Вы тут

Cправы лістапада ў садзе


У апошні восеньскі месяц трэба паспець падрыхтаваць дрэвы, каб яны лягчэй перанеслі зімовыя нягоды і налета парадавалі нас багатым ураджаем.


Фота: pixabay.com

Вільгацезарадны паліў

Ён асабліва актуальны калі восенню было мала дажджоў і зямля паспела высахнуць. Падзімні паліў карысны з некалькіх прычын:

  • у глебе ўтворыцца запас вільгаці, што паспрыяе лепшай зімаўстойлівасці дрэў, таму што яны не церпяць ад высыхання;
  • вільготная глеба не так моцна прамярзае, як сухая. Пры адсутнасці снежнага покрыва вільгаць зможа засцерагчы карані дрэў ад вымярзання;
  • перадзімні паліў дапамагае змагацца са шкоднікамі, якія зімуюць у зямлі.

Спосаб паліву залежыць ад узросту дрэва. У маладых саджанцаў (да 5 гадоў) неабходна паліваць увесь прыствольны круг. У больш дарослых дрэў — толькі мяжу прыствольнага круга, дзе знаходзіцца асноўная маса карэньчыкаў. Там трэба зрабіць некалькі невялікіх канавак, куды і варта ліць ваду.

Сярэдні аб'ём вады — 50 л на 1 кв. м. Выліць гэтую колькасць трэба не за адзін раз, а ў некалькі этапаў, інакш вада не ўбярэцца, а разальецца паўсюль. Пасля паліву лункі, якія былі зроблены каля дарослых дрэў, абавязкова трэба засыпаць. У адваротным выпадку там будзе запасіцца вада, якая можа справакаваць гніенне каранёў. Калі вада добра ўбярэцца, прыствольныя кругі трэба замульчыраваць перагноем, торфам або лісцем.


Абразка дрэў

Многія задаюцца пытаннем, калі лепш праводзіць абрэзку дрэў — увесну ці ўвосень. Калі гаворка ідзе пра амаладжальную абрэзку або тую, якая дапамагае фарміраваць дрэва, то адказ адназначны — увесну. А вось калі трэба правесці санітарную «чыстку» дрэва, то яе на вясну адкладваць не варта.

Прыступаць да восеньскага абразання можна адразу пасля надыходу перыяду спакою. На тое, што ён ужо пачаўся, укажа заканчэнне лістападу. У гэты час рух соку ў дрэў спыняецца, і яны лягчэй пераносяць такую траўмавальную працэдуру, як абразанне.

Увосень не варта абрэзаць маладыя саджанцы і костачкавыя дрэвы, паколькі яны вельмі дрэнна тое пераносяць і могуць загінуць.


Нарыхтоўка чаранкоў

Час пасля заканчэння лістападу і наступлення першых маразоў — найлепшы для нарыхтоўкі чаранкоў костачкавых культур: слівы, вішні, абрыкоса і да т. п.

Для нарыхтоўкі чаранкоў выкарыстоўваюць аднагадовыя парасткі, якія знаходзяцца з паўднёвага боку дрэва. Найлепшая таўшчыня для будучага чаранка каля 7 мм, даўжыня 30-40 см. Варта ўлічваць, што не ўсе нарыхтаваныя чаранкі перажывуць зіму, таму наразаюць іх прыкладна на траціну больш ад неабходнай колькасці.

Нарыхтаваны матэрыял будзе знаходзіцца ў спячым стане да самай прышчэпкі. Для гэтага яго змяшчаюць у прахалоднае месца з тэмпературай каля 0 °С і пакідаюць там да вясны.


Засцярога ад жывёл

Абвяжыце ствол лапкамі на вышыню каля 1,5 м — да такой адзнакі зайцы наўрад ці змогуць дацягнуцца. Іголкі павінны быць накіраваны ўніз — толькі ў гэтым выпадку яны змогуць абараніць ствол ад галодных звяркоў.

Калі лапак няма, можна замяніць іх любым больш даступным матэрыялам — спанбондам, рубероідам, сеткай з дробнымі «вочкамі», старымі капронавымі калготкамі і г. д. Паспрабуйце заглыбіць ахоўны матэрыял у зямлю сантыметраў на 15, каб дробныя грызуны не змаглі зрабіць падкоп і дабрацца да кары пад зямлёй.


Пабелка дрэў

Зробленая восенню, яна не толькі засцеражэ дрэвы ад шкоднікаў, але і стане добрай засцярогай ад сонечных апёкаў. Бо ў канцы зімы — пачатку вясны, калі сонца пачынае днём прыграваць усё мацней, верагоднасць апёкаў кары ўзрастае. Белы колер адаб'е сонечныя прамяні і тым самым засцеражэ кару ад пашкоджанняў.

Ахоўны пласт павінен быць таўшчынёй 2-3 мм, таму бяліць давядзецца некалькі разоў. Новы пласт наносьце толькі пасля поўнага высыхання папярэдняга.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».