Вы тут

Як 30-гадовы галоўны ўрач кіруе раённай бальніцай ва ўмовах пандэміі


Кіраўнікі адміністрацыі Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы — прадстаўнікі маладога пакалення айчыннай медыцыны. Галоўнаму ўрачу каля трыццаці гадоў. 


Сенненская цэнтральная раённая бальніца.

Галоўны ўрач Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй Какойчанка нарадзіўся ў Лёзненскім раёне. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта малады хірург у 2014-м па размеркаванні трапіў у Сянно. Праз тры гады стаў загадчыкам хірургічнага аддзялення. Два гады таму ўзначаліў калектыў бальніцы.

Усе ложкі будуць з кіслародам

На адным са сталоў у рабочым кабінеце доктара адразу кінулася ў вочы карта раёна з надпісамі, зробленымі ад рукі. Падумаў: няўжо цяпер у медыкаў карты як у ваенных, толькі вораг — COVІD-19? Аказалася, гэта адзін з планаў рэарганізацыі медыцыны ў раёне. Тут жывуць каля 21 тысячы чалавек, у тым ліку ў Сянне 7,3 тысячы чалавек. Працаздольнага насельніцтва 8 тысяч чалавек. За ўвесь час распаўсюджвання COVІD-19 у чатырох тысяч чалавек пацверджаны дыягназ, з іх пралячылі ў стацыянары больш за тысячу.

— Выяўляем COVІD-19 у нас, у тым ліку з выкарыстаннем ультрагукавой дыягностыкі. Мы атрымалі два апараты вельмі высокай якасці, — распавядае галоўны ўрач. — Памяшканне, куды трапляюць пацыенты з рэспіраторнымі інфекцыямі, каранавірусам, знаходзіцца ў асобным будынку. Інфекцыйны кабінет уяўляе сабой цэлы комплекс, дзе ёсць уласная лабараторыя, працэдурны кабінет, рэгістратура. Там можна здаць як ПЛР-тэст, так і лабараторныя тэсты экспрэс-дыягностыкі.

Андрэй Какойчанка падкрэслівае, што ў медыцынскай установе зроблена ўсё магчымае, каб патокі інфіцыраваных і іншых пацыентаў не перасякаліся. У інфекцыйным блоку ўваходы і выхады асобныя для пацыентаў і персаналу, працуе выцяжка ў кабінеце, дзе бяруць мазкі, ёсць пакоі пярвічнага і паўторнага прыёмаў, шлюзы, душавая.

Да канца года ў бальніцы завершыцца рамонт, у выніку ўсе ложкі, прадугледжаныя для лячэння пацыентаў з COVІD-19, будуць аснашчаныя кіслародам. Гэта ў паўтара раза больш, чым цяпер.

Каб паменшыць нагрузку медыкаў, створаць асобны кабінет прафілактычных аглядаў. Там за мінімальна кароткі час можна будзе атрымаць неабходную даведку.

Было б жаданне

Абследаваннем і прышчэпкамі жыхароў далёкіх і маланаселеных вёсак займаюцца дзве спецыялізаваныя брыгады. СУрачэбныя амбулаторыі маюць запас прышчэпак і могуць іх рабіць без дапамогі цэнтральнай бальніцы.

У самім горадзе медыкі гатовыя прыехаць у калектыў, нават калі там толькі некалькі ахвотных зрабіць прышчэпку. У адной з крам прышчэпачны пункт працуе па выхадных, яшчэ ў адным гандлёвым пункце — перыядычна, каб пазбегнуць чэргаў.

— У прышчэпачнай справе работу аблягчае ўдзел у праекце з Беларускім і Швейцарскім Чырвоным Крыжам. Наш раён — адзін з пяці ў вобласці, дзе ён ажыццяўляецца. Фінансуюць транспартныя выдаткі, інфармацыйнае забеспячэнне, дзейнасць валанцёраў, каб інфармаваць уразлівыя групы насельніцтва пра небяспеку заразіцца. Дапамагаюць медыкам у арганізацыі прышчэпак адзінокім састарэлым грамадзянам, тым, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Ужо больш за 250 пацыентаў даставілі ў пункты вакцынацыі, — распавядае доктар. Ён дадаў, што ковідам жыццё не абмяжоўваецца. Некалькі праектаў, якія рэалізоўваюцца тут, інфекцыі не датычацца. У прыватнасці, дзякуючы партнёрству з Нямецкім Чырвоным Крыжам, будзе праводзіцца рэабілітацыя тых, хто перанёс інсульт. Сенненскі раён у гэтым годзе адзіны ў вобласці, дзе ажыццяўляецца гэты праект. «Прывязуць спецыяльныя ванныя, інтэлектуальныя «комплексы-механізмы», каб хворага можна было лёгка падняць з ложка, каб ён мог вучыцца рухацца, хадзіць», — удакладняе Андрэй Какойчанка. Рэабілітацыя пачнецца ўжо ў бальніцы, што паскорыць працэс аднаўлення.

Мабільныя ФАПы

Мы вярнуліся да карты, якая мяне адразу зацікавіла ў кабінеце галоўнага ўрача. Яна адлюстроўвае планы па аб'яднанні фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Гэта дазволіць значна павысіць узровень медыцынскага абслугоўвання, лічыць мой суразмоўца. Аналізы можна будзе браць дома, як і зрабіць кардыяграму. Увесь спектр так званых даўрачэбных прыёмаў будзе забяспечаны. Змены дазволяць больш рацыянальна выкарыстоўваць бюджэтныя грошы, зрабіць медыцыну мабільнай, а яшчэ вырашыць кадравае пытанне, растлумачыў спецыяліст.

Доктар паказаў мне ўстанову, якой кіруе. Уразіла педыятрычнае аддзяленне. Тут малюнкі на сценах, можна паглядзець мультфільмы, вельмі ўтульна — быццам у казку трапіў.

У тэрапіі для дарослых таксама адчуваецца сучасны ўзровень ва ўсім. Да канца года будзе рэалізаваны праект «Клапатлівая паліклініка». Задача — максімальна аблягчыць пошук неабходных лакацый, зрабіць знаходжанне ў медыцынскай установе камфортным.

Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй Какойчанка і Хрысціна Гарчынская, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення.

Шмат планаў наконт лічбавізацыі. Напрыклад, на сайце бальніцы можна будзе ў найбліжэйшай перспектыве запісацца на прыём, атрымаць анлайн-кансультацыю. Сумесна з адной з кампаній па аказанні паслуг мабільнай сувязі ўкараняецца сістэма кансультацый па тэлефоне. Можна будзе пазваніць памочніку ўрача агульнай практыкі і пачуць яго параду, кансультацыю аб правільным прыёме лекаў.

Маладыя застаюцца

Цікавых ідэй шмат. Хрысціна Гарчынская, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы, пацвердзіла, што маладыя спецыялісты з задавальненнем тут працуюць.

— Многія выбіраюць райцэнтр для сямейнага жыцця, бо тут без праблем вырашаецца жыллёвае пытанне, можна павышаць кваліфікацыю, атрымліваць новыя веды, зрабіць кар'еру. А яшчэ вабяць даплаты за працу ў глыбінцы, клопат з боку мясцовай улады, ды і вялікі бонус — блізкасць абласнога цэнтра, — пералічвае яна.

Прываблівае моладзь і тое, што кіраўнікі медыцынскай установы — людзі аднаго з ёй пакалення. Для членаў калектыву арганізоўваюць турпаходы, напрыклад, сплаў на байдарках, удзел у інтэлектуальных гульнях. А ў Віцебск можна паехаць у тэатр, на канцэрты «Славянскага базару», у музеі.

Медыцынская ўстанова ў Сянне — добры прыклад таго, што ў Беларусі якасць медабслугоўвання не залежыць ад месца, дзе яна аказваецца. У глыбінцы цяпер зробяць многае з таго, што раней было даступна толькі ў абласных цэнтрах і ў Мінску.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

г. Сянно

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.