Вы тут

Чароўны свет балета-казкі. Фотарэпартаж


Да радасці мам і тат, і асабліва іх дзяцей, аматараў балетнага мастацтва, у Вялікім тэатры 30 і 31 кастрычніка адбудзецца прэм’ера балета Радзівона Шчадрына «Канёк-Гарбунок». Пастаноўку балета ажыццявіў у мінулым вядучы саліст беларускага балета, а зараз галоўны балетмайстар тэатра народны артыст Беларусі Юрый Траян. Для яго гэта пятая прэм’ера на сцэне нашага тэатра пасля балетных спектакляў «Крылы памяці», «Трыстан і Ізольда», «Вітаўт» і «Анастасія».


Сярод выканаўцаў галоўных партый задзейнічаны ўсе вядучыя артысты беларускага балета і таленавітая моладзь. У новай пастаноўцы захаваны ўсе вядучыя партыі спектакля. Стваральнікі спадзяюцца, што дзеці і бацькі ўбачаць яркую і светлую гісторыю.

Асноўнае, што хацелася б адзначыць, — гэта ўніверсальнасць пастаноўкі, кіраўніком якой з’яўляецца народны артыст Беларусі, харэограф Юрый Траян. Казка «Канёк-гарбунок» вядома нам яшчэ з дзяцінства, і на першы погляд можа падацца, што не варта ісці на дзіцячую пастаноўку. Але дзея пабудавана такім чынам, што яна зацікавіць гледачоў розных узростаў. Калі дзецям спадабаюцца яскравыя бліскучыя касцюмы ды разнастайныя дэкарацыі, то дарослым прыемна будзе пачуць дзівосную музыку ў выкананні аркестра Вялікага тэатра пад кіраўніцтвам Мікалая Калядкі. У героях балета лёгка пазнаюцца тыповыя рысы людзей, якія нас акаляюць. Кемлівы ды храбры Іван, падчас генеральнай рэпетыцыі яго ролю выконваў Эван Капітэн. Недарэчнага і запальчывага цара паказаў Юрый Кавалёў, а ролю Канька-Гарбунка, галоўнага спадарожніка і вернага сябра, выканаў Таро Курачы.

Балет Юрыя Траяна адлюстроўвае традыцыі народнай казкі, і бачна гэта не толькі па касцюмах артыстаў. Напрыклад, у сцэне кірмашу, куды трапляе Іван разам з Каньком-Гарбунком, гледачам паказваюць балетныя па ў сумяшчэнні з элементамі народных танцаў ды карагоду. Яшчэ адна сімвалічная рэч — печка. Дарэчы, з яе і пачынаецца ўся гісторыя... Як адзначыў Юрый Траян, галоўным для яго было захаваць сусвет і атмасферу казкі. 

Хацелася б засяродзіць увагу на сцэнаграфіі балета «Канёк-Гарбунок». Давялося чуць ад гледачоў прызнанні: «Я не мог адарвацца». Мастацкім афармленнем сцэны займалася Любоў Сідзельнікава. На мой погляд, найбольш удалы эпізод спектакля — сцэна ў падводным царстве. Уявіце, выявы агромністых, больш за чалавечы рост, медуз, падвешаныя над сцэнай. Святло, якое пераліваецца блакітнымі і зялёнымі адценнямі, — мастак па святле Сяргей Мартынаў. І танцоры балета, рухі якіх сапраўды нагадваюць водныя хвалі. Свайго кшталту тагасветны свет, дзе звычайныя людзі існуюць разам з міфічнымі істотамі. Здаецца, у гэтай сцэне найбольш яскрава праявілася сумесная праца ўсёй каманды «Канька-Гарбунка».

І каб адчуць напоўніцу атмасферу казкі, запрашаем усіх наведаць новую пастаноўку Вялікага тэатра Беларусі. Нават калі квіткоў на бліжэйшыя даты ўжо няма, трапіць на балет «Канёк-Гарбунок» можна будзе і ў лістападзе. Упэўнена, што спектакль будзе паспяхова радаваць гледачоў.

А фатограф Віктар Драчоў пабываў на адным з заключных прагонаў балета і дае магчымасць убачыць фрагменты новай пастаноўкі яшчэ да яе прэм’еры.

Фота Віктара ДРАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».