Вы тут

Дзіцячая ўстанова не можа быць пакараннем


— Як цябе завуць? — запыталася выхавальніца ў Сымона, калі той упершыню прыйшоў у дзіцячы садок.

— Алень, — насупіўся малы.

— Ну тады я буду зайчыкам ці лісічкай. Добра? — знайшлася Вольга Пятроўна.

Ужо на чацвёрты дзень малы адзін паехаў у садок на школьным аўтобусе і ўпершыню застаўся там спаць. «Рана радуешся», — суцішыла маю эйфарыю сяброўка. І як у ваду глядзела. Праз тыдзень пра тое, што Сымон не хоча ісці ў садок, ведала ўся вёска. Так моцна ён плакаў, калі бачыў жоўты аўтобус... Аказваецца, з нежаданнем дзіцяці ісці ў садок сутыкаецца практычна кожная мама. Як сябе паводзіць у такой сітуацыі, як правільна рэагаваць на слёзы? Пра гэта размаўляем з дзіцячым псіхолагам Людмілай ГУБСКАЙ.


Хто галоўны?

— Людміла, як мякка вярнуць жаданне малога наведваць садок?

— Набярыцеся цярпення. Адаптацыя да садка доўжыцца 6—8 тыдняў. Адзін з яе этапаў — пратэст. Тут важна не саступаць дзіцяці і працягваць вадзіць яго ў садок. Пры гэтым тлумачыць, што іншых варыянтаў няма, бо вас чакаюць на працы.

Дзіцячы настрой пераменлівы як надвор'е. Раніцай малы можа крычаць, бо не хоча ў сад. А ўвечары — бо не хоча з сада. Здараецца і такая сітуацыя: мама прыйшла забіраць сына пасля сну, а ён загуляўся і сказаў: «Не пайду». — «Добра, пагуляй яшчэ», — пагадзілася яна. Выхавальніца радасна паківала галавой, маўляў, прыходзьце пазней. У выніку ўвечары мама застала сына ў слязах. Калі дзіця прымае рашэнне застацца, яно прыме рашэнне і ніколі не хадзіць у садок. Таму важна разумець, што мама і тата — галоўныя, таму вырашаць павінны яны. Калі рашэнне хадзіць ці не хадзіць у садок прымае дзіця — мы бачым перакуленую іерархію. І гэта вельмі небяспечна.

— Бліжэй да 2 гадоў бабулі пачынаюць ціснуць на бацькоў: маўляў, калі мы ўжо пойдзем у садок? Яны ж у свой час вымушаны былі аддаваць туды дзяцей у 1,5 года, а то і раней. Разам з тым ёсць меркаванне, што да 5 гадоў дзіцяці наогул не патрэбны садок. У якім узросце раіце пачынаць вадзіць туды малечу?

— Часцей за ўсё ў 3—3,5 года дзеці ўжо не проста гатовыя, а ўжо хочуць хадзіць у садок. Менавіта ў гэтым узросце з'яўляецца патрэба вучыцца ўзаемадзейнічаць з іншымі дзеткамі: у тым ліку сварыцца, адстойваць свае межы, выказваць прэтэнзіі, крыўду. Дзеці, якія не наведваюць дзіцячы садок, усё гэта «перакладаюць» на плечы бацькоў. Пачынаюць абзывацца на маму, не чуюць яе і не слухаюцца — як вынік, яна страчвае аўтарытэт.

— Ці варта цвёрда трымацца пазіцыі: у садок трэба хадзіць штодзень?

— Усё залежыць ад магчымасцяў бацькоў. Дзецям гадоў да чатырох складана вытрымаць цэлы дзень на працягу 5 дзён. Яны стамляюцца. Гэта прыводзіць да нервовых зрываў, прастуд. Цудоўна, напрыклад, сераду аб'явіць бабуліным днём. Альбо ў нейкі з дзён забіраць малечу з садка раней, чым звычайна. Але ні ў якім разе нельга рабіць выхадны з-за пратэсту дзіцяці. Вы павінны ўсё распланаваць і напярэдадні вечарам папярэдзіць малога. Запланаванае добра ўспрымаецца дзецьмі.

Не прымушаць, а зацікаўліваць

— Што рабіць, калі дзіця плача наўзрыд, прыходзячы ў дзіцячы садок?

— Выказваць нязгоду праз слёзы — нармальна. Важна гэта не замацаваць, не ператварыць у рытуал. Каб слёз было менш, трэба зборы, дарогу ў садок і развітанне напаўняць чымсьці цікавым. У маёй практыцы быў выпадак, калі хлопчык ніяк не хацеў адпускаць маму: «Мамачка, не сыходзь. Нічога купляць не трэба. Ты працуй, а я буду проста ціхенька гуляць побач». І мы пачалі даваць яму даручэнні. Сёння прасілі перадаць выхавальніцы каляровую паперу і кардон, заўтра — пэндзлікі і фарбы, паслязаўтра — расфарбоўку. Малы з важным відам і са словамі «мне даручылі» заходзіў у групу. І яму ўжо было не так страшна. Можна ўвечары намаляваць разам малюнак, каб у садку падарыць выхавальніцы. Шукайце штосьці цікавае, што можна паказаць па дарозе ў садок, — тады думкі дзіцяці будуць занятыя іншым і яно не будзе плакаць.

Па дарозе з садка дадому таксама размаўляйце з малым. «Сумна сёння ранак прайшоў, давай заўтра зробім па-іншаму». Раю нават сцэнарый намаляваць ва ўяўленні малечы. Можна пагуляць дома «ў садок» з цацкамі. Агарадзіце тэрыторыю кубікамі, каб мамы-жывёлы вялі туды сваіх дзетак. Можна задзейнічаць лялькі ці машынкі, гледзячы што малому даспадобы. Прайгравайце і прагаворвайце цяжкую для яго сітуацыю расстання з мамай. Можна паспрабаваць казкатэрапію: прыдумляйце цікавыя гісторыі з вашым малым у галоўнай ролі. Уплятайце у іх імёны дзетак, выхавальніцы, каб праз казку яны сталі добрымі сябрамі. Ёсць шмат кніг пра садок. Напрыклад, «Мышаня Цім ідзе ў дзіцячы садок», «Зайчык Сева не хоча ісці ў дзіцячы садок», «Лама ў садзіку без мамы». Яны змяншаюць трывожнасць не толькі дзіцяці, але і мамы. Магу параіць мультфільм пра пінгвіняня Ла-ло — там прататып дзіцячага садка.

— Знаёмая некалькі дзён запар па гадзіне праводзіць у садку, угаворваючы дзіця там застацца. Прычым плача і малы, і яна...

— Як правіла, дзеці плачуць, пакуль мама не сыходзіць. А потым бягуць гуляць, як быццам нічога і не было. У такім выпадку задача мамы — працаваць над рытуа-
лам развітання. Альбо даручыць вадзіць у садок дзіця даросламу, з якім малечы прасцей развітвацца, напрыклад тату, бабулі.

Важна звяртаць увагу не столькі на тое, як дзіця развітваецца, колькі на тое, у якім настроі вяртаецца з дзіцячага садка. Працяглы плач з любой нагоды, больш доўгае ўкладванне спаць, парушэнне сну (нечаканы плач ці мокры ложак), пратэсты, якіх дагэтуль не было, — вось нагода для хвалявання бацькоў.

— Што датычыцца прыемных рытуалаў... Мая сяброўка зрабіла з палімернай гліны пярсцёнак. Дае яго дачушцы, калі вядзе ў садок, каб тая заўсёды памятала, што мама побач.

— Так, рытуалаў развітання вельмі шмат. Усё залежыць ад вашай фантазіі. Можна бранзалецік на ручку завязаць, падарыць сардэчка ці пацалаваць у запясце. Маўляў, калі табе стане сумна, успомніш, як я цябе пацалавала, — і табе адразу стане лепш. Вельмі многае залежыць ад настрою бацькоў, ад таго, з якім выразам твару, з якімі думкамі аддаюць малечу ў садок. Дзіця добра счытвае эмацыянальны стан дарослых.

Дома павінна быць сумнавата

— Якія першыя крокі трэба зрабіць бацькам, каб мінімізаваць стрэс дзіцяці?

— Калі мама — адзіны дарослы чалавек, з якім дзіця вырашала свае пытанні, то яно будзе вельмі траўматычна перажываць адаптацыю да садка. Таму раю пакідаць яго з іншымі дарослымі, якія прыходзяць у госці і гуляюць, кормяць, укладваюць спаць. Потым тое ж самае рабіць дома ў бабулі. Да дзіцячага садка пажадана, каб дзіця ўмела засынаць і прачынацца на чужой тэрыторыі. Тады садок не стане татальным стрэсам.

У маёй практыцы была сітуацыя, калі хлопчык ледзь не з першага дня папрасіўся пакінуць яго спаць у садку, як і сястру. Бацькі так і зрабілі. Забіралі абаіх дзетак увечары. Але хлопчык перастаў нармальна спаць начамі. Прачынаўся ў тры гадзіны ночы з крыкам «есці!». Адну ноч бананам пакармілі, на другую — кашу зварылі, на трэцюю — бліны спяклі. Да гэтага дзіця спала нармальна. Пачалі шукаць прычыну. Аказалася, трывожнасць узнікла пасля таго, як хлопчыка пачалі пакідаць на сон у садку. Я параіла бацькам скараціць яму час наведвання садка. І падаўжаць паступова, каб малы паспеў прыстасавацца. Рэкамендую дзяцей, якія не заставаліся без мамы надоўга, раней чым праз тры тыдні не пакідаць у садку на сон.

— Што яшчэ нельга рабіць адназначна?

— Ніколі не кажыце: «Не будзеш слухацца, адвяду ў садок». Нават у жарт. Паход у садок не павінен супадаць з іншымі знакавымі падзеяімі ў жыцці сям'і. Напрыклад, з завяршэннем груднога ўскармлівання, нараджэннем браціка ці сястрычкі. Каб дзіця не ўспрыняло садок як пакаранне.

Я заўсёды прашу сваіх кліентаў не расказваць дзецям, што ў садку весела. Туды ходзяць не таму, што там весела. А таму, што бацькам трэба займацца сваімі справамі. Навізна садка знікае праз 3-4 наведванні. У некаторых дзяцей — праз 2.

Абмяркоўвайце садок і выхавальнікаў выключна ў станоўчых фарбах. Дзяліцеся пазітыўнымі ўспамінамі з уласнага дзяцінства. Пакажыце свае фотаздымкі. Калі малеча зразумее, што тата і мама таксама хадзілі ў садок, то прасцей будзе да гэтага ставіцца.

— Але ж не ўсё залежыць ад бацькоў. Часам дзіця не хоча хадзіць у садок, бо там пастаянна прэсінгуюць, прымушаюць падпарадкоўвацца. Мая сястра дагэтуль з жахам згадвае, як цёця Валя прымушала яе піць малако, якое дзяўчынка цярпець не магла. Малая закрывала нос і піла. Інакш не пайшла б на прагулку. Як быць у такой сітуацыі?

— На жаль, здараюцца выпадкі, калі і выхавальніца, і нянечка пужаюць дзяцей уколамі і страшылкамі: «Калі не даясі катлетку, цябе мама з садка не забярэ», «зачыню ў каморы», «суп за каўнер вылью»... Дзеці ўсе розныя. Аднаму гэта як з гусі вада, а іншы, больш уразлівы, можа і спужацца. Калі вы ўбачылі трывожны званочак у выказваннях ці паводзінах дзіцяці, трэба паразмаўляць з выхавальніцай ці нават загадчыкам садка. Толькі не раю сварыцца і скардзіцца. Лепш ісці з просьбай — дапамажыце разабрацца з сітуацыяй. Калі ж немагчыма нічога змяніць, то трэба перавесці малечу ў іншы садок ці групу.

Вядома, маму не заменяць ніякія, нават самыя лепшыя дзіцячыя ўстановы. Але бацькі могуць зрабіць, каб дзіцяці захацелася ў садок. Раю, перад тым як весці туды малога, на нейкі час «забыць» пра яго сумесныя гульні з дарослымі. Дома павінна быць крыху... сумнавата. Тады і садок з цягам часу будзе ў радасць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.