Вы тут

Кубайкі, стрынг-арт і батлейка на магнітах. Прайшоў кірмаш «Чароўны млын»


На выстаўку-кірмаш «Чароўны млын» хтосьці ходзіць па ўнікальныя падарункі, якія не знойдзеш у звычайнай краме, хтосьці — па натхненне. Мы ж пайшлі, каб паглядзець, што цікавае, звязанае з нацыянальнымі традыцыямі сёння прапаноўваюць беларускія майстры.


Апошнім разам на «Млын» я завітвала гады два таму. І, шчыра прызнацца, тады вырабаў з нацыянальным каларытам было значна больш.

— Раней было больш турыстаў, ды і нашы людзі часцей ездзілі за мяжу, таму і попыт на вырабы, аздобленыя арнаментамі, выцінанкай, быў большы, — тлумачыць рамеснік з Мінска Дзмітрый БОХАН.

Дзмітрый працуе з дрэвам. Вырабляе прыгожыя падносы, свяцільні. А таксама выразае асновы бірулек, падставак для сурвэтак ды мабільнага тэлефона, якія жонка аздабляе ў тэхніцы «дэкупаж». На многіх — беларускія арнаменты ды выцінанка. Робіць сямейная пара і «вечныя» календары з назвамі месяцаў, у тым ліку і на роднай мове.

— Мы б з радасцю рабілі календары выключна беларускамоўнымі, — кажа Дзмітрый. — Галоўнае, каб куплялі...

Раман Чаркашын з Віцебска вось ужо больш як 10 гадоў вырабляе стыльныя наручныя гадзіннікі, у тым ліку з беларускім арнаментам. Швейцарскі механізм, корпус з цукровага клёну, арнамент і ўстаўкі на цыферблаце зроблены з афрыканскага дрэва — падук. Ёсць і гадзіннікі з арнаментам, які свеціцца ў цемры. Эфект дасягаецца пры дапамозе адмысловай эпаксіднай смалы.

— Мой першы гадзіннік, дарэчы, быў з беларускага дубу з зялёным арнаментам, — згадвае майстар. — Пастаянна эксперыментую. Магу зрабіць любы гадзіннік на заказ. Вы можаце выбраць пароду дрэва, механізм, заказаць любую гравіроўку на цыферблаце. Можам зрабіць падарункавую драўляную скрынку.

Каштуе такі дызайнерскі гадзіннік 248 рублёў, той, што свеціцца, — 198.

Аляксей Шкірман прыехаў на кірмаш разам з сястрой Марынай з Бабруйска. Майстры прывезлі з сабой арыгінальныя падарункавыя наборы для вышывання ўпрыгажэнняў у тэхніцы мікравышыўкі. У набор уваходзяць інструкцыя, падушачка, канва, нітка, іголка, аснова для кулона (брошкі, бранзалета), рэкамендацыі па доглядзе.

— Фурнітура і ніткі — якасныя, можна не баяцца, што нешта пацямнее ці аблезе, — пераконвае Аляксей. — Марына і яе муж Дзмітрый вышываюць прафесійна, а я прыдумаў ідэю з абярэжнымі сімваламі. Вельмі адгукаецца ўва мне гэтая тэма. Сам я толькі адзін кулон вышыў у сваім жыцці — сімвал багацця (паказвае). Так што з мікравышыўкай справіцца нават навічок.

— Чаму вырашылі зрабіць такія наборы? — цікаўлюся. — Можна ж было прадаваць выключна гатовыя вырабы.

— Каб сімвал меў абярэжную сілу, трэба вышыць яго сваімі рукамі, — усміхаецца Аляксей.

— Ці рукамі любімага чалавека, — дадала Марына.

Юлія Курленя працуе ў цікавай тэхніцы стрынг-арт. З дапамогай малатка, рознакаляровых нітак і маленькіх цвікоў стварае малюнкі на дрэве. Гэтая тэхніка прыдуманая ў Англіі ў XVІ стагоддзі. Пры дапамозе цвікоў і нітак англійская даследчыца Мэры Буль вучыла дзяцей геаметрыі. Сярод работ Юлі ёсць і беларускія абярэжныя сімвалы.

— У школьныя гады я выступала ў народным ансамблі, таму мне беларуская сімволіка не чужая. Ды і попыт ёсць. Адзін мужчына сам выбіраў абярэгі, якія павесіў над дзвярыма ў сваім доме. Сярод абярэгаў жанчыны чамусьці часцей за ўсё выбіраюць агонь — сімвал мужчынскага пачатку. Даводзілася вышываць дэкаратыўнае пано ў выглядзе зубра, яго павезлі ў падарунак беларусам ажно ў Шры-Ланку.

Аднойчы заказаць карту Беларусі з надпісам «Месца, дзе цябе заўсёды чакаюць». На міжнацыянальнае вяселле рабіла фотарамкі, дзе контуры сцягоў дзвюх краін перакрыжоўваліся.

Шмат майстроў на кірмашы прапаноўвала стыльнае адзенне з ільну.

— Цяпер у модзе льняныя кардыганы, — кажа Таццяна Салдаценка. — Кожны мой выраб — адзіны і непаўторны. Пагадзіцеся, не вельмі прыемна жанчыне, якая сядзіць у прэзідыуме ў першым радзе (а я шыю ў тым ліку і для беларускіх віп-персон), сустрэць калегу ў такім жа касцюме.

Таццяна шые ўсё жыццё. Мела справу з рознымі тканінамі, у тым ліку і з замежным ільном. Паводле яе слоў, беларускі лён — найлепшы ў свеце.

Вельмі мне спадабаліся экапрынты «Дыханне траў» на тонкім ільне, зробленыя Марынай Гушчай. А таксама габелены з сушаных траў і кветак, якія вельмі эфектна будуць глядзецца на сцяне. Чым не альтэрнатыва карціне?

— Традыцыя плесці і ткаць цыноўкі з траў дайшла да нас з глыбокай даўніны, — распавядае майстрыха Юлія Гардзейка. — Збіраць травы і плесці з іх — суцэльнае задавальненне. На працягу ўсёй работы цешышся водарам траў і кветак. Зялёны дыванок можна ткаць і з лекавых зёлак. Такі габелен напоўніць дом водарам лета і створыць утульнасць. Ведаеце, што першае робяць людзі, калі бачаць такі габелен? Праводзяць па ім рукой. Так далікатна гладзяць, каб кожная траўка паспела «павітацца». А потым утыкаюцца ў яго носам і ўдыхаюць пах. І тут ужо ў кожнага свае ўспаміны...

Ну і, вядома, які «Млын» без вышыванак ды вышымаек?! Да іх дадаліся і прыкметы часу — маскі з валошкамі і беларускім арнаментам.

— Мы прадаём рознае адзенне, але вышымайкі заўсёды па попыце на першым месцы, — кажа прадстаўнік Faіny.by Ігар Каралёў. — Мая любімая тэма — валошкі. Калі былі Алімпійскія гульні, спартсмены з Эстоніі скупілі ў нас усе вышымайкі з валошкамі. Аказваецца, яны таксама лічаць валошку нацыянальнай кветкай. Мы не стаім на месцы, эксперыментуем не толькі з відамі арнаменту, але і з яго колеравай гамай. Вось, напрыклад, гэтая валошка мае ажно 18 адценняў аднаго колеру. Самы ж папулярны сярод нашых пакупнікоў арнамент — «жыццё».

Ігар Каралёў распавёў, што напярэдадні Купалля адна страхавая кампанія закупіла ў іх вышымайкі на ўвесь калектыў. «Таксама ганарымся, што «Песняры» выступаюць у нашых вышыванках».

Прыемна сустракаць на кірмашы і новыя маладыя твары. Ян Косцік займаецца адзеннем з вышыўкай зусім нядаўна. Працуе ў тандэме з татам, які прафесійна шые. Пачыналі з рынка ў Ждановічах. Цяпер у іх ёсць свая крама, дзе прадаюцца вышыванкі на кожны дзень: ільняныя жаночыя сукенкі, байкі, кубайкі (куртка-байка) з нацыянальнай вышыўкай... Ян сам з задавальненнем носіць вышыванкі, зробленыя ўласнымі рукамі. Кошт такога адзення да 100 рублёў.

Яшчэ мне вельмі спадабалася ідэя, якую ажыццявілі ў дэкрэтным водпуску дзве маладыя мамы. Вікторыя і Зоя прыдумалі набор для тэатра ценяў «Батлейка». У тэатры 18 фігур казачных герояў на магнітнай аснове. Яны лёгка прымацоўваюцца да адмысловага экрана. З іх дапамогай можна разыграць адну з чатырох папулярных казак — «Рэпка», «Калабок», «Церамок», «Курачка-раба» ці прыдумаць сваю гісторыю. Мы з мужам такую батлейку падарылі на дзень нараджэння сваёй хрэсніцы. Якраз нядаўна ездзілі да Івонкі ў госці, паказвалі дзеткам ценявы спектакль. Малыя былі ў захапленні.

Калі шчыра, гэтым разам я нічога не планавала набываць на «Млыне». Але, як паказвае практыка, з пустымі рукамі з кірмашу, дзе столькі адметных вырабаў, сысці нерэальна. Рамеснік Віктар Шубін, тата 6 дзяцей, так апетытна распавядаў пра свае драўляныя лыжкі з сімвалам сонца, што мне захацелася набыць адну з іх свайму сыну. Пакуль выбірала, даведалася вельмі шмат цікавага пра гаючыя ўласцівасці дуба, грушы, карэльскай бярозы, клёна, граба, алешыны. Майстар багата ўсяго ведае пра дрэвы, з якіх выразае свае вырабы. У выніку я набыла грэбень для валасоў з дубу ды лыжку з рабіны. Дарэчы, менавіта рабіну Віктар параіў пасадзіць на сваім участку бліжэй да дарогі. Бо дрэва ці куст з чырвонымі ягадамі спрадвеку служыць магутным абярэгам ад любой бяды, зайздрасці і сурокаў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.