Вы тут

Як выжываюць бібліятэкі ва ўмовах пандэміі


Пытанне аб тым, што пад уплывам развіцця лічбавых тэхналогій бібліятэкам рана ці позна давядзецца пераходзіць у анлайн, заўсёды было актуальным. Але яшчэ два гады таму ніхто і ўявіць не мог, наколькі хутка ўстановам давядзецца асвойваць інтэрнэт. Вымушаныя сысці на каранціны, бібліятэкі працягвалі працаваць са сваімі чытачамі — больш за тое, заваёўвалі новую аўдыторыю, крэатывілі, запускалі цікавыя праекты, наладжвалі доступ да інфармацыі і пакрысе вучыліся канкурыраваць з іншымі вытворцамі віртуальнага кантэнту. Таму VІІІ Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры» быў прысвечаны абмену вопытам, назапашаным у час работы ў непрадказальных ковідных умовах і прайшоў пад лозунгам «Бібліятэкі ва ўмовах пандэміі: новыя магчымасці, новыя рашэнні».


Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры, Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці і Беларуская бібліятэчная асацыяцыя. У рабоце кангрэса прынялі ўдзел больш за 350 дэлегатаў з 8 краін. Сярод іх — супрацоўнікі бібліятэк, адукацыйных устаноў, выдавецтваў, вытворцы інфармацыйнай прадукцыі і абсталявання. Актуальныя пытанні абмяркоўваліся падчас канферэнцыі, круглых сталоў і майстар-класаў, працавала выстаўка выдавецкай прадукцыі, электронных інфармацыйных сэрвісаў і рэсурсаў.

Мы ідзём да вас

Як заўважыў падчас адкрыцця кангрэса міністр культуры Анатоль Маркевіч, гэта дыялогавая пляцоўка дазваляе кансалідаваць намаганні для стварэння адзінай інфармацыйна-бібліятэчнай прасторы. Сёння сукупная бібліятэчная сетка Беларусі налічвае больш як 7 тысяч публічных і спецыялізаваных бібліятэк з агульным фондам звыш 180 млн экзэмпляраў. Больш чым 100 тысяч карыстальнікаў звяртаюцца да паслуг бібліятэк на дыстанцыі праз інтэрнэт-сайты. І гэта лічба ў час пандэміі працягне расці. Прыярытэтным кірункам у фарміраванні інфармацыйных тэхналогій у сучасных бібліятэк стала набыццё імі сеткавых электронных інфармацыйных рэсурсаў, якія ўтрымліваюць вялікія масівы інфармацыі, пастаянна папаўняюцца, маюць зручны для карыстальніка інтэрфейс і не патрабуюць плошчаў для захоўвання.

Адно з першых пытанняў, якое паўстала перад бібліятэчнымі ўстановамі падчас пандэміі: як наладзіць бяспечнае абслугоўванне чытачоў? Бібліятэкі ўводзілі каранціны для кніг, якія карыстальнікі вярталі пасля прачытання, апрацоўвалі дакументы абеззаражвальнымі сродкамі, дастаўлялі літаратуру на дом, укаранялі анлайн-паслугі і сэрвісы, развівалі свае сайты, вялі акаўнты ў сацыяльных сетках. Некаторыя бібліятэкі пачалі прымаць папярэднія заказы на кнігі, каб скараціць знаходжанне чытача ва ўстанове — яму трэба было проста завітаць за сваёй літаратурай у прызначаны час.

Часовыя каранціны, адток наведвальнікаў у пачатку пандэміі выклікалі разгубленасць і няўпэўненасць, але вельмі хутка бібліятэкі змаглі прыстасавацца да новых умоў і запусціць ініцыятывы, якія будуць запатрабаваныя і ў постковідныя часы. Так праблемы ператварыліся ў пошукі новых магчымасцяў. Відэаролікі, віртуальныя прэзентацыі і выстаўкі, віктарыны і квэсты — далёка не ўсе прапановы, з якімі за гэты час выходзілі бібліятэкі. Перад імі паўстала амбіцыйная задача: не толькі захаваць сваіх наведвальнікаў, але і ствараць для іх новыя магчымасці доступу да інфармацыі. Так, супрацоўнікі Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк запусцілі праект «Бібліятэка. Перазагрузка», у межах якога праводзіліся відэаагляды, творчыя лабараторыі, майстар-класы, гучныя чытанні, музейныя відэарэпартажы, стваралася дасье на пісьменнікаў, распрацоўваліся новыя фарматы зносін з наведвальнікамі, вялася пошукава-даследчыцкая работа, у межах якой збіраліся факты пра населеныя пункты раёна і знакамітых землякоў.

На працягу некалькіх гадоў супрацоўнікі Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы працуюць над стварэннем уласных інтэлектуальных прадуктаў, сярод якіх — віртуальны даведнік па вуліцах горада, калекцыя цікавых фактаў пра раён і слоўнік мясцовых тапонімаў. А за час каранавіруса быў алічбаваны і матэрыял, які датычыцца гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Калі з-за пандэміі сацыяльна-масавыя мерапрыемствы былі адменены, супрацоўнікі бібліятэк паспрабавалі перавесці іх у анлайн. Так, Нацыянальная бібліятэка свой праект «На хвалі часу, у плыні жыцця», прысвечаны пісьменнікам-маладнякоўцам, пачала актыўна прасоўваць праз інтэрнэт. Відэапрэзентацыі, семінары і анлайн-конкурсы дазволілі прыцягнуць увагу віртуальных карыстальнікаў з розных куткоў Беларусі.

Бібліятэкі Магілёва вырашылі выкарыстаць сучасныя тэхналогіі для прасоўвання беларускай літаратуры і культуры сярод моладзі. Супрацоўнікамі падрыхтаваны інтэрактыўныя плакаты аб класіках з малавядомымі фактамі з іх жыцця і дзейнасці, віртуальныя і інтэрактыўныя выстаўкі і літаратурныя боксы аб кнігах, прамыя эфіры і відэастрымы з сучаснымі аўтарамі, аўдыякнігі, квэсты, чэленджы, фотаакцыі.

Новыя трэнды

Сёння бібліятэкі перасталі быць проста месцам, дзе захоўваюць і выдаюць кнігі. Паступова яны ператвараюцца ў гарадскія прасторы, дзе можна цікава і карысна правесці час. Да таго ж, ковід узмацніў патрэбы ў элементарных чалавечых зносінах, і ўжо пры спрыяльных эпідэміялагічных умовах бібліятэкі будуць здольныя збіраць усіх тых, хто прагне сустрэч, знаёмстваў і адкрыццяў.

Ужо сёння пры многіх з іх дзейнічаюць клубы, тут выступаюць пісьменнікі і акцёры, мастакі выстаўляюць свае карціны.

Бібліятэкі сталі больш даступныя для карыстальнікаў — чытачы могуць атрымаць звесткі, не выходзячы з дому, што звязана са стварэннем і развіццём электронных інфармацыйных рэсурсаў — сэрвісаў і віртуальных службаў. Пры гэтым можна працаваць як з нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, так і з ліцэнзаванымі базамі даных розных краін свету. Як адзначыла генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Аксана Кніжнікава, сучасная бібліятэка павінна функцыянаваць як адзіная тэхналагічная сістэма, у якой усе яе рэсурсы і схемы працуюць у інтэграцыі як адзін з адным, так і са знешнім светам. Менавіта на гэта накіравана лічбавая трансфармацыя бібліятэк. У межах кангрэса прайшоў таксама семінар, дзе абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з аблягчэннем доступу да інфармацыйных рэсурсаў людзей, якія маюць праблемы са зрокам ці іншыя фізічныя адхіленні.

Сёння перад бібліятэкамі паўсталі такія задачы, як адміністраванне электронных рэсурсаў і інфармаванне чытачоў аб новых магчымасцях. Гэтыя ўстановы таксама з'яўляюцца стваральнікамі віртуальнага кантэнту, актыўна алічбоўваюць уласныя фонды, «пераварваюць» вялікія масівы інфармацыі і на аснове іх ствараюць уласныя прадукты. Веды гэтыя ў далейшым будуць укладзены ў адукацыю і, як вынік, у эканоміку і стварэнне лепшага асяроддзя.

Ва ўмовах пандэміі карыстальнікі хутка адаптаваліся, і колькасць спампаваных дакументаў і праглядаў пачала расці. Тэндэнцыя актыўнага пераходу падпісчыкаў з друкаваных выданняў на электронныя захаваецца і ў постковідныя часы.

Спецыялісты будучыні

Паступова бібліятэкі ператвараюцца ў «разумныя дамы». Ужо сёння існуюць сістэмы і абсталяванне, здольныя значна спрасціць работу ўстаноў. Так, разумныя машыны могуць праводзіць інвентарызацыю кніжнага фонду: спецыяльны радар дазваляе хутка знаходзіць патрэбную літаратуру. Разумныя паліцы сочаць за месцазнаходжаннем і вяртаннем кніг і пры дапамозе пэўнага праграмнага забеспячэння даюць статыстыку па выдачы дакументаў і вызначаюць найбольш папулярныя выданні. Дзякуючы сучасным тэхналогіям наведвальнікі могуць самастойна браць і вяртаць кнігі. Сістэмы распазнавання твараў ужо здольныя ідэнтыфікаваць чытача, нават калі той не мае з сабой чытацкага білета. Такая тэхніка можа вызначыць пол і ўзрост наведвальнікаў і даць справаздачу аб тым, які кантынгент завітаў на пэўнае мерапрыемства. Распрацаваны і аўтаматызаваныя гардэробы, у выніку чаго для абслугоўвання чытача ўжо можна не задзейнічаць персанал.

Але ці азначае гэта, што прафесія бібліятэкара можа знікнуць? Удзельнікі кангрэса ўпэўнены, што ўсё ж будучыня бібліятэк будзе завязана на працы людзей, хаця тут не абыдзецца без сур'ёзнай трансфармацыі. Такія спецыялісты павінны будуць не толькі ўмець ствараць новыя інфармацыйныя прадукты, але і ведаць, як працаваць з вялікай аўдыторыяй і арганізоўваць мерапрыемствы, мець навыкі публічных выступленняў. Колькасць інфармацыі з кожным годам будзе павялічвацца, і бібліятэкары, якія ўмеюць арыентавацца ў ёй і знаходзіць неабходныя веды, акажуцца вельмі карыснымі. Праўда, трэба быць гатовым да таго, што такі персанал павінен на працягу ўсяго свайго жыцця навучацца сачыць за тэхналогіямі і гнутка перастройвацца. Магчыма, у будучыні гэта прафесія стане гучаць як «Бібліятэкар 5.0» альбо «архітэктар падзей».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Новыя магчымасці, новыя рашэнні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».