Вы тут

Гісторыя жанчыны, якая пераадолела цяжкую форму ковіду і змяніла стаўленне да жыцця


Цяпер Каця ідзе на работу крыху не так, як раней. Выходзіць загадзя знарок, каб дарога займала крыху больш часу. Няспешна разглядае наваколле, можа спыніцца, каб паглядзець на незвычайнай прыгажосці дрэва ў асеннім уборы, заўважае маленькую птушачку на галіне, цікаўнага ката з суседняга дома. «Людзі, якія трапляюцца насустрач, мабыць, думаюць, што не ўсё ў парадку ў гэтай жанчыны з галавой, — смяецца яна. — Ідзе-ідзе і раптам спыніцца. А я хачу нагледзецца прыгажосцю, надыхацца паветрам. У звычайным жыцці мы не ведаем, якая гэта раскоша — дыхаць напоўніцу».


Каця нашмат маладзейшая за мяне. Ведаю яе яшчэ з тых часоў, калі яна бегала па калідорах рэдакцыі абласной газеты юнай сімпатычнай практыканткай, працавала ў адной з газет нашага Дома друку. Потым пераязджала ў розныя гарады па сямейных абставінах. Цяпер яна працуе ў газеце аднаго з райцэнтраў, гадуюць з мужам дваіх дзяцей. А недзе ў лютым ад калег я выпадкова пачула, што Кацярына вельмі цяжка перахварэла. Пазваніла, каб падтрымаць. З той пары мы шмат разоў размаўлялі. Аднойчы не вельмі ўпэўнена спытала, ці можна напісаць, падзяліцца з чытачамі фрагментамі тых размоў. Яна адразу пагадзілася, сказала, што, мабыць, каго з чытачоў гэта падштурхне на большы клопат пра сябе альбо сваіх бацькоў.

Снежань мінулага года

Паўсюль пісалі пра ковід, былі ўжо выпадкі хваробы і смерцяў сярод знаёмых альбо знаёмых знаёмых. Але ж мы ўспрымалі інфармацыю нібы праз кіно: гэта недзе там, але дакладна не з намі. Я, як усе, хадзіла на работу, вечарам спяшалася дадому, бо трэба наварыць, накарміць, праверыць урокі, дапамагчы з дамашнім заданнем, намыць-напрасаваць, прыбраць, разабраць канфлікт, калі нечага не падзялілі мае хлопчыкі. Аднаму — 15, другому — восем. Бывала, злавалася, крычала на іх, потым шкадавала, забывала. Мусіць, як усе. А потым зноў: ранак, работа, клопаты.

У адзін з дзён адчула сімптомы вострай рэспіраторнай інфекцыі. Тэмпература, кашаль, насмарк. Крыху спалохалася, калі назаўтра стала моцна ламаць, выкручваць суставы, а тэмпература не збівалася таблеткамі, але ж спадзявалася, што звычайная прастуда, звычайная інфекцыя. У паліклініцы прызначылі лячэнне, адкрылі бальнічны ліст. Праз колькі дзён паведамілі, што тэст на ковід станоўчы, а здымак на флюарографе паказаў двухбаковую пнеўманію. Але прапановы на шпіталізацыю не паступала, а я не настойвала, і гэта была мая памылка. Я згубіла вельмі важныя для лячэння два-тры дні. А калі стала літаральна задыхацца, пазваніла найперш чамусьці сястры...

Яна і па тэлефоне адчула ступень маёй задышкі, закрычала ў слухаўку: «Неадкладна выклікай хуткую!». Потым ужо расказала, што, аказваецца, крычала так, аж калегі з суседніх кабінетаў збегліся. І гэта дапамагло, я сабралася з духам і набрала запаветныя 103. Вядома, чаму сама не зрабіла гэта адразу, бо ўжо дрэнна разумела сітуацыю. Калі прыехала брыгада, сатурацыя ў мяне была 76, і везлі мяне ў бальніцу ўжо пад маскай.

Тэрапеўтычнае аддзяленне

Спачатку я была ў тэрапіі. Адтуль мала што памятаю, пастаянна былі нейкія правалы. Памятаю, як стаяла некалькі дактароў, відаць, вырашалі, што рабіць са мной далей. Пачула раптам: «Каліце морфій!». Спужалася, навошта мне морфій? А цяпер і не ведаю, ці гэта было, ці мне там мроілася апавяданне Булгакава. Потым яны сталі гаварыць пра рэанімацыю, а мне зноў страшна. Рэанімацыя стала асацыіравацца з нейкім канцом, з тым месцам, з якога ўжо не вернешся. Усяму віной, мабыць, недахоп кіслароду ў крыві і парушэнні ў мысленні, у магчымасці ацэньваць сітуацыю. Потым нейкая сястрычка здагадалася, што са мной робіцца, прашаптала на вуха: «Не бойцеся, у рэанімацыі вам лепей будзе, там больш увагі могуць удзяліць хворым, бо іх мала». Мне ўжо было ўсё роўна.

Рэанімацыя

Калі прывезлі ў рэанімацыю, стан быў, думаю цяпер, крытычны. Не ведаю, як гэта назваць, можа, увасобленым пеклам? Калі не проста баліць, а паміраеш кожную хвіліну. Мусіць, наогул няма нічога горшага, чым стан, калі не можаш дыхаць. Адзінаццаць дзён і начэй я знаходзілася ў паўсядзячым становішчы, бо лежачы адразу задыхалася. Зараз часта па тэлевізары бачым, як людзі ў асноўным ляжаць на жываце. Не ўсе могуць так, як высветлілася. Мне даводзілася і спаць седзячы. І вось у гэтым стане хвіліны расцягваюцца ў доўгія гадзіны, не разумееш ні дня, ні ночы, усё зліваецца ў нейкі адзін боль і ўдушша. Кіслародная маска так упіваецца ў твар, што яе хочацца здзерці, але разумееш, што там выратавальны кісларод.

Урачы, сёстры, санітаркі

Гэтым людзям мая падзяка бязмерная, як і захапленне іх уменнем, спагадай, чалавецкасцю. Мяне цярпліва вучылі дыхаць, унушалі, што ў гэтым маё выратаванне. Апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх у маім выпадку не выйсце. І я разумела, што апарат для мяне можа стаць прысудам. На маіх вачах побач паміралі людзі. За мае 11 дзён у палаце памерлі два чалавекі. Я бачыла, як іх спрабавалі ратаваць, як рэанімавалі. Тое, што паказваюць у кіно пра рэанімацыю, — дзіцячыя практыкаванні, насамрэч гэта працэс вельмі цяжкі, страшны, адказны. О, я больш ніколі не буду глядзець у кіно падобныя фрагменты, бо кінематаграфісты ў гэтым нічога не кемяць...

Калі прыехала мая сястра, сабраліся сваякі, паўстала пытанне аб пераводзе мяне ў Брэст. Але нашы дактары прыйшлі да высновы, што я нетранспартабельная, што не вытрымаю пераезд. І мяне пакінулі. Цяпер я рада гэтаму неймаверна. Нас было тры чалавекі ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі, а ў бальніцах абласнога цэнтра паток людзей, канвеер. Там аб'ектыўна мне не змаглі б удзяліць столькі ўвагі, як у нас.

Маміна пакрывала

Цяжка было яшчэ і таму, што амаль увесь час была ў прытомнасці, вельмі мала ў напаўзабыцці. Праз боль малілася, плакала, прасіла Бога ўзяць да ўвагі, што мае дзеці яшчэ малыя, я ім патрэбная. Мая мама памерла 16 гадоў таму, звярталася ў думках да яе, прасіла заступіцца адтуль. І аднойчы яна прыйшла і агарнула мяне нейкім цёплым пяшчотным пакрывалам. Мне стала так добра, спакойна, я думала, што яна мяне забірае... Але пасля таго я пайшла на папраўку.

Цяпер думаю, што гэта было, і не знаходжу адказу. Мабыць, работа маёй падсвядомасці, мозгу выдала такі кульбіт. Я проста адчувала яе прысутнасць. Не ведаю... І што мы ведаем наогул? Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што пра будову сусвету мы ведаем не больш за 10 працэнтаў.

Цяжка сказаць, што самае горшае ў такой сітуацыі: боль, немач ці немагчымасць пазваніць, пачуць дзяцей, нешта ім сказаць добрае. Страшна было за дзяцей, я цудоўна ўсведамляла, што кожны дзень можа быць апошні, і думала, як жа яны там будуць без мяне. Яны ж такія дамашнія, хоць і хлопчыкі. Нядаўна глядзела перадачу з Юліяй Перасільд, якая вярнулася з космасу. Дык вось яна сказала, што, усведамляючы вялікую ступень рызыкі, напісала пісьмы дочкам на ўсялякі выпадак. А я ж нічога не напісала, не пакінула нават які-небудзь наказ, мацярынскае блаславенне. Не, я павінна была жыць!

Дзіўна, але яны нібы адчувалі. Муж сказаў, што за ўвесь час не бачыў іх такімі паслухмянымі і сцішанымі. У звычайнай сітуацыі яны могуць учыніць вэрхал у хаце, пабіцца, ну, відаць, як усе дзеці іх узросту. А тут ціха і самастойна рабілі ўрокі, абедалі самі, дапамагалі адзін аднаму. Мусіць, самы шчаслівы дзень быў, калі я праз месяц нарэшце прыйшла дадому.

Бальнічны закрылі, але працаваць я не магла і блізка. Першы раз, калі трэба было ісці ў паліклініку, ахапіла дзіўнае адчуванне: я баялася ісці, баялася сустракаць людзей, не хацелася ўбачыць некага знаёмага. Потым ужо прачытала пра розныя наступствы і ўскладненні. Спачатку ўзяла месяц водпуску за свой кошт, думала, неяк выкараскаюся. Але ўскладненні наваліліся з новай сілай, здароўе літаральна пасыпалася на кавалкі. Некалі пад маскай у рэанімацыі злавалася на валасы, якія перашкаджалі, хацелася астрыгчы іх пад нуль. Цяпер яны выпадалі самі. Тры разы давялося яшчэ праходзіць курсы лячэння ў бальніцы. І зноў з удзячнасцю згадваю нашых урачоў, якія дапамагалі прыступка за прыступкай выбірацца з гэтай багны, якая літаральна зацягвала: катастрафічна падаў гемаглабін, адольвалі іншыя праблемы. За гэты час мне пералівалі кроў дзевяць разоў.

Не верце, што добрыя ўрачы ёсць толькі ў сталіцы, абласных клініках — у нашай раённай бальніцы працуюць цудоўныя спецыялісты. Праверана, як той казаў, на сабе. Старалася выконваць усе рэкамендацыі, выпівала гару медыкаментаў, паступова адчула палёгку. Выйшла на работу. І ўсё роўна пастаянна адчувалася слабасць, стамлялася ад любой хатняй работы, нібы шахцёр пасля змены ў забоі. Чакала з нецярпеннем адпачынку.

У адпачынак паехала дадому, у бацькоўскую хату. Узяла сваіх хлопчыкаў, прабыла там ледзь не цэлы месяц. Гэта не метафара, што дома сцены дапамагаюць, гэта праўда. Нідзе і ніколі з пачатку ўсёй хваробы не адчувала такі спакой, як у родным доме. Мой тата, які ўвесь гэты час вельмі перажываў за мяне, падаўся асабліва спагадлівым і ўважлівым. Мы кожны вечар сядзелі ў двары каля кастра, не маглі нагаварыцца. Ён расказваў нейкія гісторыі са сваёй маладосці, з ранейшага жыцця, пра якія ніколі не згадваў раней. А я ўсё не магла надыхацца, хацелася запомніць гэты водар: травы, кветак, дыму кастра — лета, які здаваўся тут асаблівым, прыязным, смачным, калі хочаце, бо гэта і быў водар дому. Вось тут я ўпершыню адчула сябе не тое што цалкам здаровай — адчула ранейшай, якой была да гэтай каварнай хваробы, якая, здаецца, выцягнула ўсе сокі, энергію з душы.

Цяпер я навучылася радавацца дробязям, не звяртаць асаблівай увагі на нейкія побытавыя альбо рабочыя праблемы. Вось раней думала, як сабраць на дарагую пуцёўку, каб паехаць усёй сям'ёй на мора — цяпер разумею, што няма лепшага адпачынку, як у бацькоўскай хаце. Бывала, раздражняла не тая мэбля ў пакоі, якую хацелася б, школьная адзнака сына. Цяпер на ўсё гляджу пад іншым ракурсам. А людзі, якія здаралася, крыўдзілі, здаюцца мне цяпер маленькімі, смешнымі, нехлямяжымі, адным словам, не вартымі вялікай увагі і перажыванняў.

Па-іншаму зараз адчуваю прыгажосць прыроды, таму магу доўга стаяць і глядзець на жоўтую бярозу альбо, як пісаў Караткевіч, «на рыжы ліст у зелені травы». З асалодай бяру ў рукі любімую кнігу альбо перакладаю ў шуфлядзе мілыя дробязі. Многае бачыцца нібы іначай, як упершыню. Мне хочацца болей быць з дзецьмі, больш камунікаваць са сваякамі, са знаёмымі. Не раз думаю над тым, колькі мы губляем, бо менш сталі сустракацца, менш гаварыць адно з адным. Прападаем у гаджэтах замест звычайнай чалавечай гаворкі хай і па тэлефоне.

А тут яшчэ нядаўна памерла 75-гадовая жанчына, вельмі дарагі мне чалавек. Пасля смерці мамы яна мяне здорава падтрымлівала. Для свайго ўзросту яна была надзвычай энергічнай, вяла здаровы лад жыцця, сачыла за здароўем, але ковід не пашкадаваў. Згарэла літаральна за некалькі дзён. І я падумала, што больш трэба гаварыць аб гэтай праблеме, расказваць, як яно ёсць, каб людзі задумаліся і больш увагі ўдзялілі прафілактыцы. Бо многае насамрэч залежыць ад кожнага. Я праз паўгода зрабіла прышчэпку.

Калі нашы асабліва старэйшыя людзі пакуль не рашаюцца прайсці вакцынацыю, яны павінны да мінімуму звесці стасункі і выхады ў грамадскія месцы. Гэта не грып, не шараговая інфекцыя. За доўгія месяцы роздуму прыйшла да высновы, што гэта навала нібы пасланая нам цёмнымі сіламі, бо нават урачы не могуць зразумець логіку развіцця і цячэння хваробы, як іншых захворванняў. Ну вось, скажам, гляджу на канале «Мір» выступленне інфекцыяніста з Малдовы. Яна аб гэтым гаворыць, бо не можа растлумачыць факт са сваёй бальніцы, калі на працягу аднаго тыдня яны выпісалі 101-гадовую бабулю, што ўпэўнена пайшла на папраўку, і страцілі 16-гадовую дзяўчынку. Беражыце сябе і адзін аднаго, гэта цяпер не банальныя заклікі, — гаворыць Каця.


Тэкст дадзены ад першай асобы, бо ён амаль цалкам складаецца з фрагментаў нашых гутарак з Кацярынай Яцушкевіч з Маларыты. Я спытала, ці варта змяніць прозвішча, яна адказала: «Не трэба, я ж гэта ўсё не прыдумала. А здымкі хай будуць ілюстратыўнымі».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дыхаць паветрам напоўніцу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.