Вы тут

Меншасць і большасць у люстэрку навукі


“Беларусы ў Малдове і Малдова ў беларусах” — такая кніга выйшла ў серыі “Народы і культуры” ў выдавецтве “Беларуская навука”.


Святкаванне 30-годдзя незалежнасці Рэспублікі Малдова ў Амбасадзе Малдовы ў Беларусі 27 жніўня 2021 г.

Кнігу напісала этнолаг, доктар (хабілітаваны) гістарычных навук Елізавета Квілінкова (Касым) у суаўтарстве з доктарам (хабілітаваным) палітычных навук Васілём Саковічам.

“Беларусы Малдовы адносяцца да так званай новай этнічнай дыяспары, якая ў большасці сваёй сфармавалася пасля Другой сусветнай вайны. У савецкі перыяд Беларусь фактычна з’яўлялася пастаўшчыком у Малдову высокапрафесійных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. У 50-я гады ХХ ст. амаль адна траціна ўсіх эканамістаў Малдовы былі беларусы”, — засведчана ў кнізе. А побач прыводзяцца звесткі: самай вялікай беларуская дыяспара ў Малдове была перад распадам Савецкага Саюза, у 1989-м яна складала 19,6 тысяч чалавек. Ад пачатку 90-х колькасць беларусаў у Малдове пачала скарачацца: у 2017-м там жыло крыху больш за 3 тысячы этнічных беларусаў.

Елізавета Квілінкова, працуючы над кнігай, апытала этнічных беларусаў, якія жывуць у розных рэгіёнах Малдовы (Кішынёў, Бельцы, Камрат), у Прыднястроўі (Ціраспаль, Бяндэры, Рыбніца) і зрабіла на тым матэрыяле навуковыя высновы: яны пакладзены ў аснову кнігі. Усяго апытана каля 100 чалавек.

“Беларусы, якія жывуць у Малдове, даследаваліся ў адпаведнасці з метадамі этналогіі, — расказала яна. — У кнізе прыадкрываецца іх душэўны свет, расказваецца, як на іх паўплываў пераезд, як прыстасаваліся да новых умоў і ці хочуць вярнуцца на радзіму. Людзі раскрываюцца і дзеляцца патаемнымі думкамі, часам не прызначанымі для шырокага кола чытачоў. Іх эмацыйныя аповеды дапамагаюць зразумець жыццё беларускай дыяспары ў Малдове глыбей, чым толькі сухія статыстычныя дадзеныя”.

Нягледзячы на тое, што беларуская дыяспара Малдовы цяпер невялікая, для яе ўласцівыя свае асаблівасці ў адаптацыі ды акультурацыі (працэсу ўзаемаўплыву культур). “Беларусы Малдовы сваімі справамі, працаздольнасцю, талерантнасцю, бесканфліктнасцю, уменнем ужывацца з прадстаўнікамі іншых народаў сфармавалі ў малдаван паважлівае і добрае стаўленне да Беларусі, да беларускага народа”, — расказала Елізавета Квілінкова. Зрабіла дыяспара і свой унёсак у пашырэнне беларускай культурнай спадчыны за мяжой: за той час, які беларусы жывуць у Малдове, нашы супляменнікі стварылі там свае этнакультурныя суполкі ў розных рэгіёнах краіны, заявілі пра сябе як прадстаўнікоў беларускага этнасу. “Для беларусаў, якія апынуліся за межамі сваёй этнічнай Бацькаўшчыны, вельмі важна мець агульную інфапрастору з Радзімай, ведаць, што ў ёй адбываецца”, — лічыць даследчыца. Таму й газета "Голас Радзімы" застаецца адной з найбольш запатрабаваных інфармацыйна-асветніцкіх газет пра беларусаў і для беларусаў за мяжой. Нават асобны раздзел выдання прысвечаны ролі “ГР” у жыцці дыяспары: “Сябры  беларускай абшчыны заўсёды чытаюць газету з цікавасцю. Дзякуючы “Голасу Радзімы” яны не толькі атрымліваюць весткі з этнічнай Радзімы, чытаюць навіны пра суайчыннікаў, але й ведаюць пра жыццё іншых беларускіх дыяспар, знаёмяцца з вынікамі пасяджэнняў Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі ды пра многае іншае”.

Елізавета Квілінкова з гаспадаром Васілём Семенюком каля яго малдаўска-беларускага падворка

Пісаць кнігу пра беларусаў Малдовы Елізавета Квілінкова пачала тады, калі працавала ў Інстытуце культурнай спадчыны Акадэміі навук Малдовы. Цяпер яна працуе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі: вывучае нацыянальныя меншасці ў нашай краіне. У хуткім часе збіраецца выдаць кнігу пра гагаузаў — да гэтай нацыянальнасці яна й сама належыць. Адзін з раздзелаў кнігі прысвеціць гагаузам Беларусі. Наступнай, дзеліцца планамі, будзе кніга пра малдаван Беларусі: яна ўжо апытала каля 30 беларускіх гагаузаў і каля 30 беларускіх малдаван. Каб лепш ішла праца, Елізавета Мікалаеўна нават пачала ўдзельнічаць у жыцці малдаўскай дыяспары. І ўжо неаднаразова бывала ў вёсцы Баравікі (Дзяржынскі раён, пад Мінскам) на малдаўска-беларускім падворку сям’і Семенюкоў: Васіля Міхайлавіча і Ніны Сцяпанаўны. Там часта збіраюцца на святы сябры суполкі беларускіх малдаван. “Малдаване Беларусі ўмеюць не толькі добра працаваць, але й хораша адпачываць. Радуе тое, што яны збераглі тут сваю мову і традыцыі”, — упэўнілася Елізавета Квілінкова. Матэрыялаў назбіраных, на яе думку, будзе дастаткова, каб выдаць нават дзве кніжкі.

Вучоная збіраецца даследаваць і жыццё беларускіх татар. Ёй цікава, як прадстаўнікі гэтага народа змаглі зберагчы свае этнічныя асаблівасці, духоўныя каштоўнасці, больш за 600 гадоў жывучы на тэрыторыі, дзе большасць жыхароў вызнае хрысціянства. Елізавета Мікалаеўна ўжо наведала татарскую мячэць у Мінску, пазнаёмілася з Абу-Бекір Шабановічам, муфціем (старшынёй) Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Беларусі, ды іншымі прадстаўнікамі татарскай абшчыны.

“Выданні такога кшталту вельмі важныя, — разважае навукоўца. — Яны дапамагаюць згуртавацца ўсім людзям у Беларусі, незалежна ад таго, якой мы нацыянальнасці. Праз такія кнігі можна больш даведацца аб прадстаўніках нацменшасцяў, аб адрозненнях і падабенстве паміж сабой ды імі. Дзякуючы таму культурная дыстанцыя між прадстаўнікамі розных народаў скарачаецца і фарміруецца пэўная талерантнасць у грамадстве. Што дазваляе суіснаваць людзям розных нацыянальнасцяў у міры і згодзе”,

У прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў Елізавета Квілінкова дазнаецца, якімі яны ўспрымаюць беларусаў пасля доўгіх гадоў сумеснага жыцця з імі на гэтай зямлі: “Ад таго, якія стасункі склаліся між беларусамі ды прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў, у многім залежыць працэс фарміравання пачуцця агульнай грамадзянскай ідэнтычнасці ў людзей розных нацыянальнасцяў у Беларусі”.

З карэннымі беларусамі Елізавета Мікалаеўна імкнецца сябраваць ужо не для таго, каб зрабіць нейкія навуковыя высновы —  каб самой больш даведацца пра Беларусь і культуру людзей, якія ў ёй жывуць. А таму спасцігае беларускую мову. Завяла маленькі слоўнік: запісвае туды новыя для яе словы і запамінае. Прызналася, што любіць хадзіць у беларускія тэатры, неяк была ўжо на спектаклі на беларускай мове.

Ганна Лагун

СВЕЖЫ НУМАР

Загаловак у газеце: Меншасць і большасць у люстэрку навукі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».