Беларускія тэнісісткі выступаюць на Кубку Білі Джын Кінг.
Новы тыдзень абяцае быць вельмі важным і цікавым для тэніснага свету. У Празе стартуе фінальны раўнд Кубка Білі Джын Кінг, новы фармат вядомага Кубка Федэрацыі. За перамогу будуць змагацца 12 каманд, падзеленых на чатыры групы. Сярод іх і беларуская зборная, з якой прапануем пазнаёміцца бліжэй.
Аляксандра Сасновіч правяла вельмі добры месяц напярэдадні Кубка Білі Джын Кінг. На турніры BNP Paribas Open у Індыян-Уэлсе яна абыграла пераможцу US Open 2021 Эму Радукану з вынікам 6:2, 6:4. У наступным крузе Аляксандра сустрэлася з 11-й ракеткай свету, пераможцай двух турніраў Вялікага шлему Сімонай Халеп. І абыграла яе з вынікам 7:5, 6:4. Спыніць Аляксандру змагла толькі Вікторыя Азаранка, якая ў беларускім фінале была мацнейшай (3:6, 4:6).
У Празе Аляксандра будзе першым нумарам каманды. Яна мае вялікі вопыт выступлення ў матчах Кубка Федэрацыі. Таму да адказнага старту гатовая і маральна, і фізічна.
У гэтым сезоне Юлія Гатоўка не стамлялася збіраць тытулы міжнародных турніраў. Літаральна за два тыдні да турніру ў Чэхіі Юлія выйграла міжнародны турнір з прызавым фондам 25 000$, які праходзіў у Казахстане. Гэты тытул стаў трэцім у гэтым сезоне. Прычым, перамагае тэнісістка не толькі ў адзіночным разрадзе. У снежні разам з польскай напарніцай Веранікай Фалькоўскай яны выйгралі міжнародны ITF турнір з прызавым фондам 15 000$.
Змагацца за галоўны трафей – Кубак Білі Джын Кінг у складзе беларускай каманды будзе і Ірына Шымановіч. У жніўні на міжнародным турніры ў Казахстане яна заваявала два тытулы ў пары. У Ірыны таксама ёсць вопыт выступлення за краіну ў камандных спаборніцтвах. Яна была ў складзе беларускай каманды ў Кубку Федэрацыі ў 2014 годзе. Тады ў пары з Ілонай Крэмень яны ў сухую абыгралі партугальскіх саперніц – 6:1, 6:0.
У камандных турнірах многае залежыць ад парных матчаў. У беларускай каманды ёсць добры козыр – моцная пара Веры Лапко і Лідзіі Марозавай. Яны неаднаразова паказвалі, сваё майстэрства менавіта ў парным разрадзе, у тым ліку і на матчах Кубка Федэрацыі.
Добрую згулянасць Веры і Лідзіі адзначала і капітан каманды Таццяна Пучак: «Яны неаднаразова гулялі і ў вырашальных матчах Білі Джын Кінг, і ў асабістых турнірах. На кубку крамля ім, на жаль, не пашанцавала па сетцы, патрапілі на другіх сеяных, на вельмі добрых хлопцаў. Так бывае, але матч добры адыгралі. Згулянасць у іх адназначна ёсць».
Беларуская каманда магла б быць мацнейшай, калі ў склад каманды былі б ўключаны лідары. Але, не гэтым разам. Арына Сабаленка нядаўна хварэла на каранавірус. Акрамя таго Жаночая тэнісная асацыяцыя і Міжнародная федэрацыя тэніса не прыйшлі да згоды пры абмеркаванні дат правядзення Кубка Білі Джын Кінг і выніковага турніру WTA. Выніковы турнір у Мексіцы пачнецца літаральна праз некалькі дзён пасля заканчэння турніру ў Празе. Арына Сабаленка зрабіла выбар на карысць турніру ў Мексіцы.
У Вікторыі Азаранкі прычыны іншыя. Як растлумачыла капітан каманды Таццяна Пучак у інтэрв’ю праграме «Спорт-кадр», Вікторыя аддала шмат сіл на турніры ў Індыян-Уэлсе і вырашыла неспадзявана скончыць сезон.
Аднак адсутнасць лідараў беларускую каманду не палохае. Па словах Таццяны Пучак, гэта выдатная магчымасць праверыць свае сілы маладым тэнісісткам.
Дарэчы, у Празе не выступяць многія топавыя спартсменкі. На корт не выйдзе Эшлі Барці, Паўла Бадоса, Караліна Плішкава, Петра Квітава.
Згодна з новым фарматам турніру, спаборніцтвы будуць праходзіць у адзін час і ў адным месцы – з 1 да 6 лістапада на «O2 Arena». Зборныя паміж сабой будуць гуляць не пяць матчаў, як гэта было раней, а па тры – два адзіночныя і адзін парны. У фінал пройдуць толькі пераможцы адборачных груп.
Растаноўка сіл у групах выглядае наступным чынам:
Група А: Францыя (1-ы нумар пасеву), каманда Федэрацыі тэніса Расіі, Канада.
Група В: Аўстралія (2-і), Беларусь, Бельгія.
Група C: ЗША (3-і), Іспанія, Славакія.
Група D: Чэхія (4-ы), Германія, Швейцарыя.
Групавыя матчы будуць гуляцца з панядзелка да чацвярга, паўфіналы – у пятніцу, фінал – у суботу.
У панядзелак 1 лістапада каманда Беларусі сустрэнецца з камандай Бельгіі. А на чацвер, 4 лістапада запланаваная сустрэча з аўстралійскімі саперніцамі.
Валерыя Сцяцко
Фота Беларуская федэрацыя тэніса
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.