Вы тут

Жылі музыкі ў Капылі


Вядомы гарманіст і педагог, кіраўнік гуртоў “Дударыкі” ды “Мінскія музыкі” Дмітрый Ровенскі расказвае пра пару юнацтва ў Капылі, першыя крокі ў музыку й тых людзей, што былі з ім побач.


Дзмітрый Ровенскі з юнымі артысткамі гуртка "Дударыкі"

Летась гурту “Дударыкі” споўнілася 50 гадоў. Наша газета не раз пісала пра кіраўніка, гісторыю стварэння ўнікальнага калектыву, ягоныя выступленні — у тым ліку і ў Парыжы, штаб-кватэры ЮНЭСКА. (“Дударыкі” і іншыя — у Парыжы: Вялікі творчы дэсант з Беларусі актыўна працуе ў Францыі”. — ГР, 17.04 2014.). Летась гурт быў адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта — “за выдатныя дасягненні ў галіне аматарскага мастацтва”. Сёлета ж ізноў выступіў на штогадовым фэсце “Гармонік збірае сяброў” (13 мая, ДК Трактарнага завода), даў святочна-справаздачны канцэрт у гонар 50-годдзя (на сцэне таго ж ДК, 27 сакавіка) і засвяціўся ў вялікім канцэрце ў спарткомплексе “Мінск-Арэна” (Дзень народнага адзінства: 17 верасня). У інтэрнэце, дарэчы, ёсць фотаздымкі, відэазапісы тых выступленяў.

У зносінах са спадаром Дзмітрыем напрыканцы лета я цікавіўся: можа і ў культурнай праграме Дня беларускага пісьменства ў Капылі землякі запрасілі паўдзельнічаць? Не… Спадзяемся, і яго, і ягоных “Дударыкаў” ды “Мінскіх музыкаў” яшчэ сустрэнуць належным чынам у падноўленым Капылі. Дарэчы, мы разам і песню напісалі, у стылі настальжы, пра Капыль — паводле ягоных уражанняў дзяцінства, юнацтва. І на гэты раз мой суразмоўца з імпэтам узяўся згадваць, колькі таленавітых музыкаў было ў пару ягонай маладосці на Капыльшчыне, і ёсць унікальныя здымкі. Што ўдалося знайсці яму ў архівах дакументальны фільм “Беларускія напевы” (1963) — з аповедам пра музыкаў з Капыля. Там у кадрах і ён з бацькам ды сястрою: граюць на дудках. (І мы пісалі, што “Дударыкі”, па сутнасці, адтуль вядуць радавод — у тэксце “«Дударыкі» не старэюць: Знакаміты беларускі дзіцячы гурт рыхтуецца адзначыць 50-гадовы юбілей” — часопіс “Беларусь. Belarus”, 2019, №2). То й пра гурт “Капыльскія дудары” ўзяўся Дзмітрый Дзмітрыевіч расказваць, і пра музыкаў, з якімі граў калісьці вясковыя вяселлі…

Вырашылі — у гонар Дня пісьменства: бо напісанае застаецца… — пачаць са спіса і здымкаў. Іх даслаў музыка ў рэдакцыю. Потым прыйшоў — і прайшлі мы па спісе, зрабілі невялічкія каментары. На паўнату інфармацыі яны не прэтэндуюць, але з’яву пад назвай “Капыльскія музыкі” — акрэсліваюць. Магчыма, нешта з часам будзе дапоўнена — у тым ліку й вучнямі, нашчадкамі, роднымі-сваякамі тых музыкаў.

Вяселле бацькоў Дзмітрыя Ровенскага. 1946 г.

Лёс, можна сказаць, з дзяцінства падштурхоўваў Дзімку ў музыку. Трафейны гармонік з вайны прывёз бацька, гвардыі старшына Дзмітрый Ровенскі, часам браў той “Hohner” у рукі ды сыну падарыў: як толькі пяць гадкоў яму споўнілася. Хлопчык падбіраў мелодыі, а паколькі маці, Ліна Ануфрыеўна, спявала хораша, то спрабаваў падыграць: “У дзяцінстве ж найлепш музыцы вучыцца. Не паверыце: першае сваё вяселле я ўжо сыграў з сябрам Сашкам, калі мы яшчэ ў школу не хадзілі!” З таго й пачалося: запрашалі на вечарынкі, гулянкі. А жыў Дзімка да школы ў вёсцы Ржаўцы: пад Капылём, у бабулі Серафімы. Там, расказвае, на вяселлях, фэстах гралі музыкі, ды й сама яна цудоўна спявала, танцавала: “Мяне да музыкі падахвочвала, казала: “Давай я буду “выцілінчваць”, а ты падбірай”. Ведаю, што й дзед мой Амброжый, які ў вайну загінуў, быў вельмі добрым барабаншчыкам”.

Рыхтуючы нататкі, у інтэрнэце я знайшоў сціплыя весткі: “Нагорный Анфросий Иосифович. Рядовой, 1904 г.р. Белорусская ССР, Бобруйская обл., Копыльский р-н, д. Ржовка (правільна: Ржаўка. — Рэд.), Место службы: п/п 28751. Пропал без вести __.11.1944”.

Але ж не толькі ягоны дзед — увесь род па маці, па беларускай лініі быў надзвычай схільны да музыкі: “Абодва маміны браты, напрыклад, былі знатнымі народнымі музыкамі. Людзі старэйшыя памятаюць, што амаль усе Нагорныя гралі на розных інструментах, хоць не мелі музычнай адукацыі. З радні склаўся цэлы аркестр! Тых музыкаў-самародкаў з вёскі Казакоўкі на Капыльшчыне звалі “Сляпыя”: бо кіраўнік іх, Уладзімір Міхайлавіч Давідовіч, быў зусім сляпы. І амаль без пальцаў: у яго ў руках ў дзяцінстве міна разарвалася. А як здорава граў на баяне! Слава пра музыкаў грымела па ўсёй акрузе, “Сляпых” не проста запрашалі граць на вяселлі, фэсты, святы. Канцэрты ці гастролі, як цяпер сказалі б, распісаныя былі на паўгода ці больш, звычайна ж на выхадныя. Са “Сляпымі” й я пазней шмат адыграў. З 1966-га ўжо ў Мінску жыў, а прыязджаў з імі граць, і вельмі многаму ў іх навучыўся”.

Амброжый (Ануфрый, Анфросій) Нагорны – дзед Дзмітрыя Ровенскага, які не вярнуўся з вайны

І далей пойдзем па спісе “Музыканты гарадскога пасёлка Капыль, 50-60 гады”, складзеным Дзмітрыем Ровенскім. З яго каментарамі.

1. Астрэйка Мікалай Васілевіч — у Капылі жыў. Хадзіў з палачкай, змайстраванай з палкі лыжнай. Бывала, дастае з яе нешта — і пачынае граць. Людзей навокал збярэцца! Майстар быў харошы. Пэўна, і ўдзельнік вайны. Здымак у мяне ёсць 1948 года, і на ім яму ўжо за 30.

Адзначым, што прозвішча Астрэйка на Капыльшчыне пашыранае. Адтуль, з вёскі Пясочнае, родам быў і вядомы паэт Анатоль (Акім Пятровіч) Астрэйка.

2. Пратасевіч Вячаслаў Сцяпанавіч — жыў у вёсцы Пясочнае. Селянін, інструменты рабіў: народны майстар. Потым пераехаў пад Мінск, у Калодзішчы. Майстраваў інструменты з саломкі, жалейкі, дудкі, ліры… Ведаю, музыка Уладзімір Гром — ён стварыў гурт “Крупіцкія музыкі” ды кіраваў ім — толькі ў Пратасевіча й заказваў інструменты.

3. Янушка Аляксандр Вікенцевіч кіраваў аркестрам у Капылі. Быў з ваенных, і пасля вайны ўсё жыццё, помніцца, у шапцы вайсковай хадзіў, у галіфэ. Колькі ні граў — заўсёды ў адной форме адзення. Шапку разоў мо 30 з яго ветрам здувала: ездзілі ж мы, музыкі, на машыне адкрытай.

У Базе дадзеных http://podvignaroda.ru/ ёсць звесткі: Аляксандр Вікенцевіч быў з 1908-га, у войску служыў з 1930-га, родам з Капыльшчыны, з вёскі Думічы. Уражвае колькасць ягоных узнагарод: 6 ардэноў і медалёў. Сярод іх пасляваенныя ордэны Леніна (1956), Чырвонай Зоркі (1948) і Чырвонага Сцяга (1950). У вайну атрымаў два медалі “За баявыя заслугі” (1942, 1944).

4. Клякін Аляксей Фядотавіч — мой настаўнік у музыцы. Ён і кіраваў гуртам “Капыльскія дудары”, у якім гралі мы з бацькам і сястрой. Загінуў трагічна: машына збіла на смерць, прычым таварыш яго быў за рулём. Дарэчы, і Янушка, ужо іншым разам, пад машынай загінуў... Яны абодва гадоў па 60 пажылі. Помніцца, у Аляксея Фядотавіча душа была добрая, не мог адмовіць, “людзей пакрыўдзіць”, калі дзе налівалі. Клякін абучаў нас музыцы ў раённым Доме культуры, кіраўніком аркестра быў. Сын яго стаў лётчыкам, другі ў музыку пайшоў, і ў Слуцку жыў. Бацька прывёў мяне да Клякіна (яны сябравалі) у гадоў 13-14. Я вучыўся ў тым духавым аркестры на трубе граць, асвойваў альт і тэнар, барытон і трамбон. У 64-65-х і сам падпрацоўваў баяністам у ДК: пасля 9 класа ў вячэрнюю школу хадзіў. А ў ДК у нас і калектыў быў эстрадны, які, помніцца, кампазітар Дзмітрый Лукас на конкурсе ў Нясвіжы разнёс, казаў: “Какая-то проволочная музыка!”. І я ад такой музыкі адышоў. Загінуў Фядотавіч у 67-м ці 68-м: я, помніцца, ужо ў арміі адслужыў. Мы — хто яго ведалі, вучні — наведваем магілы музыкаў, да ўсіх заходзім. Там усе ў рад пахаваныя. Першы мой бацька ляжыць: яго не стала ў 1968-м. І там жа Клякін, Янушка…

З дакументаў, прадстаўленняў на ўзнагароды вынікае, што Аляксей Клякін яшчэ ў баях пад Рэчыцай у жніўні 41-га быў паранены, атрымаў медаль “За баявыя заслугі”. На час узнагароджання ён — старшына музыканцкага ўзвода. Родам з 1912-га, з Маскоўскай вобласці, у арміі з 1927-га (з 15 гадоў!). Мабыць, служыў і пасля вайны — ці то ўзнагарода (ордэн Чырвонай Зоркі) знайшла героя напрыканцы 1947-га.

5. Касабуцкі Іван — з Капыля. Жыў непадалёк ад нас: па вул. Карла Маркса, 12. І там жа праз хат 5 — дом, што належаў сям’і Цішкі Гартнага.

Магчыма, гэтыя звесткі з часам дапоўняцца. На партале http://podvignaroda.ru/ ёсць 39 пазіцый, калі шукаць інфармацыю па словах “Кособуцкий Иван”. То можа й гэты музыка быў франтавіком?

6. Ровенскі Дзмітрый Фёдаравіч. Гэта мой бацька. Родам з 1925-га, са Стаўрапольскага краю, добраахвотнікам у 16 гадоў, у 1941-м пайшоў на вайну. Быў кавалерыстам, у 17 ужо старшына эскадрона. Узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, ордэнам Чырвонай Зоркі. Пасля вайны прыехаў у Капыль, ажаніўся. Працаваў у міліцыі, у гурце “Капыльскія дудары” граў і далучаў мяне да музыкі. А яго бацька, дзед мой, граў на скрыпцы, вучыў дзяцей музыцы ў школе. І я трошкі той дзедавай долі на сябе, відаць, узяў.

7. Малевіч Пётр Пятровіч — сябар бацькі, музыка. Мянушка "Барынь". Да таго ж ён абутак майстраваў: такое рамяство ў Капылі было яшчэ жывое. Мы з яго сынам Валерам (ён таксама з 1948-га) дружылі, хадзілі ў адзін клас. І ў аркестры разам гралі. Даўно ўжо не бачыліся, гадоў мо 30…

Сапраўдным героем быў радавы Пётр Малевіч! Ён 1919-га, прызваны ў Чырвоную армію ў Капылі ў 1939-м (год вызвалення Заходняй Беларусі). Заслужыў чатыры медалі (у тым ліку “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы” “За ўзяцце Берліна”) і два ордэны Чырвонай Зоркі. Першы ордэн — за подзвіг, які здзейсніў, наводзячы пераправу цераз рэчку Выню паблізу Салтаноўшчыны (Нясвіжскі раён) 3 ліпеня 1944 года: цяпер гэта Дзень Вызвалення Беларусі. Другі ордэн атрымаў, калі быў ардзінарцам у кампалка, паблізу германскага горада Верфтпфуль (зямля Брандэнбург).

8. Бохан Васіль — у вёсцы Скабін (у слове націск на і) жыў, ад Капыля тры кіламетры. Граў на бас-геліконе — гэта інструмент у форме спіралі. Усе яго на Капыльшчыне ведалі. Моцны быў музыка, з ліку былых ваенных музыкантаў, якіх у нас звалі: макароннікі.

У інтэрнэце знаходзім пра яго: Василий Михайлович Бохан, Белорусская ССР, Бобруйская обл., Копыльский р-н, д. Скобин”, быў родам з 1926-га, у Чырвонай арміі — з ліпеня 1944-га. Медаль “За адвагу” заслужыў з мінамётам напярэдадні Дня Перамогі, 29 красавіка 1945-га, калі немцы спрабавалі вырвацца з акружэння. Меў таксама іншыя медалі, у тым ліку “За ўзяцце Кенігсберга” і “За ўзяцце Берліна”.

9. Раеўскі Вячаслаў — саксафаніст. Думаю, быў ён музыка дыпламаваны. Помніцца, на провадах майго брата ў армію граў. Старэйшы за мяне, як і ўсе, пра каго расказваю, таму ведаю мала што пра яго.

10. Рончык Міхаіл — з вёскі Скабін прыязджаў на веласіпедзе. Дарэчы, у той вёсцы і свой аркестр быў, але ж у Капылі — граць было салідней.

У спісе ўзнагароджаных франтавікоў шукалі прозвішча — і знайшлі: “Рончик Сергей Нестерович, 1913 г. р.”, у Чырвонай арміі з 1932 года, прызваны Капыльскім РВК. У дакументах на медаль “За баявыя заслугі” (кастрычнік 1943-га, быў кантужаны) ёсць згадка, што гэта “выключна дысцыплінаваны баец. Удумлівы, граматны музыкант”. Што ўдзельнічаў у шматлікіх сустрэчах і провадах папаўненняў пад музыку маршаў. Быў барытаністам музычнага ўзвода. Удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі (1939), у вайне з белафінамі (1939-40). Цалкам верагодна, што гэтыя музыканты, Міхаіл і Сяргей, — блізкая радня.

Іван Ждановіч

Заканчэнне будзе.

СВЕЖЫ НУМАР

Загаловак у газеце: Жылі музыкі ў Капылі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».