З 25 па 29 кастрычніка сталіца Таджыкістана — горад Душанбе — стала месцам сустрэчы музейных супрацоўнікаў і педагогаў гуманітарных дысцыплін з краін СНД, якія сабраліся на Міжнародную канферэнцыю «Дэкаратыўнае мастацтва на прасторы СНД». Канферэнцыя прайшла ў рамках шматгадовай комплекснай праграмы «Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні», ініцыяванай Усерасійскім музеем дэкаратыўнага мастацтва пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў—удзельніц СНД. Аўтар канцэпцыі праграмы — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расіі, кандыдат мастацтвазнаўства Галіна Барысаўна Андрэева.
Раней па лініі праграмы праходзілі канферэнцыі і выставы ў Азербайджане, Кыргызстане, Казахстане, Арменіі. У 2020 годзе Беларусь прымала выставу сучаснага расійскага мастацкага тэкстылю, аўтарскага касцюма і аксесуараў «Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя» са збору Усерасійскага музея дэкаратыўнага мастацтва. У экспазіцыі, разгорнутай у філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Музей гісторыі беларускага кіно», былі прадстаўлены эскізы тканін заслужанага мастака Расіі Ларысы Рубцовай, геаметрычныя арнаменты Таццяны Ціхаміравай, тэатральныя касцюмы Таццяны Шыхіровай і Мілы Ввядзенскай.
На канферэнцыі ў Таджыкістане тэматыка выступленняў была вельмі цікавая і разнастайная. Так, прафесар Ошскага дзяржаўнага ўніверсітэта Тамара Кадырбаева расказала аб сумесных мерапрыемствах ўстаноў краін СНД у сферы традыцыйнага народнага мастацтва і сучасных рамёстваў, начальнік фондавага аддзела Нацыянальнага музея Таджыкістана Зулола Баймародаўна — аб элементах традыцыйнага дэкаратыўнага мастацтва ў сучасным станковым жывапісе Таджыкістана, кіраўнік Музейнага цэнтра Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта Ірына Баканава — аб петрагліфічных помніках ад Камчаткі да Цэнтральнай Азіі, дырэктар Дома-музея Садрыдзіна Айні ва Узбексітане — аб узаемапранікненні культур на Вялікім Шаўковым шляху на прыкладзе Самаркандскай школы вышыўкі, вучоны сакратар Нацыянальнага музея Казахстана Саялбек Гіззатаў — аб міжнародным праекце «Шэсце Залатога чалавека па музеях свету» і інш.
Прыкладныя аспекты музейнай працы закранулі ў сваіх дакладах дырэктар Музея гісторыі Кішынёва Валерыя Суручану, дырэктар Кыргызскага нацыянальнага музея выяўленчых мастацтваў імя Гапара Айціева Айгуль Мамбетказіева, намеснік дырэктара Хакаскага нацыянальнага музея імя Л.Р.Кызласава Вольга Агурцова і іншыя.
Беларусь на канферэнцыі прадстаўлялі аўтар гэтай публікацыі, распавёўшы аб практыках адраджэння і захавання дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі ў XXI стагоддзі і яго папулярызацыі на прасторы СНД, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская, выступіўшая з дакладам «Беларуская кераміка і фарфор: мастацкія кантакты станаўлення нацыянальнага стылю ў 1920-1970-х гг.» і дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Павел Вайніцкі, які прадставіў сучасныя інтэрпрэтацыі рэгіянальных традыцый у дэкаратыўным мастацтве Беларусі і прадэманстраваў манументальныя «Кузнечныя выцінанкі» на адной са станцый Мінскага метрапалітэна.
Канферэнцыя, правядзенне якой стала магчыма нягледзячы на шматлікія абмежаванні, выкліканыя эпідэміяй каранавіруса, была жывым увасабленнем дыялогу культур, пры якім кожны змог падзяліцца меркаваннем, расказаць пра свае навуковыя і творчыя дасягненні, устанавіць новыя прафесійныя кантакты, прааналізаваць раней арганізаваныя сумесныя мерапрыемствы... І, вядома, апынуцца ў багатай культуры Таджыкістана! Дарэчы, Нацыянальны музей Таджыкістана, на базе якога адбылася канферэнцыя, захапляе сваёй экспазіцыяй, тэхнічнымі магчымасцямі, выданнямі і навуковымі праграмамі.
Кожны ўдзельнік у чарговы раз упэўніўся ў неабходнасці пашырэння навуковых і творчых кантактаў і ўмацавання актыўнага супрацоўніцтва нацыянальных музеяў краін СНД па розных напрамках: экспазіцыйным, рэстаўрацыйным, навуковым, метадычным, выдавецкім, інфармацыйным і інш.
Павел САПОЦЬКА,
старшы выкладчык
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.