Вы тут

Ці ёсць сэрца ў паэта?


«Поспех — гэта паспець», — сфармулявала Марына Цвятаева, паэтэса, а не менеджар цi бiзнесмен. Крытэрыi здзейсненасцi ва ўсiх розныя. Таццяна Барысюк на сення аўтар больш чым 120 лiтаратуразнаўчых i лiтаратурна-крытычных прац, акрамя таго, самарэалiзоўваецца ў паэзii, прозе i перакладах. «Дасягнуць дасканаласцi дапаможа дысцыплiна думкi», — так фармулюе свой сакрэт поспеху ў вершы-таўтаграме гэты аўтар. Нядаўна Таццяна адзначыла юбілей, і гэта дае нагоду падвесці пэўныя вынікі ў яе творчасці.


— Таццяна Пятроўна, вас ведаюць як паэта і літаратуразнаўца. У якіх сферах літаратуры яшчэ працуеце?

— Галоўныя мае дасягненні ў паэзіі — кніга вершаў «Аўтапартрэт» (2002), пасля якой было шмат паэтычных публікацый. Ужо час выдаваць чарговую кнігу.

Я вынайшла новую цвёрдую форму верша — «залатое сячэнне». У сферы літаратуразнаўства выйшла пяць маіх буйных кампаратывістычных прац: «Сон у беларускай і польскай паэзіі 80—90-х гадоў ХХ стагоддзя», «Традыцыі англійскага і польскага рамантызму ў сучаснай беларускай паэзіі», «Пошукі бессмяротнасці ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі», «Нацыянальныя вобразы свету і чалавека ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі», «Канцэпты “cваё” і “чужое” ў сучаснай беларускай і брытанскай англамоўнай паэзіі» — так, маю больш за 120 літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных артыкулаў. Працую над дысертацыяй «Ідэйна-жанравыя пошукі ў сучаснай беларускай паэзіі». Выступаю таксама як крытык: пішу артыкулы, рэцэнзіі, творчыя партрэты. Перакладаю з англійскай, польскай, рускай, беларускай і ўкраінскай рускамоўнай паэзіі. Ёсць у мяне і празаічныя творы. Мая казка «Дванаццаць подзвігаў пацучыхі Дусі» надрукавана ў зборніку аўтарскіх казак «Нявеста для Базыля». Ёсць таксама аповесць-інтэрв’ю (новы сінтэтычны жанр!) «Каханне да двайніка, альбо Амаль галівудскія гісторыі», надрукаваная ў альманаху «Літаратурны экватар» за 2020 год.

— Якой бачыце сучасную паэзiю?

— Яна вельмі разнастайная ў жанрава-тэматычным плане. Па-першае, аўтары раскрываюць усе магчымыя варыяцыі тэм у грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай лірыцы. Па-другое, яны самаздзяйсняюцца ў розных цвёрдых формах (санеты, трыялеты, рандо, хайку, танка) і відах (раманс, элегія, эпіграма, пародыя) верша. Па-трэцяе, у сучаснай паэзіі асэнсоўваецца рэлігійная тэматыка, міфалагічныя і архетыпічныя вобразы. Заўважаецца тэндэнцыя да мінімізацыі форм, бо цяпер час імклівы і доўгія творы няма калі чытаць.

— Якiя тэмы лiчыце найбольш актуальнымi цяпер?

— Бачу ўсплёск цікавасці да радаводнай тэматыкі, не толькі ў справе стварэння генеалагічных схем, але і непасрэдна ў паэзіі. Вершы такога кшталту сустракаюцца ў Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Анатоля Зэкава, Міколы Маляўкі, Мар’яна Дуксы, Сяргея Панізьнікаі іншых. Паслядоўна гэтая тэматыка прапісалася ў баладах Віктара Шніпа, прысвечаных яго сваякам, з указаннем гадоў іх жыцця пад назвамі твораў. Таксама лічу, што наяўнасць містычных вобразаў і сюжэтаў здзіўляе літаратурную прастору і абуджае цікавасць да чытання мастацкіх твораў. Такія вобразы ёсць у паэзіі Алега Мінкіна, Людмілы Рублеўскай, Янкі Лайкова. Пісала навуковыя працы пра сон і бессмяротнасць у сучаснай беларускай паэзіі, параўноўвала мастацкія сны са снамі ў сучаснай польскай, а неўміручасць — з неўміручасцю ў сучаснай рускай паэзіі. Гэта таксама надзвычай цікава. Таямнічы свет здзіўляў і натхняў многіх, дапамагаў здзяйсняць навуковыя і творчыя адкрыцці, а паміраць, само сабой зразумела, нікому не хочацца…

— Якiя вершы пiшаце зараз?

— 16 лютага 2021 года ў музеі Якуба Коласа мне ўручылі грамату за перамогу ў конкурсе «Песня сэрца» на найлепшыя творы інтымнай лірыкі. Гэта была ўзнагарода за маю нізку вершаў «Платанічнае каханне». Лічу, што менавіта па інтымнай лірыцы можна вызначыць, ці ёсць сэрца ў паэта, ці здольны ён на шчырасць, самаадданыя каханне і вернасць. Таму што, назіраючы за жыццём і творчасцю многіх калег па пяры, заўважыла, што на гэта здатны далёка не ўсе… Дарэчы, першую сваю ўзнагароду за мой «Трайны санет пра вечнае каханне» таксама атрымала ў тым самым музеі ў 2011 годзе, дзесяць гадоў таму!

— Каго з паэтаў лiчыце настаўнікам?

— У першую чаргу Аляксандра Пушкіна, бо, натхнёная яго творамі ў пачатковых класах, напярэдадні свайго дня нараджэння (9 гадоў), пачала пісаць вершы, яшчэ нават не ведаючы, што мой бацька Пётр Барысюк, — паэт, але піша «ў стол». Ён мог хіба што на святочным сяброўскім застоллі жартам зарыфмаваць некалькі радкоў. Актыўна друкавацца пачаў пасля маіх першых публікацый, з 1993-га года. Пры жыцці паспеў выдаць дзве кнігі вершаў. Яшчэ са школьных гадоў я палюбіла паэзію Максіма Багдановіча. Яна ж па мелодыцы, па светаадчуванні блізкая да пушкінскай, таму, відаць, і знайшла водгук у маёй душы. Калі паступала вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, пісала ўступнае сачыненне на вольную тэму «Мой любімы паэт» — пра Максіма Танка, бо найбольш вершаў на памяць ведала менавіта з яго творчасці.

І містычным супадзеннем можна назваць той факт, што падчас вучобы ў аспірантуры Інстытута літаратуры НАН Беларусі на канферэнцыях я пазнаёмілася спачатку з двума «танкістамі» — Анатолем Вераб'ём і Міколам Мікулічам, а пасля пры паступленні ў гэты інстытут на работу мне даручылі рыхтаваць да друку два тамы Максіма Танка з яго 13-томнага Збору твораў і пісаць каментарыі да іх! Так я і сама стала «танкісткай»!

— Што можаце параіць паэтам, якія толькі пачынаюць творчы шлях?

— Раю слухаць сябе, свае думкі, сэрца і толькі пасля вучыцца ў іншых мастакоў слова. Пажадана сфарміраваць творчую індывідуальнасць, якая выразна б вылучалася на фоне іншых літаратараў. Найбольш аптымальным лічу такі шлях: спачатку — апора на сябе, на адметны ўнутраны свет, светаўспрыманне і густ, пасля варта адабраць для сябе пісьменнікаў, якія падабаюцца, знайсці ў іх адметныя рысы і вучыцца іх творчай індывідуальнасці! Напрыклад, у Яна Баршчэўскага можна павучыцца містыцызму, у Аляксандра Пушкіна — яго вялікаму родаваму ахопу (эпас, лірыка і драма), шматтэмнасці, высоканатхнёнай лірыцы кахання, адметнасці біяграфічнай легенды, у Валерыя Брусава — маштабнасці, манументальнасці яго творчых праектаў, напрыклад, «Сны чалавецтва» (лірычныя адлюстраванні ўсіх краін і ўсіх часоў), якія ён здзяйсняў на працягу 1911—1917 гадоў.

Гутарылі Соф’я ЦУХЛО і Дзіяна СЛАБАДЗЯНЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.