Вы тут

Беларускія сляды ў Каліфорніі


“Хвалёныя бубны за гарамі!..” Так іранічна пісаў колішні Мікалай Судзілоўскі, больш вядомы за межамі Беларусі як Николай Руссель або Nicholas Russel, згадваючы жыццё выхадцаў з Расійскай імперыі ў амерыканскім “Залатым штаце”. Бо і насамрэч жыццё ў ЗША часта не ўдавалася.


Што не ўсім там, за акіянам, добра — таму і Судзілоўскі сам быў прыкладам у пэўным сэнсе. Хаця гэта ж той самы Русель, што ў 1901-м пабыў і прэзідэнтам Сената Тэрыторыі Гаваі! Але наш аповед — пра час ранейшы, калі эмігранту, “урачу й хірургу”, спецыялісту па хваробах вачэй, вуха й горла, які напрыканцы ХІХ стагоддзя вызначыўся актыўнасцю ў жыцці рускай і праваслаўнай сан-францыскай абшчыны, пасля многіх турбот запатрабаваўся сур’ёзны адпачынак. Каб адпачыць, ён з жонкай планаваў нават прадаць ледзь не ўсю маёмасць! Нам вядома, што перад тым пабачыў гэты беларус мясціны на ўсход ад Сан-Францыска па маршруце з Нью-Ёрка (у 1887-м), вандраваў па Каліфорніі паўднёвай цягніком ды па заходнім беразе заліва Сан-Францыска ў экіпажы. У канцы ж мая 1891-га выехаў ён з Сан-Францыска ў паўночна-ўсходнім кірунку. Хто быў з ім пры тым? Верагодна, што жонка Леакадзія (адэсітка з беларускімі родавымі каранямі, урач са спецыялізацыяй на хваробах жанчын і дзяцей), а можа й сябар Карл Сіверс, з якім разам паляваў, сек дровы, чытаў, калі яны ўдваіх пасяліліся ў лясной зямлянцы.

У сваім рэпартажы “Па Каліфорніі” доктар Русель даследуе феномен вакацыйнага турызму і гасціннасці, апісвае прадстаўнікоў флоры, фаўны й соцыуму, ландшафт, архітэктуру, транспарт... Закранутая тэматыка жыцця ў Каліфорніі вельмі разнастайная. Падарожнікі пабывалі ў Сакрамента, і “залатаноснаму” графству Эль-Дарада — Плэйсервілю й больш ці менш аддаленым ваколіцам — прысвечаны некалькі заключных раздзелаў тэксту. Цікавая дэталь: з пэўнага часу на бланкавай паперы доктара, якая выкарыстоўвалася, змяніўся адрас і тэлефон яго сан-францыскага офіса. Травелог дапісваўся на Гаваях, але застаўся няскончаным: з-за вялікай занятасці аўтара, наступных бурлівых падзей ды новых уражанняў. Русель шмат месца прысвяціў у рэпартажы “залатой ліхаманцы”, паглыбіўся ў тэхніку золатаздабычы, аналіз яе наступстваў для прыроды. Расказаў і пра метыса Джэка, які пазбавіўся свайго залатаноснага ўчастка з-за схільнасці да віскі. Урэшце вандроўнікі вырашылі наведаць славутае возера Таха, ды апісаннем іх выезду туды аповед абрываецца. Закрэслены ў рукапісе першапачатковы загаловак — “Два месяцы ў Сьера-Невадзе” — указвае на час, які быў праведзены Руселем і кампаніяй у той частцы штата.

Чым цікавыя тыя нататкі ў нашым часе? Тэксты Мікалая Руселя мала вядомыя ў Беларусі, але ж назіранні, меркаванні, прадстаўленыя ў іх, прыадкрываюць адметныя рысы светапогляду беларусаў. Аўтар у аповедзе быў шчыры, у рэпартажы відаць яго добры літаратурны стыль — які дапамагаў нашаму земляку трапляць і ў геаграфічныя хрэстаматыі. Да таго ж ён часта параўноўвае тое ці іншае з “нашым” (чытай: найперш беларускім, потым агульнарасійскім — бо Расійская ж імперыя).

Мы пераклалі ўвесь тэкст рэпартажу на беларускую мову — з рускамоўнага рукапісу, які захоўваецца ў Дзяржархіве Расійскай Федэрацыі ў Маскве. У пробным парадку, не ў правільнай паслядоўнасці, але ўсе раздзелы апублікаваныя ў юбілейны год (да 120-годдзя рэпартажа…) — у “Краязнаўчай газеце”, “Нашым слове” і “Беларусе”. Гісторык Тэрэнс Эманс, нагадаем, таксама ажыццявіў стэнфардскую публікацыю 30 гадоў таму як юбілейную — з дапамогай сваіх студэнтаў: аспірантка Джэхан Гэйт расшыфравала рукапіс, а Сара Фенандэр пераклала. Ён таксама напісаў для таго выдання й нарыс пра Руселя ды неспакойны перыяд у жыцці праваслаўнай абшчыны Сан-Францыска.

Там беларуса ведалі й называлі Руселем, ды ў газеты ўсё ж трапіла і яго першае прозвішча — Судзілоўскі — са значным скажэннем. І на Гаваях яго ўспаміналі, каб пасмяяцца з доктара — не вельмі практычнага палітыка-“гамрулера”, дадаўшы да канца яго прозвішча, падобнага да англійскага, канцоўку першага, падобнага да польскага. Русель, заўважым, не псеўданім! У брашуры, выдадзенай у Лондане ў час, калі беларус Русель быў жыхаром Гавайскай Рэспублікі (брашура мела шырокае хаджэнне), пра тое сказана: “Імя сваё вымушаны быў я змяніць у Румыніі, з прычыны маючага хутка адбыцца ўваходжання рускіх войск у тую краіну, дзе мне, як палітычнаму эмігранту, пагражаў арышт. Перамяніў яго я, аднак, з захаваннем усіх законных фармальнасцяў, г. зн. апублікаваў пра свой намер паведамленне ў румынскай урадавай афіцыйнай газеце (Monitorul Official, чэрвеня 22-га 1877 г., старонка 1929-я)”. Амаль не прыходзіцца гаварыць і пра ўрача з прозвішчам Судзілоўскі, бо ўжо дакумент пра атрыманне ступені доктара медыцыны атрымліваў ён у 1877-м (год заканчэння адукацыі) з новым прозвішчам.

Указваюць і самыя розныя месцы, дзе Мікалай Канстанцінавіч нібыта нарадзіўся. На гэты гонар, паводле яго біёграфа Івана Папова, можа прэтэндаваць і Гомель. Ды ўсё ж Магілёў — гэта, здаецца, “канчатковае” месца яго нараджэння. (Пэўна што так, хаця, напрыклад, у інтэрнэце ў публікацыі Міхаіла Ганкіна “Забытые имена — Доктор Руссель” адзначаецца, што нарадзіўся герой аповеду “в деревне Фастово под Мстиславлем (Могилёвская губерния) в обедневшей многодетной дворянской семье”. — Рэд.) А ці задаваўся хто ў друку пытаннем, хто ж па паходжанні была яго маці, Марыя Дзмітрыеўна (да замужжа Ігнатава)? Казаць пра Руселя “беларус” можна, з прычыны нават яго першапачатковага прозвішча з “дз” ды з-за адсутнасці выразнай генеалагічнай сувязі з Польшчай. Але ён сам увесь час падкрэсліваў, што ён рускі. Нават Мельхіёр Ваньковіч, хоць больш іранічна, указваў, гаворачы пра сябе, што беларус. Мы не знайшлі такога ў тэкстах Руселя.

У рэпартажы “Па Каліфорніі” пра рускіх у Сан­Францыска напісана вельмі коратка, у кантэксце ўспрымання Мікалаем Руселем канкурэнцыі на рынку працы ў ЗША, найперш у інтэлігентных прафесіях: “Сан­Францыска ёсць адзіны горад у Амерыцы, які мае рускую калонію, хаця і невялікую. Гэта прыцягвае ў Каліфорнію нямала рускіх, што раскіданыя адзінкамі па розных штатах і больш ці менш тужаць па радзіме. Няхай гэтае некалькі доўгае адступленне паслужыць ім перасцярогай і хоць слабым супрацьяддзем «усясветнаму шуму», які робіцца ў меркантыльных перспектывах нажывы панамі амерыканцамі, шуму, які дасягае і Расіі ды ўводзіць у спакусу тых, каму не асабліва салодка жывецца на радзіме. Хвалёныя бубны за гарамі!..”

Русель у тэксце ”Па Каліфорніі” пра сваіх суайчыннікаў з Расійскай імперыі піша няшмат. Пра яўрэйскіх — з пачуццём пэўнай настальгіі ды нават гордасці, праўда — часам і са знакам мінус.

Калі Русель прыехаў у Сан-Францыска, то ў рускіх там не было яркага лідара, але святар Уладзімір Вячтомаў здолеў падтрымліваць добры клімат у іх абшчыне: “Гэтым васьмігадовым мірам епархія несумненна абавязана протаіерэю Вячтомаву, які кіраваў ёй у той час. Шчыры, добры, гуманны, даволі разумны і адукаваны чалавек, ён умеў трымаць сваіх падначаленых у межах прыстойнасці. Далёкі ад абедзвюх крайнасцей: фанатызму і крывадушнасці, ён неяк умеў жыць у згодзе з усімі. Царкву сваю ён ператварыў у сціплую, але поўную арыстакратычнага густу капліцу, якія трапляюцца толькі ў сталіцах Расіі ды пры некаторых загранічных пасольствах. Нямногія абразы, якія ўпрыгожвалі яе, былі напісаны лепшымі мастакамі, замест хору пеўчых быў цудоўна падабраны квартэт, што, у сувязі з уменнем яго адпраўляць царкоўную службу шчыра, душэўна і проста, прывабіла ў рускую царкву не адных праваслаўных. Сімпатычная асоба Вячтомава зрабілася цэнтрам для стракатай рускай калоніі. Забыўшы свае саслоўныя, маёмасныя, рэлігійныя ды палітычныя рознагалоссі, вакол яго збіраліся ўсе рускія, якіх, па сутнасці, так няшмат у С. Францыска. І якія б ні былі далёкія мае рэлігійныя погляды ад абраднага праваслаўя, але ў якасці рускага і я трапіў ў гэты гурток і гэтую царкву” (“Жыціе праасвяшчэннага Уладзіміра…”, 1895).

У “Па Каліфорніі” пра рускіх у Сан-Францыска напісана вельмі коратка, у кантэксце ўспрымання Руселем канкурэнцыі на рынку працы ў ЗША, найперш у інтэлігентных прафесіях: “Сан-Францыска ёсць адзіны горад у Амерыцы, які мае рускую калонію, хаця і невялікую. Гэта прыцягвае ў Каліфорнію нямала рускіх, што раскіданыя адзінкамі па розных штатах і больш ці менш тужаць па радзіме. Няхай гэтае некалькі доўгае адступленне паслужыць ім перасцярогай і хоць слабым супрацьяддзем «усясветнаму шуму», які робіцца ў меркантыльных перспектывах нажывы панамі амерыканцамі, шуму, які дасягае і Расіі ды ўводзіць у спакусу тых, каму не асабліва салодка жывецца на радзіме. Хвалёныя бубны за гарамі!..”

Жыццё ў Амерыцы і сапраўды не ва ўсіх удалося. Пазней абшчыне прыйшлося перажыць некалькі гадоў нестабільнасці. У суполцы ж былі этнічныя рускія ды іншыя расіяне і аляскінцы з рускімі родавымі каранямі, да іх далучым грэкаў і югаславаў. Пра рэальны нацыянальны склад сведчаць прозвішчы падпісантаў адной з петыцый актыўнай сан-францыскай грамады: Пціцын, Зінгер, Сіверс, Нагаеўскі, Вагін, Гардэнка (ці, можа, Гардзенка, калі з беларускімі, а не ўкраінскімі каранямі, бо ён, вядомы таксама як Гардэнкер, — былы пскоўскі памешчык), Міндзелеў, Буялаў, два браты Больманы (крэолы з Аляскі), Паварчук (відавочны ўкраінец, якога між тым спрабавалі называць нават “родам армянінам”), Нікалаеў, Астанін, Судзілоўскі (брат Руселя Эміль), Эліёт, Вакуловіч, Балцянскі, Шастакоў, Іваноў, Аляксандраў, Пяцелін, два Гунтэры, Наваградскі. Пра Карла Сіверса, цяпер усё больш Чарльза, Русель пісаў: “Спадарожнік мой, таксама рускі, хоць і нарадзіўся дзесьці ў нетрах Валагодскай губерні, але вырас у Маскве, і, як варта было чакаць ад гараджаніна, аказаўся бездапаможным да камізму сярод гор і лясоў”.

Мікалай Русель

Мікалай Судзілоўскі-Русель. З біяграфіі.

Мікалай Канстанцінавіч Судзілоўскі  (Ру́сель) — нарадзіўся 3 (15) снежня 1850 года ў Магілёве ў беларускай шляхецкай сям’і. Яго бацька быў сакратаром Магілёўскай палаты цывільнага й крымінальнага суда. У сям’і было 8 дзяцей, Мікалай сярод іх — старэйшы. Сястра Яўгенія — другая па вядомасці як рэвалюцыянер з гэтай сям’і. Эміль, лёс якога пасля 1889 года невядомы, верагодна, меў “імунітэт” ад рэвалюцыйных ідэй.

Калі вучыўся на медфакультэце ў Кіеве, Мікалай стаў вядомы ўдзелам ў студэнцкім народніцкім гуртку. Выязджаў у Швейцарыю, дзе пазнаёміўся з лідарамі рэвалюцыйнай эміграцыі: Лаўровым, Бакуніным ды іншымі. Захоплены ідэяй “хаджэння ў народ”, у 1874 годзе Судзілоўскі выехаў у Херсонскую, а потым у Самарскую губерню з мэтай прапаганды новых ідэй сярод сялянства і наладжвання работы прапагандыстаў. Яму ўдалося пазбегнуць арышту, эміграваць; хаця ў Расіі ён быў залічаны ў спіс небяспечных дзяржаўных злачынцаў, але ў пэўны момант звярнуўся наконт свайго працаўладкавання да обер-пракурора Сінода. У тым жа “статусе” быў прэзідэнтам гавайскага Сената,  прадстаўляючы “незалежную” партыю (і таму можна сцвярджаць, што “ўзначаліў” яе, але ў выкладанні гісторыі партыі часам зусім абыходзяцца без згадкі яго імя: адбываецца замоўчванне яго ролі). З 1875 года і да канца жыцця Русель пражыў у эміграцыі.

Вядомы як урач, філосаф, прыродазнаўца, рэвалюцыянер, удзельнік грамадcка-палітычных рухаў Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Румыніі, Балгарыі, Англіі, Францыі, ЗША, Японіі, Кітая ды іншых краін. Падарожнік-географ, аўтар публіцыстычных твораў. Зрабіў унёсак у этнаграфію, біялогію, аграномію, хімію. Пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў. З яго імем звязаныя пэўныя дасягненні ў хірургіі, тэорыі туберкулёзу ды іншых хвароб, пра што сведчаць некалькі важных прац па медыцыне. Быў сябрам некалькіх навуковых таварыстваў ЗША, Японіі ды Кітая. Валодаў васьмю еўрапейскімі мовамі, а таксама японскай і кітайскай. У 1921 годзе пасяліўся ў кітайскім горадзе Цяньцзінь, працаваў урачом. З часам адносіны да бальшавікоў сталі ў яго больш памяркоўныя. Напрыканцы жыцця нават падумваў пра вяртанне на Бацькаўшчыну, але яго намер не здзейсніўся. Верагодна, легендай з’яўляецца тое, што ён памёр па дарозе дамоў (у 79 гадоў, 30 красавіка 1930-га) на вакзале. З прыгожай рамантызацыяй ды з перабольшваннем Руселя называюць “першым і апошнім энцыклапедыстам XX стагоддзя”.

Русель у рэпартажы занатоўвае: “Так, людзі — усюды людзі”.  Далей прадаўжае: “Мяне заўсёды здзіўляла здольнасць амерыканцаў хутка арганізавацца ды іх уменне проста і практычна абладжваць супольна свае справы. Але, як відаць, і ў іх гэтай здольнасці ёсць мяжа. У дачыненні да нас, рускіх, розніца толькі ў ступені”. Вядома ж, усе разумеюць, што рускія ў такім кантэксце — гэта палітонім, а не этнонім, што жыхары Расійскай імперыі для яго — усе рускія, у значэнні расіяне, толькі рускія — больш пашыраная іх назва.

Русель са спадарожнікам ці спадарожнікамі ў часе вандроўкі сустракаў яўрэяў і ў Сакрамента, і ў Плэйсервілі. Магчыма, сярод іх таксама былі расійскія яўрэі. У “Па Каліфорніі” Русель піша і пра свой досвед зносін з яўрэямі ў Галіцыі. Прыгадвае яўрэяў на Бацькаўшчыне, калі бачыць іх у Каліфорніі, — аналогія відавочная: “Як і ў Сан-Францыска, у Сакрамента значная частка прамысловых і гандлёвых аперацый сканцэнтравана ў руках яўрэяў”. “У Сакрамента ж фірма Любіна і Вайнштока строіць з сябе штосьці падобнае да праславутага Каніфершуала. Нельга прайсці па вуліцы, каб не ўбачыць гэтае імя дзясяткі разоў. Яно ўпрыгожвае ўсе вагоны конна-жалезнай дарогі, многія аптовыя склады й магазіны, банкі й пазямельныя канторы. Паны Вайншток і Любін — выхадцы з польскіх губерняў, цяпер зоркі першай велічыні ў Каліфорніі. Горад і графства Сакрамента ёсць толькі феадальныя іх уладанні. Не толькі ўвесь аптовы й банкавы гандаль, але й велізарныя ўчасткі пазямельнай уласнасці перайшлі ў іх рукі. У апошні час у паралель барону Гіршу яны арганізавалі на гэтых участках яўрэйскую земляробчую калонію. Наколькі я мог зразумець, патрыятычныя і філантрапічныя пачуцці ў гэтым дзіўным плане як нельга лепш узгоднены са здаровым сэнсам амерыканскага дзелавога чалавека. Яўрэй-эмігрант атрымлівае кавалак зямлі, дом, земляробчыя прылады, быдла і нават ежу да першага жніва. Участак хоць і пераводзіцца на яго імя, але знаходзіцца ў закладзе ў паноў Любіна і Вайнштока да таго часу, пакуль пасяленец выплаціць яго кошт і ўвесь затрачаны на яго капітал з памяркоўнымі працэнтамі. А не выплаціць — участак вяртаецца да першапачатковага ўласніка, і пасяленцу пакідаецца права шукаць для сваіх рук больш выгаднае прыкладанне. Пачым даецца зямля ўладальніку і пачым ён прадае яе каланістам, тое ведае ён адзін. Нам, рускім, безумоўна, варта ганарыцца такімі людзьмі, што нарадзіліся пад адным з намі небам”.

Аляксандр Сімакоў, г. Гомель

СВЕЖЫ НУМАР

Загаловак у газеце: Беларускія сляды ў Каліфорніі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.