Вы тут

Паэтычны свет Абая: прачытанне ў цэнтры Еўропы


Нататкі пра тое, як класік казахскай літаратуры прыходзіць да беларускага чытача.


Творчасць Абая Кунанбаева (1845–1904) — унікальная з’ява. Прычым не толькі для азіяцкага — і для сусветнага літаратурнага працэсу. “Як увасабленне інтэлектуальнасці, маральнай і духоўнай культуры свайго народа Абай ёсць, несумненна, дасягненне сусветнага парадку”, — казаў пра творцу вядомы пісьменнік Чынгіз Айтматаў.

Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Касым-Жамарт Такаеў, разважаючы пра важнасць вывучэння асобы й творчасці Абая не толькі для казахскага народа — для ўсіх этнасаў шматнацыянальнага Казахстана, у артыкуле “Абай і Казахстан у ХХІ стагоддзі” піша, што творы “мудрага паэта могуць узбагаціць духоўнае жыццё не толькі казахаў, але і ўсяго чалавецтва, бо змест твораў Абая поўны агульначалавечых каштоўнасцяў”. Асобу паэта дакладна характарызуе і ягонае ўласнае выказванне з сорак трэцяга са “Словаў настаўленняў”: “Розум адрознівае карыснае ад шкоднага, але нават сілай розуму не адолець таго ліха. І адолець яго можа толькі той, хто злучыць у сабе сілу розуму й сілу волі. Хто здолеў засяродзіць у сабе розум і волю, той падобны да хутканогага скакуна: яму падуладна ўсё».

Ведаюць і чытаюць Абая ў Беларусі. Нядаўна паспяхова завяршыліся Дні культуры Беларусі ў Нур-Султане ды зноў актывізавалі цікавасць да спадчыны вялікага паэта-мысляра. Яго паэзія загучала на беларускай мове ў выдатных перакладах Міколы Мятліцкага. Падрадковы ж пераклад паэзіі Абая выканаў старшыня Саюза літаратурных перакладчыкаў — Тәржiман, галоўны рэдактар часопіса “Простор”, паэт і перакладчык нямецкіх, сербскіх і лужыцкіх паэтаў Кайрат Бакбергенаў.

Помніцца нам, як у жніўні 1995-га на юбілейнай сесіі Нацыянальнай акадэміі навук Казахстана, прысвечанай 150-годдзю з дня нараджэння Абая Кунанбаева, акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Гніламёдаў параўноўваў вершы “Лета” Абая і “Лета” Янкі Купалы. У абаеўскім “Леце” гаворка — пра стэпавыя шаўковыя травы, пашы, пра табун жарабіц, якія “цяжка дыхаюць”, у Купалы ж “цягнуцца стройна шнуры каласістыя”, працуюць касцы, а недзе ўжо і “серп заскакаў”. Дакладчык працытаваў словы народнага пісьменніка Казахстана Морыса Сімашкі: “Абай — гэта люстэрка і душа народа”. Згадаў пра сваё ўспрыманне казахскага стэпу цалінным летам: “Казахстанскі стэп шмат у чым перамяніў маё ўяўленне беларуса аб прасторах і адлегласцях, пра багацце прыроды, да таго ж адкрытасць, гасціннасць жыхароў аулаў дадалі нешта вельмі важнае ды істотнае ў разуменне чалавека і чалавечнасці”.

Працуючы над “Словамі настаўленняў”, Абай разважаў: “Вазьму ў спадарожнікі паперу й чарніла ды буду запісваць усе свае думкі. Можа, камусьці прыйдзецца да душы якое-небудзь маё слова, і ён перапіша яго для сябе ці проста запомніць. А калі не, то мае словы, як той казаў, застануцца пры мне”. Паэт уступае ў дыялог з будучымі чытачамі, з даследчыкамі сваёй творчай спадчыны. Цікава, што У. Гніламёдаў выявіў сугучнасць “Словаў настаўленняў” і мудрых “Казак жыцця” Якуба Коласа, пакрэсліў, што “творчасць Абая споўнена магутнага й своеасаблівага паэтычнага пантэізму, які на ўзроўні свядомасці ды яшчэ больш падсвядомасці вельмі адчувальны і ў беларускім слове, і ў беларускай нацыянальнай ментальнасці”. Яшчэ заўважым, што асветніцтва Абая пераклікаецца з асветніцкім пачаткам у творчасці Францішка Багушэвіча. У Абая чытаем: “Не для забавы я складаю вершы, ня выдумкамі выпаўняю іх” ці “Майстэрства й праўда — мэта ў гэтым спевака”. Такія выслоўі цалкам да месца і ў тыпалагічнай характарыстыцы таксама ж і беларускай літаратуры як ХIХ, так і ХХ стагоддзяў.

Абай Кунанбаеў, як і Янка Купала, пражыў толькі 60 гадоў. Але сваімі творамі, шэдэўрамі падняў казахскую літаратуру на новую ступень развіцця. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікола Мятліцкі перакладаў Абая ва ўзросце, у якім, разважае, той ствараў самыя “саспелыя” вершы: “Такі ўзроставы кантакт даваў магчымасць мудра засяродзіцца. Як акын, пагладжваючы белую бараду, паўтараў за Абаем яго мудраслоўі ўжо на сваёй роднай мове, шукаючы найдакладныя адпаведнасці. Аглядаў зрокам уяўлення стэп ягоны, сустракаў кожную творчую раніцу ля казахскіх юртаў. Бачыў, як лёсавырашальна судакранаецца тагачаснае жыццё казахаў з нашым беларускім — з памкненнем да лепшае долі. А гэта ж творчае шчасце: зноўку пераасэнсаваць тое, чым жыў сапраўдны Паэт, што ён пастараўся данесці сваім суайчыннікам і ўсяму свету. Я прыйшоў да яго ў новым часе з шыротаў гэтага свету, таму з непрыхаванаю ўвагай стараўся пачуць ягоную кожную думку, адрадзіць яе ў родным слове”.

Паэтычны зборнік “Абай. Стэпавы прастор. Выбраныя вершы” (2011) адкрываецца зваротам да чытача “Мысляр, асветнiк, гуманiст” Анатоля Смірнова, які на той час быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь. Ён піша: “Ёсць паэты, чыіх зямных дзён дастаткова, каб не толькі абяссмерціць сваё ўласнае імя, але і падараваць бессмяроцце народу, да якога яны прыналежаць. У рускіх гэта Пушкін, ва ўкраінцаў — Шаўчэнка, у беларусаў — Купала. Менавіта з плеяды такіх волатаў і казахскі мысляр, асветнік і гуманіст Абай Кунанбаеў — аўтар пранікнёных вершаў і паэм пра лёс простага чалавека з казахскіх стэпаў, а таксама незабыўных маральна-этычных настаўленняў-казанняў, вядомых сягоння кожнаму даросламу жыхару Казахстана”.

Геніяльнасць вялікага Абая выявілася ў тым, што вершы ягоныя гучаць актуальна й сучасна ў трэцім тысячагоддзі: “Чым больш я ўчытваўся ў геніяльныя радкі Абая, тым больш і больш яны мне падабаліся. Асабліва пераклады на рускую мову праўдзівага майстра слова Усевалада Раждзественскага вельмі падахвоцілі мяне зрабіць пераклады на беларускую. Мне здавалася, што вершы Абая толькі што створаныя, толькі што шчыра выдыхнутыя ўсёй паўнатою чалавечых пачуццяў, нават чулася само біццё сэрца паэта. Такімі жывымі й сучаснымі яны мне бачыліся”, — гэта ўрывак з артыкула Міколы Мятліцкага ў часопісе “Простор”, які друкаваўся і ў альманаху “Созвучие”.

Кожны паэт і перакладчык бачыць у паэзіі Абая найперш сваё, роднаснае і блізкае яму: “Паэтычны свет Абая геніяльна просты: на палатне неабсяжнага стэпу звычайнымі фарбамі жыцця пераствораны няпросты лёс роднага народа. Як усё гэта сугучна з творчасцю нашага Янкі Купалы! — прадаўжае развагі беларускі паэт. — І мне захацелася пачуць Абая ў сучасным дасканалым падрадковым перакладзе, пабачыць на свае вочы і пачуць сэрцам, які ён у поўным сэнсавым гучанні сваіх геніяльных радкоў”. Заўважым, што па творчую дапамогу Мікола Мятліцкі тады звярнуўся да Любові Шашковай — беларускі з Алматы, таленавітай паэтэсы. Дзякуючы ёй атрымаў падрадкоўнікі: зробіў іх, паўтарым, Кайрат Бакбергенаў. І далей: “У хуткім часе атрымаў я ўсе патрэбныя для працы падрадкоўнікі. Потым кожны з іх прайшоў з алоўкам у руках, унікаючы ў змест”.

“Абай, загучаўшы па-беларуску (а першыя публікацыі Міколы Мятліцкага з’явіліся на старонках часопіса “Полымя”), ідзе і ў шырокі беларускі свет, у еўрапейскую прастору. Паэт становіцца поплеч з нашымі класікамі, творы яго пачынаюць удзельнічаць у вырашэнні адвечнай задачы мастацкага слова: яднаць здаровыя, стваральныя сілы народа, мацаваць фундамент гуманістычнага развіцця грамадства,” — так завяршае сваё Пасляслоўе да кнігі “Стэпавы прастор” вядомы руплівец на ніве ўзаемадзеяння народаў і літаратур, журналіст і пісьменнік, перакладчык Аляксандр Карлюкевіч.

Ерлан Сыдыкаў, акадэмік НАН Казахстана, рэктар Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва, Нур-Султан

Святлана Ананьева, загадчыца аддзела міжнародных сувязяў і сусветнай літаратуры Інстытута літаратуры й мастацтва імя М. Ауэзава, Алматы.

У публікацыі выкарыстаны карціны мастака Нурлана Шылібаева з цыкла “Трыпціх”.

СВЕЖЫ НУМАР

Дарэчы. Наша газета пісала, што паэту Міколу Мятліцкаму прысуджана была міжнародная прэмія “Алаш” (“За Абая — удзячнасць” — ГР, 22.06. 2017). Прэмія ўручаецца ў Казахстане за значныя дасягненні ў казахскай літаратуры ці ў яе пашырэнні ў іншых краінах. Беларускі паэт ушанаваны як перакладчык кнігі паэзіі Абая “Стэпавы прастор” на беларускую мову, якая выйшла ў Мінску.

Загаловак у газеце: Паэтычны свет Абая: прачытанне ў цэнтры Еўропы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».