Вы тут

Віктар Лісковіч правёў нараду па абмеркаванні законапраекта «Аб турызме»


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч правёў рабочую нараду па абмеркаванні законапраекта «Аб турызме».


Нагадаем, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ужо прынялі ў другім чытанні дадзены законапраект, які быў унесены Саветам Міністраў яшчэ летась. І вось цяпер надышла чарга ўзгаднення дакумента ў профільнай Пастаяннай камісіі верхняй палаты парламента.

Як адзначыў сенатар, прыняцце дадзенага законапраекта дазволіць значна ўдасканаліць заканадаўчую базу прававога рэгулявання дадзенай галіны, узняць на новы ўзровень абароненасць спажыўцоў турыстычных паслуг нашай краіны. Галоўнае, каб гэты закон быў рабочым, было забяспечана яго комплекснае і сістэмнае прымяненне, асабліва ў тым, што датычыцца інтарэсаў грамадзян, перакананы ён.

Грунтоўнае выступленне на згаданую тэму зрабіў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партны, які выказаў свой пункт гледжання на змяненні ў законе. На яго погляд, з улікам досведу мінулых гадоў і цяперашняй турыстычнай практыкі важным новаўвядзеннем стане размежаванне адказнасці турагентаў і тураператараў. І ў першую чаргу ўзрасце іх адказнасць перад кліентамі. Таксама ўводзяцца механізмы абароны правоў спажыўцоў праз фінансавую адказнасць тураператара, страхаванне і банкаўскія гарантыі.

Удзельнікі нарады абмеркавалі іншыя прапановы па паляпшэнні дзейнасці турыстычных фірмаў і павышэнні іх прафесіяналізму. У прыватнасці, гаварылі і аб практыцы арганізацыі і правядзення экскурсій, у цэлым аб павышэнні якасці экскурсійных паслуг. Тут яшчэ шмат недапрацовак і хібаў, далёка не заўсёды турыстам выкладаецца актуальны і аб'ектыўны фактычны матэрыял, робяцца правільныя высновы.

З гэтай нагоды Віктар Лісковіч парэкамендаваў прадстаўнікам міністэрства пры падборы і падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў больш цесна і плённа працаваць з уладамі рэгіёнаў, з тымі ж Саветамі дэпутатаў. Там добра ведаюць мясцовых людзей, іх патэнцыял. А тым, хто не мае пасведчання аб прафесійнай атэстацыі ці, інакш кажучы, адпаведнага пацвярджэння кваліфікацыі экскурсавода, гіда-перакладчыка, забараніць гэтыя віды дзейнасці, лічыць сенатар.

Увогуле, трэба ісці ў нагу з часам, выкарыстоўваць мабільныя магчымасці суправаджэння экскурсій, у прыватнасці аўдыягіды, іншыя тэхнічныя сродкі. Гэта, акрамя іншага, дазволіць і сэканоміць грошы ў асобных выпадках, асабліва ў разгар летняга сезона, мінімізаваць дэфіцыт кадраў, пагадзіліся ўдзельнікі рабочай нарады.

Віктар Лісковіч у завяршэнне выказаў упэўненасць у тым, што новая рэдакцыя закона «Аб турызме», які быў прыняты яшчэ ў лістападзе 1999 года, дазволіць вырашыць многія праблемы ў сферы турызму, ліквідаваць прычыны злоўжыванняў і канфліктаў. Бо агульнавядомыя гісторыі і факты, калі людзі не маглі атрымаць назад грошы за зрыў адпачынку, а бясконцыя пераносы тэрмінаў пуцёвак моцна псавалі настрой і жыццё. А вінаватыя ў гэтым кіраўнікі турфірмаў адмаўляліся размаўляць па сутнасці справы з пацярпелымі ад іх дзеянняў грамадзянамі.

Мікалай ЛЮБЧАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.