Вы тут

Абвешчаны пераможцы Нацыянальнай тэатральнай прэміі


Завяршыўся VІ Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія». Менавіта ў сценах галоўнага тэатра краіны, Купалаўскага, 28 кастрычніка адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.


На першы погляд можа падацца, што існаванне такіх конкурсаў патрэбна толькі cупрацоўнікам саміх тэатраў. Але прэміі не толькі ствараюць здаровую канкурэнцыю сярод мастацкіх дзеячаў, але і папулярызуюць тэатр у гледачоў. Таму вельмі прыемна, што, нягледзячы на пандэмію, у гэтым годзе мы зноў даведаліся аб найлепшых работах.

VІ Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва прайшоў пад слоганам «Сіла адзінства», і, як адзначылі вядучыя падчас цырымоніі ўзнагароджання, сёлета было сабрана больш за 70 заявак. На працягу месяца сярод 28 намінантаў журы выбірала найлепшых.

Уручэнне тэатральнай прэміі атрымалася сапраўды святочным, гучала шмат пранікнёных слоў удзячнасці, артысты тэатраў з розных куточкаў краіны дарылі наведвальнікам невялікія выступленні. Атрымаўся пэўны экскурс у тэатральныя жанры: са сцэны гучалі оперныя партыі, драматычныя маналогі, можна было ўбачыць і балетныя па.

На пачатку цырымоніі міністр культуры Анатоль МАРКЕВІЧ павіншаваў удзельнікаў з прыгожым і паспяховым заканчэннем тэатральнага конкурсу:

— Гэтай восенню нашы гледачы маглі спаўна адчуць выдатныя дзеі, якія адбываліся на тэатральных сцэнах нашай краіны. Беларускі тэатр заўсёды быў і застаецца для нашага грамадства сапраўднай школай жыцця, месцам асветы і незабыўных эмоцый. Вялікія словы ўдзячнасці вам за яскравы талент, за адданасць любімай справе, бо вы сапраўды лекары чалавечых душ. Вы выхоўваеце выдатныя пачуцці любові, дабрыні, міласэрнасці... Вы выхоўваеце культуру ўзаемаадносін паміж людзьмі. Вялікі дзякуй за вашу працу.

Сярод лаўрэатаў тэатральнай прэміі вылучаліся два лідары, якія атрымалі найбольшую колькасць дыпломаў. Першы з іх — спектакль Віцебскага тэатра лялек пад назвай «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех». Пастаноўку прызналі найлепшай адразу ў некалькіх намінацыях. Дыплом за найлепшую працу рэжысёра атрымаў пастаноўшчык спектакля Міхась Клімчук, таксама гэта работа перамагла ў секцыях «Тэатр лялек» і «Спектакль для дзяцей і юнацтва».

Наступны лідар, што прадказальна, — Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета. У намінацыі «Найлепшы спектакль балета» перамагла пастаноўка «Ганна Карэніна». «Найлепшым спектаклем оперы» прызнаны «Фаўст». Гледачы памятаюць, якім трыўмфам стаў гэты рэжысёрскі дэбют на сцэне Вялікага Ганны Маторнай: рэжысёр рызыкнула, перанёсшы дзеянне ў Германію 1935—1945, што адразу выявіла актуальныя падтэксты. Не дзіўна, што Ганна Маторная атрымала дыплом за найлепшую работу пастаноўшчыка. Найлепшым дырыжорам прызнаны маэстра Аляксандр Анісімаў. А вось прыма-балерына Вялікага Ірына Яромкіна атрымала дыплом у секцыі «Музычны тэатр» — за найлепшую жаночую ролю ў балеце «Каханне і смерць». Найлепшым спектаклем згаданай секцыі стаў мюзікл-дэтэктыў «Джэк Трыбушыцель» Маладзёжнага тэатра эстрады, за найлепшую работу мастака адзначылі Юрыя Барысевіча. Саліст Беларускага Дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Дзяніс Нямцоў атрымаў дыплом за найлепшую мужскую ролю ў спектаклі «Труфальдзіна з Бергама».

Не былі забытыя тыя, хто спрычыніўся да стварэння шэдэўраў у лялечных тэатрах. Беларусі ёсць чым ганарыцца ў гэтай галіне. Ларыса Мікіна-Прабадзяк уразіла сваёй мастацкай работай у спектаклі «Локіс» Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Пастаноўка атрымала яшчэ адзін дыплом у намінацыі «Найлепшая акцёрская работа», яго прысудзілі Ларысе Мікуліч за ролю Чорнай пані.

Прыемна, што на беларускай сцэне бліскуча ўвасабляецца літаратурная класіка. У секцыі «Тэатр драмы» дыпломам за найлепшую рэжысёрскую работу ўзнагародзілі Рамана Цыркіна за спектакль «Людзі на балоце» Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа. За ролю ў гэтым жа спектаклі прэмію журы прысудзілі Міхаілу Кліменку. За выдатнае мастацкае афармленне гогалеўскага «Вія» на сцэне Палескага драматычнага тэатра ўзнагароджаны Павел Марыніч. Таксама пастаноўку адзначылі дыпломам у намінацыі «Найлепшы спектакль для малой сцэны».

Найлепшым драматургам шостага прэміяльнага сезона прызнаны Аляксей Дудараў за спектаклі «Вечар» і «Не пакідай мяне», якія ўжо сталі класікай. Роля ў спектаклі «Фальшывая нота» Тэатра-студыі кінаакцёра прынесла дыплом у намінацыі «Найлепшая мужчынская роля» Уладзіміру Мішчанчуку. Пастаноўка перамагла і ў намінацыі «Найлепшы спектакль для вялікай сцэны». А вось у намінацыі «Найлепшая жаночая роля» дыплом атрымала артыстка Новага драматычнага тэатра Надзея Анціповіч за пастаноўку «Варшаўская мелодыя».

Падчас Нацыянальнай тэатральнай прэміі ўручаліся дыпломы і ў спецыяльных намінацыях. Дыпломам «За падтрымку тэатральнага мастацтва Беларусі» ўзнагародзілі старшыню праўлення адкрытага акцыянернага таварыства «Белзнешэканомбанк» Васіля Мацюшэўскага. Ганаровая ўзнагарода «За шматгадовае служэнне сцэне» заслужана дасталася выдатным майстрам — мастацкаму кіраўніку Вялікага тэатра Беларусі Валянціну Елізар'еву і мастацкаму кіраўніку Брэсцкага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Ленінскага камсамола Беларусі Аляксандру Козаку. Спецыяльны прыз «Натхненне» атрымала дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча Вераніка Вінэль.

Вось такія вынікі ў гэтым годзе.... Цяпер вы ведаеце, якія пастаноўкі ні ў якім разе нельга прапусціць. І, вядома, спадзяёмся, што ў хуткім часе мы ўбачым новыя, не менш яскравыя спектаклі.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Загаловак у газеце: Фаварыты малой і вялікай сцэны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?