Вы тут

Баланс ядзернай, тарфяной і смеццевай энергіі для цяпла і эканоміі


Беларусь сёлета стала ядзернай дзяржавай. Цяпер электраэнергія, якую атрымліваюць ад ядзернага паліва, выкарыстоўваецца для шматлікіх патрэб, у тым ліку для награвання вады, ацяплення і гатавання ежы. Аднак акрамя атамнай станцыі ў айчыннай энергасістэме сёння працуе магутны ветрапарк, разглядаюцца пытанні адраджэння гідраэнергетыкі, развіцця сонечнай энергетыкі. Перспектыўны напрамак таксама — атрыманне энергіі ад цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Пры гэтым нельга дапусціць канфлікт інтарэсаў ці канкурэнцыю паміж рознымі відамі энергарэсурсаў, у тым ліку мясцовымі, упэўненыя эксперты Міністэрства энергетыкі. Яны расказалі пра пошук балансу паміж крыніцамі энергіі і новую прадукцыю, якую атрымліваюць з класічнага паліва.


Торф з пілавіннем і лігнінам, «сушонка», пажыўныя грунты

Перыяд «стаяння нізкіх тэмператур» (гэта тэрмін цеплатэхнікаў) у Беларусі становіцца ўсё больш кароткім, як і працягласць ацяпляльнага сезона, лічаць энергетыкі. Таму людзі павінны мець выбар, чым сагравацца: дровамі, торфам, газам ці электрычнасцю.

Торф быў і застаецца мясцовым паліўным рэсурсам, які штогод здабываецца ў краіне і актыўна выкарыстоўваецца для выпрацоўкі энергіі. Да 1970-х ён быў незаменным энергарэсурсам і ў вялікай энергетыцы, дзе яго цяпер менш, аднак працягваюць ужываць. Прывабным ён застаецца і для бытавога сектара. Сыравінная тарфяная база дазволіць забяспечваць патрэбы краіны на найбліжэйшае стагоддзе, расказала Вольга ПРУДНІКАВА, намеснік міністра энергетыкі:

— Пасля 1970-х беларусы перайшлі на больш высокакаларыйнае паліва — мазут. У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя энергакрыніцы актыўна пераводзіліся на спальванне прыроднага газу, адзіным пастаўшчыком якога была Расія. З уводам АЭС комплексным пытаннем стала як збалансаванае развіццё ўсіх відаў энергакрыніц, так і збалансаванасць самога балансу.

Запасаў торфу ў Беларусі хопіць яшчэ на 100 гадоў, і ў краіне працуюць над стварэннем новых відаў паліва на аснове торфу з дабаўленнем пілавіння і лігніну (складнік драўніны).

Шмат прадукцыі выпускаецца прадпрыемствамі і цяпер. Больш за 60 відаў пажыўных грунтоў з верхавога торфу вырабляюць на торфабрыкетным заводзе «Віцебскі». На іх прадукцыі гадуецца айчынная лясная гаспадарка. Восем тысяч тон грунтоў ужываецца ўнутры краіны, а 40 тысяч — ідзе на экспарт. Унікальная прадукцыя завода — рачны торф (натуральны некрануты залеж торфу), які проста наразаецца з радовішча і сушыцца на працягу года.

Каб актываваць карысныя рэчывы ў торфе, на торфабрыкетным заводзе «Усяж» (Смалявіцкі раён) асвойваюць вытворчасць сухіх папер. Гэты прадукт можна выкарыстоўваць у раслінаводстве і нават карміць ім жывёлу. А тарфяны попел, у які дадаюць нізінны торф, ужываюць для вытворчасці тарфазольнага меліяранту грунтоў. Яго выкарыстоўваюць для рэкультывацыі ці падсыпкі дарог, вырошчваць расліны на ім нельга.

Пара, попел і брыкет

Адно з тарфяных айчынных прадпрыемстваў — торфабрыкетны завод «Дзітва», дзе здабыча торфу пачалася ў 1972-м, а ў 1975 годзе — запушчана вытворчасць торфабрыкетаў. Цяпер у прадпрыемства 980 гектараў зямлі для работы, з якіх непасрэдна палёў здабычы карысных выкапняў — 480 гектараў. Штогод са здабытага торфу тут вырабляюць 110 тысяч тон прадукцыі. 77 % з іх — торфабрыкет, які пастаўляюць у Гродзенскую і Віцебскую вобласці, а таксама на экспарт за мяжу, у асноўным Літву. З 2016 года займаюцца пастаўкай тарфяной «сушонкі» (13 %) для цэментных прадпрыемстваў, у прыватнасці, для завода «Краснасельскбудматэрыялы». Ствараюць таксама пажыўныя грунты, гумус і вугаль для барбекю.

— Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя зніжэння ўжывання торфу насельніцтвам, бо ў вёсках натуральна памяншаецца колькасць жыхароў. Аднак павялічваецца яго прамысловае спажыванне. Крыху прадаём прадукцыі ў Віцебскую вобласць і для прадпрыемстваў ЖКГ, — падзяліўся Казімір БАНЦЭВІЧ, дырэктар торфабрыкетнага завода «Дзітва». — У нас забяспечанасць палямі добрая — 130 % ад патрэбы, таму ёсць дзе здабываць торф. Сёлета за два месяцы (чэрвень, ліпень) здабылі аб'ём, дастатковы для паўнавартаснай работы на каляндарны год. У маі з-за неспрыяльнага
надвор'я мы торф не здабывалі.

Два паравыя катлы ў кацельнай Дзітвы, якія забяспечваюць вытворчасць тэхналагічнай пары, пераведзены на торф у 2014 і 2016 гадах. Магутнасць кожнага з іх — 10 тон пары ў гадзіну, а працэс спальвання торфу цалкам механізаваны. На маніторах відаць работу катлоў і можна сачыць за падачай торфу, паказаў сваю гаспадарку дырэктар.

— Вунь з вагонаў разгружаецца торф, што прыходзіць з балота. Ён па канвееры паступае ў падрыхтоўчае аддзяленне, дзе з яго магнітам выдаляецца метал. Пасля з торфу выбіраюцца камяні. На млыне ён драбніцца, а на сепаратары з торфу выкідаецца лішняе. Затым торф падымаецца на трэці паверх у паравую сушылку, дзе з яго выпарваецца вільгаць і ён высушваецца. Каб збрыкетаваць торф, яго вільготнасць павінна быць 16-18 %, а прыходзіць ён з 40-42-працэнтнай вільготнасцю.

Паколькі прадпрыемства пажаранебяспечнае, два разы на суткі тут робіцца генеральная вільготная прыборка. Паравая турбіна здольная выпрацоўваць 600 кВт энергіі, аднак яе асноўная работа надыходзіць з пачаткам ацяпляльнага сезона. Двума рэзервовымі катламі, што працуюць на газе, тут, дарэчы, не карыстаюцца ўжо пяць гадоў.

З попелу, які застаецца пасля спальвання торфу, робяць гравійна-попельную сумесь для падсыпкі асновы дарог. Ёсць і свая лабараторыя даследавання торфу па розных характарыстыках. А каб адпавядаць экалагічным патрабаванням, сёлета на заводзе зманціравалі абсталяванне па сістэме аспірацыі — абяспыльвання, каб у паветра траплялі толькі чыстыя выкіды.

Патэнцыял адходаў і атамная генерацыя

Больш актыўна, на думку энергетыкаў, трэба ўцягваць у паліўны баланс краіны і цвёрдыя камунальныя адходы. А ядзерная энергетыка — гэта не толькі спосаб забяспечыць прадпрыемствы таннай электраэнергіяй, але і магчымасць паменшыць шкодныя выкіды ў атмасферу. Усё часцей яна становіцца асновай стабільнасці энергетычных рынкаў, мяркуюць спецыялісты.

— Ужо спрабавалі выкарыстоўваць смецце на аб'ектах Мінэнерга, аднак пакуль прыйшлі да высновы, што больш перспектыўна сёння ўжываць ЦКА ў рэгіёнах, дзе іх можна спальваць у сумесі са шчапой ці торфам, — мяркуе Вольга Пруднікава. — Такім чынам будзе вырашацца пытанне не толькі энергетычнай, але і экалагічнай бяспекі краіны. А павелічэнне электраспажывання — не проста трэнд, каб траціць электрагадзіны, а паказчык стану нашай эканомікі. Удзельнае спажыванне энергарэсурсаў насельніцтвам Беларусі мае даволі сярэдні паказчык сярод найбліжэйшых суседзяў. Эканоміка будзе расці — будзе расці электра- і цепласпажыванне, адпаведна, будзе дыверсіфікавацца баланс, і ў яго будуць уцягвацца мясцовыя віды ПЭР.

Выкарыстанне атамнай генерацыі дазволіць зрабіць энергетычную галіну больш экалагічнай, упэўненая Надзея ЗДАНЕВІЧ, начальнік упраўлення тэхнічнага суправаджэння «Белэнерга»:

— Памяншэнне выкарыстання арганічнага паліва з уводам у эксплуатацыю атамнай электрастанцыі ў Беларусі прывядзе да зніжэння выкідаў парніковых газаў у атмасферу больш чым на сем мільёнаў тон на год. А ўсе працуючыя ў свеце АЭС прадухіляюць выкід двух мільярдаў тон вуглякіслага газу.

Энергетыкі сцвярджаюць, што нізкая доля паліўнага складніка ў кошце атамнай генерацыі (10-15 %) дазваляе спажыўцу прагназаваць цэны на ўвесь жыццёвы цыкл, які складае практычна 100 гадоў. А гэта вельмі важна і для прамысловага сектара, і для прыватнага спажыўца. Увогуле, атамная энергетыка — гэта інфраструктурны драйвер краіны: развіццё навукі, ядзернай медыцыны, новых тэхналогій для сельскай гаспадаркі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Мясцовая, альтэрнатыўная, атамная...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».