Вы тут

Пад аховай прафесіяналаў. Усе сталічныя школы — на кантролі Міністэрства ўнутраных спраў


У верасні ўвесь свет ускалыхнула навіна: малады чалавек уварваўся ў Пермскі ўніверсітэт і расстраляў шэсць чалавек. Усяго за тры месяцы да гэтага амаль яго равеснік адкрыў агонь у казанскай школе: забойца пазбавіў жыцця семярых дзяцей і дзвюх настаўніц, 24 чалавекі былі паранены. На днях падлетак адкрыў стральбу ў Пермскім краі: на шчасце, абышлося без ахвяр. Падобная трагедыя два гады таму здарылася і ў нас: у Стоўбцах дзесяцікласнік нанёс удары нажом вучню і настаўніцы — ад атрыманых раненняў яны загінулі на месцы. Сярод белага дня, на вачах у школьнікаў адбылося нябачанае дагэтуль у суверэннай Беларусі злачынства...


Пасля трагедыі ў райцэнтры многія навучальныя ўстановы краіны ўзмацнілі прапускны рэжым. Там, дзе дагэтуль не было аховы, яна з'явілася. Супрацоўнікі ВНУ, сярэдніх спецыяльных устаноў, школ і нават дзіцячых садкоў пачалі рэагаваць на прысутнасць у адміністрацыйных будынках старонніх людзей. Асаблівую ўвагу сталі звяртаць на тых, хто неадэкватна сябе паводзіць.

З новага вучэбнага года ў сталіцы — увогуле ноу-хау. Мінскія школы, без выключэння, перайшлі пад кантроль Міністэрства ўнутраных спраў. З першага верасня ўсіх тых, хто ідзе сюды як вучыцца, так і выкладаць, на парозе сустракаюць супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Якім чынам цяпер трапляюць у школы бацькі, а таксама староннія людзі, якім гэта неабходна, як увогуле функцыянуе сістэма бяспекі ў сярэдніх навучальных установах, карэспандэнты «Звязды» высвятлялі на прыкладзе сярэдняй школы № 61 Мінска.

«Прад'явіце пропуск!»

Пры падыходзе да школы разумеем: навучальная ўстанова была пабудавана нядаўна. Вялізны будынак, прыгожы фасад, сучасныя спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі на тэрыторыі — усё сведчыць аб тым, што школе не больш за дзесяць гадоў. Знаходзіцца ўстанова адукацыі побач з адным з найбуйнейшых сталічных жылых комплексаў «Маяк Мінска»: на яго юных жыхароў, відаць, у асноўным і разлічана.

Праз прыгожы ўтульны дворык набліжаемся да ўваходу. Цягнем за ручку, а дзверы не адчыняюцца. Націскаем на кнопку (сістэма нагадвае дамафон). «Вы да каго? Мэта прыходу?» — пытаюцца на тым баку сувязі. «Мы карэспандэнты, дырэктар у курсе нашага візіту», — адказваем. Дзверы адчыняюцца, але і тут перашкода — турнікеты, пераадолець якія пад сілу толькі ўладальнікам электронных пропускаў. У нас іх, вядома, няма. Паколькі дзяжурныя ведаюць, навошта мы сюды прыйшлі, прапускаюць. Праўда, чакаць дырэктара прапаноўваюць тут жа, на пасту аховы. Як і ўсіх наведвальнікаў школы, за выключэннем вучняў і настаўнікаў, нас рэгіструюць у спецыяльным часопісе — добра, што ўзялі з сабой пашпарты. А калі б і забыліся, падыдзе любы дакумент, які пацвярджае асобу.

— Школа функцыянуе восьмы год, — з парога знаёміць з установай дырэктар 61-й школы Ірына ЦУБІКАВА. — У адукацыйным працэсе задзейнічана 1700 дзяцей. Навучанне адбываецца ў адну змену. Функцыянуе 11 груп прадоўжанага дня (а гэта каля 250 дзяцей). Каля 700 школьнікаў ахоплена дадатковай адукацыяй: заняткі ў гуртках, секцыях, у басейне. На базе школы займаюцца гульцы баскетбольнага клуба «Цмокі», валейбольнага клуба «Мінск», фукцыянуе фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі Першамайскага раёна (секцыя па біятлоне) — другая палова дня таксама ахоплена вялікай колькасцю людзей. Акрамя таго, дзейнічае абанементная сістэма ў басейн для грамадзян.

Забыўся картку? Не бяда!

Пост аховы ў 61-й школе працуе ўжо трэці год. Пасля ўвядзення прапускнога рэжыму кантроль ва ўстанове адукацыі стаў ажыццяўляцца больш пільна. Сёлета непрафесійных вартаўнікоў змянілі супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС, што толькі ўзмацніла яго якасць.

Людзей праз школу праходзіць шмат, а адпаведна работы для міліцыянераў на пасту хапае. І гэта нягледзячы на электронную прахадную і карту, якая ёсць у кожнага навучэнца. Калі ў школу хоча трапіць хтосьці з бацькоў або старонні наведвальнік, ахова павінна дакладна зразумець мэту візіту, а прапусціўшы чалавека ў будынак, ацаніць чалавека: у якім ён стане, як выглядае, як сябе паводзіць. Толькі потым ажыццяўляецца запіс у журнал уліку наведвальнікаў.

— Калі ў школьніка скончыўся тэрмін дзеяння карткі або хтосьці страціў ці забыўся свой пропуск, вядома, на заняткі такі вучань трапіць: дастаткова назваць сваё прозвішча, і я праверу такога навучэнца па базе, — удакладняе міліцыянер батальёна міліцыі Першамайскага аддзела (горада Мінска) Дэпартамента аховы прапаршчык міліцыі Мікіта МАЛЫШАЎ. — Часта звяртаюся па дапамогу да дырэктара: Ірына Віктараўна заўсёды падкажа, як завуць таго ці іншага навучэнца, у якім ён класе вучыцца.

Мікіта Малышаў у Дэпартаменце аховы служыць нядаўна. Ён па адукацыі, дарэчы, педагог, заўсёды марыў насіць пагоны. У Дэпартаменце аховы доўгі час працаваў яго бацька, які шмат цікавага расказваў сыну аб сваёй прафесіі. У выніку вырашыў паспрабаваць свае сілы і Мікіта. Цяпер замест таго, каб працаваць у школе настаўнікам фізкультуры, ён адказвае тут за бяспеку.

Да ахоўніка звяртаюцца і тады, калі трэба знайсці страчаную рэч. Часта школьнікі губляюць мабільныя тэлефоны. «Бывае, што дзіця нават яшчэ не паспее нам паведаміць аб гэтым, як згубленую рэч нам ужо перадаюць іншыя вучні», — кажа Мікіта.

— Напэўна, у першакласнікаў узнікаюць цяжкасці пры пераадоленні турнікетаў? — цікаўлюся ў міліцыянера.

— Акурат наадварот: першакласнікі больш адказныя, чым вучні старэйшых класаў, і імкнуцца быць самастойнымі, — лічыць праваахоўнік. — Ім усё цікава, таму з энтузіязмам ставяцца да ўсяго новага.

«Мы спакойныя за дзяцей»

Бліжэй да абеду каля турнікетаў становіцца шматлюдна: каб забраць сваіх дзяцей (звычайна першакласнікаў), у школу прыходзяць бацькі. Чакаюць сваіх школьнікаў і бабулі. Некаторыя па тэлефоне паведамляюць нашчадкам, што ўжо на месцы. Іншыя сціпла чакаюць: малыя ведаюць, хто і ў колькі па іх прыйдзе.

Сваю ўнучку-другакласніцу кожны дзень пасля ўрокаў забірае Святлана Сапун. Затым бабуля вядзе дзяўчынку ў музычную школу. Бацькі школьніцы працуюць, а Святлана Яўгенаўна на пенсіі: хто ж, як не яна, дапаможа сваім дзецям. Нягледзячы на ўзрост, да новай прапускной сістэмы ў школе жанчына прызвычаілася хутка.

— Калі ў школу хадзілі мае дзеці, пра бяспеку мала хто задумваўся, — заўважае Святлана Сапун. — Цяпер іншы час. Тое, што міліцыя пастаянна знаходзіцца ў школе, — гэта добра. Мы спакойныя за нашых школьнікаў. Дарэчы, прысутнасць чалавека ў пагонах вельмі дысцыплінуе дзяцей. Гэта ім толькі на карысць.

Такога меркавання прытрымліваецца і Аксана Алдакушына, якая таксама забірае са школы сваю ўнучку. «Час дыктуе свае правілы, — мяркуе жанчына. — Раней не было забойстваў у школах, ніхто не чуў пра гандаль дзецьмі, да нядаўняга часу мы не ведалі і што такое ковід. Некаторых, як паказваюць назіранні, прапускны рэжым напружвае — нашых людзей вельмі складана прывучыць да парадку. Я толькі за турнікеты, ахову і бяспеку. У мяне старэйшая ўнучка вучыцца ў Чэхіі. Там ужо даўным-даўно ніхто старонні не ходзіць у школу».

Аднак бацькоўскія сходы ніхто не адмяняў. Яны праводзяцца па графіку. Адначасова бацькі ўсіх навучэнцаў, як гэта было раней, не збіраюцца, хоць магчымасці школы дазваляюць.

Сітуацыі, вядома, бываюць розныя. Часта дзеці нешта не дагаворваюць, хлусяць, узнікае падазрэнне, што яны прапускаюць заняткі... Высветліць, у чым справа, можна толькі падчас размовы з настаўнікам або класным кіраўніком. А як такім чынам трапіць у школу?

— Тут мы працуем у залежнасці ад сітуацыі, — удакладняе прапаршчык міліцыі Мікіта Малышаў. — Калі хтосьці з бацькоў прыйшоў для таго, каб паразмаўляць з настаўнікам свайго дзіцяці, да паста аховы мы выклікаем педагога. Як правіла, гэта адбываецца па дамоўленасці, і настаўнік ужо чакае наведвальніка. Калі хтосьці прыйшоў забраць дзіця з групы прадоўжанага дня (кіраўніцтва настойвае, каб вучняў з прадлёнкі абавязкова забіралі, бо гэта ўжо другая палова дня, а адпаведна раней цямнее), то ён праходзіць у групу. На выхадзе чалавек кажа аб тым, што сыходзіць, і яго выпісваюць з журнала ўліку наведвальнікаў. Каб трапіць у басейн, грамадзянін паказвае абанемент, падпісаны дырэктарам школы. Акрамя таго, асобу чалавека мы звяраем са спісам людзей, якія займаюцца на базе школы. Кожны, хто пераступае парог школы, адразу трапляе пад кантроль: мы абавязкова павінны ведаць, куды і з якой мэтай чалавек ідзе.

«Стоп! Тут зона дзяцінства!»

Трэба адзначыць, што вартаўнікі з грамадзянскага персаналу з навучальнай установы нікуды не сышлі. Гэта таксама прафесіяналы сваёй справы, якія прайшлі акрэдытацыю і навучанне ў Дэпартаменце аховы. Школа вялікая, таму работы хапае ўсім.

— Прахадны рэжым не навіна, — падкрэслівае Ірына Цубікава. — Ён функцыянуе ўжо некалькі гадоў, і на высокім узроўні. Тое, што нашы супрацоўнікі перайшлі ў Дэпартамент аховы, — крок, які гарантавана павысіў узровень бяспекі. Сітуацыя стала больш кантраляваная. Гэта двайны фільтр, двайны бар'ер — не столькі фізічны, колькі маральны. Турнікет спыняе чалавека і без слоў кажа: «Стоп! Тут зона дзяцінства!» Гэта дысцыплінуе ўсіх людзей, у тым ліку тых, хто можа нанесці шкоду.

Дырэктар школы перакананая, што гэтая сістэма, безумоўна, дадасць плюсаў у выхаванне дзіцяці. «Яна патрабуе ад навучэнца педантычнасці, уважлівасці, бо картку забыць нельга, — удакладняе Ірына Віктараўна. — Дзякуючы прапускной сістэме сталі больш кантраляванымі спазненні, што павышае ўзровень і без таго адказных дзяцей. Гэта яшчэ адзін з кірункаў прававога выхавання».

Настаўнікі трапляюць у школу праз службовы ўваход. Там таксама функцыянуе прапускная сістэма. Ажыццяўляецца відэакантроль. У мэтах бяспекі фіксуецца выдача ключоў.

Тое, што ніхто не зойдзе і не выйдзе са школы незаўважаным, вядома, — добра. Адправіўшы дзяцей вучыцца, бацькі гарантавана могуць быць упэўненыя, што іх нашчадкі знаходзяцца ў абсалютнай бяспецы. Той, хто думае, што зачыненая прастора ставіць пад пагрозу пажарную бяспеку, можа не сумнявацца: і тут усё пад кантролем. У школе ўстаноўлена сістэма электронна-магнітных замкоў, якая выведзена на пункт аховы. У выпадку неабходнасці ўсе дзверы аўтаматычна разблакіроўваюцца, і з кожнага выхаду па эвакуацыйных шляхах без ніякіх перашкод могуць ісці дзеці.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».