Вы тут

Жыхары мікразоны ў цэнтры Магілёва чакаюць, калі ім адрамантуюць лесвіцу


Гэты мікрараён асаблівы тым, што знаходзіцца ў так званым катлаване — на пойменных тэрыторыях Дняпра. Наверсе шуміць цалкам гарадскі мікрараён Юбілейны, а тут амаль пастаральная карціна — прыватныя дамы, сады, агароды. Калі зімы былі снежныя, узнікалі праблемы з падтапленнямі, зараз пра іх ужо ніхто не ўспамінае: ліквідаваліся самі сабой. Іншую, больш важную, могуць вырашыць толькі спецыялісты. Размова пра лесвіцу, якая ў раёне вуліцы Каралёва злучае мікразону з Юбілейным. Месцічы параўноўваюць яе з паласой перашкод. Праблема ўжо даўно з барадой. Нельга сказаць, што яе не рашаюць, але, як той казаў, воз і зараз там. Нядаўна жыхары зноў напісалі ліст ва Упраўленне камунальных прадпрыемстваў, пад ім падпісалася 126 чалавек.


На першы погляд можа нават падасца, што жыхары нахабнічаюць. Чаго ім не хапае? Лесвіца ж ёсць! Каб разабрацца, што і як, карэспандэнт «Звязды» пабывала на месцы і сустрэлася з пакрыўджанымі.

Дарэчы, пакуль спускалася да іх па гэтай злашчаснай лесвіцы, звярнула ўвагу, што прыступкі пад нахілам дзесьці без пліткі, некаторыя заканчваюцца выступам, за які можна зачапіцца і з ветрыкам паляцець уніз. Адным словам, прасякнулася разуменнем яшчэ да таго, як ступіла на апошнюю 66-ю прыступку.

Каля дзесяці жыхароў ужо стаялі ўнізе і з цікавасцю назіралі за маім перамяшчэннем. Адразу ж пацікавіліся: ну як вам наш экстрым? Сябе яны называюць горнымі людзьмі. І чым чалавек старэйшы, тым цяжэй яму браць гэты эверэст. Блізка альтэрнатыўнай дарогі, якая б звязвала мікрараён з Юбілейным (чытай, школамі, садкамі, прадпрыемствамі, крамамі, аптэкамі), няма. Адзіны варыянт — у аб'езд праз плошчу Арджанікідзэ. Для гэтага трэба некалькі кіламетраў прайсці пешшу і ўжо на плошчы сесці на аўтобус або дачакацца аўтобус № 39, які тут курсіруе, як выказаліся жыхары, раз у гадзіну. Ад плошчы да Юбілейнага 5-6 прыпынкаў, ад Падгорнай, напэўна, усе 10. Адчуваеце розніцу? Карыстаецца лесвіцай болей чым 2000 чалавек. Гэта жыхары вуліц Ламаносава, Бетховена, Веры Харужай, дзесяці завулкаў з адной на ўсіх назвай Падгорны і некаторых іншых.

Наперадзе зіма, і людзі перажываюць, што іх праблема так і застанецца нявырашанай. Па лесвіцы і цяпер хадзіць небяспечна, але зімой гэта наогул атракцыён-камікадзэ. Прасцей з'ехаць на санках, чым ісці на сваіх дваіх.

— Кожны год мы просім зрабіць капітальны рамонт, — кажа старшыня вулічнага камітэта Аляксандр Пікуля. — Да нас прыязджаюць, глядзяць і робяць усё на хаду. Пазалетась у кастрычніку быў на прыёме у намесніка старшыні аблвыканкама. Пры мне ён даваў распараджэнне адпаведным службам зрабіць усё як трэба і пабудаваць пандус. Зараз гэты чалавек ужо міністр, а лесвіца якой была, такой і засталася.

— Ужо збіраліся тут і з камунальнікамі, і з дэпутатамі, і з прадстаўнікамі мясцовай улады, але ўсё бессэнсоўна, — абураецца жыхарка мікрараёна. — Да пандэміі размаўлялі не толькі наконт лесвіцы, але і наогул наконт добраўпарадкавання ўсёй тэрыторыі — глухі нумар.

— Бацькі ўсё жыццё пакутавалі з гэтай лесвіцай. Маці была поўная, не магла па крывых прыступках спускацца, пратаптала сцяжынку ўздоўж лесвіцы і ішла паціху, трымаючыся за парэнчы, — скардзіцца другая жанчына.

— У лютым да нас нават тэлебачанне прыязджала, зноў гучалі абяцанні, — дадае трэцяя. — Мы тут непадалёк жывём, муж, я, дачка лесвіцай карыстаемся пастаянна. Але ж гэта не лесвіца, а здзек з людзей.

Суразмоўцы наперабой прыводзяць аргументы: «да аптэкі дайсці цяжка», «дзіця ў сад завесці і забраць — праблема», «у галалёд так засела, што ледзь выратавалі», «не лесвіца, а атракцыён: шыю звярнуць можна», «з сумкамі спускацца — сапраўднае пакаранне»...

Быццам у пацвярджэнне апошніх слоў, наверсе з'яўляецца жанчына з сумкай на калёсіках. Ёй прыходзіцца несці паклажу ў руках і ўвесь час глядзець пад ногі, каб не зачапіцца аб плітку, якая выступае.

— Вельмі нязручная лесвіца. Колькі гадоў людзі тут жывуць, столькі і пакутуюць, — прызнаецца яна. — Іду і баюся, як бы не ўпасці. Я чалавек ва ўзросце, перанесла інфаркт. Мне больш за тры кілаграмы наогул падымаць нельга. Але куды дзецца? А калі прыйдзе зіма і ўсё заледзянее, будзе яшчэ складаней. Лесвіца не заўсёды чысціцца.

Разам з жыхарамі інспектуем лесвіцу па прыступках: вунь расколіна, вось тарчыць арматура, а вунь там плітка пад нахілам 15 градусаў.

— Звярніце ўвагу на металічныя падпоркі-штыры, — падказвае Аляксандр Пікуля. — Летась іх тут набілі замест рамонту і далі справаздачу, што ўсё добра.

Адна з прыступак часткова зроблена з бетону. Яна найбольш удалая, без ухілу. Што перашкаджае зрабіць такімі ўсе астатнія? Дарэчы, Падгорная знаходзіцца на адным узроўні з Падміколлем. Але там парк і горад зрабіў шыкоўную лесвіцу, усім на зайздрасць. На жаль, гэта вельмі далёка для тутэйшых. Яны на такую раскошу і не прэтэндуюць. Ім бы нешта прасцей, але функцыянальнае. Адна справа, калі ты малады, можна на штосьці і вочы заплюшчыць. А калі ты пенсіянер, цяжарная, маеш інваліднасць, што тады рабіць? Дарэчы, тутэйшыя маладыя маці з каляскамі на вуліцу Каралёва падымаюцца па прыстасаванай сцяжынцы, уздоўж водапрыёмніка. Тут, прынамсі, не такі круты схіл. Вулічны камітэт і яго памочнік вядуць мяне па ёй, каб паказаць, што калісьці яе нават пакрывалі бутам. Жыхары дагэтуль успамінаюць добрым словам актывістку мікразоны, якая звярнулася на прамую лінію да старшыні аблвыканкама. Але гэта даўно было, тая жанчына ўжо памерла. Праблема з далейшым падтрыманнем парадку на гэтай «дарозе жыцця» засталася. Памочнік Аляксандра Пікулі лічыць, што для рашэння пытання было б дастаткова экскаватара, двух МАЗаў пяску і некалькіх гадзін работы.

— А яшчэ новы мікрараён у нашай нізіне збіраліся будаваць, — кажа ён. — 24 пяціпавярховікі! Гэта колькі б яшчэ народу тут штурмавала нашу лесвіцу.

Аляксандр Пікуля прынёс з сабой на сустрэчу цэлую папку справаздач па надзённай праблеме. Тут і перапіска з чыноўнікамі, і выразкі з газет: пачынаючы ад гарадской, заканчваючы рэспубліканскімі. Парадокс у тым, што мясцовыя ўлады праблему разумеюць, але вырашыць не могуць. Вось цытата з ліста ад 19 сакавіка мінулага года за подпісам намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама: «У сувязі з неадпаведнасцю ўхілаў і шырыні існуючых лесвічных маршаў, выканаць плаўныя спускі ў адпаведнасці з нарматыўнымі патрабаваннямі «Асяроддзе пражывання фізічна аслабленых асоб. Будаўнічыя нормы праектавання» ў рамках бягучага рамонту немагчыма. Дадзеныя работы носяць капітальны характар і могуць быць выкананы толькі пры наяўнасці праектна-каштарыснай дакументацыі і выдзяленні фінансавых сродкаў».

У якім стане праектна-каштарысная дакументацыя і калі будзе капрамонт, паспрабавалі высветліць у Магілёўскім гарадскім упраўленні камунальных прадпрыемстваў. Але, як там сказалі, пасля дадатковага абследавання было прынята рашэнне абмежавацца бягучым рамонтам. Па словах намесніка генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні Дзяніса Койды, сёлета да канца года будзе выкананы рамонт на аварыйных участках лесвіцы, а налета яе апрануць у маналіт — цалкам заменяць плітку на бетон.

Мы ж са свайго боку абяцаем прасачыць гэты працэс і потым яшчэ раз сустрэцца з жыхарамі Падгорнай, каб пацікавіцца іх меркаваннем. Вельмі хочацца спадзявацца, што пытанне нарэшце будзе вырашана.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: 66 прыступак экстрыму

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.