Вы тут

Дацягнуцца да нябёс


Як перагарнуўся каляндар, так, натуральна, змянілася і надвор’е. Апошнія дні на вуліцы прыкметна пахаладнела: разам з паветрам цяпер выдыхаем пару, а траву ранкамі засцілае іней. Карацей кажучы, за акном ледзь не мароз стаіць, а ў дзясятым нумары часопіса «Маладосць» і дагэтуль па старонках у нейкай макраце плавае лістота… І ўсё такое вільготнае, дажджлівае, а яшчэ, як ні дзіўна, нябеснае… Аўтары свежага нумара неяк асабліва любяць, скажам так, палунаць у аблоках.


Ды нават і вышэй за аблокі: будзьце гатовы і пільна сачыце за персанажамі, каб хутка іх не згубіць. Неўтаймаваныя героі апошняй «Маладосці» сталіся тымі яшчэ летуценнікамі. Увесь час яны будуць намагацца, пакуль ніхто не глядзіць, падскочыць як мага вышэй і, пакінуўшы стратасферу, адправіцца ў падарожжа па ўласных фантазіях — прытым найчасцей у космас да далёкіх зорак (ну, ці хаця б на той свет). І, само сабой, у гэтым парыве ім заўсёды будуць супрацьстаяць розныя перашкоды, у тым ліку сіла прыцягнення Зямлі.

Асабліва незямнымі аказаліся самыя першыя творы ў падборцы. Напрыклад, непрацяглыя апавяданні Аляксандры Кароль «Розныя» і «Сумоўе». Адзін з герояў першага — ці то фізік-тэарэтык, ці то касмолаг, ці то астраном (апошняе найбольш верагодна), для якога, аднак, нябесныя целы цікавыя ў першую чаргу сваімі лічбавымі характарыстыкамі. Затое яго сяброўцы зусім не трэба ніякіх навуковых абгрунтаванняў, і яна цвёрда ведае, што ва ўбыванні месяца вінавата маленькае ваўчаня, якое адкусвае ад яго па кавалачку.

Пэўную, мабыць, мастацкую банальнасць гэтых тэкстаў ураўнаважваюць дзе-нідзе дастаткова ўдала знойдзеныя жарты. Напрыклад, у наступнай сцэне дзеянне адбываецца ў нябеснай канцылярыі дзесьці перад дзвярыма раю. Апостал, вырашаючы далейшы лёс людскіх душ, прамаўляе: «Як дзеці, далібог». А яшчэ высвятляецца, што ў запаветнае месца прапускаюць далёка не ўсіх свяшчэннаслужыцеляў, нават у сане або кананізаваных:

«— Як вы смееце! Я кардынал!

— Ды хоць Папа Рымскі, — стомлена адказваў апостал. — Уніз па лесвіцы ды налева».

Наступнае ж апавяданне ў падборцы ўвогуле так і называецца — «Урокі астраноміі» (Ліна Мрагі)… Вялікія формы прадстаўлены ў апошняй «Маладосці» двума тэкстамі — дакументальна-мастацкай біяграфіяй Войслава Савіча-Заблоцкага «Напярэдадні» (Наталля Бахановіч) і працягам рамана «Чорны бусел» (Алесь Кажадуб). Ад сваіх слоў не адракаемся: «Чорны бусел» — гэта па-ранейшаму ўсё так жа бойка, ладна, бадзёра. Дэбютантцы ж Наталлі Бахановіч яшчэ шмат давядзецца адточваць свой стыль, але і цяпер тэкст паўстае вельмі ўпэненым, напісаным, як кажуць, цвёрдай рукою.

Сярод кастрычніцкай паэзіі асобна выдзяляюцца вершы маладой Яраславы Федчанкі. Нягледзячы на некаторыя стылістычныя недахопы і пэўны наіў, зроблена ўсё ж дужа густоўна. Рыфмы часцяком мала таго, што не збітыя, дык яшчэ і зусім не натужлівыя, як у такіх выпадках нярэдка бывае. Дарэчы, ізноў лірычны герой блукае недзе ў аблоках, ідучы за сваёй мараю. Мілагучнасцю і выпрацаванай моваю адзначыліся вершы вопытнага аўтара Уладзіміра Ясева. Завяршаюць паэтычную падборку творы Таццяны Барысюк.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.