Вы тут

Першаадкрывальнікі Поўначы і Сібіры з Вялікага княства Літоўскага


Сярод першаадкрывальнікаў неабсяжных прастораў Поўначы і Сібіры ёсць і выхадцы з Вялікага княства Літоўскага. Гэта, напрыклад, Елісей Буза, які асвойваў раку Лену. На жаль, гады яго нараджэння і смерці невядомы. Застаецца загадкай і тое, дзе нарадзіўся і дзе памёр. З яго біяграфіі «высвечваюцца» толькі шаснаццаць гадоў.


Прыродны парк «Ленскія слупы». Фота з сайта yakutia.infa.

Упершыню згадваецца ў так званых акладных кнігах Енісейскага астрога пад 1630 годам. У іх заносіліся звесткі аб тых, хто там служыў. Елісей Юр’евіч тады быў радавым стральцом. Разам з іншымі да вясны 1633 года пакараў «новые землицы». Калі стаў дзясятнікам, енісейскі ваявода Пракоп Сакоўнін накіраваў яго з невялікім атрадам на Лену з двума заданнямі.

Першае тычылася «ахвотных людзей». Тыя, каго набіралі паводле загаду ваяводы, атрымлівалі гасударава жалаванне. Аднак некаторыя самі напрошваліся ў няблізкае, а ў нечым і небяспечнае падарожжа. Адным надакучвалі паўсядзённыя звады, сваркі, нелады. Іншых гняло аднастайнае жыццё. Запісваліся і звычайныя авантурысты, тыя, хто і дня не мог пражыць без прыгод.

Паводле другога задання, мусіў агледзець усе рэкі, якія ўпадаюць у Ледавітае мора. Для паразумення з туземцамі накупляў розных тавараў на дзве тысячы рублёў: нажы, алавяны посуд, шмат што іншае з паўсядзённага ўжытку. Узяў і некалькі ўпрыгожанняў.

Туземцы да няпрошаных гасцей паставіліся прыхільна. Якуты, якія дагэтуль былі ваяўнічымі, зразумелі, што з прышэльцамі лепш жыць у згодзе. Ясак заплацілі хутка і ахвотна. Абрадавала іх і тое, што не з пустымі рукамі з’явіліся. Свайго роду разменнай манетай стала, як і звычайна, «мяккае золата». Так называлі тут шкуркі собаля. Елісей Юр’евіч за прывезеныя тавары набыў і футра іншых звяроў — мядзведзяў, рысяў, аленяў…

Дабраўшыся да вусця Алёкмы, правага прытока Лены, атрад спыніўся, каб перачакаць зіму ў Алёкмінскім астрозе. Насельнікі радасна сустрэлі іх. Са сваімі даўно ўсё сказана-пераказана. А так цікава пачуць свежыя навіны. Сваім чалавекам Буза стаў для іх яшчэ і таму, што падзяліўся запасамі. Даў прадуктаў, крыху зброі, пораху. Без праблем знайшоў ахвотных папоўніць свой атрад. У ім было прыкладна чалавек дзесяць — больш у спешцы не знайшоў. А ў астрозе да іх далучылася яшчэ 40.

З нецярпеннем чакаў вясны. Не толькі таму, каб хутчэй даплысці да вусця Лены. Адзін казак паведаў, што на правым беразе ёсць цуд з цудаў. Спачатку сотні міль у маўклівым роздуме стаяць дрэвы. Сцяна іх доўжыцца і доўжыцца, губляючыся за гарызонтам. Падплываеш бліжэй — ранейшае відовішча. І так да бясконцасці. Толькі ў асобных месцах яна перарываецца, уступае месца кустоўю. Пасля зноў нібы вырастае з зямлі. Раптоўна, хутка, «паглынаючы» мілю за міляй...

Здаецца, ніколі не будзе ёй канца. Але нечакана на нейкае імгненне знікае. Доўгі час была і — няма. Раптам з’яўляецца іншая, ужо не такая суцэльная. Складаецца са скал розных канфігурацый. Яны таксама зоймуць не адзін дзясятак міль... Але не толькі гэтым цікавыя. Чым — субяседнік не сказаў.

Хацелася як мага хутчэй пра ўсё даведацца. Але казак толькі пагладжваў сваю смалістую бараду. Прыжмурваў, гэтаксама загадкава, вочы:

— Пра гэта, Елісей, расказаць немагчыма…

— Чаму? — здзівіўся Буза.

— Настолькі яно неверагоднае, што трэба самому ўбачыць, — усміхнуўся казак. Маўляў, ведаю такое, што ты і ўявіць не можаш.

Жаданне хутчэй пазнаёміцца з дзіўнымі скаламі таксама падштурхоўвала яго ў дарогу. Але нікому ў гэтым не прызнаўся. Баяўся, што, чаго добрага, засмяюць. Хіба да твару мужчыну, загартаванаму ў паходах, шукаць нейкую прыгажосць. А яму ж так хацелася чагосьці незвычайнага. Сям’ёй не абзавёўся. Сапраўднага сябра не знайшоў. А пабачыш гэта — на душы пасвятлее.

У прадчуванні сустрэчы з цудам, у якім ужо не сумняваўся, і пакінуў Алёкмінскі астрог. Адправіліся толькі тады, калі на Лене не засталося ніводнай льдзіны. Плылі хутка, бо, як вядома, ішлі па цячэнні. Ды ўсім падавалася, што нават хутчэй, чым па восені, калі дабіраліся да Алёкмінскага астрога. Быццам вада ў Лене, адпачыўшы пад шматметровай тоўшчай лёду, рухалася больш імкліва. Канечне, разумелі, што гэта не так. Зімой, як і ў іншыя поры года, яна не стаяла на месцы. Але калі ў нешта верыш… Хацелася верыць і Бузу.

— Што задумаўся, Юр’евіч? — казак вывеў яго з роздуму.

— Гляджу на дрэвы, што стаяць сцяной, і…

— …і чакаеш сустрэчы з дзіўнымі скаламі?

— Твая праўда.

— Яшчэ наглядзішся, — казак хітравата паглядзеў на яго.

Елісей Юр’евіч здагадаўся, што гэтая хітраватасць у позірку з’явілася нездарма:

— Штосьці не дагаворваеш…

— Хачу сказаць табе, што гэтае дзіва ты будзеш сузіраць праз кесаў дзевяноста.

— Нічога не зразумеў.

— Адразу відаць, што яшчэ слаба знаёмы з якутамі.

— Пазнаёміцца якраз паспеў, — Буза задумаўся, як больш даходліва патлумачыць.

Казак здагадаўся:

— Асаблівага даверу пакуль не знайшоў?

— Праўду кажаш.

— Інакш яны сказалі б табе, што такое кес.

— І што гэта?

Цікавае паведаў казак. У якутаў была свая адзінка вымярэння. Правільней нават — двайнога вымярэння. Называлася яна кес. Тычылася і часу, і адлегласці. Адзін кес — гэта час, за які можна сабраць дровы. Развесці вогнішча, зварыць ежу. Пасля з’есці яе. Гэта займае прыкладна дзве гадзіны. Калі ж дзве гадзіны ісці, можна пераадолець каля  дзесяці вёрст.

Елісей Юр’евіч хутка сарыентаваўся:

— Гэтыя скалы стаяць на беразе міль сто восемдзясят...

Праз колькі дзён цуд-скалы Буза ўбачыў. Яны стаялі не ў адзін рад, а мудрагеліста. І не самі па сабе. Сямтам узвышаліся над дрэвамі. У асобных месцах тайга адваёўвала прастору, адцясняла іх. Падступала да самага абрыву. Аднак так працягвалася нядоўга. Праз дзясятак-другі метраў чырвона-карычневая скала, расправіўшы плечы, адцясняла дрэвы. Свечкай узнімалася над імі. З яе бралі прыклад іншыя скалы.

Дрэў на беразе не заставалася. Скалы, скалы, скалы… Самых розных, нярэдка вычварных форм. Былі конусападобныя. Іншыя выступамі навісалі над вадой. У адным месцы выступ нагадваў вялізную галаву. Убачыўшы яе, Буза ажно здрыгануўся. Яму падалося, што нейкі велікан апусціўся да ракі — рыхтуецца прагавіта піць ваду.

— Тут, Юр’евіч, і не такое ўбачыш, — казак узіраўся ў бераг з такой зацікаўленасцю, быццам бачыў усё гэта ўпершыню.

Як у пацвярджэнне сказанага зверху апусцілася… агромністая птушка. Праўда, не сапраўдная. Некалькі скал стаялі поруч так, што нагадвалі сабой яе распушаны хвост. Няцяжка ўявіць, якой велічыні, калі асобныя ўзнімаліся над ракой больш як на 200 метраў.

Былі і скалы, падобныя на вежы, палацы. У адным месцы Буза не стрымаўся, ускрыкнуў:

— Няйначай скальны астрог!

Ён перажываў тое, што пазней дзекабрыст Аляксандр Бястужаў перадаў такімі словамі: «Какая-то святая тишина лежит на девственном творении, и душа сливается с дикою, но величественною природою». Адбываючы пакаранне ў Якуцку, Аляксандр Аляксандравіч пазнаёміўся і з гэтымі мясцінамі. Сёння «Прыродны парк “Ленскія слупы”» — аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Да вусця Лены атрад даплыў за два тыдні. Яшчэ суткі спатрэбіліся, каб па Ледавітым моры дайсці да вусця ракі Алянёк. Па ёй дабраліся да качэўя тунгусаў. Іх абклалі ясаком.  Сустрэўшы з боку качэўнікаў неблагое стаўленне, Буза зразумеў, што лепшага месца для зімоўя не знайсці. Таму і ўзяліся яго ўладкоўваць. З разлікам, што, магчыма, пазней тут з’явіцца астрог.

Юкагірская сям’я. 1902 г. Фота з сайта goarctic.ru.

Заклаўшы зімоўе, аб’язджалі ваколіцы. Збіралі ясак, вывучалі мясцовасць. У зімоўі засталіся да вясны. Калі стала цёпла, на аленях вярнуліся на ніжнюю Лену. Спыніліся каля вусця  яе левага прытока Маладо. Пабудавалі два кочы. На іх летам выйшлі ў мора. Пяць дзён плылі, шукаючы Ламу-раку. Па-тунгуску «лама» азначае мора. Не трэба блытаць з ракой Ламай у еўрапейскай частцы Расіі. «Тунгускую» Ламу яшчэ называюць Ахота.

Абагнуўшы мыс Буор-Хая, падарожнікі выйшлі ў Янскі заліў. Дасягнулі вусця ракі Яны. Па ёй тры тыдні падымаліся ўверх. Спыняліся, выходзілі на бераг, заўважыўшы качэўі тунгусаў і якутаў. Бралі ў іх ясак. Найперш сабалінымі шкуркамі і іншай «мяккай рухляддзю». Стаўленне да іх і тут было добрае. Набліжалася зіма, таму іншага месца для зімоўкі шукаць не сталі.

Зімой час марна не бавілі. Да сіберных марозаў ужо прывыклі. Калі крыху цяплела, браліся за сякеры, іншы сталярны рыштунак. Назапасілі нямала бярвенняў да надыходу халадоў: у час прыліваў іх выкідвала на бераг мора. Цяпер гэтыя таплякі апрацоўвалі, рабілі з іх кочы. Так пастараліся,  што вясну сустрэлі з чатырма новымі лодкамі.

На іх і прадоўжылі знаёмства з Янскім залівам, які з вусця Яны цягнуўся на ўсход, дасягаючы «вялікага возера». Гэта была вялізная бухта. У заліў упадала рака Чандон. З боку мора яе «агароджваў» востраў Ярок.

Елісей Буза стаў не толькі першаадкрывальнікам гэтых геаграфічных аб’ектаў — ён першым напаткаў юкагіраў. Пра існаванне гэтага племені ў Расіі яшчэ не ведалі. Знайсці з імі хуткае паразуменне дапамог шаман. Невядома як, але ён прасякнуўся даверам да Елісея Юр’евіча, хоць ёсць і меркаванне, што быў Бузам падкуплены. Юкагіры ахвотна згадзіліся плаціць ясак. Не перашкаджалі ўзводзіць зімоўе.

Атрад затрымаўся ў гэтым месцы каля двух гадоў. Вывучалі быт, традыцыі юкагіраў. Пасля прадоўжыў пошук Ламы-ракі, але беспаспяхова. А вось невядомым да яго пралівам прайшоў.

Сярод юкагіраў Елісей Буза жыў да 1642 года. Па іншых звестках — да 1644-га. Пасля даставіў у Маскву сабраны ясак. Апошні раз згадваецца пад 1646 годам.

Хто ведае: магчыма, пасля прыезду адразу і памёр — пастаяннае знаходжанне на мяжы выжывання марна не праходзіць. А як нялёгка яму даводзілася, відаць, і з гэтай чалабітнай: «И будучи на твоей, государеве, службе, я, холоп твой, с теми служивыми и с промышленными людьми на Оленьке и на Яне, и на Чандоне реке принимали всякую нужу, ели коренне и траву, и душу сквернили  всякою скаредною ядью, и голод и наготу терпели».

Выжыў, выстаяў. І застаўся ў гісторыі. Па сёння імя яго носіць правы прыток Ніжняй Лены. Незразумела толькі, чаму востраву Бузін вернута яго пачатковая назва Ярок. Тым больш дзіўна, што з карты знікла губа Бузіна. Тая самая безыменная бухта, адкрытая ім. Яе называюць яшчэ і губой. Як і іншыя залівы, якія ўразаюцца ў сушу. Спачатку далі ёй імя першаадкрывальніка. Пасля чамусьці перайменавалі ў губу Чандон.

Праліў, адкрыты Бузам, цяпер носіць імя Дзмітрыя Лапцева. Гэта ў гонар яго і яго стрыечнага брата Харытона колішняе Ледавітае мора ў 1935 годзе названа морам Лапцевых. Іх імёны прапісаны і ў іншых геаграфічных назвах. Па паходжанні браты Лапцевы таксама беларусы...

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?