Вы тут

Нікас Сафронаў рыхтуе сюрпрыз для Беларусі


Падчас адкрыцця ў Віцебску персанальнай выстаўкі «Мяняючы рэальнасць» Нікаса Сафронава, народнага мастака Расійскай Федэрацыі, акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў, прафесара, ён па відэасувязі падзяліўся ўражаннямі ад Беларусі і распавёў пра планы, звязаныя з нашай краінай.


Зорны творца з вялікай павагай казаў пра кіраўніка беларускай дзяржавы, з якім меў зносіны, пахваліў беларускі народ — за гасціннасць і працавітасць. Не забыў, што ў Беларусі пабываў на ферме і паспрабаваў вельмі смачнае малако. А Віцебск, дзе ў музеі Марка Шагала ў сярэдзіне 1990-х упершыню была зладжана выстаўка яго твораў, назваў адным з самых прыгожых гарадоў не толькі Беларусі, але і ўсяго свету. Гэта месца, дзе жывуць прыгожыя і целам, і душой людзі, сказаў ён.

Распавёў майстар і гісторыю пра тое, як дапамог сабраць сродкі для рамонту манастырскіх будынкаў. Дарэчы, ён выказаў пажаданне купіць недалёка ад музея-сядзібы Ільі Рэпіна ўчастак зямлі, каб пабудаваць там дом, дзе будзе месяцамі пісаць творы і адпачываць. Заінтрыгаваў і тым, што збіраецца зрабіць Беларусі сюрпрыз!

Работы жывапісца можна ўбачыць у будынку ратушы (Віцебскі абласны краязнаўчы музей).

Яны зроблены як у класічным выкананні — на палотнах, так і з выкарыстаннем ультрасучасных мультымедыйных тэхналогій. Выстаўка знаёміць гледача з рознымі перыядамі творчасці майстра. Прадстаўлена каля сарака жывапісных і графічных работ, створаных у перыяд з канца 1990-х гадоў. Гэта творы розных жанраў: пейзажы, нацюрморты, партрэты, сюжэтныя сюррэалістычныя кампазіцыі, сярод якіх палотны ва ўнікальным аўтарскім стылі Dreаm vіsіon.

Мультымедыйныя праекцыі на сценах перанясуць наведвальнікаў выстаўкі ў разнастайны, маляўнічы і ўнікальны свет фантазіі мастака. Праекцыя без швоў дазваляе стварыць ілюзію змянення прасторы — не толькі ў выглядзе лічбавага дэкору, але і як самастойнага апавядальніка.

Экспазіцыя задумана такім чынам, што яна не мае ні пачатку, ні канца. Гледачы становяцца ўдзельнікамі бесперапыннага віру карцін, думак і вобразаў мастака. Наведвальнікі глядзяць на палотны жывапісца і бачаць творы без абмежаванасці звыклай рамай карціны. Мастацтва набывае дадатковы аб'ём і іншы ракурс успрымання. Карціны змяняюць адна адну праз прыгожыя і мудрагелістыя мазаікі патэрнаў і ўзораў.

Архітэктурныя пейзажы Нікаса Сафронава прасякнутыя таямніцай і духам эпохі, якія праглядаюць скрозь каменныя замкі, скляпеністыя столі, лабірынты прыступак, востраканцовыя вежы....

Работы мастака вызначаюцца лёгкасцю, вабнай прасторай і адухоўленасцю. Яны пабудаваныя на найтанчэйшых асацыяцыях, у іх пераклікаецца некалькі перыядаў, дзе аўтар спрабуе захаваць знікаючую сутнасць сваіх бачанняў і сноў.

Маючы шырокі дыяпазон мастацкіх прыхільнасцяў і валодаючы вялізнай фантазіяй і энергіяй, ён знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Усё гэта дазволіла Нікасу Сафронаву заваяваць цікавасць і прызнанне шырокай публікі, а таксама знаўцаў мастацтва.

Нікаса можна назваць адным з самых вядомых расійскіх жывапісцаў нашага часу. Паводле даных Усерасійскага цэнтра даследаванняў грамадскай думкі «Левада-Цэнтр», Нікас Сафронаў займае першы радок у спісе найлепшых сучасных мастакоў Расіі.

Асноўная частка работ знаходзіцца ў прыватных зборах і музеях многіх краін свету. Сярод прыхільнікаў творчасці мастака — Ала Пугачова, Сафі Ларэн, Ален Дэлон, П'ер Кардэн, Даяна Рос, Мансерат Кабалье, Мадонна, Мікіта Міхалкоў, Стывен Спілберг, Ціна Тэрнер, Жан-Поль Бельмандо, Элтан Джон, Мік Джагер, П'ер Рышар, Рычард Гір, Элізабэт Тэйлар і многія іншыя.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі аднаго брэсцкага вучонага.

Спорт

Аляксей Хатылёў: Ад Пекіна не варта чакаць хуткіх секунд

Аляксей Хатылёў: Ад Пекіна не варта чакаць хуткіх секунд

Неўзабаве ў Пекіне запаліцца агонь XXІV зімовых Алімпійскіх гульняў.

Культура

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

З Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, мы знаёмыя даўно.