Вы тут

Што дапамагае захаваць здароўе сэрца? Адказвае доктар Андрэй Прыстром


Асноўнай прычынай смяротнасці ў свеце застаюцца хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, і наша краіна — не выключэнне. На думку спецыялістаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 1/3 зніжэння смяротнасці ад гэтых захворванняў можа быць забяспечана за кошт лекавай тэрапіі і клінічных умяшанняў. Пры гэтым 2/3 зніжэння забяспечыць змена звычак у спосабе жыцця, сярод якіх правільнае харчаванне, кантроль за гіпертанічнай хваробай, фізічныя практыкаванні і адмова ад курэння. Больш падрабязна пра тое, што мы ў стане змяніць у сваім жыцці, каб падоўжыць яго, расказаў загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, прафесар, доктар медыцынскіх навук Андрэй Прыстром


Хто рызыкуе?

Навукоўцам вядома некалькі дзясяткаў фактараў рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Аднак найбольш значных усяго пяць. Гэта курэнне, павышаны ўзровень халестэрыну (гіперхалестэрынемія), артэрыяльная гіпертэнзія, атлусценне і цукровы дыябет.

— Ва ўсім свеце курэнне з'яўляецца першай прычынай, якая прыводзіць да развіцця інфарктаў міякарда ў маладым узросце, а ў цэлым — ішэмічнай хваробы сэрца. Колькасць мужчын, якія кураць, у нашай краіне вельмі вялікая — каля 47 %, жанчын — 12,5 %, — агучвае статыстыку Андрэй Прыстром.

А вось з узростам павялічваецца «ўнёсак» іншых фактараў рызыкі. У сярэднім і пажылым узросце на вядучае месца выходзіць артэрыяльная гіпертэнзія і гіперхалестэрынемія.

— Ва ўзросце 70 гадоў і старэйшым каля 80 % пажылых людзей мае артэрыяльную гіпертэнзію. Гэта масавая сітуацыя, якая патрабуе ўвагі. У цэлым каля 27 % насельніцтва ў нашай краіне мае артэрыяльную гіпертэнзію. Натуральна, актуальнае пытанне яе карэкцыі — дасягнення мэтавага ўзроўню артэрыяльнага ціску. Гэта дазваляе знізіць рызыкі сардэчна-сасудзістых катастроф — інфарктаў і інсультаў. Аптымальны ціск для асоб да 65 гадоў — сісталічны ад 120 да 130 мм рт. сл і дыясталічны ад 70 да 80 мм рт. сл. Для больш пажылой катэгорыі — сісталічны 130-140 мм рт. сл. і дыясталічны — 70-80 мм рт. сл. На жаль, не больш за 10 % насельніцтва, якое мае артэрыяльную гіпертэнзію, дасягае гэтых мэтавых лічбаў, — кажа эксперт.

З высокім халестэрынам праблема яшчэ больш сур'ёзная, лічаць спецыялісты. Вялікая колькасць насельніцтва мае гіперхалестэрынемію, але тых, хто кантралюе халестэрын, а гэта ў першую чаргу робіцца з дапамогай прэпаратаў, вельмі мала. Прымаюць стаціны і дасягаюць патрэбных значэнняў халестэрыну толькі 3 % людзей з тых, хто мае ў іх патрэбу.

— Калі ёсць праблемы з халестэрынам, трэба звяртацца да доктара. Толькі ён мусіць прымаць рашэнне аб прызначэнні прэпаратаў гэтага класа. І калі яны прапісаны, іх трэба прымаць пастаянна, — адзначае Андрэй Прыстром. — Як паказвае практыка, большая частка насельніцтва спыняе прыём. Аднак непрацяглае курсавое лячэнне абсалютна марнае. Павышэнне ўзроўню халестэрыну звязанае з парушэннем абмену, і такая паталогія не можа быць ліквідавана. Таму размова ідзе толькі аб пастаянным падтрыманні ўзроўню халестэрыну прэпаратамі. Сусветная і наша практыка паказала, што калі стаціны прызначаны абгрунтавана і пацыент іх пастаянна прымае, гэта ўплывае на выжывальнасць і працягласць жыцця істотна павялічваецца. Іншая справа, што стаціны — не адзіны клас прэпаратаў, ёсць і іншыя, якія з'явіліся ў нашай краіне ці з'явяцца ў найбліжэйшы час, і магчымасці тэрапіі пашыраюцца.

Дарэчы, сустракаюцца і сямейныя формы гіперхалестэрынеміі, калі высокі халестэрын абумоўлены спадчыннасцю. Яны не вельмі распаўсюджаныя — адзін выпадак на некалькі соцень чалавек. Але пры такой форме сасудзістыя хваробы, інфаркты і інсульты развіваюцца значна раней — у сярэднім у 35 гадоў (звычайна гэта адбываецца значна пазней — у 55 гадоў). У такім выпадку трэба ацэньваць узровень халестэрыну, прычым як у саміх пацыентаў, так і ў іх дзяцей.

Цукровы дыябет маюць крыху больш за 5 % беларусаў. Такое ўскладненне істотна паскарае развіццё сардэчна-сасудзістых хвароб. Праўда, у апошняе дзесяцігоддзе лячэнне цукровага дыябету з прымяненнем сучасных прэпаратаў і метадаў кантролю ўзроўню глікеміі дазваляе істотна палепшыць прагноз, у тым ліку ў пацыентаў, якія маюць сардэчна-сасудзістыя захворванні. Што датычыцца атлусцення, то каля 35 % насельніцтва мае лішак масы цела, і яшчэ прыкладна 25% мае атлусценне рознай ступені.

— У міжсезонне большасць фактараў рызыкі стабільная. Адзінае, на што варта звярнуць увагу, — артэрыяльная гіпертэнзія. Яна сапраўды мае пэўную сезоннасць, бо колькасць асоб, у якіх ціск павышаецца з восені да вясны, павялічваецца. Таму важна вымяраць артэрыяльны ціск і прымяняць лекавыя прэпараты, — раіць суразмоўнік.

Ці небяспечны каранавірус для сардэчнікаў?

Так, вельмі небяспечны. Статыстыка паказвае, што выжывальнасць пацыентаў з каранавірусам у цяжкіх формах пагаршаецца на фоне хвароб сістэмы кровазвароту, цукровага дыябету, атлусцення, курэння.

Прычым спецыялісты сцвярджаюць, што каранавірусная інфекцыя куды больш небяспечная, чым грып. Апошні даўно вядомы медыцыне, ёсць прэпараты, якія ўздзейнічаюць на вірус грыпу. Супраць каранавіруса такіх лекаў няма.

З-за высокай інфекцыйнай захваральнасці людзі радзей звяртаюцца па медыцынскую дапамогу з сардэчна-сасудзістымі і іншымі хваробамі. У еўрапейскіх краінах падчас пандэміі колькасць гіпертонікаў, якія сталі радзей прымаць антыгіпертэнзіўныя прэпараты, павялічылася прыкладна на 10 %. Медыкі прагназуюць, што ў будучым гэта адаб'ецца як на стане здароўя сардэчнікаў, так і на павелічэнні чэргаў да кардыёлагаў.

Ці патрэбныя сэрцу вітаміны?

Для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых хвароб вітаміны вялікага значэння не маюць. Аднак восенню не пашкодзіць ужыванне вітамінаў групы В і вітаміну Д. Большасць беларусаў адчувае недахоп вітаміну Д з-за малой колькасці сонечных дзён. Таму восем месцаў на год, за выключэннем лета і мая, мы павінны прымаць прафілактычныя дозы вітаміну Д. Гэта каля дзвюх тысяч міжнародных адзінак у суткі. Сёння, дарэчы, ёсць магчымасць вызначыць узровень вітаміну Д у лабараторыях, што дазволіць дакладна ведаць, ці ёсць у вас яго дэфіцыт.

Фізічная актыўнасць — кожны дзень

Як вядома, сэрца — гэта мышца, а значыць, яе варта трэніраваць. Таму для сардэчна-сасудзістай сістэмы важныя рэгулярныя аэробныя фізічныя нагрузкі. Доўгае сядзенне за камп'ютарам ці сядзячая работа заканчваюцца павышэннем артэрыяльнага ціску, павелічэннем колькасці парушэнняў з боку нервовай сістэмы, зменамі ў пазваночніку, з-за чаго з'яўляюцца болі.

У нагрузках важныя іх інтэнсіўнасць і аб'ём. Лічыцца, што ў здаровага чалавека фізічная актыўнасць павінна доўжыцца каля гадзіны ў дзень. Яна павінна быць сярэдняй інтэнсіўнасці, што вызначаецца пульсам. У кожнага з нас інтэнсіўнасць нагрузак будзе рознай, бо ва ўсіх розная гатоўнасць. Разлічыць адэкватную для сардэчна-сасудзістай сістэмы нагрузку можна з дапамогай формул, яны дазваляюць вызначыць той пульс, якога варта дасягнуць. Адна з іх — 220 мінус узрост. Гэта максімальны пульс для вашага ўзросту. І калі мы возьмем 70 % ад гэтай лічбы, то атрымаем той пульс, на які павінны выйсці падчас трэніроўкі і ў гэтым рэжыме папрацаваць.

— Зразумела, калі чалавек ніколі не трэніраваўся і пачаў выконваць такія нагрузкі, гэта нікуды не варта. Размова ідзе пра тое, каб некалькі месяцаў павялічваць інтэнсіўнасць нагрузак і выйсці ў рэжым, які дазволіць падтрымліваць працаздольнасць на такім пульсе ад 30 да 60 хвілін у суткі. Гэта аптымальна для сардэчна-сасудзістай сістэмы.


У тэму

У Мінскай вобласці на працягу кастрычніка гэтага года прайшла інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Прафілактыка сардэчна-сасудзістых захворванняў». Ва ўсіх школах для 8—9 класаў правялі Адзіныя ўрокі па здаровым спосабе жыцця і прафілактыцы хвароб сістэмы кровазвароту, а таксама зладзілі выстаўку плакатаў ад удзельнікаў конкурсу «Выбірай сэрцам!». Трэба сказаць, што школьнікі праявілі цікавасць і даслалі на конкурс больш за 150 работ, з якіх 35 выйшлі ў фінал.

— Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначае, што ўзровень неінфекцыйных хвароб у Беларусі адзін з самых высокіх у Еўрапейскім рэгіёне. Амаль дзве трэці (63 %) усіх смерцяў абумоўлены захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Наступствы неінфекцыйных захворванняў маюць геаграфічны градыент: сярод сельскага насельніцтва Беларусі карацейшая працягласць жыцця і больш высокія паказчыкі заўчаснай смяротнасці, чым сярод гарадскога насельніцтва. Існуе значнае адрозненне па ключавых паказчыках і ў залежнасці ад палавой прыналежнасці. У некаторых сельскіх раёнах сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын складае ўсяго 61,3 года, — кажа загадчык аддзялення арганізацыйна-метадычнага забеспячэння аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганна РОДЗІЧ.

Сярод асноўных прычын павелічэння смяротнасці ў працаздольным узросце з'яўляюцца неадэкватнае стаўленне пацыентаў да свайго здароўя, адсутнасць матывацыі да лячэння (58 % выпадкаў), сацыяльны недабрабыт, у прыватнасці, злоўжыванне алкаголем (да 50 %), несвоечасовы зварот па медыцынскую дапамогу (каля 14 %), наяўнасць спадарожнай паталогіі, якая абцяжарвае прагноз (10 %), найбольш часта — цукровага дыябету ІІ тыпу і цырозу печані.

— Асобна варта адзначыць адсутнасць у насельніцтва адказнасці за ўласнае здароўе, матывацыі да захавання здаровага спосабу жыцця, лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі і ішэмічнай хваробы сэрца. Таму вельмі важна з дзяцінства прывіваць здаровы спосаб жыцця, тлумачыць пра фактары рызыкі, якія выклікаюць хваробы, у тым ліку і сардэчна-сасудзістыя, расказваць пра недапушчальнасць шкодных звычак. Мяркую, што падобныя ўрокі ў хуткім часе стануць пастаяннай практыкай, — аргументуе Ганна Родзіч.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Беларусы расчараваліся ў доларах

Беларусы расчараваліся ў доларах

Па выніках года наша насельніцтва не толькі значна астыла да гэтай валюты, але і працягвае пазбаўляцца ад яе рэкорднымі тэмпамі.

Грамадства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

«Інавацыйны шторм» — гэта бітва простых слоў са складанымі тэрмінамі.

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.