Вы тут

Зембін: лірычны ўступ, гістарычны працяг


Як казаў Уладзімір Караткевіч, вандруючы па Беларусі, «гэтую зямлю нельга глядзець стомленымі вачыма, яна такая адна, і перад ёю, як перад сур'ёзнай кнігай, павінен быць пралог або хаця лірычны ўступ».


Кожны раз, калі мы выпраўляемся ў вандроўкі па закінутых сядзібах, напаўразбураных храмах, млынах і броварах, такім лірычным уступам для мяне з'яўляюцца гістарычныя падзеі... Знайсці штось нечаканае, каларытнае можна паўсюль. У адной сядзібе, ператворанай у сучасны афіцыйны будынак, — трывожна-чырвоная цэгла, схаваная пад блякла-жоўтай тынкоўкай, еўравокны, бляшаны дах — выявіўся сапраўдны авантурны сюжэт. Дачка пана закахалася ў садоўніка-немца, такога мужнага, што адзіны не баяўся сварыцца з акрутным панам-палкоўнікам… І ці не праз гэтае вакно другога паверха паненка вылезла да свайго каханага па звязаных прасцінах? У другой сядзібе, прыстасаванай пад калгасныя канторы, у сутарэннях, закіданых паламанымі крэсламі і пластыкавымі бутэлькамі, некаторыя заблуканцы чуюць, як праязджае карэта — стукаюць па брукаванцы капыты коней, пагрукваюць колы...

Нават пра самае вядомае месца можна выявіць для сябе штось загадкавае...

«Акрываўлены камень у чыстай сцяне»

У Зембін, былое ўладанне Радзівілаў, мы заехалі пасля наведвання безыменнай капліцы XІX стагоддзя. Уражанні былі сумныя: цямнеюць на ўзгорку, у атачэнні бярозак, агрызкі сцен — заходзьце, усе вятрыскі, завітвай, дождж... Пасярэдзіне некалькі дзён таму нехта расклаў вогнішча — спадзяюся, ад няведання, што бульба пяклася на чужой магіле...

У Зембіне мы таксама кіраваліся найперш да канкрэтных руін — а менавіта касцёла Унебаўзяцца Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Усё, што тады ведалася, — будаваўся ў XVІІІ стагоддзі для дамінікан, з фундацыі тагачасных уладальнікаў мястэчка падкаморага ашмянскага Адама Саковіча і ягонай сужэнкі Мар'яны з Тышкевічаў. У 1790-м драўляны касцёл згарэў, замест яго ўзвялі каменны... А ў 1932-м культавае збудаванне зачынілі. Галоўны алтар упрыгожвала карціна знакамітага мастака Яна Дамеля — не пашанцавала гэтаму майстру. На Беларусі, якой ён аддаў галоўны свой плён, амаль не засталося ягоных карцін.

Да зембінскага касцёла мы пад'ехалі не адны — побач прыпаркавалася машына гэткіх жа вандроўнікаў. Хлопец з дзяўчынай, якія ўжо агледзелі руіны, пыталіся, як прайсці да рэшткаў міквы, яўрэйскага рытуальнага збудавання...

Так, Зембін — тыповае беларускае мястэчка, дзе сустракаліся розныя культуры, дзейнічалі касцёл, царква і сінагога. І яўрэяў жыло шмат... Падчас вайны было знішчана фашыстамі мясцовае гета, закатаваныя 927 яўрэяў... Сёння там мемарыял, і страшна чытаць, як каты бязлітасна забівалі дзяцей, жанчын, старых...

Дарэчы, праз Зембін праходзіць вуліца беларускага яўрэйскага паэта Ізі Харыка, які нарадзіўся тут, у сям'і шаўца. Ізі Харык сам пісаў на ідышы, перакладаў Якуба Коласа і Міхася Чарота, быў настолькі папулярны ў часы «Маладняка» і «Узвышша», што на ягоныя выступленні набіваліся поўныя залы... Юрка Гаўрук успамінаў пра ягоную сустрэчу з чытачамі ў Горацкай сельгасгаспадарчай акадэміі: «Я ніколі не забуду той атмасферы давер'я, зацікаўленасці, любові і пашаны, якая адразу ж устанавілася паміж паэтам і яго слухачамі. Ізі Харык чытаў многа, з вялікім уздымам. Яго гучны, выразны голас з пявучай інтанацыяй, запал, аптымізм і публіцыстычная вастрыня вершаў літаральна зачаравалі вучняў. Твары іх гарэлі, вочы блішчалі. Яны гатовы былі слухаць яго бясконца... Фізічна моцны, з энэргічнымі рысамі твару і пышнай чорнай чупрынай, ён быў увасабленнем жыццярадаснасці...» Дарэчы, дзед Харыка быў гэткім традыцыйным «дыджэем» на вяселлях, так што было ад каго пераняць дар слова.

Ізі Харыка расстралялі ў Мінску, у кастрычніку 1937 года, з дзясяткамі іншых літаратараў і навукоўцаў...

«Век настане такі:

ўсім на зайдрасць вякам,

А ні я, а ні ты —

будуць іншыя там...

Мне ўсё роўна:

ён знойдзе, мой сын,

альбо не —

Акрываўлены камень

у чыстай сцяне».

Гэта пераклад ягонага верша, напісанага ў 1925-м, здзейснены Рыгорам Бярозкіным.

Дзядзька кампазітара і бусліныя трывогі

Касцёл, пазбаўлены даху, усё гэткі ж велічны. На ягоным фасадзе захавалася скульптура Маці Божай, якая, схіліўшы галаву, спагадліва пазірае на нас.... А над нішай са скульптурай, на паўкруглай дэталі фасаду на самым версе — буслінае гняздо.

Прайсці на касцёльную тэрыторыю было абавязкова — тут захаваліся могілкі. Шэрыя надмагільныя камяні пахіліліся, некаторыя схаваліся ў густой траве, нагадваючы рэшткі разбітых караблёў, пакінутых жорсткімі хвалямі часу на паверхні. Я люблю хадзіць у такіх мясцінах, расчытваючы, што можна, вызваляючы надпісы ад гразі і моху... Вось на невысокім шэрым камені, калі адхінуць траву, чытаецца: «Адам Манюшка. Нарадзіўся 12 сакавіка 1796 года, памёр 14 кастрычніка 1881-га».

Знакамітае для Беларусі прозвішча... Вядома, закарцела даведацца, ці не сваяк Станіславу Манюшку, аўтару першай беларускай оперы на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча?

Аказалася, сваяк! Ягоны родны дзядзька. Валодаў маёнткам Замошша, быў чалавекам прагрэсіўным. Сялян адпусціў на волю, для работы наймаў іх за грошы. За ўдзел у паўстанні 1863 года маёнткі падлягалі канфіскацыі. Здаецца, пан Адам схітрыўся пазбегнуць гэтага, перапісаўшы маёмасць на жонку Эмілію. У маёнтку ўжываў купленыя ў Еўропе паравыя рухавікі.

Вядома, Станіслаў Манюшка не мог не бываць у гасцях у роднага дзядзькі... І тут вымалёўваецца цікавая гіпотэза, чаму ў Зембінскім касцёле аказаліся карціны Яна Дамеля: мастак быў сябрам і Дуніна-Марцінкевіча, і Станіслава Манюшкі, уваходзіў у кола прагрэсіўнай мінскай інтэлігенцыі... Асабліва сябраваў з Дамелем бацька Станіслава Манюшкі Чэслаў, які сам маляваў. Вось і склалі Дамелю пратэкцыю ў Зембіне, тым больш Дамель меў патрэбу ў грашах пасля адбыцця двух гадоў у сібірскай высылцы з-за падазрэнняў у падробцы фальшывых банкнот.

Сёння ў касцёле растуць дрэвы, валяюцца бэлькі.

Кажуць, калі тут стаялі напалеонаўскія салдаты, моцна папсавалі будынак. Магчыма... А вось што Напалеон у гэтым храме начаваў — гэта наўрад, не супадае па датах... І генерала французскага побач не пахавалі, як гаворыць паданне, — усё ж яны пералічаныя ўсе, генералы.

Пакарыцелька Парыжа

Розныя эпохі прайшліся па храме... Сёння цяжка ўявіць, што ў 1813-м ён выглядаў так: «Касцёл франтонам стаіць да вуліцы, мае ў даўжыню 52 сажні, у шырыню 34. З боку галоўнага фасада трохвугольны франтон завяршаецца крыжам жалезным, каля якога знаходзяцца каменныя вазоны. Дах касцёла гонтавы, над прэзбітэрыем — купал, у якім вісіць сігнатурка, завяршаецца жалезным крыжам. Купал знізу пакрыты гонтаю, а зверху бляхаю пакрыты».

Замест купала сёння — неба...

Дарэчы, немагчыма, знаходзячыся ў Зембіне, не ўспомніць яшчэ аднага мастака з французскай тэматыкай... Дакладней, мастачку — Надзею Хадасевіч-Лежэ, ураджэнку гэтых мясцін. Амбіцыйная дзяўчынка, не маючы магчымасці нават бачыць выдатныя карціны, малявала вугалем на печцы, мясцовая дзятва дражніла: «Надзька, давай Парыж!» І Надзя дала... У складаныя рэвалюцыйныя часы рушыла ў свет, вучыцца... У Смаленску яе выкладчыкам стаў Казімір Малевіч. Перабралася ў Вашаўскую акадэмію, трапіла ў Парыж... Заваявала прызнанне. Стала жонкай французскага мастака Фернана Лежэ...

Іван Міско, народны мастак Беларусі, неаднойчы расказваў пра Надзю, якая прыязджала з Францыі ў Савецкі Саюз... Скульптар ляпіў яе з натуры і дасюль марыць паставіць помнік ёй у Зембіне. Як апісвае сваю задуму Іван Акімавіч, «Скульптура вышынёй два метры дваццаць сантыметраў, на гранітным валуне побач з музеем... Я выявіў мастачку такой, якой яна была. На адным плячы — дарагое футра, яна так любіла насіць. Жанчына валявая, тэмпераментная. Надзя распавядала: у дзяцінстве магла ўсю ноч не спаць, зубамі трымалася за парэнчы ложка, каб давесці: «Я не сплю». Выдатны тыпаж».

У зембінскім Музеі народнай славы ёсць мазаікі Надзі — трапілі сюды цудам... Надзя шчодра перадавала свае і мужавы работы ў Савецкі Саюз. Мазаікі ўстанавілі ў падмаскоўным горадзе Дубна... Але прамінуў час, пачалі псавацца... Колішні дырэктар зембінскага Дома культуры Эдуард Чарняўскі адправіўся па мазаікі на машыне — і неяк даставіў...

Дзеля некалькіх секундаў на экране

На развітанне спыняемся перад абразком і лампадкай у шчарбіне сцяны касцёла... Што ж, храм жывы, пакуль хтосьці ў ім моліцца. А мы кіруемся да яшчэ аднаго адметнага будынка — гэтым разам царквы Святога Міхаіла. Як часта здараецца, на адным і тым жа месцы храмы ўзводзіліся, гінулі, перадаваліся з канфесіі ў канфесію... Гэты ўзведзены ў 1904-м па праекце вядомага архітэктара Віктара Струева. Пацярпеў таксама шмат... Падчас Вялікай Айчыннай вайны званіцу і храм выкарыстоўваў фашысцкі гарнізон. Тут была і турма для тых, хто змагаўся з акупантамі. У ваколіцах дзейнічала партызанская брыгада знакамітага «дзядзькі Колі» — Героя Савецкага Саюза Пятра Лапаціна.

Дарэчы, вёску Замошша, якой валодаў калісьці Антон Манюшка, гітлераўцы спалілі ў ліпені 1942-га разам з жыхарамі.

Пасля вайны напаўразбураную царкву пачалі аднаўляць... Але ў 1965-м тут здымалі кінафільм «Пераклічка». Акцёры славутыя — Алег Стрыжэнаў, Марыяна Вярцінская, Таццяна Дароніна, Яўген Сцяблоў, Мікіта Міхалкоў. Рэжысёру закарцела зняць сцэну, як савецкі танк прабівае алтарную сцяну храма, у якім заселі фашысты. Ролю камандзіра танка выконваў малады Мікіта Міхалкоў.

Тады тут, як кажуць мясцовыя жыхары, было збожжасховішча... Карацей, не шкада «культавага збудавання».

Магутная сцяна ніяк не паддавалася напору танка. Тады яе вырашылі ўзарваць і зрабіць бутафорскую «накладку». Сцэна была знятая... Заадно танк праехаўся па могілках каля царквы. Магілы і крыжы для здымак зладзілі бутафорскія, але ж пад імі знаходзіліся рэальныя пахаванні вернікаў.

Храм адноўлены ўжо ў наш час — цёмна-чырвоныя сцены, белая аздоба, залатыя купалы... Насупраць — невялікі драўляны будыначак. Як сведчыць шыльдачка, надкладзезная капліца збудавана майстрам Андрэем Чарнухам да асвячэння храма св. Архангела Міхаіла ў вёсцы Зембін 16 лістапада 2014 года. У капліцы — студня, аблямаваная прыгожымі каванымі дэталямі... Што ж, глыток вады са святой крыніцы — найлепшае развітанне...

Зембін, мястэчка, убачанае сур'ёзнымі вачыма, мае шмат лірычных уступаў і гістарычных пралогаў...

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.

Грамадства

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук — заслужаны артыст БССР, дэкан тэатральнага факультэта БДАМ, прафесар.

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.