Вы тут

Сезонная псіхатэрапія


У падборцы Алы Клемянок пад назвай «У пошуках радзімае душы», што адкрывае кастрычніцкае «Полымя», тонкая лірыка адлюстравання маляўнічых восеньскіх краявідаў паяднана з інтымнай настраёвасцю любоўнай тэматыкі.


Стварыць карцінку пры дапамозе апісальна-вобразных прыёмаў — тое, што аўтарцы ўдаецца, здавалася б, без напружання, але гэта не значыць, што карпатлівай працы не было — яна проста схавана ад чытацкіх вачэй:

 

Дзве душы, абняўшыся, спявалі,

Там, дзе верш пад месяцам саспеў.

 

Паэтэса спрабуе агучыць спрадвечную жаночую мару:

 

А я стамілася быць дужай,

А я хачу на свята ружы…

<…>  бязмежнага над дахам неба,

Надзейнага пляча ад мужа,

З якім не трэба мне быць дужай…

 

І ў дадзеным выпадку гэта вымушае задумацца над адным з асноўных пытанняў, што тычыць сутнасці паэзіі: ці падзяляецца яна на жаночую і мужчынскую? Ці павінны нерэалізаваныя памкненні так напрасткі заяўляць аб сабе, апранутыя ў рыфмы і пакладзеныя на рытм?..

У падобным тэматычным рэчышчы працуе і паэтэса Людміла Кебіч: назва яе лірычнай падборкі — «Сімвал кахання і веры» — сведчыць сама за сябе. Асноўныя дамінанты ў творах — каханне (апошняе, бясконцае, як звышпачуццё), жаночы лёс, слёзы, жарсці, мужчына, душа, сустрэча:

 

На беразе растайнага світання

Прысяду, каб рашэнне саспяліць:

Разыдземся з табою без вагання

Ці будзем жыць далей ды слёзы ліць?

(верш «На беразе кахання»)

 

Адна з надзвычай важных уласцівасцей адпаведнай паэзіі ў тым, што яна можа быць псіхатэрапеўтычным сродкам для аўтара, каталізатарам пэўных настрояў… Але вось пытанне, над якім аднойчы задумваецца творца: ці можна намаляваць, напрыклад, дождж, не выяўляючы патокаў вады, што лятуць долу?..

Падобная мінорная настраёвасць, толькі як быццам прыглушаная, размытая ў пастэльных тонах, і ў лірыцы Аляксандра Быкава. У нізцы вершаў, аб’яднаных пад назвай «Мая самота светлая», лірычны герой перажывае восень ва ўласным існаванні — і гэта атрымліваецца сугучным восеньскай паравіне года ў каляндарным цыкле, што толькі ўзмацняе галоўны пасыл. Шэдэўрам бачыцца першы верш публікацыі — «Размова з масніцай». Як таленавіты мастак, выразна (але без мудрагелістасці) акрэсліўшы пару дэталяў, можа стварыць яскравы завершаны вобраз, так і ў гэтым творы: праз сціплую дэталь, без ляманту, перадаецца ўнутраны стан апавядальніка.

Проза пад вокладкай часопіса разнапланавая і шматтэмная. З цікавасцю чытаецца гістарычная аповесць Уладзіміра Мажылоўскага «Меч Агрыка», прыгодніцкая і захапляльная, падзеі ў якой закручваюцца ў ХІV стагоддзі на айчынных землях. Аўтар верны сваёй заўсёднай творчай манеры: напружанне і інтрыга ў сюжэце не адпускаюць ад першай да апошняй старонкі. Пэўная доля містыкі, прывіды, цудадзейны меч, высокі драматызм неверагодна моцных пачуццяў — менавіта на гэтых рэаліях грунтуюцца аўтарскія мастацкія прыёмы.

З цыкла «90-я» аповесць Анатоля Разановіча «Падаў снег». Героі яе вырашаюць маральна-этычныя пытанні: здрадзіць ці застацца верным, адпомсціць ці дараваць, адпусціць мінулае ці змірыцца з яго прысутнасцю...

На ўспамінах грунтуецца аповед Міколы Мятліцкага «Сполахі даўніх зарніц».

Тадора ШПІЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.