Вы тут

Што за ласунак – лакрыца?


Чорныя цукеркі з адметным саленаватым смакам – самыя папулярныя фінскія далікатэсы. Называюцца такія цукеркі Lakritsi, або лакрыца. У якасці сувеніра з Фінляндыі можна прывезці лакрычны торт, лакрычнае марожанае або нават лакрычны лікёр. Аднак ці ведаеце вы, што любімыя фінскія прысмакі вырабляюцца з соку кораня салодкі?


Расліна гэтая добра вядома і ў Еўропе, і ў Азіі. Назва «салодка» паходзіць з грэчаскай мовы і літаральна азначае «салодкі корань». У батанічнай класіфікацыі салодка адносіцца да сямейства Бабовых, расце ў рэгіёнах з умераным кліматам. Карнявішча яе вельмі тоўстае, дравяністае, мае адзін вялізны, да 5 метраў даўжынёй, корань і побач да 30 дробных адросткаў.

Lakritsi – гэта тая самая салодка, якая прадаецца ў нашых аптэках і ўваходзіць у многія грудныя, адхарквальныя зборы, з'яўляецца агульнаўмацавальным сродкам. Апроч медыцынскіх мэт, корань салодкі, добра вывараны, здаўна перамолвалі ў салодкую масу і выкарыстоўвалі пры прыгатаванні кваса, піва, халвы, карамелі, пры квашанні капусты, яблык і брусніц і інш.

А ў скандынаўскіх краінах упадабалі салёна-салодкі прадукт, выраблены на аснове экстракту кораня салодкі з дабаўленнем кухоннай солі і хларыду амонія. Адмысловы чорны колер ласункаў – іх фіны называюць Salmiakki – дасягаецца шляхам дадання драўнянага вугалю. Мала хто, спрабуючы чорныя цукеркі ў першы раз, прыходзіць ад іх у захапленне: вельмі ўжо нязвыкла. Аднак з часам пачынаюць адзначаць і цаніць іх арыгінальны смак.

Вядома, што лакрычныя цукеркі да XVIII стагоддзя лічыліся лекавым сродкам і ўжываліся ў якасці лячэбных пласцінак. Корань салодкі выкарыстоўваўся найперш пры прастудных і страўнікавых захворваннях як лекі ад кашлю, прастуды, бранхіту і туберкулёзу. У старажытным помніку кітайскай медыцыны «Трактат аб травах» салодку кітайскія лекары аднеслі да сродкаў першага класа і прапаноўвалі ўключаць у склад большасці рэцэптаў. На Тыбеце лічылі, што корань салодкі «спрыяе даўгалеццю і лепшаму праяўленню шасці асноўных пачуццяў», нараўне з жэньшэнем.

А ў Англіі лакрычныя ледзянцы нават сталі адным з сімвалаў графства Ёркшыр: чатыры стагоддзі таму мясцовы фармацэўт дадаў да здрабнёнага кораня цукар і расплавіў усё ў чыгунку, а потым астудзіў у выглядзе маленькіх круглых цукерак. Лекавыя ледзянцы і сёння – гонар горада Пантэфракт: славячы іх, кожнае лета тут праходзіць Фестываль лакрыцы, працуе музей, прысвечаны гісторыі і разнастайнасці лакрычных ласункаў, у тым ліку англійскага лакрычнага мармеладу Haribo.

Традыцыйна фінскія Lakritsi – гэта чорныя трубачкі, якія могуць быць нарэзаныя на невялікія кавалачкі або згорнутыя ў розныя фігуркі. У нас гэтыя прысмакі сталі папулярныя адносна нядаўна.

Таксама ў продажы ёсць і рознакаляровыя лакрычныя цукеркі, іх гатуюць з даданнем натуральных фарбавальнікаў і смакавых дабавак. Але ў любым з варыянтаў вы выразна адчуеце лячэбнае зелле. Гэта пастаянны кампанент – халодзячы аніс. Яго не адчуваецца хіба што ў вострых і салёных цягучках.

У прамысловасці для атрымання лакрыцы дравяністы і даволі цвёрды корань салодкі доўга вымочваюць, затым старанна ачышчаюць  і выварваюць некалькі гадзін у невялікай колькасці вады. Атрымліваецца вельмі салодкі сіроп – слодыч яго перавышае цукровы сіроп больш чым у 100 разоў!

Карысць такіх салодкіх цукерак лакрыцы абумоўлена ўздзеяннем на наш арганізм асноўных кампанентаў расліннай выцяжкі. Найперш яны рэкамендуюцца пры пакутлівым кашлі, барацьбе з віруснымі і бактэрыяльнымі інфекцыямі, пры кішачных захворваннях, якія суправаджаюцца парушэннямі натуральнай мікрафлоры. Як ні дзіўна, але лакрычныя цукеркі дазваляюцца нават хворым на цукровы дыябет, адзінае – умеранасць па колькасці. А вось пры цяжарнасці і кармленні дзіцяці лакрыца супрацьпаказана, як і пры гарманальных парушэннях, гіпертаніі, захворваннях печані і нырак.

Пры жаданні карысны ласунак можна прыгатаваць самастойна.

Рэцэпт цукерак даволі просты, а для прыгатавання можна прыцягнуць дзяцей, якія з радасцю дапамогуць вам.

Для хатніх цукерак лакрыцы вам спатрэбіцца: парашок кораня салодкі – 1/4 шклянкі; парашок аніса – 1/4 шклянкі; цукар (пясок) 1 шклянка; ягадны морс – 1/2 шклянкі; кукурузны сіроп – 1/2 шклянкі; чыстая вада – 1/3 шклянкі.

Зварыць да карамелізацыі салодкую масу, у склад якой уваходзяць кукурузны сіроп, цукровы пясок, вада і ягадны морс. Затым усыпаць у гэту масу парашок кораня салодкі і парашок аніса, добра перамяшаць і зноў давесці да кіпення. Пасля гэтага цягучае змесіва зняць з агню і разліць па сіліконавых формачках. Пасля астывання цукеркі пасыпаць невялікай колькасцю бульбянога або кукурузнага крухмалу, каб яны не зліпаліся. На захоўванне скласці ў шкляны слоік і паставіць у цёмнае прахалоднае месца. Ласунак з лакрыцы прыдатны да ўжывання на працягу паўгода.

Марыя МАРОЗ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».