ніадкуль»... Я і сёння памятаю, як называўся той мой матэрыял, адзін з першых у «Звяздзе». Хацела нават учора дома перачытаць, ды не выйшла. У газеты за 1995-ты год, якія мама клапатліва захоўвала ў шафе вясковай хаты і якія сёлета пераехалі ў тым жа пакеце ў Мінск, убілася моль. І пажаўцелая старонка літаральна рассыпалася ў руках. А яшчэ кажуць: напісанае застаецца... Зрэшты, у памяці сапраўды штосьці засталося. Сентыментальны аповед пра раман маладой дзяўчыны з «зэкам», які доўжыўся два гады ў перапісцы, працягваўся нядоўга, калі кавалер выйшаў на волю, і скончыўся шматкроп'ем (а калі больш дакладна — нічым). Памятаю, старэйшыя калегі хвалілі, а хтосьці ўпотай пераказаў цікаўнасць рэдактара: маўляў, спытайце, гэта ж яна пра сябе пісала? «Не, ну што вы! —- аднеквалася я. — Навошта мне тое трэба? Гэта сяброўка трапіла ў гісторыю, якую расказала за келіхам віна». Не ведаю, ці пераканаўча яно гучала, ці паверылі мне цікаўныя. Праз дваццаць шэсць гадоў магу прызнацца: так, пісала пра сябе. Атрымала незабыўныя ўражанні і самае галоўнае — каштоўны досвед на усё жыццё. Можна сказаць, тут мне і маім блізкім сяброўкам, якія ведаюць тую гісторыю ў падрабязнасцях, пашанцавала. Бо ўсе гэтыя «амерыканскія палкоўнікі», «сірыйскія генералы», «несправядліва асуджаныя» і іншага кшталту ахвотнікі пажывіцца за кошт жаночай адзіноты, даверлівасці, жаласлівасці, не маюць у нас ні мізэрнага шанцу.


Тады, дваццаць шэсць гадоў назад, пра падобных махляроў ніхто яшчэ не пісаў і не гаварыў, яны ў прынцыпе адсутнічалі як з'ява. Затое ва ўсіх газетах былі раздзелы з аб'явамі аб знаёмстве. На адну такую аб'яву я, трэцякурсніца, наткнулася ў «Чырвонцы», калі пралежвала на канапе дома зімовыя канікулы. Настрой быў тады надзіва паганы: цяжкая сесія, змрочнае надвор'е, яшчэ і з хлопцам пасварылася... Чаму зачапілася вока менавіта за тую аб'яву, чаму захацелася таму невядомаму Ігару напісаць — і сёння не магу даўмецца. Але пісьмо на адрас калоніі ў Оршы я адправіла літаральна назаўтра, пакінуўшы зваротны адрас студэнцкага інтэрната, дзе жыла, не асабліва спадзеючыся на адказ.

Але ўжо праз два тыдні вахцёрка, якую ўсе чамусьці звалі Піначэт, неяк падазрона ўсміхаючыся, гукнула, калі вярталіся з дзяўчатамі з заняткаў: «Лена, табе там пісьмо прыйшло». Знайшоўшы адрасаваны мне канверт сярод шматлікіх іншых, выстаўленых на стэлажы ў алфавітным парадку, я зразумела пільную цікавасць бабкі-Піначэта да маёй прыватнай перапіскі: на зваротным адрасе была поўная назва калоніі, нумар атрада... Бабуля на сваім крэсле аж падскоквала, пакуль я тое пісьмо разглядала...

Я пасля некалькі разоў прасіла яго не пісаць поўны зваротны адрас, каб не прыцягваць лішнюю ўвагу да маёй персоны. Нельга, адказваў, такія ў калоніі правілы. Таму праз колькі часу толькі лянівы ў інтэрнаце не ведаў, адкуль я атрымліваю пісьмы... Зрэшты, мне было ўсё роўна — я іх чакала з нецярпеннем, з ахвотай і натхненнем на іх адказвала. Бо ў іх было столькі рамантыкі, столькі пяшчоты, столькі прыгожых слоў, якія я ніколі не чула ад сваіх нязграбных «зялёных» кавалераў. Менавіта тады я ўпершыню адчула сябе жанчынай, якая такіх слоў вартая, якой такія словы казаць павінны (і ніяк па-іншаму!). І ўсе заляцанні адмятала: тыя, хто заляцаўся, і паловы тых слоў не ведалі, пэўна, а каб сказаць — дык і пагатоў.

Быў у нашай перапісцы яшчэ адзін момант, які мне тады здаваўся зусім няважным, а мой завочны кавалер, як разумею сёння, дзеля гэтага ўсё і рабіў. Кожны месяц я збірала добрую-такі бандэроль: блок цыгарэт, чай, яшчэ нешта з прысмакаў, шакалад, напрыклад. Для маёй студэнцкай стыпендыі і невялікіх няштатных ганарараў гэта былі значныя выдаткі, на ўсім астатнім даводзілася эканоміць. Але ж як было чалавека не пашкадаваць: ён пісаў, што сам з Расіі, што падставілі партнёры па бізнесу, што жонка ад яго адраклася — развялася і выпісала з маскоўскай кватэры. А яшчэ вось гэта: што ён знайшоў ува мне вернасць і прыстойнасць (а мы ж вельмі хочам чуць такую ацэнку, праўда?), што менавіта са мной ён бачыць сваю будучыню, што ў яго ёсць жаданне і сродкі зрабіць мяне шчаслівай... І я кожны месяц, падлічваючы «зайчыкі», ішла на «Камароўку» купляць блок «Мальбара» (не «Прымы» ці «Астры») і вялікі пачак цэйлонскага чаю (а самі заварвалі ў інтэрнаце сушаныя зёлкі). А калі майму «прынцу» спатрэбілася даведка, што яго прапішуць, я ледзь не на каленях стаяла перад мамай, каб яна гэту даведку ўзяла ў сельсавеце, расказваючы ёй выдуманую гісторыю пра аднакурсніка, які згубіў дакументы і якога пагражаюць забраць у рабства бандыты (пра перапіску і бандэролі ў калонію мама нічога не ведала, бо каб ведала — вельмі хутка гэту дурасць з мяне б выбіла. Прычым літаральна)...

Тая даведка, я так разумею, была патрэбная яму для датэрміновага вызвалення. І з'явіўся ён у натуральнай велічыні абсалютна нечакана, але гучна. Мы з сяброўкай ужо былі на пятым курсе, здымалі кватэру. А ён прыехаў у інтэрнат, бо толькі гэты адрас ведаў, і пачаў мяне настойліва шукаць. Скончылася ўсё тым, што Піначэт (усё-ткі нездарма ў яе была такая мянушка) пазваніла ў дэканат — і калі мяне знайшлі і паклікалі да тэлефона, урачыста абвясціла ў трубку: «Лена, твой зэк прыехаў, цябе шукаў!»

Што было далей? Ён аказаўся зусім непадобны на прынца (можа, таму, што на той момант мне вельмі і ўзаемна падабаўся адзін гукарэжысёр з радыё?). І стала зразумела, што пісьмы пісаў не ён — і паловы тых слоў, што ў лістах, ён дакладна не ведаў. Я ўжо хутчэй ад шкадавання накарміла яго, дазволіла памыцца ў ваннай. Інтым? Ды што вы — думала, як хутчэй яго сплавіць з хаты. Ужо не шкадаваннем, а менавіта гэтым жаданнем кіравалася, купляючы яму білет да цягнік да Масквы. «Навошта ты гэта зрабіла? — дзівілася пасля сяброўка. — Ён жа зноў табой скарыстаўся...» «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі», — вырвалася здзеклівае. «А ты становішся сцервай», — сказала сяброўка.

Затым і жыву дагэтуль. З веданнем, з досведам, з удзячнасцю, што атрымала яго, як прышчэпку ад дурасці, у дваццаць гадоў, а не ў сорак пяць. Прачытала ўчора «Нефармат» Святланы Яскевіч пра падобных дурніц, якія, бы матылькі на агонь, ляцяць на прыгожыя словы махляроў і хлусаў, вось і згадала гэту амаль забытую гісторыю. Так бы мовіць, погляд знутры. Святлана ў канцы напісала: самі, маўляў, ведаеце, што бывае з тымі матылькамі. Ведаю. Тыя, што не згараюць, ператвараюцца ў гарпій. Калі верыць грэчаскай міфалогіі, з гэтымі крылатымі істотамі нікому звязвацца не варта. Асабліва гэта датычыцца мужчын.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».