Вы тут

Памятай свой радавод


Першы тыдзень лістапада ў Беларусі праходзіць пад знакам памяці. Так было спрадвеку. Здаўна бытуе павер'е, што ў першыя лістападаўскія дні на зямлю вяртаюцца душы продкаў, якія заўсёды спрыяюць нам. Гэты памінальны час у нас спрадвеку называўся Асянінамі, альбо Дзядамі.


У вернікаў каталіцкага веравызнання першага і другога лістапада прайшлі дні Усіх Святых і Задушныя, у касцёлах і капліцах маліліся за душы памерлых і наведвалі могілкі, праходзілі жалобныя працэсіі, асвячаліся магілы, запальваліся свечкі і лампадкі. Напярэдадні наводзіўся парадак на вясковых і парафіяльных могілках. У праваслаўных вернікаў у канцы тыдня пройдзе дзмітрыеўская бацькоўская субота (Асяніны, Дзяды). Таксама належыць памаліцца, навесці парадак на могілках, а потым паклікаць Дзядоў (продкаў) на святочную вячэру, запаліць свечку.

Вельмі важная традыцыя, бо нельга парушаць спрадвечны ланцужок, трэба памятаць, што сваім продкам мы абавязаныя жыццём і ўласнымі набыткамі... Каб тыя, хто прыйдзе пасля нас, былі ўдзячныя нам.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі